Крок да аховы каштоўнасцей

№ 39 (1269) 24.09.2016 - 01.10.2016 г

21 верасня Беларусь і ЗША заключылі міжурадавае пагадненне аб абароне і захаванні некаторых культурных каштоўнасцей. Урачыстая цырымонія падпісання гэтага дакумента адбылася ў час знаходжання міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ў Нью-Ёрку.

Як паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў, у мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва Сусветнага яўрэйскага кангрэса і Дзяржаўнага дэпартамента ЗША. Ад імя ўрада Беларусі пагадненне падпісаў Уладзімір Макей, а ад імя ўрада Амерыкі — старшыня Камісіі па ахове і захаванні культурных каштоўнасцей Лэслі Уайс.

Кіраўнік беларускага МЗС у выступленні на цырымоніі падкрэсліў, што падпісанае пагадненне стварае трывалую юрыдычную аснову для міжурадавага супрацоўніцтва Беларусі і ЗША ў галіне аховы і абароны культурных каштоўнасцей. Гэта абумоўлена тым, што многія знакамітыя амерыканцы маюць беларускія карані і многія беларусы пакінулі свой след у амерыканскай гісторыі.

Таксама Уладзімір Макей адзначыў, што пагадненне сведчыць аб паляпшэнні палітычных адносін паміж дзвюма краінамі, прымаючы пад увагу, што Беларусь і ЗША не заключалі міжурадавых пагадненняў на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў.

Факт падпісання пагаднення быў пазітыўна ўспрыняты ўсімі ўдзельнікамі цырымоніі. У сваіх выступленнях прадстаўнікі амерыканскага боку адзначалі важнасць сумеснай работы ўрада ЗША і ўрада Беларусі па рэалізацыі пагаднення на практыцы. З прадстаўнікамі яўрэйскай грамадскасці дасягнуты дамоўленасці аб прадаўжэнні кантактаў, у першую чаргу ў сферы гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння.

Варта таксама адзначыць, што камісія ЗША па ахове і захаванні культурных каштоўнасцей з’яўляецца ўстановай урада ЗША. Камісія займаецца пошукам і падрыхтоўкай дакладаў аб пахаваннях, манументах і гістарычных будынках ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, якія звязаны са спадчынай грамадзян ЗША, а таксама ва ўзаемадзеянні з дзяржавамі гэтага рэгіёна аказвае садзейнічанне па абароне і захаванні гэтай уласнасці. Рэспубліка Беларусь стала 25-й краінай, з якой падпісана пагадненне аб абароне і захаванні некаторых культурных каштоўнасцей.