ПРАЯЗДЖАЮЧЫ НА ТРАМВАІ МАЛЕВІЧА...

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

Зусім хутка ў Віцебску можна будзе ўбачыць “супрэматычны” грамадскі транспарт. Гэта падзея адбудзецца ў рамках традыцыйных Дзён еўрапейскай спадчыны пад слоганам “Спадчына і супольнасць”, дзе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь вылучыла ў межах тэмы больш вузкую — “Спадчына і веды”.

23 верасня ў Віцебску адбудзецца запуск двух трамваяў і тралейбуса з размалёўкамі на аснове эскізаў Казіміра Малевіча і Ніны Коган. Паколькі арыгінальным эскізам размалёвак транспарту ўжо амаль 100 гадоў, трэба было адаптаваць іх пад сучаснасць, чым і займаліся старшы выкладчык кафедры дызайна Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ілья Гурко і выкладчык Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтва, член Беларускага саюза дызайнераў Сцяпан Драздоў. “Гэта праца дызайнерскага характару. Наша задача: адаптаваць стагадовыя эскізы пад наш час, да сучаснага транспарту і сучасных прапорцый, а таксама да асаблівасцяў асяроддзя і тэхнічных умоў эксплуатацыі. Сама работа складалася з некалькіх этапаў: пошук і дбайная прамалёўка арыгінальных эскізаў, складанне камп’ютарнага макета, дадатак яго графікай і слоганамі. Потым гэта раздрукоўваецца на плёнку і асцярожна накладваецца на аб’ект”, - распавядаюць Драздоў і Гурко. Дызайнеры праекта лічаць, што такая спроба можа прыцягнуць увагу новых маладых мастакоў, зацікавіць іх гісторыяй свайго горада.

/i/content/pi/cult/604/13441/1-1.jpg

Па словах Валянціны Кірылавай, аўтара і кіраўніка праекта “Гісторыка-культурная спадчына “УНОВИС” (“Сцвярджальнікі новага мастацтва”) — культурны код развіцця горада Віцебска”, у які ўваходзіць і гэтая падзея, размалёўка трамваяў — толькі першая з дваццаці частак вялікага праекта. “Зараз праходзіць рэстаўрацыя ўсіх тых віцебскіх эскізаў першай трэці ХХ стагоддзя, якія потым увасобяцца ў наступных частках праекта”, — кажа спадарыня Кірылава, заснавальніца Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва.

На транспартных сродках размешчаны не толькі малюнкі, але і цытаты з трактатаў Малевіча, інфармацыя пра аўтараў сапраўдных эскізаў, гісторыя іх стварэння. Каля года “супрэматычны” транспарт будзе курыраваць па маршрутах горада. “Віцебскія трамваі на працягу стагоддзя з’яўляюцца візітнай карткай горада. У іх вельмі багатая і цікавая гісторыя. Калі стваралася Віцебская мастацкая школа, трамваі служылі для пачаткоўцаў у якасці палатна, нават Марк Шагал практыкаваўся на іх. Таму, калі нам паступіла прапанова працягнуць творчыя эксперыменты ў гэтай галіне — мы з радасцю пагадзіліся”, — каментуе кіраўнік Віцебскага трамвайна-тралейбуснага ўпраўлення Васіль Паўлючкоў.

На пытанне аб тым, ці знойдуць такія праекты падтрымку мясцовай улады, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыёнак сказала: “Калі будуць грошы — будуць рэалізавацца падобныя праекты і ў далейшым. Мы ў гэтым зацікаўлены, паколькі гораду і жыхарам такія мерапрыемствы ідуць на карысць”.

Дарэчы, у Мінску 15 — 16 верасня прайшла Міжнародная канферэнцыя і экспазіцыя выставы ў рамках правядзення мерапрыемстваў, прымеркаваных да стагоддзя з дня стварэння мастацкага аб’яднання "УНОВИС". Яе правядзенне плануецца і ў наступным годзе.

Вольга СТАРАВОЙТАВА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ