“Нягледзячы на подпіс, карціна сапраўдная...”

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

Феномен Алены Аладавай
А далей я распавяду пра амаль дэтэктыўны лёс вядомай дыпломнай карціны “Вяселле” Леаніда Шчамялёва, якая дзякуючы Алене Аладавай захавалася для нашага мастацтва.

(Працяг. Пачатак у № 37.)

Справа была наступная. У 1959 годзе, Леанід Дзмітрыевіч, выпускнік БДТМІ, абараніў гэту сваю дыпломную работу. Зразумела, яна засталася ў фондах інстытута, як і ўсе творы такога кшталту. Але праз тры гады карціна зноў нагадала пра сябе. Аднойчы невялічкая кампанія, у якой былі, у прыватнасці, Шчамялёў і графік Юрый Зайцаў, прагульвалася па тагачасным Ленінскім праспекце. Зайшлі ў гастраном “пад гадзіннікам”, узялі пару пляшак партвейну  і спыніліся: дзе б выпіць? Тады адзін з хлопцаў, загадчык гаспадаркі Тэатра юнага гледача, прапанаваў зайсці ў тэатральную творчую майстэрню, дзе можна было, на яго думку, зусім культурна правесці пару гадзін. Тэатр побач, ключ у кішэні. І ніхто не зможа перашкодзіць, бо ўсё начальства на чале з галоўным рэжысёрам Любоўю Мазалеўскай — на прэм’еры спектакля “Над хвалямі Серабранкі”. Сказана — зроблена. І толькі расклалі на доўгім драўляным варштаце сціплую закусь, як Леанід пабачыў у глыбіні змрочнага засмечанага памяшкання штосьці вельмі доўгае, прамавугольнае, прыкрытае вялікім кавалкам брызенту, з-пад якога зіхацеў вугал рамы і край грунтаванага палатна. І якое ж было яго здзіўленне, калі, прыадкрыўшы гэты невядомы прадмет, ён распазнаў сваё дыпломнае “Вяселле”! Як, якім чынам карціна, уласнасць інстытута (!), апынулася тут, сярод хламу і бруду? Загадчык гаспадаркі невыразна хмыкнуў, што ўжо даўно хтосьці (ён не помніў — хто) яе сюды прывалок і проста кінуў без усялякіх тлумачэнняў. Але адно для Шчамялёва было ясна: без “візы” рэктарата карціна не магла пакінуць межы ВНУ. Але калі ад яе такім спосабам пазбавіліся, дык навошта, які ў гэтым сэнс? Паколькі карціна ў тэатры не была зафіксавана ніякім дакументам як матэрыяльная каштоўнасць, “гаспадар” памяшкання прапанаваў Леаніду, калі ён жадае, забраць яе. Канешне, за адпаведны магарыч — пляшку “Маскоўскай”. Без ваганняў Шчамялёў панаскроб грошай на дзве. Але паўстала сакраментальнае пытанне: куды падзець такую махіну?

/i/content/pi/cult/604/13440/15-1.jpg

Рашэнне прыйшло хутка: зразумела, у мастацкі музей, ён побач. Алена Васільеўна можа дакладна разабрацца — што і як. Прынамсі, параіць. Хлопцы акуратна вынеслі ў двор карціну, збочылі з вуліцы Энгельса на вуліцу Маркса і накіраваліся ў бок музея. Быў аўторак — у музеі выхадны дзень, але, як заўсёды, дырэктрыса на месцы. Шчамялёў расказаў Алене Васільеўне сутнасць справы і паціснуў плячыма: “Не ведаю, што зараз рабіць з карцінай. Шкада, калі яна загіне...” Аладава доўга не думала: “Леанід Дзмітрыевіч, не хвалюйцеся. Па-першае, пакуль што нікому пра палатно не кажыце. Па-другое, папрасіце сваіх хлопцаў, каб яны знялі з падрамніка гэтую грувасткую раму і куды-небудзь аднеслі яе падалей. Пра астатняе я паклапачуся...”

Праз два месяцы, нечакана для Шчамялёва, Аладава выпісвае яму за карціну “Вяселле” ганарар — каля 700 рублёў. За гэтыя грошы мастак купіў будаўнічы матэрыял, машыну шлаку пад фундамент і з дапамогай цесця збудаваў у двары дома па вуліцы Рабкараўскай 18-метровую творчую майстэрню. Унутры паставіў грубку-буржуйку з комінам, які выходзіў у вакно, каб і зімой можна было працаваць. Вось так, дзякуючы Аладавай, з’явілася першая майстэрня Шчамялёва. Тут нарадзіліся карціны “Цяжкія гады” (“Апалчэнец”) і “Мацярынства”, якія прынеслі шырокую вядомасць мастаку далёка за межамі Беларусі — ад Масквы да Натынгема (Англія).

Адна з выдатных заслуг Аладавай — вяртанне на Радзіму з Расіі спадчыны нашага земляка-беларуса Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Толькі за гэта ёй можна ставіць помнік! Бо ўсё тое, што сёння мы маем з духоўнай спадчыны мастака, — гэта, найперш, яе заслуга. Менавіта яна, блізкая сяброўка Вітольда Каэтанавіча і яго жонкі Алены Аляксееўны, зрабіла ўсё магчымае, каб песняр прыроды застаўся назаўсёды з намі, беларусамі. Так, дзякуючы Аладавай, мастацтва Бялыніцкага-Бірулі стала па-сапраўднаму цудоўным адкрыццём для беларускага гледача і шчырым трыумфам увасаблення ідэі Алены Васільеўны, рэалізацыі якой, у тым ліку арганізацыі музея мастака ў Магілёве, яна цалкам прысвяціла апошнія гады свайго жыцця. Усё, што звязана сёння з імем Вітольда Каэтанавіча, асвечана духам гэтай жанчыны, якая першая заявіла, што “знаходжанне найбуйнейшага майстра пейзажа ў Беларусі — усяго створанага ім тут — уяўляе для нас асаблівую цікавасць і каштоўнасць” і што “мы павінны беражліва збіраць і захоўваць яго творы, вывучаць яго спадчыну: мастакі — па-свойму, музейшчыкі — па-свойму”, бо “творчасць ягоная складае законны гонар беларускага народа”.

Аднак тое, што зрабіла Аладава і ў галіне папаўнення музейнай калекцыі ўнікальнымі творамі рускага мастацтва, ды і старажытна-беларускімі рарытэтамі таксама, ужо даўно ўвайшло першым радком ва ўспаміны многіх яе калег-музейшчыкаў і мастакоў-сучаснікаў. Заір Азгур згадвае: “Помню яе натхненне, калі яна затрымлівалася каля назбіраных ёю палотнаў Рэпіна. У Алены Васільеўны з’яўляўся нават пафас у інтанацыях: “Чалавек, які напісаў такія карціны, як “Бурлакі”, “Іван Жахлівы”, “Запарожцы”, “Царэўна Соф’я”, “Хрэсны ход”, “Не чакалі”, зрабіў для гістарычнай самасвядомасці такую ж вялікую справу, як Леў Талстой у літаратуры, Мусаргскі — у музыцы, Станіслаўскі — у тэатры. Кожнаму, хто цікавіцца Рэпіным, дарагі любы мазок яго пэндзля. Ды паглядзіце самі на гэта ззянне і бляск у вачах Марыі Фёдараўны Андрэевай!.. Да таго ж у нас, у беларусаў, ёсць свой сантымент да Рэпіна: ён сэрцам прывязаўся да нашага віцебскага краю, бо “здраўнёўскі” перыяд яго жыцця — важная старонка ў творчасці Ільі Яфімавіча...” І далей: “Аладава да кожнага з нас, мастакоў, падбірала “ключык”, якім можна было прыадкрыць душу мастака, падтрымаць яго ў цяжкую хвіліну, заахвоціць творчы працэс, звярнуць увагу на новы сюжэт. І ўсё гэта яна рабіла як бы мімаходзь, без назойлівай дабрачыннасці. На службе Аладава была гранічна адміністрацыйным дзеячам: дырэктар, мастацтвазнаўца ў музеі, экспазітар. Затое ў сапраўднасці мы ўсе ведалі яе як чалавека мастацтва па прызванні, па абавязку сэрца. Ні адна важная падзея ў мастацкім жыцці рэспублікі не абыходзілася без яе ўдзелу. Яе запрашалі мастакі ў свае майстэрні, яна ўваходзіла ў склад выставачных камітэтаў і журы, да яе прыслухоўваліся на грамадскіх абмеркаваннях новых экспазіцый і на вернісажах. Што тут сказаць? Майстра робіць вялікую справу, калі стварае шэдэўр; музейны работнік захоўвае гэты шэдэўр для многіх пакаленняў. Узаемасувязь тут дыялектычная і вельмі важная для культурнага працэсу. Аладава ведала гэта. Яна свядома выбрала сабе такое поле дзейнасці, на якім магла ажыццявіць сваё чалавечае імкненне служыць людзям і пакінуць добры след пасля сябе. Такое называюць падзвіжніцтвам...”

А зараз дазволю сабе даць волю не мастацтвазнаўчаму, а мемуарнаму тону апавядання. Бо як чалавек і музейшчык яна ўвайшла ў маё жыццё і маю свядомасць так імкліва, важка і ўладна, і прытым у такім непадзельным адзінстве чалавечых і творчых якасцей, што для мяне так і не настаў час для эпічнага спакою і акадэмічнай бясстраснасці ў роздумах і ўспамінах пра яе.

Аднак лёсу было пажадана, каб гэтая ўнікальная жанчына яшчэ пры жыцці стала легендай, з імем якой звязаны нараджэнне і станаўленне духоўнага цэнтра Беларусі — Дзяржаўнай карціннай галерэі, якая стала ў 1957-м Дзяржаўным мастацкім музеем БССР, адным з самых лепшых у тагачасным СССР — у кампаніі такіх славутасцяў, як Траццякоўка ў Маскве і Рускі — у Ленінградзе. Так, яна, гэта вялікая падзвіжніца ў гісторыі беларускай культуры, па-сапраўднаму легенда. Чаму я гэта падкрэсліваю? Ды таму, што гэтае слова сёння настолькі дэвальвавалася. Куды ні кінь, усе “легендарныя”, “непаўторныя”: дзьмутыя эстрадныя “зоркі” і “зорачкі”, музыканты, артысты тэлесерыялаў, шоумены... А на справе — у лепшым выпадку, “каліфы на гадзіну”.

А мая гаворка ідзе пра легенду — пра Алену Васільеўну — таленавітую, мужную, харызматычную, з багатай і складанай лініяй жыцця, апантаную толькі адзінай святой думкай у сваёй біяграфіі: як зрабіць беларускі Музей, які стаў не толькі яе сэрцам, але і розумам, сапраўды духоўнай скарбніцай нашай краіны. Такіх людзей жыццё спараджае няшмат. У свой час міністр культуры СССР Кацярына Фурцава назвала Аладаву “беларускім Траццяковым”. І яна мела рацыю.

У 1966-м ёй было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, першай у краіне, хто атрымаў такі гонар з мастацтвазнаўцаў. Пасля яе такога звання ў рэспубліцы былі ўдастоены толькі чатыры чалавекі. І гэта прытым, што спецыяльнага дыплома мастацтвазнаўцы яна не мела, а адукацыю атрымала спачатку ў БДУ, дзе займалася ў Мікалая Шчакаціхіна (канец 1920-х), потым, перад вайной, — завочна на мастацтвазнаўчым факультэце Інстытута гісторыі, філасофіі, літаратуры і мастацтва імя Мікалая Чарнышэўскага ў Маскве. Паралельна працавала ў штаце Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР у якасці навуковага супрацоўніка па арганізацыі Карціннай галерэі БССР. Праўда, вайна перашкодзіла здаць дзяржэкзамены ў Маскве і закончыць інстытут...

Працяг чытайце ў наступных нумарах.


Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"