Як сумясціць маркетынг з куфрамі?

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

Памятаю, як мая настаўніца па гісторыі Ала Рэчыц знаёміла нас з музеямі роднага горада. Яна выдзяляла свой вольны час на тое, каб звадзіць вучняў у музей. Прайшоў час, і я зноў завітала ў музей народнай культуры Мазыршчыны “Палеская веда”, куды апошнім разам прыходзіла з настаўніцай. Пра цікавосткі музея і ягоную дзейнасць распавяла старшы навуковы супрацоўнік Віталіна Сайфутдзінава.

“Упісацца” ў школы

І першае, што я зразумела з размовы з Віталінай Талібжанаўнай: школьных наведвальнікаў у “Палескай веды” стала менш.

— Хочацца, каб настаўнікі больш развівалі дзяцей  — прыводзілі вучняў у музей, ёсць класная гадзіна ў раскладзе ці яе няма… Атрымліваецца, мы шмат чаго прапануем, але не заўсёды “ўпісваемся” ў планы школы. Так, з музычнага каледжа некалькі разоў прыходзілі навучэнцы, прасілі распавесці пра традыцыйныя касцюмы. Зараз прыходзяць у асноўным сем’ямі, стала больш турыстычных груп, а таксама  турыстаў, якія даведаліся пра музей праз Інтэрнэт ці ад знаёмых.

Музею ёсць, чым пахваліцца. Маю на ўвазе не толькі нейкія рэдкія экспанаты, а таксама і тое, як складзена экспазіцыя: прадумана і выверана. Існуе яшчэ адзін пакой, дзе праводзяцца выставы, заняткі для школьнікаў (якіх налічваецца больш за 20), тэатралізаваныя прадстаўленні. Выключна музейнымі мерапрыемствамі музей не зможа прыцягнуць вялікую колькасць наведвальнікаў. Супрацоўнікі разумеюць, што патрэбен арыгінальны маркетынгавы ход. Але што можа прапанаваць музей народнай культуры — асабліва музей з пэўнай канцэпцыяй (аўтар яе — начальнік аддзела Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч, мастацкае ж вырашэнне належыць Рыгору Сташкевічу і Леаніду Мірончыку). Гэта тая тэматыка, якая знаходзіцца часта ў нейкім “некранутым” становішчы, не асабліва прымаючы элементы сучаснасці. І музеяў з такога ж кшталту праблемамі, упэўнена, у краіне хапае. На думку Віталіны Сайфутдзінавай, неабходна правесці рэканструкцыю экспазіцыі сучаснымі мастацкімі і тэхнічнымі сродкамі, таму што музею ўжо больш за 17 гадоў, і яго “узрост” бачны пры тэхнічным аналізе экспазіцыі.

Але звернемся да цікавостак экспазіцыі, на аснове чаго тыя тэхналогіі грунтаваць?

/i/content/pi/cult/604/13436/3.jpg

Віталіна Сайфутдзінава распавядае пра калекцыю "Палескай веды".

Пазнаць сваіх продкаў

Невялікае памяшканне з некалькімі пакойчыкамі. У адзін з іх, які нагадвае жылы пакой продкаў, — уваход праз сімвалічны скрыўлены парог. Ён аддзяляе наведвальніка ад тых, хто калісьці жыў на Мазыршчыне. Абстаўлена ўсё па колішніх правілах, калі кожнай рэчы надавалася ўвага. Адразу кідаецца ў вочы калыска: з нараджэннем дзіцяці звязана багата рытуалаў і прыкмет.

 — Да хрышчэння немаўля называлі Багданька, каб нячыстая сіла не зашкодзіла яму, — кажа Віталіна Талібжанаўна. — Першы абрад купання называўся зліўкі. Дзіця голымі рукамі браць забаронена, таму выкарыстоўвалі звычайна ручнік, які, па меркаванні даследчыкаў, сімвалізуе шлях. На Мазыршчыне абрад меў свае асаблівасці. Напрыклад, у Петрыкаўскім раёне (па запісах Аляксандра Сержпутоўскага), калі купалі дзяўчынку, — ваду вылівалі на парог, каб хутчэй выйшла замуж, калі хлопца — пад печ, каб быў гаспадаром. А з экспедыцыйных даследаванняў мы даведаліся, што ў Мазырскім раёне вылівалі на вугал хаты альбо там, дзе ніхто не ходзіць, каб дзіця здаровае было.

— У сваіх экспедыцыях мы сустракалі жанчын, якія пераязджалі з іншага раёну ў Мазырскі, — адказала старшы навуковы супрацоўнік. — І тое, што яны з сабой прывозілі (посцілкі ды іншыя тканыя вырабы), адрознівалася. Дарэчы, да 17 — 20 гадоў трэба было наткаць шмат ручнікоў, посцілак, а таксама вышыць адзенне. Калі нявеста прыязджала ў дом жаніха, дык абавязкова павінна была паказаць ягоным бацькам і гасцям на вяселлі пасаг. І калі куфар падымалі ўсяго двое мужчын, тое лічылася за ганьбу.

Агледзеўшы рэканструяваны куток хаты, звярнула ўвагу на хадункі і агнявіцу, з дапамогай якой здабываўся свяшчэнны агонь. Агнявіца лічыцца сімвалам адзінства трох сфер — свету прыроды, чалавека і сакральнага. Але продкі карысталіся ёй (па запісах Аляксандра Сержпутоўскага) у выключных сітуацыях: падчас эпідэміі, засухі альбо перасялення сям’і ў новую хату. Таксама “ў хаце” — фотаздымкі з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. На адным з іх  — вучні Раманаўскай сельскай школы ды падручнікі пачатку ХХ стагоддзя.

— Быў выпадак, калі на экскурсію з Раманаўкі прыехалі дзеці, але іх не столькі выгляд школы зацікавіў, як людзі на здымку. Адразу пачалі разглядаць яго ў надзеі пазнаць на ім сваіх продкаў.

Чаго няма ў іншых?

— У кнізе “Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў” Аляксандра Сержпутоўскага напісана, што ў нас на Купалле не ў ваду вянкі кідалі, а ў агонь. Калі вянок згарыць, значыць, жанчына выйдзе замуж. А калі юнак хацеў ажаніцца з пэўнай дзяўчынай, то ён павінен быў выхапіць з вогнішча яе вянок, каб той не паспеў згарэць, — кажа мая візаві.

Асаблівую ўвагу надавалі продкі шлюбнаму адзенню. Ад паўсядзённага адрознівалася яно яркімі колерамі ды большай колькасцю арнаментаў. Па жаночым касцюме канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя можна было даведацца пра матэрыяльнае становішча нявесты. Скажам, чым больш андаракаў было ў дзяўчыны, тым больш моднай яна лічылася. А выйшлі з выкарыстання такія рэчы дзесьці ў 1930-я: за ўсе свае экспедыцыі мы знайшлі іх толькі тры. І да гэтага часу важнай дэталлю ўбрання нявесты з’яўляецца шлюбны вянок. Што да вянкоў, то іх звычайна дзяўчыны рабілі з рознакаляровай паперы, часам бралі вяночак у каго-небудзь. У адной вёсцы ў 1940-х усе нявесты бралі вянок у “старой дзевы”, якая яго да вяселля падрыхтавала, але замуж так і не пайшла.

— У нашым музеі знаходзіцца гэта рэдкая рэч, — кажа Віталіна Сайфутдзінава. — Думаю, не кожны этнаграфічны музей краіны можа тым пахваліцца. Сярод самых цікавых экспанатаў можна вылучыць наміткі (выйшлі з выкарыстання дзесьці пасля І сусветнай вайны), або сэрпанкі — самыя прыгожыя наміткі другой паловы ХІХ стагоддзя, якія завіваліся толькі на шлюбе. Мы знайшлі іх у Жыткавіцкім раёне.

Свет мужчын

Наступная частка экспазіцыі прадстаўлена, збольшага, тэматычнымі фотаздымкамі, прыладамі працы земляробаў і рыбаловаў, а таксама разнастайнымі прыстасаваннямі для лоўлі рыбы. Апошніх назбіралася столькі, што можна, па словах Віталіны Талібжанаўны, ствараць асобны музей рыбалоўства.

— Аднойчы да нас зайшоў мужчына і сказаў, што ягоны дзед рабіў на продаж чаўны. А на выраб іх патрэбна было дзесьці два тыдні, існавалі свае тэхналагічныя сакрэты. Пэўныя асаблівасці тычацца і бортніцтва, якое лічылася прывілеяваным промыслам. Існавалі бортныя знакі (іх можна ўбачыць у музеі), якія былі таксама і адпаведнымі сімваламі.

Увогуле кожная з мікратэм, скажам, этапаў быцця чалавека, у экспазіцыі распрацавана ўдала. Віталіна Сайфутдзінава распавяла пра ўсе гэтыя этапы: ад нараджэння да смерці. Такім чынам, атрымаўся колазварот часу, сэнс якога — ў адраджэнні ў сваіх нашчадках.

Узаемасувязі

З Віталінай Сайфутдзінавай выязджалі ў экспедыцыі па Мазырскім Палессі з праектам этнакультурнага вывучэння Мазыршчыны “Шляхамі Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага” навуковыя супрацоўнікі з музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На практыку ў “Палескую веду” раз-пораз прыязджаюць з вышэйшых навучальных устаноў краіны, цікавяцца фондамі, экспедыцыйнай дзейнасцю, музейнай педагогікай.

А як адносіны з іншымі музеямі? Падчас гутаркі зразумела: сувязь з тымі ж рэгіянальнымі і сталічнымі музеямі раней была моцна наладжана. Віталіна Талібжанаўна лічыць: сталічным музеям зараз цікава супрацоўнічаць з буйнымі музеямі замежжа. Так, нам і сапраўды ёсць што пераняць. Але ж, на жаль, мы не заўжды можам цікава падаць, а пасля прапанаваць штосьці сваё для замежнікаў. Мо, як пісаў Купала, у пошуках перлін “умей шукаці блізка”? Гэтак жа як капрадукцыя ў кіно, актуальная яна і ў музейнай справе.

Мінск — Мазыр — Мінск / Фота аўтара

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст