Элеанора: трошкі сонца ў халоднай вадзе

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

На здымках — сонечная дама з эфектнай усмешкай, якая з задавальненнем пазіруе перад фатографам. Зяленіва, мора, яскравыя колеры, гуллівая постаць жанчыны, якая прагне жыць і атрымоўваць ад таго асалоду. Праменад па жыцці, усмешка дзівы, кіно па ўласным сцэнарыі, у якім антураж краіны Саветаў таксама здольны стаць яскравым фонам для персанальнага выхаду — такой паўстае Элеанора Язерская, вядомая тэлевядучая, на слайдах з сямейнага архіва. Праект “Дзяўчына, асвечаная сонцам”, што ладзіцца ў рамках выставы “Non-fashion” у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, знаёміць гледача з такой Элеанорай — актрысай і рэжысёрам свайго аблічча і ўласнага жыцця. Язерская як успамін і чалавек, зорка і чалавек, як “чысты” фотавобраз — правакацыя ўдалася, і сёння новы праект за аўтарствам Эвеліны Домніч (ідэя), Веры Савінай (аўтар артыкула) і Уладзіміра Парфянка (куратара) пацвярджае “трэцяе жыццё” персоны, вядомай, бадай, кожнаму беларусу.

Чаму “трэцяе жыццё” Элеаноры? Гэты ход у дачыненні да постаці шаноўнай спадарыні Язерскай падказаў мне і Уладзіміру Парфянку філосаф Ігар Бабкоў, які сустрэў нас падчас ажыўленай спрэчкі наконт “упісання” славутай медыя-постаці ў сучасную культуру. Элеанора як выклік савецкай аднастайнасці — тое, падумалася нам, было яе “першым жыццём”, Элеанора як персанаж і закрытая постаць у постсавецкі час — другім, і Элеанора як з’ява і челавек, якога сучасная беларуская (поп-)культура спрабуе асэнсаваць і захаваць — пасля яе сыходу — распачынае “трэцяе жыццё” адной з самых пазнавальных бландзінак беларускага тэлеэкрана. Элеанора — як ужо легенда? Як дзівачка? Экстравагантная вядучая, якая, здавалася, асабіста ведала знакамітасцяў гэтага свету? Аблічча гэтай жанчыны, яе рэальныя модусы па-ранейшаму прыцягваюць увагу і становяцца падставай для шматлікіх дыскусій і разваг: дык кім жа была Элеанора Язерская? Як змянілася да яе стаўленне сёння? І ці магчыма, што зараз, у яе “трэцім жыцці”, ейнае месца ў пантэоне герояў нарэшце знойдзецца?

У размове з куратарам праекта “Дзяўчына, асвечаная сонцам” Уладзімірам Парфянком, мы паспрабавалі разабрацца, якія новыя грані вядомай асобы раскрывае праект, якім чынам ён стаў магчымым. І ці варта, увогуле, баяцца Элеаноры Язерскай, як часам баяцца і адкрыта не любяць яе некаторыя і цяпер?

/i/content/pi/cult/604/13430/7-1.jpg

Фатаграфіі з сямейнага архіва Элеаноры Язерскай адсканаваў і апрацаваў для праекта яго куратар Уладзімір Парфянок.

— Уладзімір, пачну з пытання, якое, мяркую, хвалюе многіх: асобны праект для Элеаноры Язерскай у рамках буйной выставы… Як ён нарадзіўся? У беларускай папулярнай культуры сёння нямала фігураў, якія могуць прэтэндаваць на месца ў пэўным сэнсе іконы. Да прыкладу, я магу згадаць постаць той жа актрысы тэатра і кіно Стэфаніі Станюты. Яе дасягненні неаспрэчныя, яе ведае не толькі тэатральная публіка. Прыгожая жанчына, прадстаўніца мінскай інтэлігенцыі, мяркую, што ў яе архівах знойдзецца нямала фотаздымкаў, на якіх спадарыня Станюта яскравая не толькі на сцэне, а ў паўсядзённым жыцці. Але чаму паняцці мода, стыль мы абавязкова звязваем менавіта з Элеанорай Язерскай?

— Дар’я, усё гэта можа быць, маеш рацыю, але пачынаць трэба з матэрыяла. У дачыненні да спадарыні Элеаноры ён з’явіўся. Мне патэлефанавала яе пляменніца Эвеліна Домніч і прапанавала пазнаёміцца са слайдамі тэлевядучай, якія засталіся ў сямейным архіве. Я не мог не адрэагаваць на такую прапанову. А калі пабачыў выявы, увогуле быў агаломшаны: матэрыял — найцікавы! Адразу ўзгадаўся і знойдзены архіў фотамастачкі Вів’ен Маер, бо гэтыя слайды — і ёсць неацэнны прыклад народнай, папулярнай, аматарскай фатаграфіі, пра каштоўнасць якой сёння гавораць ва ўсім свеце. Фота мяне захапілі! Эвеліна прапанавала зрабіць менавіта паказ слайдаў, і мне падумалася, што гэта — выдатная ідэя ў кантэксце выставы “Non-fashion”. Пляменніца памятала яшчэ тыя сямейныя сустрэчы-прагляды, падчас якіх Элеанора каментавала свае слайды, і гэты фармат — слайдшоу — падаўся мне адэкватным і ўдалым для падобнага матэрыялу.

— Вы ведалі асабіста Элеанору Язерскую?

— Я не быў з ёй знаёмы, але не мог яе не ведаць і не бачыць. Гэта быў чалавек, які вылучаўся сваім нефарматам на фоне нашага даволі шэрага, памяркоўнага гарадскога асяродку. Пару разоў перасякаўся з ёй на дыпламатычных прыёмах, але для мяне яна заставалася загадкавай персонай. Збольшага, каб “разгадаць” яе, магчыма, і ўзяўся за праект. Але ў першую чаргу прыцягальным аказаўся сам матэрыял. Гэта — у самым лепшым сэнсе аматарская фатаграфія. Як фотааматары бачаць? Што яны фіксуюць на фотаздымках і якім чынам? Гэта вельмі цікава даследаваць, спазнаваць. Па-другое, гэта слайды, якія маюць на ўвазе зусім іншы рэжым як успрыняцця, так і рэжым здымкі. І Элеанора, прынамсі, як аўтар гэтых слайдаў аказалася вельмі моцным каларыстам. Справа ў тым, што яна сама прадумвала кампазіцыі сваіх фатаграфій, была рэжысёрам здымак. У яе было некалькі фотаапаратаў, — і можна сказаць, што ёй патрэбны быў толькі асістэнт, які ў патрэбны момант націсне на кнопку. Усё астатняе яна рабіла сама: выбірала месца, сцэну, дзе патрэбна зняцца, магчыма, для здымкі адмыслова апранаўся строй. Можа, новы строй, увогуле, быў падставай зрабіць фотасесію. Адчуваецца, што гэта — дзейства, шоу. І такі настрой, імпэт Элеаноры ўражвае, захоплівае. Цікава, што яна потым і сама падпісвала слайды — рамкі для некаторых з іх зроблены з кардону, і калі я ўбачыў подпіс да аднаго з фота “Дзяўчына, асвечаная сонцам” — у мяне адразу нарадзілася назва для ўсяго праекта.

— Вы яе такой убачылі?

— Так. У гэтых кадрах вельмі шмат цяпла. Я адсканаваў амаль дзве сотні слайдаў рознымі спосабамі. Галоўнае ўражанне ад выявы — гэта сонца. Вядома, што сам матэрыял —- слайдаўская плёнка — падштурхоўвае да здымак менавіта ў добрае надвор’е. Яна патрабуе шмат святла. Але заўважна, што Элеанора атрымлівала задавальненне ад працэсу фатаграфавання. На большасці кадраў яна ўсміхаецца, яе энергетыка захоплівае ўсіх, хто навокал. Толькі некалькі кадраў, на якіх яна сумуе, ці выглядае маўклівай, сабранай, астатнія — чыстая радасць. На пэўных слайдах — яна дакладна выглядае як актрыса, дзесьці нечакана яна нават нагадала мне Ромі Шнайдэр, але, здаецца, гэта не было прамой задумай.

Возьмем той самы кадр, які яна падпісала “Дзяўчына, асвечаная сонцам”. Банальны сюжэт. Элеанора — на асветленай пляцоўцы, у стракатай сукенцы, праз лістоту на яе падаюць промні святла. Побач — сабака ў чорна-белыя пляміны. Экспазіцыія зроблена па яе постаці, таму задні фон сыходзіць у цемру. Але калі яго павялічыць, можна заўважыць, што гэта не проста глухая цемра, а нейкая сцяна, ля якой стаяць людзі. Група, натоўп, што чагосьці чакае. Ці, мабыць, назірае як нейкая дзяўчына весяліцца з сабакам. І як ні дзіўна, у супрацьпастаўленні выяўляецца канфлікт: вось гэтага натоўпу — і індывідуальнасці, незалежнага, вольнага чалавека. Адчуваецца, што Элеанора заўжды вылучаецца, стаіць асобна ад атачэння. І гэты позірк пераконвае: пачынаеш верыць у прыдуманы свет Элеаноры. Жанчына-сонца, чаму не?

/i/content/pi/cult/604/13430/7-2.jpg

— Уладзімір, усё так, але калі трапляеш на выставу, разумеш, што гэты прыгожы вобраз ператвараецца ва ўласна легенду. Перад намі паўстае ўжо “чыстае аблічча”, тое, кім бы Элеанора хацела, каб яе бачылі…

— Я не біёграф Элеаноры Язерскай, каб ведаць перыпетыі яе жыццёвага шляху. Я наўмысна пазбягаў храналогіі ў слайд-фільме, бо мне хацелася зрабіць такое кіно без пачатку і канца. Так, я крочыў за ідэяй Элеаноры — за тым абліччам, якое яна сабе прыдумала, стварыла. Дарэчы, у калекцыі былі і яе фатаграфіі на тэлебачанні, але мне яна падалася там нецікавай — антураж таго савецкага тэлебачання нібыта “капсуліраваў” яе. А калі яна “ззяе” сярод кветак, на моры — у гэтым вобразе больш шчасця і, адпаведна, таго, што можна назваць мастацкай праўдай.

— Цікава, што калі лічыць слайд-сесію пэўным кіно, у якасці музычнага суправаджэння вы ўзялі музыку Браяна Іна, якая называецца “Музыка для аэрапортаў”?

— Так. Варыянтаў музычнага суправаджэння было некалькі. Спачатку Вера Савіна прапанавала ў якасці бачання Элеаноры вальс Іягана Штрауса. Яна адштурхнулася ад сцэны ў фільме “Вялікі вальс” з Міліцыяй Кор'юс, дзе адбываецца нараджэнне музыкі з гукаў прыроды. Але Эвеліна Домніч не пагадзілася з такой трактоўкай, адзначыўшы, што Элеанора была нефарматным чалавекам, якая ведала Пятрова, Янчанку, Арцем'ева… Далей разглядаліся “Метамарфозы” Арцем’ева, але гэты варыянт падаўся занадта халодным ужо мне. І так нечакана неяк узнавіўся Браян Іна, які быў на слыху ў вузкіх колах у тыя часы. Выцягнуў яго “Музыку для аэрапортаў” — і ўсё супала. Гэта суправаджэнне трошкі запавольвае рытм слайд-паказу і гучыць нібыта аднекуль зверху, што стварае адмысловую атмасферу. Мяркую, што каб Элеанора ведала Браяна, яна абавязкова зрабіла пра яго адну са сваіх перадач.

— Уладзімір, вы распавядаеце пра ўсё вельмі натхнёна, і гэта яшчэ раз пацвярджае маю думку, што перад намі прыгожы праект, з любоўю зроблены куратарскай групай. Але дзе ж рэальная Элеанора? Яе таксама хацелася б убачыць…

— Дар’я, перад намі вельмі інтымны матэрыял, трэба звярнуць на гэта ўвагу. Гэтых слайдаў ніхто не бачыў, і сваякі Элеаноры зрабілі вельмі смелы крок, даўшы магчымасць людзям пазнаёміцца з такой Элеанорай — той, якую яна стварала з сябе. Слайды — гэта нават больш інтымная рэч, чым фатаграфія. Яны рабілі ілюзію, што ты сам здымаеш сабе кіно, а потым ладзіш кінасеанс і глядзіш яго ў блізкім коле. Куды бліжэй?

Па сутнасці, на прыкладзе гэтай калекцыі мы знаёмімся з вобразным светам, уяўленнем Элеаноры. І гэта рэч, магчыма, больш каштоўная, чым знаёмыя фатаграфіі экстравагантнай дамы ў студыі, на вуліцы, на прыёмах… Гэты вобраз яе мы бачылі, а вось такі — які іскрыцца?

Акрамя таго, у гэтых фотавыявах ёсць дух часу — як апраналіся людзі ў савецкія 1970 — 80-я, як адпачывалі, як хадзілі на дэманстрацыі — гэта ўсё захавана, і цікава, як Элеанора “асвятляе” сваім абліччам “савецкі” фон. Лічу, найкаштоўны матэрыял для даследчыкаў.

— І ў той час ёсць рэальная гісторыя пра рэчы Элеаноры, якія былі выкінутыя на сметніцу пасля яе смерці…

— Думаю, гэта гісторыя не такая адназначная. Асуджаць сваякоў тут нельга: яны пакінулі шмат рэчаў, рукапісаў, фатаграфій для музея. Яны парупіліся пра яе след. Магчыма, рэчаў было вельмі шмат, не ведаю… Але чаму вінаватыя выключна сваякі? Дзе нашы музеі, галерэі, дом моды? Чаму яны таксама не ўхапіліся і не зрабілі выставу яе рэчаў — капялюшаў, упрыгожанняў, сукенак? Дзе яны? Абмяркоўваць лягчэй, чым палюбіць кагосьці, зрабіць для яго штосьці.

— Магчыма, для кагосьці фігура Элеаноры Язерскай не з’яўляецца аўтарытэтнай?..

— І ў гэтым я акурат і бачу нашу местачковасць, калі беларусы ўвесь час шукаюць культавых персон у замежных далях. Знаходзім, і цягнем іх сюды, нібыта побач нікога няма. Давайце па-іншаму ставіцца да сваіх яскравых асобаў! Давайце раскрываць і даследаваць іх архівы, сямейныя фотаальбомы, давайце здымаць, урэшце рэшт, пра іх байапікі! Магчыма, наш праект атрымаўся кранальным, гэта такая ідэалізацыя, салодкая карамелька, але гэта толькі пачатак працы. Драма там, у жыцці Элеаноры, вядома, ёсць. Яе яскравы вобраз — гэта прыгожы “фасад”, за якім кіпяць страсці. Як прабіцца да гэтай драмы — я не ведаю. Магчыма, трэба, каб з’явілася такая постаць, якой здолеюць даверыцца яе сваякі. Але чаму Элеанора Язерская не можа быць іконай нацыі? Не бачу перашкод.

— А чаму не можа Стэфанія Станюта?

— Ды і Стэфанія Станюта таксама. Я не бачу ў гэтым канфлікту. Дарэчы, а пра яе што-небудзь зрабілі? Архівы мы яе бачылі? Серыял хто-небудзь зняў?

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"