1128:866 на карысць бібліятэк

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

Святкаванне Дня бібліятэк — нагода пагутарыць пра дасягненні бібліятэкараў за апошнія гады, а таксама пра магчымыя праблемы ў гэтай галіне. Статыстыка ж дапаможа ацаніць тое, што зроблена за апошні час.

Напрыклад, як сцвярджаецца на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у краіне на пачатак бягучага года дзейнічала 2,9 тысячы публічных бібліятэк, агульны фонд якіх складаў амаль 60 мільёнаў асобнікаў кніг, часопісаў, рукапісаў і іншых крыніц інфармацыі. У сярэднім на адну бібліятэку прыходзілася 21 тысяча экзэмпляраў бібліятэчнага фонду, а завітала ў айчынныя кніжніцы летась 3,3 мільёна чытачоў. Колькасць карыстальнікаў публічных бібліятэк у мінулым годзе павялічылася да 1128 чалавек у сярэднім на адну ўстанову (у 2000 годзе — 866 чалавек).

Самае цікавае, што сярод карыстальнікаў публічных бібліятэк, згодна са статыстыкай, кожны трэці — сельскі жыхар. Да слова, летась на вёсцы працавала 2,3 тысячы публічных бібліятэк. Іх наведала амаль 1 мільён чалавек, колькасць карыстальнікаў у сярэднім на адну бібліятэку склала 419 чалавек.

Каб пацвердзіць тэзіс пра тое, што ў нашай краіне з кнігай “сябруюць”, прывяду такі факт: сярод дзяржаў СНД Беларусь з’яўляецца краінай, дзе чытаюць найбольш. Так, на 1 тысячу чалавек насельніцтва ў 2014 годзе ў нас прыпадала 365 карыстальнікаў публічных бібліятэк. У Расіі гэты паказчык склаў 353 чалавекі, у Казахстане — 286, у Азербайджане — 283.

Акрамя таго, не варта забываць, што сёння ў бібліятэках нароўні з кніжнымі выданнямі карыстальнікам даступныя электронныя каталогі, калекцыі электронных публікацый, а таксама іншыя інфармацыйныя крыніцы ў алічбаваным выглядзе. Але для таго, каб гэтыя электронныя дакументы чытаць, трэба, натуральна, мець з чаго іх чытаць. Як кажуць статыстыкі, на пачатак года ў краіне было камп’ютарызавана 81,2 % публічных бібліятэк, а доступ у Інтэрнэт мелі больш за 68 % публічных бібліятэк (у 2011-м гэта лічба была ўдвая меншай — 32,9 %).

Іншая справа, што прыведзеныя паказчыкі, на жаль, не зусім адпавядаюць найноўшым тэндэнцыям. Напрыклад, згодна з мінулай Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады планавалася камп’ютарызаваць і падключыць да Інтэрнэту ўсе бібліятэкі краіны. Але, як бачна, зрабіць гэтага не ўдалося.

— Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, за апошнія гады нам удалося дабіцца даволі вялікага поспеху ў плане інфарматызацыі бібліятэк, — адзначыў “К” намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. — Гэта адбылося з-за выдаткавання значных асігнаванняў на набыццё камп’ютараў, на падключэнне іх да Інтэрнэту. Таксама сваю ролю адыграла і аптымізацыя. Разам з тым, на маю думку, камп’ютарызацыя павінна ісці ў комплексе з рашэннем іншых задач. Трэба не толькі паставіць ПК з Інтэрнэтам у бібліятэку, а зрабіць так, каб супрацоўнікі ўстановы маглі аказваць шэраг інфармацыйных паслуг сваім наведвальнікам, пачынаючы ад пошуку канкрэтных электронных дакументаў да карыстання электроннымі базамі даных Нацыяналкі ці сваёй абласной “кніжніцы”. Карацей, каб бібліятэка зрабілася сапраўдным інфармацыйным цэнтрам, адкрытым усяму свету. Прагрэс у гэтым плане ёсць, таму ў будучыню варта глядзець з аптымізмам і працягваць тую працу, якая паслядоўна ідзе зараз як у сталіцы, так і ў рэгіёнах...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"