Ці не дзікунства?

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

У самым пачатку адраджэння царкоўнага жыцця напрыканцы ХХ стагоддзя, аўтар гэтых радкоў выконваў замовы святароў. У прыватнасці, на стварэнне вялікіх алтарных вобразаў касцёлаў у Баранавічах, Дарэва, Ляхавічах і Гарадзеі. Нашу руку праваслаўнага мастака абраў Казімір Свёнтак для стварэння галоўнага вобраза, падараванага кардыналам касцёлу, у якім ён пачынаў сваё пастырскае служэнне. Аглядаючы гэты вобраз, тагачасны апостальскі нунцый спадар Каласуонэ некалькі разоў прамовіў слова “эччэленца” (выдатна).

Нашы гомельскія роспісы “Парнас” і “Хрэстаматыйныя навукоўцы у садзе Лікея”, выкананыя ў Дзіцячай школе мастацваў і тагачасным ліцэі (цяпер гімназія № 56), абумовілі перамогу іх аўтара ў нефармальным “тэндары” на замову роспісаў інтэр’ераў трох сярэдніх школ Навабеліцкага раёна Гомеля (№ 18 цяпер — Ірынінская гімназія).

/i/content/pi/cult/604/13423/3-1.jpg

Паколькі, за выключэннем летніх вакацый, працяглая праца над роспісамі ў атачэнні “броўнаўскага руху” шкаляроў немагчымая, то яны выконваліся на так званых ДВП і ДСП і прымацоўваліся на сцены. (Такім жа чынам ствараліся вялізныя постаці Ганаровых грамадзян горада Гомеля, якія ўпрыгожваюць рэпрэзентатыўную канферэнц-залу гомельскага Палаца князёў Паскевічаў, у якой ужо сустракаліся кіраўнікі некалькіх краін, з драўніны зроблены і вялізны іканастас Петрапаўлаўскага кафедральнага сабора.)

Наш самы вялікі роспіс, які быў створаны ў СШ № 2 адлюстроўваў постаці славутых гістарычных асоб Беларусі паміж гістарычнымі “молатам і накавальняй” Польшчы і Расіі. Апошнія былі ўвасоблены ў выявах іх геральдычных арлоў, паміж якімі быў адлюстраваны вялізны герб “Пагоня”. Асабліва ўдалымі з’яўляліся выявы Еўфрасінні Полацкай, героя Грунвальда, пад нагамі якога быў адлюстраваны сцяг крыжаносцаў, а таксама постаці Стэфана Баторыя і Льва Сапегі з выявай Статута Вялікага Княства Літоўскага ў руцэ. (Менавіта ў той час, малюючы аўтэнтычную выяву Крыжа Заступніцы Беларусі, аўтар добра запомніў “дыспазіцыю” яго рознакаляровых кабашонаў).

На працягу амаль 20 гадоў гэты роспіс упрыгожваў інтэр’ер гомельскай школы. Потым, па прадпісанні супрацоўнікаў МНС быў дэмантаваны і схаваны. А нядаўна інтэрнэт-парталы паведамілі аб тым, як выявамі Еўфрасінні Полацкай і іншых славутых гістарычных асоб Беларусі захоўвалі чысціню тратуара перад парадным уваходам у будынак школы № 2. Змешчаныя фотаздымкі дастаткова красамоўныя. Самае ж прыкрае і жудаснае ў тым, што ў свой час, па ініцыятыве тагачаснага дырэктара гэтай школы спадара Гражкіна, выява Святой Роўнаапостальнай Еўфрасінні Полацкай, сумесна з роспісам, які адлюстроўваў стваральнікаў славянскай пісьменнасці і вялізнай трохмятровай іконай Святога Георгія, была асвечана святаром...

Мікалай ПАЛКОЎНІЧАНКА

Гомель