Тэатр запатрабаваны ў жыхароў абласнога цэнтра, пра што сведчаць сталыя аншлагі на прэм’ерных паказах. Рэжысёрскія пошукі і акцёрскія работы знаходзяць водгук у крытыкаў і тэатральнай грамадскасці: на Нацыянальную тэатральную прэмію вылучана “Крэйцарава саната” галоўнага рэжысёра тэатра Саўлюса Варнаса, гэты ж спектакль увайшоў у праграму “Belarus open” Міжнароднага форума тэатральнага мастацтва “ТэАРТ”, дарэчы, разам з другой пастаноўкай магіляўчан — “Час сэканд хэнд” рэжысёра Уладзіміра Пятровіча.
Магілёўскі драматычны чакаюць на гастролях у Польшчы, Германіі, Літве. Зрэшты, пакуль трупа была ў адпачынку, актрыса Алена Дудзіч выступіла на Міжнародным тэатральным фестывалі “Перакрыжаванне” ў літоўскім Друскінінкаі з монаспектаклем “Рыкаючы верабей. Эдыт Піяф”. Беларускі расповед пра французскую зорку прынёс артыстцы дыплом за лепшую жаночую ролю. Як падкрэсліў Саўлюс Варнас, у калектыва стае запрашэнняў: “Напрыклад, вельмі хочацца на гастролі ў Шры-Ланку, але сёння мала хто прапануе аплаціць пералёт да кропкі назначэння, а для тэатра такія выдаткі непад’ёмныя. Аднак мы па кожнай прапанове шукаем магчымасці”.
Каб фінансавае напружанне менш адбівалася на творчых памкненнях, тэатр спрабуе часцей звяртацца да матэрыялу ў малых формах, з меншай колькасцю дзейных асоб на сцэне, пры гэтым працягвае трымаць якасную планку матэрыялу. Адна з такіх варыяцый — запланаваная на кастрычнік прэм’ера спадара Варнаса “Смех у цемры” па рамане Уладзіміра Набокава “Камера Абскура”. У вераснёўскай афішы значыцца шэраг мінулагодніх прэм’ер, цёпла прынятых публікай і крытыкай, прынамсі спектакль Віталя Краўчанкі “Браты і Ліза” па п’есе Аляксея Казанцава. Дарэчы, кіраўніцтва мяркуе працягнуць супрацоўніцтва з маладым рэжысёрам, пра якога пісала нядаўна “К”, аднак абмежаваны бюджэт вымусіў перагледзець планы, адсунуўшы новыя рэпетыцыі на канец сезона.
Знакавай падзеяй абяцае стаць восеньская прэм’ера “Скарына” па п’есе Мікалая Рудкоўскага. Галоўны рэжысёр актыўна вядзе рэпетыцыі, літчастка шукае цікавыя факты, звязаныя з беларускім першадрукаром, каб трупа магла больш глыбока занурыцца ў атмасферу далёкай эпохі. Аднак наколькі велічна будзе пададзена на сцэне асяроддзе XVI стагоддзя, пакуль невядома: калектыў чакае адказу на запыт адмысловага гранту.
Акрамя звыклай афішы, Магілёўскі драматычны прапануе арыгінальныя праграмы. Напрыклад, для школьнікаў і студэнтаў будуць ладзіцца “Урокі эстэтыкі, этыкі і маралі”, для падлеткаў і моладзі пройдзе спектакль-канцэрт “Магія тэатра”. Да таго, літаратурны рэдактар Вольга Семчанка разам з кіраўніком кінаклуба “Рэзананс” Ірынай Ідалевіч распачнуць на малой сцэне тэатра сустрэчы клуба аматараў тэатральнага і кінамастацтва “Новы ракурс”. У мінулым сезоне адбылося пару паказаў шэдэўраў кінематографа з наступным абмеркаваннем. Вопыт падаўся цікавым, але арганізатары вырашылі не толькі паставіць сустрэчы на рэгулярную аснову, але і пашырыць тэматыку імпрэз. Плануецца перамяжоўваць бясплатныя сеансы класікі для ахвотных з зачыненымі паказамі для вузкай аўдыторыі: студэнтаў акцёрскага аддзялення Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і прафесійных акцёраў запросяць на прагляд і разбор відэаверсій спектакляў. Прынамсі, ля тэатра ўжо вісяць афішы кінаверсіі “Гамлета” Эймунтаса Някрошуса. Прафесійныя тлумачэнні пабачанага, спецыфіку акцёрскага існавання балтыйскай школы будзе тлумачыць галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога Саўлюс Варнас.
Настасся ПАНКРАТАВА
Мінск — Магілёў — Мінск
Аб жаданым паляпшэнні фінансавага становішча, адзначаным юбілеі ў мінулым тэатральным сезоне, высокай зададзенай планцы на “Славянскім базары…”, старым Хатабычы, які павінен начараваць грошай, і шмат іншым казалі на прэс-канферэнцыі Беларускага тэатра “Лялька” ў Віцебску.
У мінулым тэатральным сезоне адзначалася 30-годдзе тэатра. Цягам гэтага перыяду адбыліся прэм’еры “Горада клоўна Піка” па п’есе Міхаіла Барценева, “Умкі” паводле сцэнарыя Юрыя Якаўлева (абедзве пастаноўкі рэцэнзавала “К”), а таксама быў адноўлены спектакль “Скарб” паводле казкі Уладзіміра Караткевіча “Чортаў скарб”. Традыцыйна “Лялька” прымала ўдзел у мностве гарадскіх мерапрыемстваў і праводзіла свае ўласныя, дзе з тэатральным мастацтвам арганічна паядноўваліся жывапіс, музыка, педагогіка, гістарычная навука. І, вядома ж, запомніўся юбілейны капуснік, дзе згадвалі захапляльныя падзеі 30-гадовага шляху.
Пра матэрыяльнае становішча ў няпросты эканамічны час мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра “Лялька” Віктар Клімчук быў вымушаны прамаўляць на прэс-канферэнцыі акцэнтавана, бо гэта ўплывае на фестывальную актыўнасць. І наогул фестываляў становіцца менш усюды, прычынай, — усё той жа фінансавы складнік. Але ж у Казань на II Міжнародны фестываль тэатраў лялек “Шомбай-fest” з “Загубленай душой, або Пакараннем грэшніка” (пастаноўка Алега Жугжды) тэатр паедзе ў канцы верасня. 6 — 7 кастрычніка плануецца паўдзельнічаць на фестывалі ў Калінінградзе, але тут ужо пэўныя цяжкасці з транзітнай візай, якая каштуе 60 еўра на кожнага. Зноў жа пытанні матэрыяльныя…
Урэшце, да грашовых цяжкасцяў сёння тэатрам не прывыкаць. На прэс-канферэнцыі распавядалі пра развіццё фестывалю “Лялечны квартал”, які праводзіць тэатр у рамках “Славянскага базара ў Віцебску”. Сёлета прыязджалі вядомыя калектывы з Масквы, Мыцішчаў, Кіева і Палтавы, таму зусім нездарма ў адміністратыўных і культурных колах Віцебска прызнавалі, што гэта лепшы праект на “Славянскім базары-2016”. Зададзеная высокая культурная планка будзе трымацца і далей, як і казаў Віктар Клімчук: “У мяне іншы погляд на “Славянскі базар...”, таму што я лічу, што папса — гэта папсой, але трэба, каб было мастацтва”.
Больш за тое, Віктар Клімчук марыць запрасіць лялечныя тэатры з такіх славянскіх краін, як Польшча, Сербія, Балгарыя, хоць зноў, хутчэй за ўсё, паўстануць фінансавыя праблемы, бо трэба будзе плаціць за дарогу. Але ж удзел тэатраў з гэтых дзяржаў прывёў бы да значнага кроку наперад у славянскім руху.
“Лялька” вядомая сваімі дарослымі пастаноўкамі, напоўненымі глыбокім сэнсавым зместам, але і дзіцячыя спектаклі вылучаюцца філасофскім сэнсам і той эстэтычнай прывабнасцю, якая прымушае гледачоў наведваць іх не аднойчы. Зараз “вялікі голад” у касе тэатра менавіта на дзіцячыя спектаклі прыводзіць да неабходнасці пашырэння гэтай часткі рэпертуару. Як адзначыў Віктар Клімчук, калі людзі раней наведвалі 5 — 6 разоў адзін і той жа спектакль, дык цяпер яны больш глядзяць у свой гаманец і бачаць, ёсць грошы ці няма. Таму запланавана прэм’ера “Вясёлага Дарафея” паводле п’есы Ніны Гернет “Гусяня” і пастаноўка паводле апавядання Леаніда Панцялеева “Фенька”. Першы спектакль будзе ставіць Віктар Клімчук, а другі — яго сын, які больш вядомы як цудоўны акцёр, Міхаіл Клімчук. У асобе апошняга “Лялька” набыла, нарэшце, другога пастаяннага рэжысёра пасля мастацкага кіраўніка. І гэта не “сямейнасць” у негатыўным сэнсе гэтага слова, бо ён паспяхова скончыў славуты Расійскі дзяржінстытут сцэнічных мастацтваў па спецыялізацыі “рэжысёр тэатра лялек”, а яго першая пастаноўка “Горад клоўна Піка” намінавана сёлета на Нацыянальную тэатральную прэмію.
Пра навіну, якая можа значна палепшыць фінансавае становішча тэатра, распавёў яго дырэктар Аляксандр Грыгор’еў. Няхай яна і мае сімвалічны характар… Звязана тое з адзначанай тэндэнцыяй ставіць у горадзе скульптуры. Побач з тэатрам, дзе ёсць аглядавая пляцоўка з ратондай, будзе пастаўлены помнік старому Хатабычу, бо стваральнік гэтага персанажа, пісьменнік Лазар Лагін, родам з Віцебска. Чакаецца, што Хатабыч павінен начараваць нешта значнае ў матэрыяльным сэнсе… А за творчасцю ў Беларускім тэатры “Лялька” справа не стане, што і пацвердзіў Віктар Клімчук: “Трупа збалансавана, ёсць і моладзь, і акцёры сталага ўзросту, усё можна зрабіць з гэтымі людзьмі”.
Георгій КАРЖАНЕЎСКІ
Віцебск