“Светлую энергію не спішаш...”

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

Дыпломная праца кераміста Ірыны Грыгарышынай — фарфоравы сервіз — ужо колькі гадоў знаходзіцца ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Патомны мастак, бліскучая вучаніца майстра-кераміста Уладзіміра Вікенцьевіча Угрыновіча, Ірына згадвае словы свайго настаўніка: “Калі кераміст можа зрабіць фарфоравы сервіз — ён можа зрабіць усё!”. Нібыта наўмысна ставячы сабе падобныя задачы (“зрабіць усё”), Ірына спрабуе розныя мастацкія формы: кераміка, жывапіс, габелен… “Форму дыктуе ідэя”, — кажа яна. А яшчэ Ірына спасцігае тайны іканапісу, які, здаецца, не мусіць быць падуладны пэндзлю свецкай жанчыны. Але гэта толькі на першы погляд...

 /i/content/pi/cult/159/1342/Ikony1.jpg
Ірына Грыгарышына.
— Ірына, што натхніла паспрабаваць сябе ў іканапісе, які прадугледжвае не толькі грунтоўную мастацкую падрыхтоўку, але і духоўны досвед…

— Усё палягае ў тым вопыце, што прывілі мне бацькі. У майго таты — каласальная бібліятэка кніг па мастацтве, і мне з дзяцінства былі даступны тыя ўзоры сусветнага жывапісу, і ў тым ліку іканапісу, якія, магчыма, многія людзі не бачылі. Гледзячы на рэпрадукцыі ікон, я заўжды адчувала захапленне, і, нарэшце, прыйшоў час, калі я вырашыла паспрабаваць сябе ў гэтай справе. Разумееце, ікона — гэта дасканаласць. Гэта спалучэнне, гармонія колераў, кампазіцыя — усё ў ёй цудоўна, неверагодна ясна, прадумана. У мяне ў жыцці быў момант, калі вельмі захацелася гэтых чыстых колераў, яскравасці, радасці адчування свету,— і я пачала маляваць.

— Вы памятаеце вашу першую ікону?

— Канешне. Гэта была іконка Георгія Перамаганосца. Такая святочная, яскравая, як каштоўны каменьчык. Рэпрадукцыя была вялікая, а я напісала зусім маленечкую іконку — так мне ўбачылася. Потым паспрабавала сябе ў стылі розных іканапісных школ — наўгародскай, пскоўскай, уладзімірскай… Напісала маленькую ікону “Дабравешчанне”, а ўжо потым узялася за вялікую і складаную працу — абраз Мікалая Цудатворца. Пэўныя фрагменты на рэпрадукцыі іконы былі згублены — выявы Хрыста і Дзевы Марыі, і я дапісала іх, трошкі скамбінаваўшы па-свойму.

— Вы не пабаяліся дамалёўваць іконы?

— Не. Лічу, што гэта штосьці кшталту аднаўлення. Канешне, я прытрымліваюся іканапісных канонаў і не дазваляю сабе вольных адступленняў,— іначай гэта будзе ўжо не ікона, а жывапіс, але страчаныя часткі, кавалкі дапісваю. Лічу, што ў гэтым выпадку я не прапаноўваю сваю выяву, а наследую майстру, яго ідэі, імкнуся, каб іканапісны твор “загучаў” у поўную моц.

Увогуле, я прыхільніца наўгародскай школы, хоць так гаварыць нельга, бо кожная ікона — гэта гармонія. Але мне чамусьці бліжэй менавіта работы наўгародскіх майстроў. А мастацтва Андрэя Рублёва да гэтай пары лічу па-за канкурэнцыяй між усіх мастакоў.

— Колькі вам удалося напісаць іканапісных твораў?

— Каля дзесятка. Гэта не многа, але і не мала, таму што такая праца вымагае шмат часу і высілкаў. Зараз многія пішуць іконы, і тут важна быць шчырым з самім сабой. Іканапісны твор можна напісаць і за тыдзень, але ці будзе ён сапраўдным?

Айцец Анатоль, які хрысціў мяне і маю дачку, да якога мы заўжды звяртаемся з просьбай асвяціць іконы, аднойчы прапанаваў мне прынесці і паказаць работы ў іканапісную майстэрню пры Кафедральным саборы. Я прыйшла, пазнаёмілася, пагутарыла з айцамі — і атрымала запрашэнне паказаць іконы ад настаяцеля царквы Марыі Магдалены. Я прынесла ў іх майстэрню свае творы, і памятаю, якое напружанне адразу ўзнікла ў паветры, калі майстры даведаліся, што “зноў прынеслі іконы”. Потым, калі я расклала свае работы на стале, у мяне ўжо спыталіся: “Вы штосьці заканчвалі?” “Так, — кажу,— Акадэмію мастацтваў”. “Ну тады зразумела, — адказалі мне, — вы на нас не крыўдуйце, проста да нас столькі ікон прыносяць, што мы ўжо стаміліся”. Гэта добра, што людзі пішуць абразы, але гэта справа не аднаго тыдня.

 /i/content/pi/cult/159/1342/Ikony2.jpg

“Праабражэнне Гасподняе”.

— Ірына, вы кажаце: “сапраўдная ікона”. У чым, на ваш погляд, гэта выяўляецца? Як вы асабіста ствараеце яе?

— Іканапіс вымагае моцнай канцэнтрацыі як фізічных, так і духоўных сіл. Адну ікону я пішу прыкладна каля чатырох месяцаў. Прызнаюся, маю ўвагу адцягваюць і свецкія справы, калі прыходзіцца браць перапынак у працы, сямейныя абставіны, здароўе ці клопат пра блізкіх. Але работу абавязкова даводжу да канца. Часам бацька кажа мне (ён уважліва сочыць за маімі работамі, як і мама): ты так ніколі не завершыш, — а мне ўсё здаецца, што можна лепш.

Хай пішуцца іконы з рэпрадукцый, кожны майстар уносіць у быццам бы копію штосьці сваё. Вось і я імкнуся, каб мая ікона пры захаванні ўсіх канонаў выпраменьвала светлую энергію. А яе не спішаш. Менавіта яна і ёсць той фактар, што вызначае якасць працы.

Гэта так здаецца: калі творца няшчасны ці галодны — то працуе па-сапраўднаму. Пісаць неабходна тады, калі ўсе клопаты, турботы, крыўды застаюцца па-за дзвярыма майстэрні: існуеш толькі ты і твой твор. Ікона не церпіць мітусні і свецкіх думак. Ікона — гэта свята, яе трэба пісаць з радасным сэрцам і спакоем у душы.

— Ці адчуваеце вы апеку Нябёсаў, дапамогу, калі працуеце?

— Ведаеце, не толькі яе. Часам, здараецца, Нябёсы і нібыта перашкаджаюць штосьці рабіць. У мяне да гэтай пары ёсць адна няскончаная ікона — Казанскай Божай Маці. Я спрабавала яе пісаць некалькі разоў, і заўсёды так здаралася, што, толькі распачаўшы, тут жа хварэю.

Упарцілася, не верыла, думала — супадзенне. А апошнім разам толькі села — і на наступны дзень тэмпература пад сорак градусаў! Тут, канешне, ужо стала зразумела, што нельга мне пісаць гэтую ікону. Магчыма, рана, магчыма, “не дарасла”. Айцец Анатоль потым супакоіў: а што ж вы думалі, кажа, і не ўсім царкоўным майстрам часам даецца дазвол на стварэнне.  Значыць, пакуль вам не трэба за яе брацца.Пасля гэтага досведу я пачала пісаць іконы вельмі асцярожна, прыслухоўваючыся да сябе. У такім дыялогу з Богам творы і нараджаюцца.
— Тады творчасць, на вашу думку, кім ці чым натхнёная справа?

— Вядома, існуюць розныяверсіі. Скажам, што творчы чалавек знаходзіцца паміж Нябёсамі і Пеклам, але для мяне творчасць — гэта прага. Творчы чалавек не можа не ствараць. Калі можа — значыць, ён проста не мастак. І від мастацтва тут справа другасная. Напрыклад, я па адукацыі кераміст, але не адчуваю аніякай няёмкасці з-за таго, што пішу нацюрморты ці тку габелены. Я адчуваю гэтую прагу, і пакуль яна не ўвасобіцца ў што-небудзь, увесь час думаю пра яе: як, якім чынам, чаму менавіта так.

Ці дапамагае творчаму чалавек Бог? Асабіста для мяне слушным будзе сказаць: калі Бог не захоча, вы гэтага не зробіце. Нягледзячы на ўсе здольнасці.

Ды ўсё ж, разважаючы пра высокае, мне хочацца падкрэсліць і прысутнасць зямнога ў нашым жыцці. Магчымасць працаваць, наяўнасць у мастака такіх банальных рэчаў, як фарбы, пэндзлі, майстэрня. Яны яму не меней неабходны, чым Божыя дапамога і натхненне. І на гэта таксама не трэба забывацца.

Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ