Як збыць тэатр у кіно?

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

Сусветны фармат далучэння да культуры ў нашых рэаліях: ці прыжываецца ён па-за сталіцай?
Пабачыўшы ў афішы кінатэатра “Цэнтральны” правакацыйнае “Лебядзінае возера” Мэцью Борна, я адразу пабегла ў касу… і засталася ні з чым: білеты на 3D-балет былі раскуплены за 10 дзён да паказу. Тая ж гісторыя адбылася з калегам, калі летась яна імкнулася патрапіць на першы паказ лонданскага “Гамлета” на вялікім экране ў Мінску. Сапраўды, праект “Theatre HD” менш чым за год паспяхова займеў сваю публіку ў Мінску, Гомелі і выйшаў на Віцебск. Астатнія абласныя цэнтры пакуль занялі палітыку чакання ў дачыненні да сусветнага кіна-тэатральнага фармату.

Рух навобмацак

На сёння ў праекце задзейнічана каля двух тысяч кінатэатраў па ўсім свеце. На постсавецкай прасторы да магчымасці пабачыць на экранах шэдэўры сусветнага тэатра, не пакідаючы родныя абшары, далучыліся 35 расійскіх гарадоў, пяць украінскіх, два казахстанскія. Каб беларусы маглі пабачыць лепшыя пастаноўкі са сцэн “Метраполітан Опера”, Каралеўскага нацыянальнага тэатра, шэкспіраўскага “Глобуса” і іншых легендарных пляцовак, Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “Арт Карпарэйшн” два гады вёў перамовы, якія нельга назваць лёгкімі. Установы, што займаюцца міжнароднымі праектамі, заўсёды навідавоку, а ў пагадненнях такога ўзроўню ключавую ролю грае рэпутацыя і аўтарытэт абодвух бакоў. Нашы людзі змаглі прайсці гэты “тэст” і набыць аўтарскія правы на дэманстрацыю ў Беларусі здабыткаў сучаснага сцэнічнага мастацтва.

Дзверы для айчынных тэатралаў расчынілі названы вышэй “Цэнтральны” і гомельскі кінатэатр імя Калініна. З кастрычніка да праекта далучыцца Віцебск. Як патлумачыў генеральны дырэктар УП “Кінавідэапракат” Віцебскага аблвыканкама Сяргей Багачоў, горад вырашыў падтрымаць ініцыятыву для разнастайнасці кінакантэнту. “Я рад, што ў віцябчан з’явілася магчымасць пабачыць новы фармат відовішча, — зазначыў Сяргей Аляксандравіч. — У кінатэатры “Мір” падрыхтавана неабходнае тэхнічнае абсталяванне і праведзены яго іспыты. Каб найлепш задаволіць чаканні гледачоў, збіраемся праводзіць анкетаванне. Згодна з пажаданнямі будзем фарміраваць рэпертуар. Калі большасць выкажацца, напрыклад, за оперу, то, магчыма, больш увагі нададзім ёй, а не балету ці драме. Мы толькі пачынаем, але спадзяемся на добры вынік і высокую наведвальнасць”.

Дырэктару Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў Анжаліцы Крашэўскай хацелася б бачыць спіс устаноў-партнёраў шырэйшым, аднак, каб дасягнуць гэтага, неабходна нямала часу. Яна тлумачыць: “Мы выходзім на абласныя гарады, але не ўсе адгукаюцца. Напрыклад, у Брэсце спачатку адгукнуліся тамтэйшыя дзяржаўныя пляцоўкі, якія не ў сістэме кінавідэапракату, але пакуль зноў цішыня".

/i/content/pi/cult/603/13414/14-1.jpg

У горадзе над Сожам спектаклі на вялікім экране глядзяць на працягу сезона. Генеральны дырэктар “Гомелькінавідэапракат” Аляксандр Лаўрыненка згодны, што практыка такіх онлайн-трансляцый сапраўды цікавая і ў якасці альтэрнатыўнага кантэнту мае права на існаванне. “Аднак вельмі складана казаць пра тое, што пракат тэатральных пастановак у кіназалах можа стаць камерцыйна выгадным. Кінавідэапракат павінен зарабляць грошы, таму, калі паўстае пытанне, паказаць касавы блакбастэр ці оперу, даводзіцца аддаваць перавагу першаму. Асноўная праблема абласных цэнтраў — недахоп лічбавых залаў. Калі для сталіцы не дзіва наяўнасць шматзальнікаў, то, прынамсі, Гомель можа разлічваць толькі на свае чатыры экраны. Сапраўды, было б у нас больш кінапляцовак, то мы з задавальненнем аддалі б адну з іх пад альтэрнатыўныя паказы і пашырылі афішу кінатрансляцый оперы, балету і драмы”, — зазначыў візаві.

Алімпійскія гульні па-мастацку

Існуюць і тэхнічныя моманты. Праваўладальнікі гатовы дазволіць прамую трансляцыю, калі прымаючая ўстанова мае цэлы спектр патрэбных тэхнічных характарыстык. Каб злавіць сігнал са спадарожніка, кінатэатру неабходныя адпаведная антэна, размеркавальнік, рэсівер, добрая лінія інтэрнэту і многае іншае. Анжаліка Крашэўская параўноўвае прамую трансляцыю спектакля з паказам Алімпійскіх гульняў і дадае, што, акрамя абсталявання, патрэбны спецыялісты, якія змогуць разабрацца ў складаных настройках і скамунікавацца з пастаўшчыкамі трансляцыі. “Тады і высвятляецца, ці на адной тэхнічнай мове размаўляюць нашы людзі і замежныя прафесіяналы. У Мінску адшукаць знаўцаў высокага ўзроўню цяжка, у абласных цэнтрах, на жаль, зрабіць гэта яшчэ больш складана”, — зазначае яна.

Новы праект не мае дзяржаўнай падтрымкі, заснавальнікі разлічваюць толькі на сябе. Праваўладальнікі рэгулююць цэнаўтварэнне на наведванне іх карцін, кінапракатчыкі дадаюць свой працэнт да першапачатковага кошту, аднак цэны на білеты застаюцца дастаткова канкурэнтаздольнымі. Прынамсі, на балетныя і оперныя пастаноўкі білеты распаўсюджваліся па 14 і 17 рублёў, на драматычныя спектаклі кошт можа ўзняцца да 24 рублёў. Калі прыгадаць, колькі каштуе паход на антрэпрызу з зоркамі з суседняй дзяржавы, разумееш, што гэтыя сумы адэкватныя. Праўда, у рэгіёнах меркаванне іншае. Аляксандр Лаўрыненка зазначае, што для абласнога цэнтра сярэдні кошт на білет у кіно складае 4 — 5 рублёў, і цэннік большы за звыклы ў тры разы значна ўплывае на колькасць запоўненых месцаў…

Размовы пра стварэнне канкурэнцыі рэпертуарным тэатрам не ідзе. Анжаліка Крашэўская прапануе разглядаць “Theatre HD” хутчэй як магчымасць пабачыць тых, хто наўрад ці калі-небудзь даедзе да нас (дорага, проста немагчыма — тут знойдзецца маса прычын). Сёлета рэпертуар праекта ўзбагаціўся на трансляцыі выстаў: відэаэкскурсіі па знакамітых галерэях, дакументальныя стужкі пра мастакоў. І хоць апошнім часам у Мінску праводзіцца шмат прыватных экспазіцый з “ажыўленымі” палотнамі славутых жывапісцаў, кінавыставы займаюць асобную нішу.

Асабіста мне падабаецца, як уважліва адсочваюць арганізатары праекта глядацкую актыўнасць і імгненна рэагуюць на павышанае патрабаванне на пэўныя назвы. Прынамсі, пабачыўшы, што ахвотных патрапіць на радыкальнага Мэцью Борна больш за ўмяшчальнасць залы, яны знайшлі магчымасць зладзіць дадатковы паказ на наступны дзень. Такі клопат падкупляе публіку.

Ці шукаць новае аблічча?

У варыянце ўсходняй суседкі “Theatre HD” займеў своеасаблівы каларыт: другі год запар у кінатэатрах краіны праходзілі прамыя трансляцыі намінантаў на званне лепшага спектакля сезона расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі “Залатая Маска”. Ці дачакаемся мы магчымасці не толькі чытаць пералік афіцыйна ўзнагароджаных айчыннай Нацыянальнай тэатральнай прэміяй, але і пабачыць у Пінску ці Мазыры хаця б відэазапіс на вялікім экране тых пераможцаў, бо гастролі “жыўцом” на сёння не ўсім па кішэні? Верыцца ў тое з цяжкасцю…

Аляксандр Лаўрыненка распавёў, як у Санкт-Пецярбургу на Міжнародным форуме і выставе “Кіна ЭКСПА” удзельнікам прэзентавалі праект онлайн-трансляцый у кінатэатрах спектакляў вядучых калектываў суседняй краіны “Тэатральная Расія”: “На прэзентацыі выступаў артыст Дзмітрый Назараў, распавядаў, якая гэта вялікая адказнасць — выступаць перад глядзельнай залай, але разумець, што цябе ў гэты момант бачаць у Забайкаллі ці на Далёкім Усходзе. Ён падкрэсліваў, што гэта надзвычай дысцыплінуе акцёраў. У нас жа — неўзаранае поле: можна было б трансляваць на рэгіёны лепшыя спектаклі Купалаўскага, Рускага, Вялікага і іншых вядучых тэатраў. Аднак я дакладна разумею, што такі праект вельмі затратны для рэалізацыі”.

Перш за ўсё, для прамой трансляцыі неабходна назбіраць прафесійную каманду аператараў, рэжысёраў, якія разбіраюцца ў спецыфіцы сцэнічнага мастацтва, каб у патрэбны момант пераключацца з буйнога на агульны план, паспяваць сачыць за галоўнымі героямі і не забывацца на масоўку... “Карцінка” павінна быць смачнай, каб публіка, распешчаная замежнымі фільмамі, зрабіла выбар на карысць айчыннага. У “Метраполітан Опера” такія здымкі робяць адразу 10 — 12 камер. Ці па сілах нам такое? Магчыма, можна дамовіцца з тэлебачаннем, якое ўжо набіла руку на здымках маштабных праектаў, але не задарма ж яны тое будуць рабіць. Суседзі ладзяць відэатрансляцыі пры падтрымцы мясцовага Міністэрства культуры...

У нас існуе і іншая бяда: у шырокім асяроддзі мала хто ведае айчынных акцёраў. Чаму за некалькі гадзін з пачатку продажу разышліся білеты на кінатрансляцыю “Гамлета”? У галоўнай ролі значыўся Шэрлак Холмс новага пакалення Бенедыкт Камбэрбэтч. Паклаўшы руку на сэрца, ці шмат хто з беларускіх тэатральных артыстаў стаў такім магнітам для публікі? Мне падаецца, паказы па кінатэатрах краіны, суправаджальныя афішы з акцэнтам на выявах галоўных герояў маглі б паспрыяць папулярызацыі акцёраў. У сваю чаргу, зорныя імёны вярнуць публіку ў тэатры. Колькі мы чуем, як наш глядач вядзецца на серыяльныя імёны, пакідаючы ў касах антрэпрызы неверагодныя сумы, пасля чаго на наведванне сваіх спектакляў грошай не застаецца! Можа, паспрабаваць паўплываць на сітуацыю? Балазе нашых артыстаў у тых серыялах багата.

Няма чаго на люстэрка наракаць...

Беларускі праект Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў не мае шырокай рэкламы ці расцяжак па ўсім горадзе, пры гэтым залы не зеўраюць пустэчамі, часта бываюць аншлагі. Вось толькі незвычайным назіраннем падзялілася спадарыня Крашэўская: пра новы фармат распытваюць журналісты, а тэатральная супольнасць маўчыць… Няўжо тых, каго ў першую чаргу залічваюць у патэнцыйныя гледачы, не зацікавіла цудоўная магчымасць пабачыць рэзанансныя спектаклі? Суразмоўца працягвае: “У рамках “ТэАРТа” мы праводзілі праект “Тэатр на дысках”. У Палацы мастацтва і ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў ладзілі паказы лепшых еўрапейскіх пастановак. Уваход быў вольным, неабходна было толькі папярэдне зарэгістравацца. Да нас прыходзілі, але студэнтаў творчых ВНУ, на каго мы вельмі разлічвалі, амаль не сустрэлі… Тыя, хто ў першую чаргу павінен ляцець за інфармацыяй пра новыя формы і пошукі ў мастацтве, чамусьці не матываваныя ісці на такога кшталту мерапрыемствы…”

Шкада, але сапраўды: не так і шмат людзей тэатра сёння цікавяцца тым, што адбываецца на іншых сцэнах, не так многа акцёраў пабачыш на прэм’ерах калег, а мастацкіх кіраўнікоў — на дыпломных спектаклях рэжысёраў-выпускнікоў… Верагодна, праблема сучаснага тэатра ў суцэльнай расканцэнтраванасці. Адчуванне, што творцы пакуль яшчэ вызначаюцца з тым, як ставіцца да сабе ў варунках, што змяніліся. Як толькі тэатральны люд схамянецца, зразумее, для чаго тэатр патрэбны не толькі публіцы, але ў першую чаргу самому сабе, тады знойдуцца сілы займацца і новым фарматам прасоўвання сцэнічнага мастацтва. І ў рэальнасць можа ператварыцца пакуль што фантастычная мара, каб у касе кінатэатра Слоніма, Бабруйска ці Брэста адначасова запытвалі лішні білецік на прамую трансляцыю спектакля-пераможцы Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"