Ватсан, ён вярнуўся!

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

Гісторыя аднаго Сяльца ў падарожжы з Дылетантам
Мінск, ранне страшэннае. У час “дапаўзаю” да прыпынку, дзе мяне забірае машына. Еду і паціху прадзіраю вочы. Заязджаем за босам — і што вы думаеце? У белым ільняным касцюме, саламяным капелюшы, з запаветным сакваяжам, начынне якога — “таямніца” за сямю жартамі, з’яўляецца Юрась Жыгамонт. І а 5-й раніцы спадар Дылетант выглядае так, “як па тэлевізары”, — проста выдатна! Новы сезон легендарнай перадачы, якая сёлета пасля 10-годдзя ў тэлеэфірах перайшла ў інтэрнэт, распачынаецца, а я прымаю ўдзел у здымках аднаго з новых выпускаў. І менавіта так — на досвітку, аказваецца, і распачынаецца “Падарожжа з Дылетантам”.

“За інтэрнэтам зараз будучыня”, — адразу каментуе новы фармат спадар Юрась, для якога працяг справы, будзем шчырымі, — ёсць жыццё. Толькі ўлетку няспынны падарожнік перажыў інфаркт, ды, пераадолеўшы хваробу, тут жа выправіўся ў новую вандроўку.

Глава І. Сур’ёзная

Едзем, гутарым.

— Юрась, — пытаюся, — у тваёй перадачы, якая столькі гадоў ішла па тэлебачанні, ёсць “Тэлевяршыня”?

— Шмат разоў вылучалі, — адказвае візаві. — Нават у тройку намінантаў не раз уваходзіла, але ўзнагароды так і не атрымала. Але навошта мне яна? — усміхаецца вядомы артыст. — Людзі праграму ведаюць. Вось табе, Дар’я, важна, што яна без узнагароды?

— Не, не важна.

— Ну і ўсё!

Мы едзем у Сялец. Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць. Ужо за гэты час на сайце размешчаны некалькі перадач, але менавіта зараз новы сезон і новая каманда Юрася пачынае сапраўды набіраць абароты. У каманду ж уваходзяць: кіроўца Андрэй, аператары Максім і Генадзь, сам спадар Жыгамонт. І ўсё. Вакантная пакуль пасада журналіста-рэдактара, і я паспрабую сёння “прымерыць” на сябе гэтыя абавязкі.

— Якая вялікая вёска, — адзначаюць аператары Максім і Генадзь, калі праз тры гадзіны мы прыязджаем на месца. Сапраўды, Сялец у адрозненні ад большасці сённяшніх вёсачак, аказваецца жывым і вялікім населеным пунктам. З захаваным касцёлам і царквой, з каталіцкімі і праваслаўнымі могілкамі, з яўрэйскай гісторыяй. Словам, усё, як мае быць для "былога Вялікага Княства Літоўскага", вызначэння, з якога пачынае свае перадачы Юрась.

— Не, гэты ўказальнік у лесе, не падыходзіць, — “бракуе” першы надпіс “Сялец” бос і мы разварочваемся ды едзем у іншы бок. Другая шыльдачка аказваецца ў полі з відам на вёску. — Выдатна! — дае згоду Юрась, і ўсе выскокваюць з машыны.

/i/content/pi/cult/603/13413/13-1.jpg

"Падводка" на фоне "буслоў". / Фота аўтара

Глава ІІ. Несур’ёзная

— Знаўцы тапанімікі кажуць, што назва Сялец, азначае тое ж, што і слова “сяло”. Проста калісьці ў сівую даўніну казалі не “сяло”, а “сялец”. З гадамі слова “сялец” выйшла з моўнага ўжытку і захавалася толькі ў тапаніцы, — гэту “падводку” Юрась прамаўляе ўжо пяты раз.

Здымкі распачаліся весела: выявіліся праблемы з гукам. Паўтары гадзіны Максім і Генадзь спрабуюць выправіць сітуацыю, стыкуючы апараты, камеры і фотаапараты. Юрась у вобразе прамаўляе зноў і зноў першыя “падводкі”. Усё дарэмна. Я ў камандзе, сачу за сцэнарыем. Але гук не пішацца.

— Ну, што, Дар’я, з’ездзіла на здымкі? — дрэнны настрой можа палепшыць толькі праз “чорныя” жарты, што Юрась і робіць. Праблемы падштурхоўваюць да ўспамінаў пра падобныя сітуацыі ў практыцы. — Памятаю, аднойчы так назапісваліся, што давялося зноў ехаць у тую ж вёску, і зноў паўтараць па другім коле, — узгадвае Жыгамонт, трымаючы ў руках парасон, капялюш і вядомы сакваяж. — А яшчэ памятаю, у нас працаваў аператар, які амаль усю перадачу зняў, а потым высветліў, што забыўся касету ўставіць. Вось пацеха была! А наогул, тэхніка — рэч капрызлівая.

Я таксама намагаюся “разрадзіць” абстаноўку.

— А што, у рэшце рэшт, у сакваяжы Дылетанта? — пытаюся. — Уяўляеш, колькі людзей хочуць пра гэта ведаць?

— Мышы, — адказвае журналіст. — Хочаш паглядзець?

Глава ІІІ. Нечакана сацыяльная

Праблемы былі вырашаны і праца закіпела. Хіба аказалася ў правадках мікрафона, і апошні замянілі, прыдумаўшы нейкую хітрую схему. Здымкі распачаліся. Пратакол здымак “Падарожжаў дылетанта” такі: адзін аператар здымае краявіды і аб’екты вёскі, іншы — “падводкі” з вядучым. Для “падводак” — уласна, расповеду пра гісторыю населенага пункта — абіраюцца розныя “фоны”. Ля ўказальніка, ля знакавых аб’ектаў, і тыя, каб паказаць прыгажосць і адметнасць месца.

— Давайце вунь ля таго “супрэматычнага” дамка, — прапаноўваю я.

— Шчыра кажучы, ён не вельмі, — не пагаджаецца аператар Максім.

— “Супрэматычны” дамок адмяняецца, — камандуе Юрась. — Будзем здымаць тут: глядзіце якія цудоўныя кветкі, зруб драўляны, дагледжаны, праўда, шклопакеты гэтыя …

Высветлілася, што калі вёска мае будучыню, а тое можна сказаць пра Сялец (адсюль, дарэчы, вядомы паэт Алесь Разанаў), большая палова аўтэнтычных дамкоў “апранаецца” ў шклопакеты. Назіранне сведчыць: наступнае пакаленне вяскоўцаў застаецца “на месцы” і дбае пра камфорт. Гэта добра, — людзі не з’язджаюць! Але архітэктуры старых зрубаў “іншародныя” шклопакеты аўтэнтыкі не дадаюць.

Візуальны партрэт сучаснай вёскі — гэта асобная тэма, якую ўскосна ўзнімае і “Падарожжа Дылетанта”. “Як выглядае сучасны жылы сялянскі дом?” — пытанне, якое ўсё радзей цікавіць гараджаніна і не турбуе, мяркую, сярэднестатыстычнага вяскоўца. Добра, калі ў доме ўсё спраўна — дый годзе.

— А той жоўценькі дамок бярэм? — здалёк абіраем кандыдатуру для “падводкі”.

Падыходзім і бачым, што хата пакрытая сайдынгам. Моўчкі пайшлі далей.

Глава IV. Камунікатыўная

Касцёл святога Аляксея і царква Успення Прасвятой Багародзіцы — тыя адметнасці Сяльца, пра якія, шчыра кажучы, асобным вёскам Беларусі, можна толькі марыць. Гатычна-раманскі касцёл быў узведзены ў 1912 годзе. Царква 1865 года, і, што цікава, ад пачатку свайго існавання і да сённяшняга дня ніколі не закрывалася — ні за палякамі, ні ў час нямецкай акупацыі, ні ў савецкія гады. Гэта пацвердзіў святар храма — айцец Аляксандр, які сустракаў нашу каманду разам з краязнаўцам, настаўнікам на пенсіі Мікалаем Пейганам і матушкай Таццянай. Не адмовіў у сустрэчы і здымках інтэр’ераў святыні, у якой служыць, і ксёндз Дзяніс.

— Я вам падрыхтаваў невялічкую даведку, якая, можа, спатрэбіцца, — нават прапанаваў ён дапамогу.

— А вы пазнаеце хто да вас прыехаў? — пытаюся ў маладога ксяндза.

— Так, але даўно гэта было, калі глядзеў тэлевізар, — ахвотна дзеліцца суразмоўца. — Можна сказаць, у малалецтве. Але, канешне, пазнаю. Вось і не думаў, што такім чынам атрымаецца сустрэцца, — так і даведваемся, што ксёндз Дзяніс, аказваецца, родам з Талачына, а сюды патрапіў пасля заканчэння Пінскай, а затым Варшаўскай семінарый.

Настаяцелі храмаў, мясцовыя жыхары — усе рэагуюць на постаць высокага дзівака ў акулярах з прыязнасцю. Увогуле, мне як чалавеку ў камандзе новаму было цікава назіраць рэакцыю на “ўварванне тэлевізійшчыкаў”. За выпадкам рэдкіх выключэнняў, калі адна вясёлая жанчына вырашыла падарыць здымачнай групе кветкі, жыхары збольшага трымаліся ветлівай дыстанцыі. Найбольш кранальна дзейнічалі дзеці: яны назіралі з боку і гучна каментавалі: “Зараз цёці і дзядзі будуць здымаць кіно. Глядзі!” Апагеем таго “ўключэння” ў працэс стаў парыў хлопчыка, які, пераадолеўшы ўсіх і сябе, падышоў і сказаў: “Здыміце мяне, калі ласка. Мяне завуць Цімафей.”

Увесь гэты час спадар Юрась працягваў працаваць.

Глава V. Метафізічная

Разам з краязнаўцам Мікалаем Пейганам на мясцовых каталіцкіх могілках. У Сяльцы нарадзіўся Аляксандр Акінчыц, паўстанец 1863 года, медык і літаратар, які вымушана з’ехаў у Парыж. Тут на мясцовых могілках пахаваны яго бацька, але дзе знаходзіцца магіла апошняга — цяпер невядома.

/i/content/pi/cult/603/13413/13-2.jpg

На каталіцкіх могілках ля капліцы святога Лаўрэна.

Здымаем на фоне капліцы святога Лаўрэна, якая дажыла да нашых дзён.

— Аляксандр Акінчыц быў у атрадзе Стравінскага як доктар. Але на допыце ён адказаў адносна знаходжання ў атрадзе: “Даўняя ідэя — вызваленне сваёй Айчыны”. Аляксандр Акінчыц быў вымушаны пакінуць родны край, — цярпенню Юрася можна толькі падзівіцца. Ужо пераваліла за 16-ю гадзіну, але кожную “падводку” вядучы прынцыпова робіць у два — тры дублі, “каб было з чаго выбіраць”.

— У Аляксандра Акінчыца ў Францыі нарадзілася пяцёра дзетак, — працягвае Юрась Жыгамонт. — І яго праўнукі прыязджалі сюды, у Сялец, дзе нарадзіўся іх знакаміты продак, былі тут на могілках каталіцкіх, дзе магілы іх беларускіх дзядоў.

Не ведаю як, але да нас на могілках падключаецца мясцовая жыхарка Зіна. Яна назірае за працэсам, і калі ў нас у пэўны момант узнікае адчуванне, што мы тут не адны, Зіна супакойвае: “Усе, хто сышоў, даўно на небе. Тут засталіся толькі жывыя”.

Нечакана Зіна разгаварылася з намі.

— Раней шмат чаго было не так, як зараз, — разважае жанчына. — Людзі шмат працавалі і ведалі цану вольнага часу, нават цану цукерцы. Памятаю, як наробішся, назбіраеш у лесе ягад, а потым прынясеш іх на кірмаш жанчыне, якая гандлюе ледзяшамі. І яна табе за кошык — лыжачку дае, і бяжыш шчаслівы. Не тое, што зараз. Бегаюць дзеці з пакетамі грошай, і не ведаюць, што набыць, таму што ўсё надакучыла.

Вадзіцель Андрэй забірае нас з месца і мы едзем да адзінага аб’екта яўрэйскай культуры, які захаваўся ў Сяльцы — моквы, яўрэйскай лазні. Ні каменя з яўрэйскіх могілак, ні фундамента сінагогі ў мястэчку, дзе прадстаўнікі гэтага народа жылі больш за 600 гадоў, не засталося.

Глава VI. Амаль такая ж

Дзесяць гадзін вечара. Усё яшчэ Сялец. Мы сядзім у машыне і, лічы, не дыхаем. Юрась агучвае ў цемры “гістарычныя даведкі”, што прагучаць у праграме. Вялікая работа скончана, дзень хіліцца да завяршэння. Шчыра кажучы, я выбілася з сіл. Юрась Жыгамонт, які ўвесь дзень распавядаў гісторыю аднаго Сяльца,  — жыўчык.

— І што, так кожны раз? — пытаюся я.

— Стамляешся, але як жыць, не робячы?

Калі Юрась заснуў у дарозе дадому, дарэчы, я зазірнула ў сакваяж. Ніякіх мышэй там няма. А што ёсць — не скажу.

Проста беражыце Жыгамонта!

Мінск — Бярозаўскі раён — Мінск

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"