Скарынаўскі рэйс: Рагачоў — Полацк

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

Друкарня XVI стагоддзя ды сэлфі ў “вышыванцы”
Падарункі дораць не толькі на дзень нараджэння, часам іх атрымліваюць падчас вялікіх святаў. Так сёлета было і ў Рагачове, дзе святкавалі Дзень беларускага пісьменства. Жыхары горада атрымалі цэлы нямала прэзентаў: да свята былі адрамантаваны каля 40 будынкаў, добраўпарадкаваны гарадскі парк, зроблена новая зона адпачынку з двума вадаёмамі, рэканструяваны гарадскія фантаны, адкрылася новая бібліятэка ды кніжная крама. Я ўжо не кажу пра тое, што на некалькі святочных дзён Рагачоў стаў літаратурнай сталіцай Беларусі.

Менавіта пра тое, што правядзенне Дня беларускага пісьменства ў Рагачове — падарунак мясцовым жыхарам, які застанецца з імі на доўгія гады, казала і віцэ-прэм’ер беларускага Урада Наталля Качанава. Яна ў мінулую нядзелю, 4 верасня, прымала ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю, што распачалася ўрачыстым шэсцем з 20 харугвамі гарадоў, якія ў свой час былі сталіцамі літаратурнага свята.

— У час падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства райцэнтр змяніўся да непазнавальнасці, тут абноўлены важныя сацыяльныя і культурныя аб’екты, — сказала Наталля Качанава. — Дзякуючы ініцыятывам старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка, а таксама намаганням старшыні райвыканкама Сяргея Дзенісенкі ды мясцовым жыхарам у горадзе выкананы вялікі аб’ём работ. Свята скончыцца, а Рагачоў застанецца на доўгія гады чыстым, прыгожым і святочным, як і сёння.

Паводле слоў Качанавай, адразу пасля святкаванняў арганізатары зоймуцца падрыхтоўкай наступнага Дня беларускага пісьменства, які пройдзе на радзіме Францыска Скарыны ў старажытным Полацку. 4 верасня ў час урачыстага адкрыцця Наталля Качанава па новай традыцыі, што з’явілася сёлета, перадала ў дар Рагачову кнігу пра Полацк — свой родны горад.

Свае ўлюбёныя кнігі перадавалі ў дар Рагачоўскай бібліятэцы і многія іншыя асобы. Напрыклад, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі падарыў “Пінскую шляхту” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, спявак Аляксандр Ціхановіч — “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча, а згаданы Сяргей Дзенісенка — кнігу “Беларусь замкавая”.

/i/content/pi/cult/603/13411/12-1.jpg

— Справа ў тым, што менавіта на нашай зямлі калісьці стаяў замак колішняй гаспадыні горада каралевы Боны, — адзначыў кіраўнік раёна. — На жаль, замак быў страчаны, але я вельмі спадзяюся, што праз пэўны час яго выявы таксама будуць прадстаўлены на старонках мастацкіх выданняў. Ды і сённяшняе свята — выдатная магчымасць прадэманстраваць культурнае багацце нашага краю ўсім жыхарам Беларусі.

Падчас святочнай праграмы адкрыцця Дня беларускага пісьменства былі названы лаўрэаты другой Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Адкрываючы цырымонію ўзнагароджання, міністр інфармацыі Лілія Ананіч адзначыла, што ў Беларусі штогод выдаецца звыш 11 тысяч найменняў кніг, у магазіны і бібліятэкі краіны паступае 33 мільёны асобнікаў самых розных выданняў, а таксама выказала ўпэўненасць, што творы лаўрэатаў літаратурнай прэміі абавязкова знойдуць сваіх удзячных чытачоў. У цырымоніі ўзнагароджання ўзялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Качанава, міністр культуры Барыс Святлоў, намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

Пасля ўручэння прэмій і заканчэння святочнага прадстаўлення ад найлепшых эстрадных ансамбляў і выканаўцаў Беларусі — “Песняроў”, “Харошак”, Анатоля Ярмоленкі і многіх іншых — адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця Дома кнігі з кніжнай крамай “Першацвет”, а таксама бібліятэкай з вялікай канферэнц-залай. Чырвоную стужку “залатымі” нажніцамі пераразалі Наталля Качанава і Уладзімір Дворнік. Пасля высокія госці прайшліся па бібліятэчных залах, завіталі ў кніжную краму і бібліятэку. Напрыканцы экскурсіі міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў перадаў у дар бібліятэцы вялікі фотаздымак Уладзіміра Караткевіча, у чый гонар і была названа новая раённая кніжніца.

Думаю, не памылюся, калі скажу, што Рагачоў у мінулыя выхадныя стаў самым прадстаўнічым літаратурным форумам Беларусі: на свяце прысутнічала прыкладна 10 тысяч гасцей — пісьменнікаў, выдаўцоў, аматараў роднага слова, у тым ліку і прадстаўнікі беларускіх дыяспар з 19 краін свету. У горадзе працавала больш за 70 канцэртных пляцовак і выстаў, пабываць на якіх цягам дня было проста фізічна немагчыма, адбываліся прэзентацыі кніжных навінак і аўтограф-сесіі, на “Газетным бульвары” людзі гарталі перыёдыку Гомельшчыны, а таксама набывалі сабе сувеніры ў “Горадзе майстроў” ды рабілі “сэлфі” ў “вышыванцы” каля стэндаў з фотаздымкамі Пізанскай вежы ці піраміды Хеопса.

Усюды валадарыла Яе Вялікасць Кніга: у кніжных крамах, на паліцах бібліятэчных стэлажоў, на дэманстрацыйных стэндах. Мне нават давялося пабачыць кнігу “з сала”, якую прэзентавалі на адным з гандлёвых падворкаў Дня беларускага пісьменства. Так што ежу “духоўную” на свяце можна было сумясціць з ежай сапраўднай… А асаблівай павагай Кніга карысталася ў наведвальнікаў “Друкарскага двара XVI стагоддзя”, дзе кожны ахвотны мог самастойна выдрукаваць кніжны ліст — так, як гэта рабілі ў 1517 годзе Францыск Скарына і ягоныя памочнікі. Праўда, здзейсніць гэта можна было з вялікай цяжкасцю: каб патрапіць у “друкарню”, трэба было адстаяць вялізную чаргу сярод аматараў і знаўцаў скарынаўскай эпохі. Справа ў тым, што Скарына з памочнікамі “прызямліўся” ў Рагачове ўсяго на два выхадныя дні. Пасля гэтыя станкі-экспанаты, як патлумачылі арганізатары, будуць перавезены ў Вілейку, дзе сёння ідзе праца над стварэннем першага музея беларускага пісьменства.

Таксама ў гэтыя два святочныя дні на вуліцах горада можна было пагартаць выданні пра гісторыю і сучаснасць Рагачова, падрыхтаваныя Міністэрствам інфармацыі краіны ды зазірнуць у тэматычныя павільёны, прысвечаныя 75-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, 95-годдзю з дня нараджэння Івана Мележа, 120-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. А Нацыянальная бібліятэка Беларусі пазнаёміла гасцей свята з экспазіцыяй “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”, дзе былі прадстаўлены ўнікальныя прыклады беларускага кнігадрукавання XVII — XX стагоддзяў. Старадаўнія фаліянты былі сабраныя ў Рагачоўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Супрацоўнікі Нацыяналкі, да слова, “шчыравалі” ў Рагачове напоўніцу. Так, падчас урачыстага адкрыцця Дома кнігі ў Рагачове дырэктар установы Раман Матульскі перадаў у дар мясцовым бібліятэкарам шматтомнае факсімільнае выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”. У гэты ж дзень на пляцоўцы Фестывалю кнігі і прэсы была прэзентавана першая дзіцячая трохтомная энцыклапедыя “Францыск Скарына” — вынік сумеснай работы намесніка дырэктара галоўнай бібліятэкі краіны Аляксандра Сушы і калектыва выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Там жа пазней Нацыянальная бібліятэка зладзіла пазнаваўча-забаўляльную праграму “Пазітыў ад Скарыны”. Крэатыў ад сталічных бібліятэкараў уражваў як мясцовых жыхароў, так і гасцей свята, асабліва малодшага школьнага веку, якія з імпэтам адгукаліся на прапановы паўдзельнічаць у конкурсах, літаратурных квэстах і віктарынах...

Што ж, свята прайшло, цяпер чакаем новай рэспубліканскай літаратурнай імпрэзы, якую, як ужо згадвалася, мяркуюць зладзіць праз год у старажытным Полацку, на малой радзіме Францыска Скарыны. Сімвалічна, што наступны Дзень беларускага пісьменства ў горадзе над Заходняй Дзвіной пройдзе ў той час, калі Беларусь і ўвесь свет будуць святкаваць 500-годдзе з часу выдання першадрукаром першай кнігі Бібліі. Так што Скарына дакладна “прызямліцца” праз год і ў Полацку: яго там ужо вельмі чакаюць...

Мінск — Рагачоў — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"