Быццам на замежнай мове

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

Патрэбен пераклад з састарэлай мовы на сучасную
Першая лекцыя на журфаку БДУ моцна ўрэзалася ў маю памяць: выкладчык рускай мовы Аляксандр Шаблоўскі пачаў з таго, што запытаўся ў наваспечаных студэнтаў, ці ведае хто… як выглядаюць азімыя. Ва аўдыторыі пад 180 чалавек ўзнялося пару рук, бо на свае вочы іх бачылі толькі некалькі дзяўчат з вёсак. Астатнія прызвычаіліся ўспрымаць слова, што нярэдка сустракалася ў мастацкай літаратуры, у якасці нейкага абстрактнага паняцця, не ўнікаючы ў яго сутнасць. Успаміны пра той выкладчыцкі эксперымент усплываюць кожны раз, калі пачынаю чытаць дзецям класічныя творы: я ізноў адчуваю прорву паміж сучасным пакаленнем і тымі рэаліямі, якія апісваюць пісьменнікі мінулага стагоддзя.

Мой сябра Анегін

Столькі коп’яў зламана над пытаннем, чаму дзеці не чытаюць класіку, а мне здаецца, што адказ ужо даўно ляжыць на паверхні. Перш-наперш, яе трэба правільна рэкламаваць, акцэнтуючы ўвагу на праблемах сучаснага чалавека, якіх ў творах мінулых стагоддзяў стае (а інакш яны і не сталі б хрэстаматыйнымі). Аднойчы сама сутыкнулася з неабходнасцю “раскруціць” для стрыечнай сястры “Яўгена Анегіна”, які падаваўся ёй замшэлым і нудным. Я ўсяго толькі прапанавала перанесці забранзавелага Анегіна ў блізкія ёй рэаліі і ўбачыць у ім няшчаснага “залатога” сынка, які мае грошы і магчымасці, але не знаходзіць цікавасці да жыцця. Раман пасля такога “рэбрэндынгу” быў прачытаны на адным дыханні, а мне заставалася толькі назіраць, як у размовах стрыечнай сястры з аднакласніцамі побач з папулярнымі зоркамі кіно неаднаразова ўсплывала імя літаратурнага героя.

Я не адкрываю нейкі новы спосаб успрымання класікі — сучаснымі прачытаннямі здавён займаюцца тэатральныя і кінарэжысёры. Той жа “Анегін” Цімафея Кулябіна з Навасібірску выклікаў фурор у мінскай публікі на леташнім міжнародным форуме “ТэАРТ”. А спектаклі Мікалая Пінігіна ў Купалаўскім па літаратурных манументах “Пінская шляхта” і “Сымон-музыка” адразу сталі знаходкамі для школ. Дык можа складальнікам праграмы па літаратуры таксама паспрабаваць новы фармат прадмоў і анатацый да твора? Не навяваць нуду штампаваннем звыклых у сваёй аднолькавасці і знівеляванасці “галерэя народных вобразаў”, “вяршыня творчасці” ці “вынік шматгадовай працы”, а пачаць з акцэнту на праблемах, якія сапраўды хвалююць кожнага падлетка.

“Google” у дапамогу

Другая праблема татальнага нечытання класікі заключаецца ў тым, з чаго я пачынала: юныя чытачы не ведаюць рэалій мінулага часу. Справа не толькі ў састарэлай лексіцы ці архаічных прадметах, якія яны ніколі не бачылі. Школьнікам часам не зразумела падаплёка апісанага, бо ўчынкі герояў былі выкліканы абставінамі, якія сёння можа растлумачыць хіба толькі старэйшае пакаленне. Прынамсі, мой сын абураўся, чаму ў апавяданні Віктара Драгунскага “Дваццаць гадоў пад ложкам” такая праблема выйсці з пакоя ў сваёй кватэры — пра камуналкі гэта пакаленне нічога не ведае. Як і расчараваўся ў скарбе “Палескіх рабінзонаў” Янкі Маўра — тым, каму крамы і гіпермаркеты даступныя круглыя суткі, цяжка растлумачыць, чаму бандыты паднялі сыр-бор у тым ліку і з-за некалькіх пар капронавых панчох.

Непасрэдна з архаізмамі крыху прасцей. Тут на дапамогу прыходзіць інтэрнэт, які многія абвінавачваюць у тым, што ён адбівае жаданне чытаць. Прынамсі, сустрэлася сыну ў аповесці Астрыд Ліндгрэн апісанне дамка Карлсана, дзе ў пераліку нейкіх прадметаў значыўся таганак. Пошук хутка растлумачыў яму, што гэта за штуковіна, і прадставіў фотаздымкі. Складанасці могуць узнікнуць толькі з айчыннай класікай. Чаму? Адгарнула “Людзей на балоце”. На першай жа старонцы мележаўскага рамана чытаем: “Журавель варухнуўся, падаўся вочапам да вады, радасна зарыпеў”. Каб растлумачыць далёкім ад вёскі дзецям гэтую фразу, неабходна правесці ў Сеціве шэраг маніпуляцый. Часцяком назвы незнаёмых прадметаў ужытку часцяком неабходна першапачаткова перакласці на рускую мову, каб пасля “Google” ўжо дакладна змог іх ідэнтыфікаваць. Пагадзіцеся, атрымліваецца занадта складаная схема. І нават самы адказны вучань хутка здасца... Дык ці ёсць шанц у класічнай літаратуры стаць бліжэй да юнацтва?

Завесці “Instagram” для калаўроту?

Загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Уладзімір Куліковіч упэўнены, што Мележа, Коласа, Шамякіна сёння нельга выдаваць так, як гэта рабілася нават гадоў дваццаць таму. Мой суразмоўца шмат працаваў з удзельнікамі рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і сцвярджае, што нават гэтыя таленавітыя дзеці часцяком перапытваюць значэнне слоў, якія сустракаюцца ў цытатах з нацыянальнай класікі: “Дыктую: “Яна ўселася за калаўрот”. І адразу бачу лес рук — дзеці не разумеюць значэнне слова. Безліч прадметаў выйшлі з ужытку, таму нельга чакаць ад сучаснага пакалення такога ж занурвання ў тэкст, які быў у іх дзядоў і нават бацькоў”.

У прыклад ён прыводзіць серыю “Школьная бібліятэка”, якой забяспечваюцца ўсе навучальныя ўстановы краіны. Выдаўцы дадаюць да класічных раманаў крыху каментарыяў, але спадар Куліковіч мяркуе, што гэта не зусім эфектыўна. “Можна і невялічкі слоўнік у канцы кнігі стварыць, але агульнай карціны тое не выправіць. Мне падаецца, калі выданне разлічана на дзяцей, то лепш тлумачыць напісанае праз ілюстрацыю. Пакаленне 3D-кінатэатраў і “Instagram” не ўяўляюць сваё жыццё без суцэльнай візуалізацыі. Менавіта малюнкі з заключанай у іх інфармацыяй дапамаглі б у спасціжэнні твораў са школьнай праграмы”, — разважае ён.

Верагодна, у гэтым месцы запратэстуюць выдаўцы: ілюстрацыя цягне за сабой новыя дагаворы (не набярэшся ж малюнкаў з кліпарта — неабходна шукаць мастакоў), дадатковае фінансаванне — на аўтарскі ганарар ілюстратару, на паліграфію і гэтак далей. З колькасцю старонак узрасце кошт кожнага экзэмпляра. Пацяжэлае найменне можа не ўпісацца ў нормы і патрабаванні, якія прад’яўляюцца да школьных дапаможнікаў. Такіх “але” набярэцца на два вазы і цэбар. Застаецца пакінуць усё на сваіх месцах?

Слоўнік для энцыклапедыі

Мне падаецца, праблема заключаецца яшчэ ў тым, што прадметы ў школьнай праграме існуюць хутчэй паасобку, чым ва ўзаемадзеянні. Існуе лагічная “вертыкальная” пабудова тэм для вывучэння з класа ў клас, але паміж сабой дысцыпліны карэлюць куды слабей. Прынамсі, паказаць побыт беларускай вёскі, распавесці пра асяроддзе, якое прыводзіла героя да таго ці іншага ўчынку магла б гісторыя. Бяру ў рукі падручнікі хросніка: увесь пяты клас прысвечаны вывучэнню антычнасці, старажытных Індыі і Егіпта, расповед жа пра родны край узнікае у шостым, але зноў пачынаецца са старажытнасці. Да XX стагоддзя яны дойдуць няхутка, а вось па літаратуры прачытаюць дастаткова, з чаго многае застанецца незразумелым...

Магчыма, наспеў час хрэстаматыйныя раманы айчынных класікаў выдаваць разам з гісторыка-літаратурнай энцыклапедыяй. У дадатковых старонках акрэсліць час дзеяння твора, распавесці пра вясковае і гарадское жыццё, даць спасылкі на мастацкія фільмы, якія б дапамаглі занурыцца ў акрэслены час, надрукаваць арыгінальныя ілюстрацыі ці выкарыстаць рэпрадукцыі твораў мастакоў. Тады зацікаўленыя чытачы сапраўды змогуць прасякнуцца духам напісанага, зразумець задуму аўтара, а не толькі пераказаць змест.

Гэта пакуль толькі мара. Аднак ужо сёння ёсць больш рэальныя магчымасці ўключыць школьнікаў у літаратурны асяродак. Амаль у кожным раённым цэнтры маецца краязнаўчы музей, многія багатыя на карцінныя галерэі, у дамах культуры абавязкова знойдзецца этнаграфічны куток. Менавіта ўстановы культуры маглі б узяць на сабе ролю перакладчыка з састарэлай на сучасную мову, стаць офлайн-“Вікіпедыяй”, каб ужывую прадэманстраваць рэчы, апісаныя ў раманах, але зніклыя з нашых кватэр. Экспазіцыі ўжо існуюць, усяго толькі неабходна скласці адмысловыя літаратурныя экскурсіі. Прысталічны Музей народнай архітэктуры і побыту ўвогуле мог бы зрабіць сваёй “фішкай” літаратурныя падарожжы — яго асяроддзе само па сабе заклікае да гэтага. Дый замахнуцца нават на фестываль персанажаў нацыянальнай класікі даўно варта! На маю думку, ад такога невялікага рэбрэндынгу экскурсійнай дзейнасці выгадалі б усе: установы культуры займеюць дадатковыя наведванні, выкладчыкі-філолагі ўздыхнулі б з палёгкай, а дзеці нарэшце зразумелі б, якое хараство крыецца пад вокладкай класічнага рамана.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"