“Аксана ў Залюстэраччы”, “Кароль Стах” — у мюзікле

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

Творчы праект “Опера-мадэрн” салісткі Нацыянальнай оперы Аксаны Волкавай і дырыжора тэатра Вячаслава Воліча чакалі з нецярплівасцю. Сапраўды, што ж яны там “змадэрнізуюць”? Ды яшчэ на акадэмічнай, ва ўсіх сэнсах слова, сцэне Вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі, не забяспечанай ніякімі тэатральнымі эфектамі.

Цікавасць выклікаў і сам творчы тандэм гэтых, здавалася б, рознанакіраваных асоб. Бо “каньком” В.Воліча заўсёды быў нацыянальны рэпертуар: менавіта ён у свой час падрыхтаваў канцэрт “Па старонках беларускіх опер”. У А.Волкавай жа склаўся трывалы імідж гэткай “ракавой жанчыны” — прыцягальнай і ўладарнай, што, пагадзіцеся, не надта адпавядае вобразу “простай беларускай сяляначкі”. Тым не менш, сыйшоўшыся разам, “лёд і полымя” не пагасілі, а ўзмацнілі адно аднаго, ператварыўшыся ў штосьці накшталт скульптурнага ўвасаблення мюзіклавага напалу.

Дапамагло бліскучае рэжысёрскае рашэнне Галіны Галкоўскай, якая здолела стварыць стылістыку мюзікла без такога абавязковага складніка жанру, як балет, ды яшчэ на абмежаванай сцэнічнай прасторы.

Асноўная “тэрыторыя”, вядома, была адведзена аркестру. Але насупраць дырыжорскага пульта зрабілі праход для салісткі. У глыбіні ж сцэны паставілі подыум з люстэркавымі канструкцыямі, за якімі “варажылі” артысты мімансу (у іх ролі выступалі старэйшыя выхаванцы Дзіцячага тэатра-студыі пры Беларускай оперы): то рукі працягвалі, то капелюшы, то паказваліся цалкам, заміраючы чорна-белымі “стоп-кадрамі”, падпарадкаванымі эстэтыцы графікі тэатра ценяў. Ну проста “Аксана ў Залюстэраччы”!

Музычны ж бок складаўся з пераважна лірычных фрагментаў найбольш папулярных заходніх мюзіклаў і рок-апрацовак класікі (накшталт Adagio Альбіноні). З’ядноўвала асобныя нумары ў адзіную лінію драматургічнага разгортвання музыка… беларускага класіка Уладзіміра Солтана. Яго опера “Дзікае паляванне караля Стаха” паводле У.Караткевіча ідзе на сцэне тэатра з 1989 года. І штораз набывае новае жыццё! У чарговым спектаклі 17-га красавіка партыю Надзеі Яноўскай упершыню выконвала Настасся Масквіна, Свеціловіча — Юрый Гарадзецкі. Самыя запамінальныя фрагменты, звязаныя, найперш, з лейттэмамі палявання і вальса, раз-пораз узнікалі і на вечары А.Волкавай. Пададзеныя ў аранжыроўцы Андрэя Зубрыча, яны наводзілі на думку, што У.Солтан, калі б не загінуў, мог бы стаць бліскучым аўтарам мюзіклаў, — дастаткова ўзгадаць яркі меладызм, відавочную “кіношнасць” некаторых яго сімфанічных твораў, папраўдзе тэатральнае мысленне кампазітара. Мюзіклам, мабыць, мог бы стаць яшчэ адзін ягоны “дэтэктыў” з гісторыі Беларусі ХІХ стагоддзя — опера “Пані Ядвіга” (з ракавой, між іншым, гераіняй: следчы не мог не закахацца ў Ядвігу, але раптам здагадаўся, што менавіта яна ўзначальвае тую банду, якую ён павінен выкрыць). Пагадзіцеся, сюжэт так і просіцца ў мюзікл! Але не дажыў кампазітар да таго часу, калі падобную музыку сталі спяваць нашы лепшыя оперныя салісты (традыцыю гэтую заснаваў некалькі гадоў таму дырыжор Андрэй Галанаў — спачатку ў якасці “навагодніх сюрпрызаў”).

Бясконцымі авацыямі паўнюткая зала стоячы вітала ўбачанае і пачутае, дараваўшы артыстам незбалансаванасць гучання аркестра і мікрафонных спеваў. Запатрабаванасць падобных праектаў не выклікае сумневу. Узгадалася, як у канцы 1950-х рэпертуар Вялікага тэатра Беларусі ўпрыгожыўся (праўда, не на доўгі час) класічнымі аперэтамі. Ці як некалькі гадоў таму прыносіў у нашу трупу сваю новую рок-оперу паводле “Братоў Карамазавых” знаны расійскі кампазітар Аляксандр Журбін. Дый беларускія творцы маглі б адгукнуцца рок-опернымі партытурамі — было б жаданне іх увасабляць. А чаму б і не? Толькі, вядома, не на шкоду опернай класіцы, якой, дарэчы, было прысвечана першае аддзяленне сольнага вечара А.Волкавай, дзе арыі і дуэты (у 1-ым аддзяленні ўдзельнічалі таксама С.Франкоўскі і У.Пятроў, у 2-ім — Э.Мартынюк) чаргаваліся з аркестравымі нумарамі.

Класіка атрымалася папраўдзе бездакорна класічнай. Назіраючы за тым, як на працягу некалькіх гадоў А.Волкава ўдасканальвала сваё выкананне, давядзецца канстатаваць, якім неацэнным штуршком стала для яе падрыхтоўка да ХХІІ Міжнароднага конкурсу імя М.Глінкі ў Чэлябінску, дзе наша салістка была прызнана лепшай (дарэчы, Беларусь перамагла там упершыню за ўсю 50-гадовую гісторыю гэтага конкурсу). З’явіўся не толькі знешне артыстычны, але і спеўны шарм, зайздросная свабода выканання, гнуткасць фраз, майстэрства пераафарбоўкі голасу на працяглых нотах. Разам з тым, засваенне опернай стылістыкі Дж.Расіні яшчэ патрабуе далейшай працы.

Пры ўсёй неабсяжнасці вакальнага дыяпазону і бліскучым пераадоленні віртуозных складанасцей, якімі шчодра “нашпігавана” галоўная партыя ў “Папялушцы”, спявачцы, каб дасягнуць і тут ідэалу, давядзецца надаць фіярытурам лёгкасць, палётнасць, пазбавіўшы іх залішняй прыземленасці. Але на тое ён і ідэал, каб імкнуцца да яго, не спыняючыся ні на хвіліну. Пажадаем таго ж і нашай маладой прымадонне!

Надзея БУНЦЭВІЧ