Гарадзец стане аграгарадком

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Летась у Шклоўскім раёне здадзена чатыры аграгарадкі. Сёлета ім стане і вёска “Гарадзец”.

Як паведамляе начальнік аддзела культуры Шклоўскага райвыканкама Галіна Валодзіна, гэтымі днямі рыхтуецца праектнакаштарысная дакументацыя на ўзвядзенне культурна адміністрацыйнага цэнтра. Пад адным дахам тут размесцяцца СДК, бібліятэка, філіял дзіцячай школы мастацтваў, адміністрацыйныя службы аграгарадка.

Ягоная афіцыйная здача запланавана на лета. Але работнікі культуры ўжо цяпер працуюць у надзвычай напружаным рытме, які і вызначае змест культасветработы абноўленай беларускай вёскі. У музычнай школе дзейнічаюць два аддзяленні — дзеці вучацца іграць на фартэпіяна і баяне. Для паслуг жыхароў 11 вёсак сельсавета — тры бібліятэкі, два перасоўныя пункты кнігавыдачы.

Заўжды шмат тікавых мерапрыемстваў у Доме-музеі кінаакцёра Пятра Алейнікава ў вёсцы Крывель. А ў сельскім Доме культуры напрыканцы года з поспехам прайшоў Тыдзень маці. Зрэшты, кадравага дэфіцыту ў сферы культуры будучага аграгарадка няма. Усе спецыялісты — з адпаведнай адукацыяй і немалым досведам. Таму і самадзейнасць тут — адна з лепшых на Шклоўшчыне: пры СДК дзейнічае дзесяць клубных фармаванняў.