Дзе вянчаўся Рымскі-Корсакаў?

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

8 верасня ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, у рамках святкавання 40-годдзя ўстановы, быў урачыста адкрыты новы аб’ект — царква з Барані Аршанскага раёна Віцебскай вобласці: гэта помнік драўлянай архітэктуры, датаваны пачаткам XVIII стагоддзя.

Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця аб’екта намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко адзначыў, што рэстаўрацыя помніка архітэктуры расцягнулася больш чым на чатыры гады.

/i/content/pi/cult/603/13399/3-3.jpg

— Сам жа помнік чакаў рэстаўратараў блізу 30 гадоў, — дадаў Аляксандр Анатольевіч. — На маю думку, адкрыццё гэтага аб’екта — прыклад таго, што дзяржава не забываецца на гісторыю і, аднаўляючы помнікі драўлянага дойлідства, клапоціцца пра яе захаванне.

Як дадаў дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Эдуард Багдановіч, адкрыццё царквы — неардынарная падзея ў жыцці не толькі яго ўстановы, а і ў культуры ўсёй краіны, а таксама зазначыў, што, на яго думку, гэты помнік — самы сапраўдны восьмы цуд свету, які зойме пачэснае месца ў Строчыцы.

Пра Спаса-Праабражэнскую царква з Барані Аршанскага раёна Віцебскай вобласці “К” ужо неаднойчы пісала (апошні матэрыял — у № 18 за 30 красавіка бягучага года). Адзначу толькі, што гэта адзін з найбольш цікавых помнікаў, які стаіць у адным шэрагу з самымі старажытнымі аб’ектамі драўлянай архітэктуры Беларусі. Храм быў узведзены ў 1704 годзе, падчас Паўночнай вайны.

Як адзначыў “К” намеснік дырэктара па навуковай рабоце ўстановы культуры Аляксандр Ісакаў, у музейнай экспазіцыі, што размясцілася ў царкве, прадстаўлены шэраг прадметаў царкоўнага богаслужэння, старадаўнія абразы, харугвы і сціхары святароў. Сярод рэчаў, якія ўдалося адшукаць падчас экспедыцыі на Аршаншчыну і якія могуць сёння пабачыць наведвальнікі — старадаўняе панікадзіла і ўваходная брама. Іншыя знаходкі сёння экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Таксама ў помніку архітэктуры кожны можна пабачыць копіі дакументаў царкоўнага жыцця: спісы народжаных і памерлых, а таксама тых, хто вянчаўся ў Барані цягам некалькіх стагоддзяў. Дарэчы, сярод апошніх прадстаўлены не толькі праваслаўныя, але і каталікі, ды адно знакамітае прозвішча — Рымскі-Корсакаў. Гэта, як патлумачыў Аляксандр Ісакаў, далёкія родзічы рускага кампазітара, якія ў тыя часы жылі ў Беларусі, у Оршы, але для вянчання чамусьці выбралі царкву ў маленькай Барані побач з горадам.

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"