Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця аб’екта намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко адзначыў, што рэстаўрацыя помніка архітэктуры расцягнулася больш чым на чатыры гады.
— Сам жа помнік чакаў рэстаўратараў блізу 30 гадоў, — дадаў Аляксандр Анатольевіч. — На маю думку, адкрыццё гэтага аб’екта — прыклад таго, што дзяржава не забываецца на гісторыю і, аднаўляючы помнікі драўлянага дойлідства, клапоціцца пра яе захаванне.
Як дадаў дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Эдуард Багдановіч, адкрыццё царквы — неардынарная падзея ў жыцці не толькі яго ўстановы, а і ў культуры ўсёй краіны, а таксама зазначыў, што, на яго думку, гэты помнік — самы сапраўдны восьмы цуд свету, які зойме пачэснае месца ў Строчыцы.
Пра Спаса-Праабражэнскую царква з Барані Аршанскага раёна Віцебскай вобласці “К” ужо неаднойчы пісала (апошні матэрыял — у № 18 за 30 красавіка бягучага года). Адзначу толькі, што гэта адзін з найбольш цікавых помнікаў, які стаіць у адным шэрагу з самымі старажытнымі аб’ектамі драўлянай архітэктуры Беларусі. Храм быў узведзены ў 1704 годзе, падчас Паўночнай вайны.
Як адзначыў “К” намеснік дырэктара па навуковай рабоце ўстановы культуры Аляксандр Ісакаў, у музейнай экспазіцыі, што размясцілася ў царкве, прадстаўлены шэраг прадметаў царкоўнага богаслужэння, старадаўнія абразы, харугвы і сціхары святароў. Сярод рэчаў, якія ўдалося адшукаць падчас экспедыцыі на Аршаншчыну і якія могуць сёння пабачыць наведвальнікі — старадаўняе панікадзіла і ўваходная брама. Іншыя знаходкі сёння экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі.
Таксама ў помніку архітэктуры кожны можна пабачыць копіі дакументаў царкоўнага жыцця: спісы народжаных і памерлых, а таксама тых, хто вянчаўся ў Барані цягам некалькіх стагоддзяў. Дарэчы, сярод апошніх прадстаўлены не толькі праваслаўныя, але і каталікі, ды адно знакамітае прозвішча — Рымскі-Корсакаў. Гэта, як патлумачыў Аляксандр Ісакаў, далёкія родзічы рускага кампазітара, якія ў тыя часы жылі ў Беларусі, у Оршы, але для вянчання чамусьці выбралі царкву ў маленькай Барані побач з горадам.
Фота аўтара