Удзельнікам і гасцям урачыстасцей Дня беларускага пісьменства

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

Паважаныя сябры! Сардэчна віншую вас з Днём беларускага пісьменства.

У Год культуры яго правядзенне набывае асаблівае значэнне. Увага грамадства засяроджана на неабходнасці беражлівага захавання лепшых духоўных здабыткаў, якія дайшлі да нас праз стагоддзі, і ўзбагачэння нацыянальнай скарбніцы дасягненнямі нашых таленавітых сучаснікаў, бо гістарычная памяць і гонар за Радзіму служаць трывалым падмуркам для далейшага развіцця краіны.

Сёлета эстафету па правядзенні мерапрыемстваў прымае Рагачоў — горад, з якім звязаны лёсы Уладзіміра Караткевіча, Міхася Лынькова і Андрэя Макаёнка. Лейтматывам творчасці гэтых пісьменнікаў сталі любоў да роднай зямлі, павага да працавітых і добразычлівых людзей.

Упэўнены, багатая праграма свята паслужыць плённаму развіццю беларускага слова і пашырыць рады яго прыхільнікаў.

Жадаю ўдзельнікам і гасцям Дня беларускага пісьменства творчага натхнення, дабрабыту і поспехаў ва ўсіх справах.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка

4 верасня 2016 года