3+3=6 ды два на розум пайшло

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

Журналісцкі аўтатур газеты "Культура" / Іванаўшчына: у фармаце "жывога гуку"
Гэтую вандроўку мы назвалі “візітам да сяброў”. Культура Іванаўскага, Кобрынскага, Драгічынскага раёнаў нам добра вядомая і па баяздольных кадрах кіраўнікоў, і па немалым творчым патэнцыяле. Праўда, колішні начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзімір Шаляговіч — на пенсіі. Але ягоны ўклад у агульную справу настолькі важкі, што мэтанакіраванасць шчыраванняў Уладзіміра Васільевіча заўважная і ў сённяшніх справах работнікаў культуры. А кіруе імі паслядоўніца Шаляговіча Валянціна Барадзінчык — чалавек прынцыповы.

Культура Іванаўшчыны, на наш погляд, — унікальная. Ну дзе вы бачылі, да прыкладу, шэсць устаноў музейнага тыпу ў адным раёне? А праз пэўны час да іх далучацца яшчэ дзве. Пра гэта “К” пісала, піша і будзе пісаць. Хаця б з той нагоды, што дзесьці і адзін краязнаўчы музей — ношка не па сілах. А на Іванаўшчыне яны “выспяваюць”, як тыя гуркі ў цяпліцы.

Уводзіны ў раённае музеязнаўства

Без невялічкай музейнай прэамбулы, відаць, не абысціся. Хочацца яшчэ раз спыніцца на выснове аб тым, што музеяў шмат не бывае. Нават у межах аднаго раёна. А дзейнасць цэлай сеткі такіх устаноў — доказ развіцця мясцовай культуры. Без пашаны да мінуўшчыны які рух да будучыні? Тым больш, калі пашана гэта — шматпрыступкавая. А зараз — канкрэтыка пра кожную з музейных прыступак.

Па-першае, існуе раённы музейны комплекс Напалеона Орды. Тут, у вёсцы Варацэвічы, дзейнічаюць музей знакамітага мастака, скульптара і кампазітара ды карцінная галерэя. Філіял комплексу — карцінная галерэя Аляксея Кузьміча ў вёсцы Махро. Вось вам тры музейныя адзінкі.

Па-другое, Моталь знакаміты не толькі прысмакамі ды кажухамі, а і музеем народнай творчасці. У яго — таксама ёсць філіялы: археалагічны музей “Нашы карані” ў Моталі, Дом траўніка ў Стрэльна. Вось вам яшчэ тры музейныя адзінкі. Падавалася б, больш чым дастаткова.

/i/content/pi/cult/602/13389/10-1.jpg

Аднак не. Калі ўзновіцца фінансаванне, будзе працягнута ўзвядзенне копіі родавага маёнтка Напалеона Орды на захваным падмурку ва ўрочышчы Чырвоны Двор (ля Варацэвічаў). А ў Ляскавічах на базе былога навучальнага камбіната бібліятэкары ініцыявалі стварэнне Галерэі славы (ніжэй пра гэта больш падрабязна). А гэта яшчэ дзве музейныя адзінкі, што на розум пайшлі. Усяго: восем аб’ектаў пільнай турыстычнай увагі. А ў тым што яна менавіта пільная пераконвае хаця б тое, што Моталь — радзіма першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана, у Дастоеве — карані продкаў Фёдара Дастаеўскага, а ў Моладаве была галоўная рэзідэнцыя Скірмунтаў. Цягнецца па раёне і Дуга Струве. Словам, штогод у музеях раёна бывае да 18 тысяч наведвальнікаў. І гэта толькі пачатак развіцця музейнай (а ўслед за ёй — бібліятэчнай ды клубнай) справы. Паспрабуем разабрацца, якім станецца яе працяг.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Ва ўсёй гэтай мудрагелістай музейнай схеме, шчыра кажучы, разбіраліся не адзін камандзіровачны дзень. Да таго ж вельмі хацелася сустрэцца з Уладзімірам Шаляговічам. Але быў ён на той час у ад’ездзе. Шкада. Як мне падаецца, адзін з самых дасведчаных “культуразнаўцаў” і практыкаў у Беларусі. Яго і цяпер называюць ”танкам”. Не дзіва.

Начальнік аддзела культуры выбіраў прыярытэтны курс і не збочваў з яго ніколі. Так і з’явілася адметная раённая музейная сетка. Апошні раз мы бачыліся снежнай зімой 2012-га. Шаляговіч з задавальненнем паказваў сцены свежай будоўлі ў Чырвоным Двары.

Але ў першую чаргу запомніўся ён тым, што гадоў дзесяць таму запрасіў “К” у Іванава, каб мы лепш пазнаёміліся з тым, што робіцца ў культуры раёна. Выязная рэдакцыя адбылася з вялікай карысцю для абодвух бакоў. З таго часу я і раіўся з Уладзімірам Васільевічам па самых розных пытаннях, датычных сферы. Дзякуй яму за навучанне! І яшчэ адна якасць былога начальніка аддзела. Ён ніколі не замоўчваў праблемы, выносіў іх на абмеркаванне, прапаноўваў выйсце. Такія, як правіла, не вельмі зручныя для кіраўніцтва. Але менавіта такія і застаюцца прыкладамі ў гісторыі прафесіі.

Кожнаму Каткаўцу — па Выскварцы?

На “разагрэве” ў нас аказалася вёска Тышкавічы. Прынамсі, яна першая трапілася на вока ў час доўгага пераезду з Мінска да Іванаўшчыны. Вельмі характэрнае для мясцовага Палесся паселішча. Шматлюднае, ёсць школа, дзіцячы садок. Інакш кажучы — перспектыўнае. Як і мясцовы СДК. Знаходзіцца ён — па мясцоваму — за выганам, у больш абсучасненай частцы аграгарадка. Кіруе ўстановай Алена Каткавец, маладая, не надта вопытная (працуе каля пяці гадоў, а клубам кіруе зусім нядаўна), але летуценная і поўная жаданняў. Прынамсі, вучыцца на завочным аддзяленні Універсітэта культуры і мастацтваў. Рыхтуецца да міжрэгіянальнага фестывалю “Фальклор без межаў”. Праходзіць ён пад Вадохрышча і ў Іванаве, і ў Тышкавічах. Чым з гэтай нагоды адметныя Тышкавічы? Непаўторнымі палескімі гумарам ды гаворкай. А яшчэ — народным фальклорным гуртом “Знаходка”, у складзе якога сталыя кабеты.

А вось маладзёжнай змены ім няма. “Цяжка прымусіць сённяшніх дзяцей спяваць разам з бабулямі”, — уздыхае Алена. Пакрысе высвятляем, што адсюль родам яшчэ адзін рэдакцыйны сябра — Васіль Каткавец — начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама. Якраз у яго з ансамблямі-спадарожнікамі — поўны ажур.

Жарты жартамі, але праблема — агульнарэспубліканская. Толькі вырашаць яе ніхто не кідаецца. Няма ні семінараў на гэты конт, ні вучобы на розных узроўнях. Добра Васілю Каткаўцу: ён сабе ў свой час этнографа Сяргея Выскварку падрыхтаваў. Таму і дзейнічаюць на ўзроўні з дарослымі гуртам і, калектывы дзіцячыя. Не фармальна, не пад прымусам, а арганічна і для агульнага задавальнення. І фэст “Берагіня” ў Акцябрскім — не правіла, а хутчэй — выключэнне з яго. Словам, носьбіты традыцыі неўзабаве застануцца на плёнках ды на дысках. І гэта ў лепшым выпадку.

“Раскідай, бо нехорошэ!”

Моталь — “дзяржава ў дзяржаве”. Ёсць свая гасцёўня. Больш за дваццаць гадоў мясцовай школе мастацтваў, дзе на сёння 130 навучэнцаў атрымліваюць навыкі ў музыцы, харэаграфіі, жавыпісе. І як казачная таямнічая хацінка — Мотальскі музей народнай творчасці. Вось што ён прапаноўвае: інтэрактыўныя праграмы “Вясельны каравай”, “Прыданы”, “Жывы гук”, лекцыя-экскурсія-практыкум “Народная кухня маталян”, урок “Як кашуля ў полі вырасла”, педагагічныя заняткі “Казкі бабулі Алены”. Па падрабязнасці звяртайцеся да пошукавых сайтаў у інтэрнет-прасторы.

Нас жа ўразіў праект “Жывы гук”. Экскурсію па васьмі экспазіцыйных залах суправаджае гурт “Мотальскія суседзі”, які ”прапісаны” ў СДК, але працуе ў музеі. Мы такога эфектнага аўтэнтычнага суправаджэння музейнай дзеі нідзе больш не бачылі.

Зайшлі ў бібліятэку. Пазнаёміліся з бібліятэкарам Людмілай Каткавец. Што яна можа прапанаваць гасцям? Аказваецца не толькі кніжкі (сёння ў бібліятэцы пабывала 19 чытачоў, у тым ліку іншагароднія, што прыехалі да сваякоў ды родзічаў), але і выставу цудоўнай вышыўкі. Аўтар — маці бібліятэкаркі. Дый сама Людміла вышывальшчыца Кажа: “Дзед вучыў. Калі кепска вышывала, бурчэў: “Раскідай, бо нехорошэ!” Вось і раскідвала, пакуль не навучылася”. Так што ў Моталі нават бібліятэка — своеасаблівы музейны філіял.

Можаце лічыць нас безнадзейнымі ідэалістамі, але агульнае ўражанне ад мотальскіх культурных паслуг склалася вось якое. Калі наведаць філіял “Нашы карані”, пачаць з археалогіі, працягнуць даследванне традыцый і промыслаў у галаўным музеі, а скончыць знаёмства з гэтым кутком Палесся ў бібліятэцы, дык адразу пачынаеш разумець: Напалеон Орда нарадзіўся на Іванаўшчыне зусім не выпадкова. І не трэба да гадалкі хадзіць, каб зразумець: музейная стратэгія Уладзіміра Шаляговіча — больш чым эфектыўная. Да гадалкі хадзіць не трэба, а вось да знахаркі — не пашкодзіла б. Таму скіроўваемся ў Стрэльна.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Галоўнай адметнасцю Іванаўскага раёна для мяне стала вялікая колькасць людзей, заангажаваных у народнай культуры, галоўным чынам, — спеўнай і рамесніцкай. Тут цяжка знайсці народны калектыў, які апошнім часам не быў на замежных гастролях. Гэта, несумненна, радуе. Іншая справа, што найбольш актуальным клопатам з’яўляецца ў раёне праблема пераемнасці. Возьмем тыя ж Тышкавічы. Цудоўныя будынак і начынне мясцовага СДК, дружны і малады калектыў. А чаго варты народны фальклорны гурт “Знаходка”, узнагародамі якога аздоблена ўся сцяна дырэктарскага кабінета! Вось толькі сярэдні ўзрост удзельнікаў калектыву складае блізу 75 гадоў. Мясцовыя маладзёны цікавяцца больш эстраднымі спевамі і танцамі, прыцягнуць іх да аўтэнтыкі надзвычай складана. Згадваецца сітуацыя са славутым калісьці калектывам з Ананчыц Салігорскага раёна, які скарыў майстэрствам савецкага слухача, запісаў кружэлку на студыі “Мелодыя”. Пару гадоў таму мы пабачылі, што ад вялікага і ўнікальнага гурта засталося пару чалавек. Не хацелася б, каб такое здарылася і са “Знаходкай”. Ці выправіць сітуацыю сімпатычны нам дырэктар СДК? Думаю, без грунтоўнай метадычнай падтрымкі ад спецыялістаў з БДУКіМ, дзе дзяўчына вучыцца завочна, не абысціся...

А ў Моталі зачапіла тое, што ці не ў кожным доме мястэчка жыве народны майстар, а вось базы даных па іх у мясцовым музеі няма.

“І вас мы вылечым!”

Вось і Стрэльна. Калісьці тут быў СДК. Цяпер — Дом траўніка. Загадчыца дзіўнай установы — Галіна Вайцяшчук, не толькі настаўнік-біёлаг з немалым стажам школьнай працы, але і траўніца ў чацвёртым калене. У вёсцы ўвогуле шмат знахарак: у афіцыйнай музейнай картатэцы — 30 кабет. Не жартачкі. Пад лік узята ці не кожная зёлка ў наваколлі.

Усё пачалося 25 гадоў таму з аматарскага аб’яднання “Чабарок”. Пакрысе справа набыла такі маштаб, што ў 2013 годзе СДК займеў іншы профіль і стаў філіялам мотальскага музея. Глядзельная зала пераўтворана ў вялікі і шыкоўны фітабар, на вышках — неверагодная па маштабах калекцыя лекавых зёлак (кожная мае свой пашпарт) і адпаведнай літаратуры. На пах разнатраўя пачалі ехаць аматары фіталячэння, і з Беларусі, і з замежжа. Не дзіва: іншага такога музея ў краіне пакуль няма. Кожнаму наведвальніку (даросламу, маладзёну, дзіцяці) даецца рэкамендацыя: якія зёлкі выкарыстоўваць, як і ад чаго. Прынцып “не нашкодзь” — адзін з галоўных.

На пераабсталяванне клубнай установы ў музейную пайшлі не толькі замежныя грошы (праект выйграў падтрымку ПРААН), але і сродкі з мясцовага бюджэту. Улады справядліва палічылі, што праект — перспектыўны ў фінансавым плане і вельмі прывабны ў плане турыстычнага развіцця. Усё правільна: народная медыцына набывае усё большую колькасць прыхільнікаў.

Пра што марыць Галіна Вайцяшчук? Пра распрацоўку кавалка зямлі ля музейнага будынка. Тут, як мяркуе траўніца, павінен быць аптэчны гародчык. Мяркуючы па рашучасці суразмоўцы, праект неўзабаве будзе здзейснены.

Заўвага ў нас тут толькі адна. Не вызначана пакуль адзіная мова музейнай экспазіцыі. Частка пашпартоў на лекавыя расліны аформлены па-руску, частка — па-беларуску. Тут варта, як падаецца, прыйсці да адной роўнасці. Ці, улічваючы патэнцыйны замежны наплыў аматараў зёлак, неабходна афармляць усё на трох мовах: беларускай, англійскай ды рускай. Але і гэта пытанне — вырашальнае.

Галерэя славы

Памятаеце бібліятэку ў Моталі, дзе практычнае краязнаўства адлюстравана ў выставе мясцовай вышыўкі? Прыкладна тое ж, але зусім у іншых, глабальных, маштабах можна пабачыць у Іванаўскай раённай бібліятэцы. Зазірніце на сайт “Віртуальная Іванаўшчына” (своеасаблівы музей усяго, што было, ёсць і будзе ў раёне) і пераканаецеся, што нашы словы — цалкам апраўданыя. Але цяпер — зусім пра іншае. Гаворка пойдзе пра Галерэю славы. Ініцыятары яе стварэння — таксама бібліятэкары.

Начальнік аддзела ІРКСМ Іванаўскага райвыканкама Валянціна Барадзінчык патлумачыла, што ў Ляскавічах, у будынку былога навучальнага камбіната размесцяцца партрэты лепшых школьнікаў-медалістаў, знакамітых землякоў, ударнікаў працы і ветэранаў вайны… Каб памятаць і ведаць, каб не забывацца, на якой святой зямлі давялося жыць і працаваць, каб рабіць гэта не горш за папярэднікаў…

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Людміла Кунахавец паказала нам два партрэты з будучай бясконцай калекцыі. На іх адлюстраваны Героі Савецкага Саюза, вызваліцелі Іванава Міхаіл Шыла і Мікалай Кольчак. Нядаўна ў новым мікрараёне “Усходні” іхнімі імёнамі названы вуліцы. А ў вашым горадзе ёсць такая галерэя? Дарэмна…

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Вам не падаецца, што будучыня любой установы культуры (клуба, бібліятэкі, школы мастацтваў…) у пэўнай музеефікацыі? І штосьці ў гэтым ёсць, спадарове. Мы некалькі разоў пісалі пра музейныя пакоі ў ДШМ. У адным з такіх, дзе сабрана старая музычная апаратура, ладзяцца ўрокі па гісторыі музыкі. Пісалі і пра музеі рэтра-кнігі, народных промыслаў ў сельскіх бібліятэках. Пра этна-куткі ў клубах і згадваць не варта. Такія ўтварэнні патрэбны для таго, каб спыніцца, падумаць, згадаць пра тое, хто ты ёсць на гэтым свеце. Так глядзяць у люстэрка, каб пераканацца, што жыццё працягваецца і табе ў ім таксама адведзена немалаважная роля.

У наступным нумары мы распавядзем пра другую тройку музейных аб’ектаў раёна. Гаворка пойдзе пра Варацэвічы, Напалеона Орду і яшчэ пра многае іншае.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"