Цуды з печы

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

“АРТ-Жыжаль”: чараўніцтва зносін з жывым агнём
На высокім беразе Бярэзіны, непадалёк ад Бабруйска, 25 жніўня завяршыўся ХІV Міжнародны пленэр па кераміцы “АРТ-Жыжаль”, у якім прынялі ўдзел 18 мастакоў-керамістаў з Беларусі, Латвіі, Малдовы, Расіі, Славакіі, Украіны і Эстоніі.

“Пленэр — магчымасць вырвацца з будняў і займацца чыстай творчасцю, для якой у нашым жыцці, на жаль, становіцца ўсё менш месца”, — падзяліўся меркаваннем сталы ўдзельнік пленэраў, член Беларускага саюза мастакоў бабруйчанін Алег Ткачоў. На “АРТ-Жыжаль” прафесіяналы прыязджаюць і каб абнавіць навыкі працы з матэрыялам, і каб задзейнічаць новыя тэхналогіі абпалаў, якія з тэхналагічных прычын немагчыма прымяніць у стацыянарных электра- або газавых печках. Да ўсяго, для многіх мастакоў пленэрная праца — унікальная магчымасць развіцця творчага патэнцыялу.

Адметнасцю пленэраў “АРТ-Жыжаль” з’яўляецца, як сцвярджаюць удзельнікі, маштабнасць і высокі прафесіяналізм. Хоць, на думку маскоўскай мастачкі Марыны Балыш, на розных пленэрах розныя і печы, і абпал, і матэрыялы, і, адпаведна, вынікі: “Але па заканчэнні “разляпіцца” ды спыняцца няма жадання! Нам бы яшчэ тыдзень-другі, а можна нават тры...”.

“Мы, масквічы, адсачылі інфармацыю аб “АРТ-Жыжалі” ў “Facebook”, — распавядала Алена Мізгірова. — У тым ліку, нашы мастакі, неаднаразовыя ўдзельніцы беларускага пленэра Вольга Равінская і Аляксандра Створа распавядалі пра яго. Сюды ж прыехалі, каб набыць новы досвед”.

/i/content/pi/cult/602/13386/9-1.jpg

Маштабнасць, годная арганізацыя, дастатковая колькасць часу і матэрыялаў для вырабу керамічных работ і практычна бесперапынны абпал вылучаюць наш пленэр. Неаднаразовы абпал вырабаў, дарэчы, дазваляе паспець вывучыць новыя тэхналогіі. Да прыкладу, замежныя ўдзельнікі ў Беларусі робяць для сябе “адкрыццё” абварной керамікі, якая дае найцікавы дэкор на паверхні вырабу ў мудрагелістых і нечаканых варыяцыях. Скажам, яна прывяла сёлета ў захапленне маладую, але ўжо дасведчаную керамістку з Украіны Зінаіду Блізнюк. Яна працуе ў галіне ландшафтнай керамічнай скульптуры ў Нацыянальным музеі-запаведніку ўкраінскага ганчарства ў пасёлку Апошня. Зінаіда кажа: “Тое, што я тут зрабіла, ужо сведчыць: пачаўся новы віток у маім творчым развіцці”.

Вялікае ўражанне ў новых удзельнікаў пленэра пакідае мастацтва мэтраў керамікі. Гэта творчасць сяброў Беларускага саюза мастакоў і сталых удзельнікаў “АРТ-Жыжаля” Максіма Калтыгіна з Мінска і Яўгена Адзіночанкі з Гродна. “Мне вельмі спадабалася, як Максім камбінуе розныя тэхнікі ў адной працы. Я не памятаю, каб бачыла раней нешта падобнае”, — сказала Зінаіда Блізнюк. Маскоўскія мастакі Марына Балыш, Алена Мізгірова і Святлана Сядлова ўдзячныя Яўгену Адзіночанку, “які ведае мастацтва керамікі ў дасканаласці і дзеліцца неацэнным вопытам таго, як дамагчыся пэўных мастацкіх эфектаў пры абпале”.

На пленэрах керамісты-пачаткоўцы спасцігаюць сакрэты майстэрства ў нязменнага цягам 14 гадоў кіраўніка, аўтара ідэі пленэра Валерыя Калтыгіна. “Капітан “АРТ-Жыжаля”, як назвалі яго ўдзельнікі гэтага года, эксперыментуе, выкарыстоўваючы назапашаны вопыт, прымяняе наватарскія прыёмы пры абпале ў дроўных печках, якія даюць непаўторныя і непрадказальныя эфекты, разам з моладдзю расчароўваецца або радуецца — у залежнасці ад дасягнутых вынікаў.

На працу ў Бабруйску адводзіцца не менш за тры тыдні — дастатковы тэрмін (у параўнанні з іншымі аналагічнага кірунку пленэрамі), каб выпрабаваць цікавыя тэхналогіі абпалаў. “Гэты пленэр здзівіў печамі і агнём! — падзялілася новыя ўдзельнікі. — Першыя паўтара тыдні на “Арт-Жыжалі” мы “мацалі” печы, многае атрымлівалася экспромтам. І прывезеныя глазуры ў розных печках выяўляліся па-рознаму: у адной набывалі колер чырвонай охры, у другой — смарагдавы. Як такое магло атрымацца? Цуд — гэта, калі чакаеш аднаго выніку, але атрымліваецца трэці, нават не другі...”

Сталыя ўдзельнікі імкнуцца ляпіць як найбольш работ у розных варыяцыях: колькасць эксперыментаў і імправізацый, такім чынам, павялічваецца. У гэтым і заключаецца размах і прафесійны падыход арганізатараў, якія прадастаўляюць магчымасць працаваць, нібы ў творчай лабараторыі, ставячы над керамікай неаднаразовыя доследы, прыдумляючы нетрывіяльныя і дасціпныя рашэнні. Адпрацоўваюцца традыцыйныя тэхналогіі абвару і дымлення, вядзецца актыўная праца з аксідамі, солямі, глазурамі, эксперыментуецца з ангобамі, з’яўляюцца новыя крэатыўныя тэхналогіі: тэрасігілата, некет-раку, піт-фаер, выкарыстанне арганікі...

Надзвычай здзівіла кераміка мінскай мастачкі, выкладчыка кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ганны Мядзведзевай, якая ўпершыню на пленэры выкарыстала капсульны абпал. Ён даў надзвычай прыгожыя эфекты на паверхні чарапка ў кампазіцыі “Мімікрыя”. Студэнтка Акадэміі мастацтваў Кацярына Міхнюк для стварэння твора “Эвалюцыя” выкарыстала аксідны аловак, каляровыя масы, дэколы, ужывала піт-фаерынг... У выніку “Эвалюцыя” спалучыла ў сабе больш за дзесяць тэхнік і матэрыялаў.

Член Славацкага аб’яднання выяўленчых мастацтваў Міліца Падстралянцова на “Арт-Жыжалі” абнавіла ранейшыя веды і вопыт, але таксама эксперыментавала з абпалам. “На пленэры, — распавядала мастачка, — я выкарыстала для дэкору медны дрот, мяркуючы, што ён афарбуе чарапок, але пры абпале на нізкай тэмпературы дрот не растаў на паверхні шамота, што для мяне сталася неспадзяванкай, але даў найцікавы мастацкі эфект. Пры дравяным абпале па-іншаму паводзяць сябе аксіды і глазуры. Тут я магу паспрабаваць тое, з чым не мела магчымасці працаваць у Славакіі, дзе прызвычаілася да электрычных печаў”.

На пленэры стала традыцыяй ладзіць вячэрнія святы нацыянальных культур і відэа-прэзентацыі ўдзельнікаў. Таксама ў рамках “АРТ-Жыжаляў” становяцца традыцыйнымі заключныя начныя абпалы “вогненнай скульптуры”. У 2016 годзе ёй стаў “Аква-глюк”, увасобіўшы вобраз рыбы, якая жыве ў рацэ сярод “культурнага слоя”, пакінутага людзьмі.

У кожнага пленэра свае мэты і задачы, якія мастакі, згодна з палажэннем, павінны выканаць. Але гэтыя патрабаванні не абмяжоўваюць іх творчую свабоду. Так, ХIV Міжнародны пленэр па кераміцы прысвечаны Году культуры, таму яго тэма “Мастацтва як асяроддзе пражывання” скіравала энергію ды фантазію мастакоў на рэалізацыю шматгранных вобразаў мастацтва і творчасці ў камернай пластыцы малых формаў.

Міжнародны вопыт, перапляценне культур і школ, бесперапынны інтэлектуальны і эмацыйны кантакт удзельнікаў, удасканаленне тэхналагічных прыёмаў, няспынныя вучоба (арганізатары з года ў год падбіраюць моцную і прафесійную каманду) і эксперыменты, памылкі і паразы, зноў эксперыменты і вучоба, а на выхадзе — эксклюзіўная, непаўторная мастацкая кераміка. Вось у чым асаблівасць беларускіх пленэраў “АРТ-Жыжаль”, чыя папулярнасць склікае мастакоў не толькі з Беларусі, але і з краін СНД, Еўропы, Азіі, Паўднёвай Амерыкі... “Цягне сюды кожны год, таму што падабаецца прафесійна займацца мастацтвам керамікі, — прызнаўся малады магілёўскі мастак Антон Ціханавец. — Тут створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі творчых ідэй. Штодзённая напружаная праца нон-стоп не замінае душэўнаму адпачынку і псіхалагічнай разрадцы, якой мы чакаем цягам года”.

Традыцыйна пленэр завяршаецца вялікай выніковай выставай у Бабруйскім мастацкім музеі. Перанесеная з прыроднага асяроддзя кераміка пакідае ўжо іншае ўражанне: перад гледачом паўстаюць завершаныя і ўнікальныя творы мастацтва ў сучаснай экспазіцыйнай прасторы, дзе, дарэчы, сфармавана вялікая калекцыя па гэтым кірунку мастацтва, якая налічвае больш за семсот адзінак. Яна паўнавартасна адлюстроўвае тэндэнцыю развіцця пленэрнага руху ў Беларусі.

Экспазіцыя выніковай выставы “Кераміка ночы” — яшчэ адзін віток у гісторыі пленэра, вынік калектыўнай і індывідуальнай працы. Паўстала ў новых ракурсах творчасць Яўгена Адзіночанкі і Алега Ткачова. Сярод экспанатаў вылучаюцца строгія па скульптурнай пластыцы працы Максіма Калтыгіна і Паўла Рабава (Брэст), поўныя эксперыментаў і навацый працы Ганны Мядзведзевай, выразныя і арыгінальныя працы Таццяны Паламарчук (Кішынёў, Малдова) і Каспарса Геідукса (Рыга, Латвія), камерная кераміка Дзмітрыя Калеснікава (Нарва, Эстонія), эксперыментальныя кампазіцыі ў стылі сцімпанк Уладзіміра Валаскова (Брэст) могуць стаць добрай платформай для яго прафесійнага росту.

Міжнародныя пленэры па кераміцы “АРТ-Жыжаль” сталі выключнай і непаўторнай у сваім кшталце культурнай з’явай на Бабруйшчыне. Для таго, каб яны функцыянавалі, працуе вялікая група людзей, зацікаўленых у высокім арганізацыйным узроўні падрыхтоўкі і правядзення пленэраў, развіцця культуры рэгіёна. Заслужанае прызнанне “АРТ-Жыжаль” атрымаў дзякуючы актыўнай рабоце галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама і ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама, Бабруйскага мастацкага музея, Адкрытага акцыянернага таварыства “Фандок” і ўсіх тых, хто забяспечваў штодзённую стабільнасць пленэра.

Такім чынам, падзея завяршылася. Пройдзе невялікі прамежак часу, і мы пачнем падрыхтоўку чарговага — пятнаццатага па ліку, каб парадавацца творчасці сталых удзельнікаў і адкрыць новыя імёны ў мастацтве керамікі, якія зноў змогуць здабыць чараўніцтва зносін з жывым агнём.

Ала МАЛЬЦАВА, навуковы супрацоўнік Бабруйскага мастацкага музея

Фота Святланы ПРЫВАЛАВАЙ, Аляксандра ЧУГУЕВА