“…Плёсы” дзеляцца патаемным

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

Гарачымі дзянькамі адзначыўся ўлетку ХІІ Міжнародны пленэр “Рагачоўскія плёсы”, які ў чарговы раз сабраў мастакоў з Беларусі, Расіі, Германіі. Падзея даўно стала прыгожай традыцыяй.

Усе, хто бываў у Рагачове ў 1970 — 1980-х, з вялікай цеплынёй прыгадваюць пра яго, але за апошнія гады горад наогул вельмі змяніўся. Асабліва шмат у гэтых прыемных воку навацыях звязана з падрыхтоўкай горада да Дня беларускага пісьменства. Як па чараўніцтве з’явілася чатырохпалосная шаша праз цэнтр Рагачова з пасляваеннай забудовай. Прайшліся бульдозеры і па гарадскім парку, пакінуўшы адзнаёмага краявіду, лічы, толькі танк Т-34. Балазе не кожны горад можа пахваліцца і такой раскошай, як пленэр. За яго падтрымку і захаванне варта адзначыць добрым словам людзей, якія маюць дачыненне да падтрымкі культуры Рагачова сёння. Гаворка, у прыватнасці, пра начальніка аддзела ідэалагічнай работы культуры і па справах моладзі Міхаіла Зайцава і дырэктара Рагачоўскай дзіцячай школы мастацтваў Алега Чаплыгіна. Нястомныя ўвесь гэты час, немалы па сучасных мерках, ідэйны натхняльнік пленэраў выкладчык ДШМ Ніна Якуніна з камандай сваіх калег Андрэем і Кацярынай Ляўковымі, Аляксандрай Захаравай. Менавіта ад іх залежыць зладжаная і прадуманая праца па арганізацыі ды правядзенні мерапрыемства.

/i/content/pi/cult/602/13384/8-1.jpg

Сёлета, вядома, рагачоўскі пленэр быў прысвечаны Дню беларускага пісьменства. “Чортаў тузін”, трынаццаць удзельнікаў са згаданых раней краін, узяліся “раскрыжоўваць” палотны, ватман і нават наждачную паперу! У ход пайшлі пастэль, акрыл, алей, каляровыя алоўкі. Нягледзячы на пражыванне ў лесе пад Кісцянямі, не надта багатыя зяленівам пейзажы, у большасці выпадкаў весела пазіралі з палотнаў нацюрморты з палявымі кветкамі.

Вельмі захапіў мініяцюрны эцюд з дымком ад мангалу ў духу Клода Манэ, захаваны мастаком Аляксандрам Буйкевічам з Навагрудка. Як высветлілася пазней, фармат “з кулачок” пераважае ў творчасці Аляксандра. Дзве немкі — абодвум па 75 гадоў! — без стомы ганялі мастыхінам па ватманах алейную фарбу проста з туб, дамагаючыся мастацкай перадачы то драўлянага мура, то шаўкавістай махровасці раслін. І дамагаліся ж! У гэтай незвычайнай тэхніцы могуць працаваць, відаць, пакуль толькі немцы, гадамі практыкуючыся ў сваіх “маленцыркулях”.

Узняўшы вочы да неба, блукала па наваколлях гамяльчанка Лена Калугіна. Чым адказаць на заклік пленэра? Нарэшце прачнуўся ў ёй нейкім чынам графік, і пайшлі рыпаць алоўкі ў альбоме. Далей — больш. Нават нацюрморты ў яе атрымаліся графічнымі. Затое акварэліст з Гомеля Надзея Рэпіна фантануе пяшчотнымі спалучэннямі фарбаў і колькасцю “запісаных”аркушаў. Паслухмяна клалася пастэль на наждачную паперу, падпарадкоўваючыся ўпэўненым рухам мастачкі з Полацка Кацярыны Мясніковай. Пасля ўсе каўталі сліну, любуючыся чырвонымі ягадамі на срэбным посудзе. Два сябры — Антон Макараў з Санкт-Пецярбурга і Аляксей Волкаў з Чабаксараў, — прадстаўнікі мастацкіх акадэмій, імкнуліся весці рэй пленэру, ствараючы па два нацюрморты ў дзень. Але на тое ён і пленэр, каб кожны мог заставацца сабой, працаваць так, як ён можа. Падчас пленэра можна сутыкацца лбамі, можна па-сяброўску пазычаць веды альбо дзяліцца патаемным. Не апісаць, наколькі дабратворна ўплывае знаходжанне ў канцэнтраваным мастацкім асяроддзі. Па прызнаннях ўсіх удзельнікаў цяперашняга пленэра, гэты час стаў неабходна-карысным, шчаслівым, незабыўным... Кульмінацыяй праекта стала выстава пленэрных работ на гарадскім свяце.

Старонка рагачоўскага пленэра-2016 перагорнута. Данесці да жыхароў і гасцей горада падчас Дня беларускага пісьменства макулінкі прыгажосці як вынік працы мастакоў на пленэры трэба будзе ўсё той жа камандзе ДШМ — Ляўковы, Якуніна, Захарава. І вось яшчэ што, у тэму. Думка, якая нарадзілася падчас пленэра пры праглядзе аднаго з нацюрмортаў: кошык — гэта кошык, кветкі — гэта кветкі, бульба — гэта бульба, а кніга — гэта сябра!

Алена КАЛУГІНА, малодшы навуковы супрацоўнік музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля