Як выбіраюць вокладкі?

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

Чаму брунетка ў кедах, калі бландзінка — на абцасах?
Я ўпэўнена, што і з вамі было такое: у кнізе, напрыклад, ідзе гаворка пра бландзінку, якая заўжды ходзіць на абцасах, а на пераплёце бачым брунетку ў кедах ці наогул штосьці, не звязанае з адпаведнай гісторыяй. Мы спадзяемся, што вокладка трошкі прыадкрые нам таямніцу сюжэта, але часцяком усё адбываецца наадварот. Каб зразумець, у чым тут справа, звярнуліся ў выдавецтва “Мастацкая літаратура” да загадчыка мастацкай рэдакцыі Надзеі БАРАЙ і мастацкага рэдактара Міхаіла ДАЙЛІДАВА.

Дык хто і па якім прынцыпе выбірае карціну на вокладку? Напрыклад, чаму да кнігі Віктара Казько “Бунт незапатрабаванага праху” абралі карціну Івана Крамскога “Хрыстос у пустыні”? Надзея Васільеўна адказала, што да серыі “Беларуская проза ХХІ стагоддзя”, у якой выйшаў і названы раман, аўтары выбіраюць карціну на свой густ. Але звычайна тое, як будзе выглядаць вокладка, вырашае толькі мастацкі рэдактар. Суразмоўца растлумачыла: “Ён можа зрабіць і некалькі дзясяткаў варыянтаў афармлення перад тым, як выбраць канчатковы. Бывае, што вобраз вокладкі ўзнікае адразу, а раз-пораз макет доўга нараджаецца, складаецца з розных частак. Апошняе слова застаецца за галоўным рэдактарам выдавецтва. Калі выпадак складаны і наконт афармлення ўзнікае шмат пытанняў, лёс вокладкі вырашае савет з некалькіх чалавек: гэта рэдактары, мастакі і пісьменнікі, якія не абавязкова маюць наўпростае дачыненне да выдавецтва і стварэння кнігі”. Яе калега прыгадаў сітуацыі, калі ў такіх цяжкіх выпадках пажаданні аўтара не ўлічваліся. Па словах Міхаіла Дайлідава, частка такіх “праблемных” кніг адкладзена на нявызначаны час, бо савет не змог дамовіцца, напрыклад, пра колер ці памер шрыфту.

Бывае, што і сам аўтар не згаджаецца з выбарам ілюстрацыі, уносіць свае карэктывы, ці, наогул, прапануе іншы варыянт. Некаторыя нават прыносяць гатовыя эскізы для вокладкі. У астатніх выпадках выдавецтва шукае мастакоў для супрацоўніцтва, але ахвотных не так шмат. “Раней з “Мастацкай літаратурай” супрацоўнічалі сур’ёзныя творцы, — дадае Міхаіл. — Вокладкі расквечвалі шэдэўры Георгія Паплаўскага, Мікалая Селяшчука, Уладзіміра Савіча. А зараз з-за нізкіх ганарараў цяжка знайсці тых, хто згадзіўся б узяцца за гэтую справу. Справа складаная, патрабуе пэўных намаганняў і часцяком не акупляецца. Мастак атрымлівае грошы ў тым выпадку, калі разыдзецца 80 % тыражу, што бывае не вельмі часта. Выдавецтва спрабуе прыцягнуць да працы пачаткоўцаў у прафесіі, чаго раней не было. Але і маладыя людзі не вельмі ахвотна ідуць на гэта, таму што чакаць ганарару прыходзіцца доўга, а выкарыстоўваць ілюстрацыі ў іншых працах пасля іх набыцця выдаўцом, згодна з законам аб аўтарскім праве, ужо нельга”. (Пра ўсе названыя аспекты вялася гаворка за “круглым сталом” на старонках “К” у № 51 за 2015 год).

Дарэчы, пра аўтарскае права. Я заўважыла, што “Мастацкая літаратура” часцей за ўсё выкарыстоўвае карціны, якія ўжо перайшлі ў грамадскую маёмасць. Міхаіл падмацоўвае мае назіранні: “Мы ў большай ступені карыстаемся менавіта такімі творамі. Але таксама запрашаем сучасных мастакоў і купляем іх працы. Ці, калі робім альбомы, напрыклад, пра мастацтва, набываем аўтарскае права на карціны на тры гады, падчас якіх можам тыражыраваць іх. Праблем з аўтарскім правам у нас ніколі не было”.

Некаторыя выдавецтвы, каб пазбегнуць складанасцяў у адносінах з мастакамі, абіраюць больш просты шлях: друкуюць “калажныя” вокладкі, на якіх шмат розных прадметаў і людзей накладзены адзін на аднаго. У гэтым выпадку не паўстае пытанняў з выкарыстаннем інтэлектуальнай маёмасці, а таксама не будзе спрэчак наконт аўтарскага бачання. Мэтавую аўдыторыю такія вокладкі, можа, і зацікавяць, вось толькі з пункту гледжання эстэтыкі калажы пакідаюць шмат пытанняў…

Нямала сустракаецца вокладак, на якіх адлюстравана штосьці абстрактнае, умоўнае, недасягальнае. “Што ж хацеў сказаць аўтар?” — такія разважанні апанавалі мяне, калі я ўбачыла вокладку да кнігі апавяданняў Міхася Стральцова “Сена на асфальце”. На жаль, імя мастака і назва карціны ў кнізе не былі пазначаны, і гэта выклікала новае пытанне: чаму некаторыя карціны пазначаюць, а іншыя — не?

— Гэта тэхнічны момант: хтосьці, магчыма, забыў пазначыць назву, - тлумачыць Надзея Васілеўна. — Бываюць і такія выпадкі, калі мастацкі рэдактар знайшоў карціну, зыходзячы са свайго адчування кнігі, але яе назву і аўтара вызначыць не можа. Тады мы друкуем так, як ёсць. Што тычыцца ўжывання абстракцыі… Не абавязкова ж літаральна маляваць сена. Вокладка тым і адрозніваецца ад ілюстрацыі, што ахоплівае твор шырэй.

І ўсё ж у мяне склалася адчуванне, што ў пэўных выпадках лепш было ўвогуле абысціся без малюнкаў. Каб не атрымалася чагосьці накшталт згаданай мной бландзінкі/брунеткі на абцасах/кедах. На думку Міхаіла, такое адбываецца таму, што мастакі далёка не заўжды чытаюць кнігі, якія ім даводзіцца ілюстраваць. Асобныя з іх лічаць, быццам дастаткова невялічкай анатацыі ці выпадкова абраных з рамана сказаў, каб распачаць працу. Таму на вокладцы часта можна ўбачыць тое, што не мае ніякага дачынення да сюжэта.

Асаблівасці шрыфту і пераплёту, якасць паперы і друку, цікава ілюстраваная вокладка могуць уразіць і стварыць атмасферу, але не заўсёды калі няма рыб, то добры і грыб. Кніга здольная скарыць чытача і без ілюстрацый. А калі няма таленавітага мастака, ці трэба настойваць на малюнках дзеля малюнкаў?

Віталіна БАНДАРОВІЧ

студэнтка Інстытута журналістыкі