Гадзіннік спыніўся на… кнізе

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

Як Дзень беларускага пісьменства паўплывае на формы бібліятэчнай работы?
Як выглядае сталіца Дня беларускага пісьменства наконадні свята, думаецца, тлумачыць не трэба: суцэльны будаўнічы гармідар! Погляд ледзь паспявае выхопліваць асобныя дэталі гэтай вялізнай шматфігурнай карціны. Вось рабочыя, бы канструктар, збіраюць галоўную сцэну на цэнтральнай плошчы Рагачова, вось на тваіх вачах ствараюцца клумбы ў форме кнігі, а вось бронзавы барані рог рыхтуецца стаць часткай абноўленага і вернутага да жыцця фантана… Безумоўна, Дзень пісьменства — гэта таксама і замена труб водазабеспячэння альбо асфальту. Аднак куды важнейшае тое, што маштабнае свята становіцца для яго штогод іншай сталіцы не проста штуршком у развіцці сацыяльнай інфраструктуры і магчымасцю “навесці марафет”, але яшчэ і аказіяй задумацца пра свой імідж.

Пагатоў, як і амаль ва ўсіх райцэнтрах усходу Беларусі, у Рагачове подых гісторыі проста на вуліцы не адчуеш — прынамсі, у цэнтры. Пара-тройка ацалелых стогадовых камяніцаў наўрад ці цягнуць на вялікія адметнасці, а належным узроўнем добраўпарадкавання ў нас ужо нікога не здзівіць.

Тым не менш, горад усё больш актыўна імкнецца адрознівацца ад “сабе падобных” — скажам, ад свайго маладзейшага, але больш заможнага суседа Жлобіна. Вядома, гэтыя “знакі адрознення” застануцца і па сканчэнні свята. Сярод іх — як малыя архітэктурныя формы ды графіці на гістарычную тэму, так і новыя формы культурнай работы. А найперш — тыя славутыя імёны, што звязаны з гэтай зямлёй.

/i/content/pi/cult/602/13379/4-1.jpg

Без аўралаў

Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Міхаіла Зайцава, на падрыхтоўку яго “епархіі” да свята спатрэбілася даволі сціплая сума ў маштабах рэспублікі — каля трох мільярдаў рублёў. Але сакрэт эканоміі вельмі просты: для таго, каб прывесці немалыя паводле памеру культурныя аб’екты ў прэзентабельны выгляд, шмат ужо было зроблена раней, дзякуючы будзённай і пастаяннай рабоце. Таму перадсвяточным клопатам не былі ўласцівы нездаровы характар аўральнасці ды памкненне як найхутчэй асвоіць выдаткаваныя сродкі.

Рагачоўскі дом культуры цешыць вока свежай тынкоўкай, хаця яму відавочна стукнула, прынамсі, гадоў пяцьдзясят. Неўзабаве ён ці не ўпершыню за свой немалы век прыме вялікі спектакль. Адной з імпрэзаў у рамках святочнай праграмы стане чарговы выяздны паказ “Пясняра” сталічнага Тэатра імя Максіма Горкага. Раней пастаноўцы даводзілася гастраляваць толькі па вялікіх гарадах. На жаль, для жыхароў райцэнтраў магчымасць паўнавартаснага далучэння да прафесійнага тэатральнага мастацтва надараецца гады ў рады. Адна з прычын — брак выключна тэхнічных умоваў — Рагачова ўжо не тычыцца.

— Пастановачная група тэатра нашымі ўмовамі была цалкам задаволена, — апавядае Міхаіл Зайцаў. — Зрэшты, і эстрадныя зоркі, якія тут выступаюць, таксама ацэньваюць абсталяванне ДК на выдатна. Ды і рамонт унутры мы нядрэнны зрабілі, прычым сваімі сіламі: гаспадарчым спосабам.

Дабудаваная ў нядаўнім 2011 годзе школа мастацтваў таксама ўкамплектавана ўсім, што ёй патрэбна, — не так даўно вось добрыя інструменты купілі ажно на паўмільярды рублёў. А перад святам засталося хіба што ўсталяваць заключную “вішаньку на торт”: падфарбаваць фасады і змяніць назву. Тое самае тычыцца і ці не самага прыгожага ў горадзе будынка — земскай управы, які паступова, але няўхільна рамантаваўся не адзін год.

Кніга кнізе не канкурэнт

Страціўшы сваю функцыю адміністратыўнага цэнтра, ён на доўгі час пераўтварыўся ў “камунальную кватэру” для самых розных арганізацый. Цяпер гаспадар у камяніцы зноў адзін, а на яе фасадзе красуе новая шыльда “Дом кнігі”.

— На Беларусі наша ўстанова аналагаў не мае, — з гонарам удакладняе яе дырэктар Таццяна Голубева. — І названа яна, дарэчы, у гонар Караткевіча.

Толькі адчыніўшы ўваходныя дзверы, наведвальнік трапляе ў сапраўднае кніжнае валадарства. На лесвіцы — павялічаныя копіі карэньчыкаў значных для беларускай культуры выданняў, у калідоры — літаратурная алея, дзе на дрэвах размешчаны “плады” ў выглядзе выяў знакамітых творцаў Рагачоўшчыны (прычым для тых, каму яшчэ толькі наканавана займець статус класіка, абачліва пакінулі вольнае месца), а ў чытальні — своеасаблівы гадзіннік з кніг, у назвах якіх ёсць адпаведныя лічбы. Прычым паўметровыя стрэлкі будуць сапраўды адмерваць час.

Відаць па ўсім, крэатыўнага патэнцыялу рагачоўскім бібліятэкарам не бракуе. То яны выстаўляюць у вокны калонкі, з якіх гучаць беларускія вершы, то раздаюць паэтычныя радкі, надрукаваныя на флаерах… Нават падчас паўсюдных будаўнічых работ рупліўцы выпраўляліся ў парк, каб зладзіць там выязную касцюмаваную чытальную залу для дзетак. А ў дадатак…

— Неўзабаве ў Доме кнігі маюць з’явяцца такія формы работы, якія будуць прынцыпова новымі для бібліятэчнай справы, — інтрыгуе Міхаіл Зайцаў.

Апрача ўтульных чытальняў, у будынку знайшлося месца і для рэспектабельнай канферэнц-залы. Там плануецца ладзіць не толькі бібліятэчныя ды музейныя імпрэзы, але і ўвогуле важныя для раёна мерапрыемствы — па ўзоры Нацыянальнай бібліятэкі, якая з’яўляецца цэнтрам не толькі культурнага, але і грамадска-палітычнага жыцця. Безумоўна, такі выбар месца сам сабой будзе спрыяць стварэнню станоўчага іміджу Рагачоўшчыны.

Але бадай самай цікавай навацыяй стала размешчаная ў тым самым будынку кнігарня “Першацвет”. Справа ў тым, што кніжны гандаль у невялічкіх гарадах — гэта даўняя і вядомая праблема. Мінулі ўжо тыя часы, калі бібліяфілы выпраўляліся ў туры па перыферыі, каб вывудзіць з местачковых і вясковых кнігарняў тыя дэфіцытныя выданні, якія ў сталіцы даўно ўжо размялі з паліц. Цяпер усё зусім іначай: кнігарняў проста не засталося.

— У нас кнігагандаль дасюль быў аддадзены на водкуп дробных прыватнікаў, — апавядае Міхаіл Зайцаў. — Зразумела ж, асартымент у іх — выключна камерцыйны. Таму калі наша кнігарня запрацавала ў тэставым рэжыме, туды адразу павалілі пакупнікі.

У апошнім я з радасцю ўпэўніўся на ўласныя вочы: нягледзячы на будні дзень, народу ў “Першацвеце” было нямала. Ветлыя прадаўцы дапамагалі пакупнікам разбірацца ў асартыменце. А ён радуе: тут і беларуская класіка, і прыгожыя альбомы, і шмат дзіцячай літаратуры… Адпаведна, меркаванне пра нерэнтабельнасць гандлю такой прадукцыяй, якое і стала прычынай закрыцця кнігарняў, усё ж, можна назваць не зусім адпаведным рэчаіснасці.

— Як мы пастаянна назіраем, людзі прыходзяць у кнігарню, а потым завітваюць і ў суседнія, бібліятэчныя дзверы: маўляў, цікава, а тут што? — апавядае Таццяна Голубева. — Бывае і наадварот: спярша заходзяць у бібліятэку. Адпаведна, ніякай канкурэнцыі тут няма.

Не чакаючы хвалі

Заслужана ці не, але выбітны мастак Анатоль Каплан сёння вядомы куды менш за свайго “старэйшага брата” Шагала. Без сумневу, гэта тое імя, якое яшчэ належыць “адкрываць”. І вельмі важна, што насуперак усім стэрэатыпам рух па яго папулярызацыі мае свой эпіцэнтр менавіта на малой радзіме творцы — у Рагачове. Тут не чакаюць, пакуль адпаведная хваля ўздымецца, скажам, у Санкт-Пецярбургу, дзе мастак пражыў большую частку жыцця, але імкнуцца спарадзіць яе самі.

Чарговае таму сведчанне  — наданне імя Каплана мастацкай школе, якое ўрачыста адбудзецца акурат на свята пісьменства. Дасюль былі навуковыя чытанні, выстава, пленэры з удзелам вучняў той самай школы…

— Раней мы нават і не чулі пра гэтага нашага выдатнага земляка, — прызнаецца яе дырэктар Алег Чаплыгін. - А сёння пра яго ведаюць не раўнуючы ўсе! Больш за тое, нашы дзеці засвойваюць ягоную творчую манеру, адлюстроўваючы той свет, які характэрны для твораў Каплана. Дарэчы, галоўнага іх калекцыянера Ісака Кушніра гэта так уразіла, што ён за свой кошт запрасіў нашых вучняў у Санкт-Пецярбург.

Ісак Кушнір — гэта вядомы даследчык, збіральнік і папулярызатар ленінградскага неафіцыйнага мастацтва. Сяброўства з Рагачовым у яго наладжана ўжо трывалае. Вось і на свята пісьменства ён ізноў туды завітае разам з мастацтвазнаўцамі вядучых расійскіх музеяў. Прычым прыедзе не з пустымі рукамі: мецэнат абяцае падарыць гораду яшчэ дзесяць літаграфій Каплана — у дадатак да тых 45, якія ўжо прапісаліся ў Рагачоўскім музеі.

Адна з яго залаў на маіх вачах рыхтавалася да новай выставы мастака. Установа, размешчаная ў пяцідзесяцігадовай даўніны будыначку, да свята ладна абнавілася — як вонкава, гэтак і ўнутры. Тут цяпер новы дах, свежаатынкаваны фасад, сучасныя стэлажы… Параўнальна з тым, што мне давялося ўбачыць гадоў пяць таму — зусім іншыя ўражанні.

Гэта выстава Каплана будзе часовай. Але па яе завяршэнні творы не адразу вернуцца ў фондасховішчы. Дырэктар музея Алег Варановіч падзяліўся добрай задумай: зладзіць для гэтага праекта своеасаблівае турнэ па іншых музеях Беларусі. Без сумневу, гэта адзін з лепшых спосабаў ненавязліва “нагадаць” пра свайго земляка.

На літаграфіях мастака — ціхі правінцыйны гарадок, не пазбаўлены сваёй чароўнасці. І такі Рагачоў, на шчасце, яшчэ захаваўся. Адышоўшыся на пару соцень метраў ад цэнтральных вуліц, трапляеш у іншы свет: драўляныя дамкі з разнымі ліштвамі, пахіленыя мацэвы на старых яўрэйскіх могілках, мажныя дубы, чые галіны ўглядаюцца ў воды Дняпра…

— Тут ты вельмі своеасабліва адчуваеш час, — кажа выбітная маладая паэтка Наста Кудасава, паказваючы свае ўлюбёныя мясціны роднага горада.

І ў гэты момант разумееш, што літаратура тут будзе жыць і па сканчэнні як заўсёды тлумнага свята. Жыць у цішыні, у сваім звыклым тэмпарытме, нібы плынь той вялікай ракі, якая натхняла і будзе натхняць тых, хто піша, малюе альбо проста жыве.

Мінск — Рагачоў — Мінск / Фота аўтара