Ці толькі пагоня за “валам”?

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

Прымаўка пра “капейку, якая беражэ рубель” робіцца ўсё больш актуальнай. Але і ў такіх умовах некаторыя ўстановы сферы культуры краіны змаглі павялічыць свае пазабюджэтныя даходы і выйсці ў значны “плюс”.

Так, на калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, пра якую “К” пісала ў мінулым нумары, агучваліся наступныя лічбы: значны прырост даходаў за першае паўгоддзе быў адзначаны ў Літаратурным музеі Янкі Купалы (на 194%), у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (на 173%), у Музеі “Замкавы комплекс “Мір” (147%), у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” (141%).

Натуральна, павялічыўся і працэнт пазабюджэтных сродкаў у агульнай суме фінансавання названых арганізацый: у Нацыянальным мастацкім музеі з 13 да 19 працэнтаў, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы з 7 да 13 працэнтаў, у Музеі “Замкавы комплекс “Мір” з 70 да 76 працэнтаў, у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” з 65 да 71 працэнта. Якім жа чынам удалося так значна павялічыць даходы названых устаноў?

Напрыклад, па словах дырэктара Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алены Ляшковіч, план змаглі выканаць і перавыканаць дзякуючы таму, што сёлета з дапамогай актыўнай рэкламы супрацоўнікі ўстановы наладзілі ўзаемадзеянне з турыстычнымі кампаніямі.

— Яны прывозяць нам мэтанакіравана сваіх турыстаў, а мы ладзім тут свае інтэрактыўныя праграмы, скажам, “Гуканне вясны”, — адзначыла суразмоўца. — Натуральна, праводзім і іншыя мерапрыемствы, якія тым або іншым чынам звязаны з жыццём ды творчасцю класіка беларускай літаратуры. Дадам, што кошты на нашы білеты застаюцца нязменнымі з верасня мінулага гада…

У сваю чаргу дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сяргей Клімаў адзначыў “К”, што ў поспеху музея шмат складнікаў:

— Гэта і тое, што Нясвіж сам па сабе з’яўляецца ўнікальным і прыцягальным месцам для турыстаў, і нашы цікавыя экскурсіі, і выставы ды мерапрыемствы, а таксама вельмі добра наладжаны менеджмент ва ўстанове, дзе ёсць і гасцініца, і рэстаран, нядаўна адчынілася дзіцячае кафэ, — кажа Сяргей Клімаў. — Гэта і прызнанне нашай паспяховай працы на міжнародным узроўні: нагадаю, у красавіку мы атрымалі прыз “Еўропа Ностра 2016” ад вядучай еўрапейскай арганізацыі ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны. Гэта, натуральна, і падтрымка ад нашай дзяржавы, тыя фінансы, якія былі ўкладзены ў рэстаўрацыю, у развіццё музея-запаведніка, і якія цяпер, як бачна, пачынаюць прыносіць аддачу.

Значнае павелічэнне даходаў адзначана і ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Як кажа кіраўнік установы Уладзімір Пракапцоў, ягоныя супрацоўнікі здолелі выканаць даведзеныя паказчыкі толькі з дапамогай цікавых і ўнікальных выстаў, што праходзяць у музейных сценах.

— На жаль, да нас не прыязджаюць дзясяткі аўтобусаў з турыстамі, як у Мір ці Нясвіж, але мы, лічу, здолелі зацікавіць сваіх наведвальнікаў адметнымі музейнымі выставамі, якія ладзіліся цягам года, — адзначыў Уладзімір Пракапцоў. — У нашых бліжэйшых планах таксама шмат цікавага: напрыклад, з 11 верасня ў нас пачне працаваць выстава “Абіцель міласэрнасці” з фондаў Дзяржаўнага Эрмітажа, на якой наведвальнікі змогуць убачыць 170 твораў паўночнага будызму, прычым некаторыя з выстаўленых прадметаў датуюцца XII—XIII стагоддзямі. А з 5 кастрычніка ў нашых залах пройдзе выстава твораў са збораў расійскага калекцыянера Аляксандра Валадчынскага. Гэта больш за сто твораў рускага жывапісу XIX і XX стагоддзяў.

Разам з тым, лічыць кіраўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, музейшчыкам не варта ўсімі сіламі гнацца за выкананнем і перавыкананнем фінансавых паказчыкаў:

— Наша фінансавая паспяховасць, канечне, не можа не радаваць, — кажа Уладзімір Пракапцоў. — Але “вал” гнаць, думаю, усё ж не трэба. Іначай мы проста забудземся на асноўную функцыю айчынных музеяў: выхоўваць высокую культуру ў грамадстве, спрыяць развіццю мастацкага густу, заахвочваць да духоўнасці… І асабліва пра тое важна памятаць сёлета, у год, аб’яўлены ў Беларусі Годам культуры…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"