У адным асобніку?

№ 36 (1266) 03.09.2016 - 10.09.2016 г

Два "акадэмічныя" погляды на будучыню кнігі
Змены ў структуры інфармацыйнага рынку, адбіліся на папулярнасці шэрагу прафесій, звязаных са стварэннем кнігі. Дызайн інфармацыйнай сферы сёння больш прывабны для абітурыентаў творчых ВНУ, чым традыцыйная кніжная графіка. Дарэчы, два розных падыходы да стварэння друкаванага выдання дэманструюць у навучальным працэсе кафедра графікі мастацкага факультэту і факультэт дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

У першым выпадку студэнт, зыходзячы з традыцыйнай структуры кнігі, робіць рэч, якая адпачаткова не разлічаная на тыражаванне. Галоўнае, каб ён зразумеў, як выбудоўваецца кніга, і не абмяжоўваў сваю фантазію тэхналагічнымі рамкамі. Выкладчыкі зыходзяць з таго, што падпарадкавацца абставінам дыпламаванага мастака потым прымусіць жыццё, а навучальны працэс будзе больш эфектыўны, калі праз яго раскрываецца творчы патэнцыял вучня, а не толькі набываюцца прафесійныя навыкі. Калі ж такую студэнцкую работу ўсё ж запусціць у вытворчасць, дык ад некаторых эфектных знаходак давядзецца адмовіцца. Бо тэхналагічнасць прадугледжвае ўніфікацыю, а прыстасоўваць вытворчасць да мастацкай ідэі значна цяжэй (і даражэй), чым наадварот.

/i/content/pi/cult/602/13377/3-1.jpg

Абавязковай умовай гэтага курсавога задання з’яўляецца скарыстанне беларускага літаратурнага матэрыялу. І яшчэ: на ўвесь курс даецца адна тэма. Кафедра не цісне на студэнтаў, загадваючы ім працаваць з канкрэтным тэкстам канкрэтнага аўтара. Студэнты самі, дэмакратычным сумоўем, вырашаюць, на адлюстраванні зместу і сутнасці якога твору нацыянальнай літаратуры варта ім засяродзіцца. Вынік працы — розныя вобразныя версіі аднаго твора. Да гонару выхаванцаў акадэміі мушу адзначыць, што яны дэманструюць добры густ і добрае веданне беларускага пісьменства. У розныя гады тэмамі курсавых работ былі “Казкі жыцця” Якуба Коласа, “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Ладдзя Роспачы” Уладзіміра Караткевіча, “Шляхціц Завальня” Яна Баршчэўскага, “Гражына” Адама Міцкевіча, “Знак бяды” Васіля Быкава, “Час чумы” Уладзіміра Арлова. Калі ж студэнты-графікі звярталіся да твора замежнага аўтара, дык гэта быў пераклад на беларускую мову. Такім чынам, усё адно ў аснове творчай распрацоўкі факт беларускай культуры.

Я не вазьмуся ацэньваць мастацкія вартасці згаданых праектаў. Усё ж такі гэта вучэбныя заданні, якія выконваюцца пад кіраўніцтвам выкладчыка, а значыць, цалкам самастойнымі творамі лічыцца не могуць. Праўда, падобна на тое, што студэнтам не надта цікава рабіць ілюстрацыі да тэксту. Інакш кажучы, пераказваць тэкст малюнкамі. Яны імкнуцца ўвасобіць вобразны лад літаратурнага твора, не засяроджваючыся на побытавай ці гістарычнай канкрэтыцы. Па словах кіраўніка кафедры графікі БДАМ Юрыя Хілько, гэтыя курсавыя праекты не перарастаюць потым у дыпломныя работы, але становяцца важнаю вехай у засваенні студэнтамі нацыянальнай спадчыны, назапашванні творчага патэнцыялу і фарміраванні ўласных светапоглядаў.

На маю думку, са згаданых студэнцкіх праектаў можна было б зладзіць шыкоўныя выстаўкі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, у навагрудскім Музеі Адама Міцкевіча, у музеях Максіма Багдановіча ў сталіцы і ў Гродне, у музеі-лецішчы Васіля Быкава, аршанскім Музеі Уладзіміра Караткевіча… Карацей, запусціць турнэ па ўсіх літаратурна-мемарыяльных музеях краіны. Але найперш, выставіць іх варта ў музеях тых літаратараў, да творчасці якіх студэнты-графікі звярталіся.

З дзяцінства памятаю, як цікава мне было разглядаць у Музеі Янкі Купалы ілюстрацыі да твораў Песняра, зробленыя рознымі мастакамі. Я параўноўваў стылістыку розных творцаў, вобразны лад, суадносіў уласнае прачытанне Купалаўскай спадчыны з тым, што паводле Купалы малявалі мастакі. Гіпатэтычныя выставы, пра якія я кажу, маглі б мець поспех, бо яны сведчаць пра неабыякавасць творчай моладзі да маральных каштоўнасцяў папярэдніх пакаленняў. А некаторыя з экспанатаў такіх выстаў маглі трапіць у пастаянныя экспазіцыі літаратурна-мемарыяльных музеяў.

На факультэце дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва курсавыя, а іншым часам і дыпломныя работы па тэме “Кніга” выконваюць паводле іншай методыкі. Тут перш чым кнігу аздобіць, студэнт у шэрагу выпадкаў мусіць яе… прыдумаць. Зрэшты, ён, калі хоча, можа браць на візуальную распрацоўку ўжо існы тэкставы матэрыял. А можа, і гэта вітаецца, сам прыдумаць назву ды распрацаваць змест. Выкладчык Уладзімір Лукашык, даючы заданні сваім студэнтам, зыходзіць з таго, што кніга — гэта не тэкст, аздоблены малюнкамі, і не малюнкі з тлумачальным тэкстам, а суцэльная інфармацыйна-вобразная структура. А ўжо з чаго тая сістэма складаецца, вызначаецца мэтай, дзеля якой кніга робіцца. У залежнасці ад сітуацыі яна можа быць тэкставай і зусім не мець тэксту, можа складацца з візуальных вобразаў і абыходзіцца без іх. Не звязаны загадзя абумоўленай формай, студэнт-дызайнер сам выбірае шлях, які найбольш адпавядае ягонай мэце. Такі досвед можа узбагаціць традыцыйную кнігатворчасць, надаць ёй натхняльны імпульс, дапамагчы пашырыць кола чытачоў.

Магчыма, такога роду эксперыменты са структурай і зместам кнігі — крок да новай інфармацыйнай рэчаіснаснасці, рысы якой пакуль што прачытваюцца пункцірна.

...Цікавасць да кнігі сёння можна параўнаць з прыхільнасцю да ветразя ў час атамаходаў. Зразумела, па сённяшнім часе каравэла на марскім даляглядзе ўспрымаецца рамантычнай архаікай. Але ідэю ветразя лічаць за перспектыўную… канструктары касмічных караблёў. Можна стварыць рухавік, які будзе працаваць у касмасе на энергіі так званага “сонечнага ветра” так жа эфектыўна, як карабельны ветразь ад ветру атмасфернага.

Па аналогіі: я не ведаю, якой стане кніга, але кніга будзе заўжды. Як ветразь. Гэта думка не рамантыка, а прагматыка. Саступіўшы пэўныя пазіцыі лічбавым носьбітам, кніга, аднак, па-ранейшаму засталася важным чыннікам інфармацыйнай прасторы. Кніжныя кірмашы збіраюць аншлагі — што ў сталіцах, што ў правінцыі. У асяродку бібліяфілаў існуе сталы попыт на выдадзеную за савецкім часам, праілюстраваную выдатнымі мастакамі (такімі як Дзяменцій Шмарынаў, Мікалай Кузьмін, Дзмітрый Бісці, Мікалай Качэргін, Сава Бродскі…) класіку. Папулярнасць маюць і сучасныя рэпрынты тых легендарных кніг. Тое ж тычыцца і беларускіх кніг, калісьці аздобленых Барысам Заборавым, Арленам Кашкурэвічам, Георгіем Паплаўскім, Васілём Шаранговічам, Уладзімірам Савічам. Не залежваюцца на паліцах і выдавецкія брэнды суверэннай Беларусі, такія як “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча з ілюстрацыямі Юрыя Якавенкі і, бадай, усё, што ілюструе Павел Татарнікаў — “Сем цудаў Беларусі”, “Рыцары і дойліды Гародні”, “Слова аб палку Ігаравым”, казкі, легенды.

Вось таму і мяркую, што сёння найперш запатрабаваная не камунікацыйна-інфармацыйная функцыя кнігі, а эстэтычна-прэзентацыйная. Кніга на паліцы ў бібліяфіла, што карціна на сцяне ў калекцыянера жывапісу. Дарагое ці адносна таннае, але абавязкова эстэтычна выразнае выданне ўспрымаецца найперш як каштоўная рэч, а ўжо потым як інфармацыйны носьбіт. Па маіх назіраннях, вызначальная рыса паспяховых выдавецкіх праектаў — эстэтычная прывабнасць, мастацкая каштоўнасць. Я не засяроджваю ўвагі на “дэмакратычным” сегменце кніжнага рынку. Яго складаюць выданні ў аскетычным паліграфічным выкананні, з мінімальнай мастацкай аздобай альбо ўвогуле без яе. Іх кошт можа вагацца ад даволі высокага, калі аўтар папулярны і тэма гарачая, да, як говораць, бросавай, калі пік папулярнасці аўтара і цікавасці да тэмы пройдзеныя. Такія кнігі жывуць не нашмат даўжэй за газету.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"