Ровар
Каб Андрэй Радзівонаў жыў у часы Сярэднявечча, дык быў бы рыцарам, надзяваў бы жалезныя латы і ездзіў бы на белым кані. У нашым часе жалезныя латы носяць толькі блазны, на конях скачуць спартоўцы, а праўдзівыя рыцары ездзяць на роварах. Радзівонаў лётае па Мінску на чорным ровары. Калі ён падлятае да мяне, я выстаўляю яму насустрач левую далонь. Ён гучна пляскае сваёй правай даланёю па маёй левай і ляціць далей. Ён ляціць на змаганне з волатамі цемры, ляціць на бой з асілкамі невылечных хвароб, ляціць на дапамогу дзецям. Калі Андрэй Радзівонаў сядае на ровар, ён робіцца падобным да Дон Кіхота. Праўда, для паўнаты вобраза высокаму і худому Радзівонаву ўсё ж не хапае паўнацелага і каратканогага Санча Панса на самакаце.
Дзялендзік
Каб не малюнкі Радзівонава, я не заўважыў бы, што галава ў Пабла Пікаса падобная да галавы чарапахі. Адзін мастак дапамагае другому мастаку ўбачыць трэцяга мастака. Здаецца і глядзіш, падаецца і бачыш, але чарапашую галаву ў Пікаса я змог убачыць толькі дзякуючы Радзівонаву. Самога Радзівонава я па-сапраўднаму ўбачыў на малюнках Валіка Дзялендзіка. “Маляваць аўтапартрэты мяне навучыў Дзялендзік!” — сказаў Андрэй і паказаў некалькі малюнкаў Валіка. На іх Радзівонаў быў страшэнна падобны да Радзівонава, там ён быў нават больш Радзівонавым, чым Радзівонаў у жыцці. Так і жывём, так і вучымся глядзець адзін на аднаго.
Адам Глобус. "Андрэй Лагодны прабіраецца да зорак".
Показка
Зайшоў да мяне ў майстэрню Андрэй Радзівонаў. Нехта называе яго Радзівон, а нехта — Лагодны. Андрэй распавёў пра хаўтуры. Хавалі мастака Вашчанку. За жалобным сталом Лагодны згадаў любімых студэнтаў нябожчыка. У пералік любімых патрапіў Цішын з Грыневічам, я з Алай Блізнюк, ну і сам Радзівон. Ці быў я любімым студэнтам у Гаўрылы Харытонавіча? Можа, і быў, але на нейкі зусім кароткі час. Цішына, Грыневіча і Радзівонава Гаўрыла Вашчанка дакладна любіў, бо яны былі выдатнымі студэнтамі і натуральна — малявалі на выдатна. Каля іх малюнкаў і жывапісу Вашчанка не расказваў сваю любімую показку. Ён яе расказваў, як згадаў Лагодны, каля твораў іншых, кепскіх, на ягоны густ, студэнтаў. Показка такая... Мядзведзь і Варона сядзелі высока на дубе, на тоўстым суку. Варона ад няма чаго рабіць пачала выдурвацца, высцёбвацца і выкабеньвацца. Мядзведзь паглядзеў на забаўкі няўрымслівай Вароны і таксама пачаў выкабеньвацца, высцёбвацца і выдурвацца. Сук пад Мядзведзям паламаўся, звяруга грымнуўся на зямлю і моцна пабіўся. “Спачатку трэба навучыцца лётаць, а потым можна і выкабеньвацца!” — пракаркала зласлівая Варона над пабітым Мядзведзем. Сваім неардынарным студэнтам Вашчанка да показкі, прывезенай аднекуль са Львова, дзе ён сам некалі вучыўся, дадаваў такі сказ: “Спачатку трэба навучыцца маляваць, а потым можна і выдурвацца!” Сказ быў жорсткім, бо ўсе мастакі цудоўна ведаюць: каб навучыцца добра маляваць, трэба якраз выдурвацца, высцёбвацца і выкабеньвацца. Чаму Лагодны, згадваючы нябожчыка, пераказаў яго любімую показку? Мусіць, каб не так горка перажывалася страта.
Артэга-і-Гасэт
Андрэй мае добрае і дакладнае вока, ён бычыць у чалавеку характар. Таму я і спытаў у Радзівонава, як ён бачыць мяне. Што галоўнае ў маіх паводзінах? Радзівонаў заўсміхаўся і схаваў за лагоднай усмешкай сваю задуменнасць. Хвілінаў з пяць мы прасядзелі моўчкі. Я маляваў сівабародага і даўгавалосага — рыхтык біблейскі апостал — Андрэя. Ён думаў-думаў і нарэшце сказаў: “Паэт. Ты перадусім паэт… Я вылюблю цябе да донца, маё ты сонца… Такое мог сказаць толькі паэт”. Адмаўляцца ад звання паэта мне не выпадала. Калі я для Андрэя найперш паэт, дык хай так і будзе. Кепска толькі тое, што, гледзячы на вялікіх іспанскіх паэтаў, Артэга-і-Гасэт заўважыў: “Паэт пачынаецца там, дзе сканчаецца чалавек”.
Расклады
Андрэй заўсёды ведае дзень і час, калі ў музей пускаюць бясплатна. Некалі ён абышоў усе барселонскія музеі і не заплаціў ніводнай песеты. Такая рацыянальнасць і падрыхтаванасць не можа не ўразіць. Звычайны чалавек адстойвае даўжэзную чаргу і плоціць вялікія грошы, каб пабачыць кераміку і афорты Пабла Пікаса. Радзівонаў разглядае і вывучае шэдэўры за проста так. У Андрэя такі падыход да музейных каштоўнасцяў: калі можна не плаціць і паглядзець, ён іх паглядзіць; калі трэба заплаціць, каб паглядзець, Андрэй ад прагляду адмовіцца. Ясна, што падобныя паводзіны дыктуе не сквапнасць, а беднасць і ашчаднасць. Іншы бедны проста не ездзіць па свеце і не ходзіць па музеях. Андрэй ездзіць і ходзіць. І робіць гэта, як кажуць, за тры капейкі.
Глухата
Ёсць у нашым свеце звышсправядлівасць. Ёсць. Яна дае падтрымку слабым, і забірае сілы ў моцных. Калі ты добры танцор і шмат выступаеш на сцэне, дык абавязкова падкруціш нагу ці парвеш звязкі, і тваё месца на сцэне зойме слабейшы. Калі ты майстар малявання, дык сам не заўважыш, як страціш палову зрока. Добра, калі страціш меншую палову і, спахапіўшыся, дабяжыш да доктара. Калі ты музыкант, дык атрымаеш глухату... Андрэй Радзівонаў выдатны малявальшчык. Выглядала на тое, што па законе звышсправядлівасці ў яго мусілі сапсавацца вочы. Толькі звышсправядлівасць сама вырашае, дзе ў каго і колькі забраць. У Андрэя яна забрала слых. Мусіць палічыла, што ён больш музыкант, чым мастак. Апошнія гады Андрэй і сапраўды больш граў, чым маляваў. Грае Андрэй выдатна. Ён і спявае выдатна. А тут на табе — маеш глухату. Дактары дапамаглі Радзівонаву вярнуць слых. Зараз гэта не вельмі складаная аперацыя. Андрэй зноў можа спяваць і граць на гармоніку. Зноў можа гаварыць звычайным голасам, а не шаптаць, баючыся, што гаворыць занадта гучна. Нібыта ўсё нармальна ў Андрэя Радзівонава, але я чамусьці насцярожана пачаў ставіцца да звышсправядлівасці і яе радыкальных рашэнняў забіраць моц у таленавітых.
Дапамога
Яму прыемна дапамагаць. Звычайна дапамагаеш праз “не хачу” і “не магу”, Радзівонаву ж дапамагаецца лёгка. Таму яму шмат хто дапамагае. Дапамагае Грыша Сітніца — дапамог атрымаць прасторную майстэрню ў Гародні. Дапамагае Сяргей Грыневіч — дапамог напісаць вялікае дэкаратыўнае пано. Тое пано дапамагаў пісаць і Ваня Рабец. Дапамагае Сяргей Кныш — дапамог, і не раз, перавезці карціны. Дапамагае Вольга Архіпава — дапамагла зладзіць выставу ў дзяржаўным музеі. Дапамагае Лёша Андрэеў — надрукаваў якасныя рэпрадукцыі карцін Радзівонава ў сваім часопісе “Маналог”. Дапамагаю і я. Уладкаваў на працу ў часопіс “Бярозка”. Дапамог... Усё не пералічыш, і не варта шмат пералічваць. Трэба проста сказаць, што ёсць людзі, якім прыемна дапамагаць, бо яны робяць нешта добрае для іншых. Сярод такіх, каму варта дапамагаць, і Андрэй Радзівонаў.
Паштоўкі
Раней, на кожнае свята людзі даставалі з паштовых скрынак віншавальныя лісты. Зазвычай большасць віншаванняў пісалася на паштоўках. Сярод маіх знаёмых мастакоў самаробныя паштоўкі дасылалі сябрам Ігар Кашкурэвіч і Андрэй Радзівонаў. Кашкурэвіч выразаў гравюру, а Радзівонаў рабіў пастановачнае фота. Паштоўкі ад Радзівонава і Кашкурэвіча прыходзілі пад Новы год. Яны так мяне радавалі, што я даваў сабе сумленнае слова: у наступнае навагодняе свята я таксама далучуся да рассылкі самаробных паштовак. За год мой энтузіязм згасаў. Ніякіх паштовак я не рабіў, але зноў моцна радаваўся, калі вымаў са скрыні навагодні ліст ад Ігара ці Андрэя.
Героі
Андрэй жыў і жыве сярод мастакоў, сярод людзей творчых. У дзяцінстве ён вучыўся ў школе для адораных дзяцей — “Парнаце”, дзе пазней — пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута — і працаваў. Таму на ягоных карцінах шмат мастакоў і музыкантаў, шмат тэатральнага і казачнага. Пікаса, Веласкес, Брэйгель, Лежэ, Далі, Шагал, Матыс — любімыя героі Андрэя Радзівонава. Ён іх паважае, вывучае, услаўляе. Яны для яго не толькі настаўнікі, не толькі куміры, яны для яго самыя надзейныя сябры. З імі Андрэю цікава: цікава размаўляць, спрачацца, гуляць у шахматы. Акрамя геніяльных мастакоў, у Радзівонава на карцінах шмат жабракоў, якія прыйшлі да яго з малюнкаў Хацусіка Хакусая і Пітара Брэйгеля-мужыцкага. Усе запазычанасці з Пікаса, Брэйгеля і Хакусая на малюнках Радзівонава глядзяцца арганічна, а інакш і быць не можа ў часы постмадэрнізму.
Салют
З усіх мастацтваў Андрэй найбольш любіць і шануе салют. Калі ён служыў у войску, а служба тая праходзіла ў снежным і ледзяным Сібіры, дык удзельнічаў у падрыхтоўцы і запуску салютаў. На радавога Радзівонава салюты зрабілі каласальнае ўражанне. Ён можа расказваць і разважаць пра салюты бясконца. Асабліва хвалюе апавяданне пра салдата, які няўдала нахіліўся над ракетніцай, і яму адарвала галаву. На зямлі ляжаў безгаловы савецкі салдат, а салют працягваўся па запланаваным раскладзе. Людзі глядзелі на расквечанае агнямі неба, радаваліся і крычалі “Ура!”, бо ведаць нічога не ведалі пра мёртвага салдата. Андрэй марыць пра свой вялікі антываенны салют, прысвечаны міру ва ўсім свеце. На такі салют мусяць сабрацца кіраўнікі ўсіх дзяржаў... Андрэй разважае і расказвае пра свае планы, пакуль не заўважае, што ты пасміхаешся; тады і ён пачынае пасміхацца, і ты бачыш, што мянушка Лагодны яму вельмі пасуе.
Узнагароды
У майстэрні часам з’яўляюцца рэчы і прадукты, якія мне не вельмі і патрэбныя. Маці давала слоікі з агуркамі і чарнічным сочывам. Не адмовішся! Бярэш, нясеш у майстэрню і ставіш у лядоўню. Сам я купляў бутэлькі з віном для гасцей. Госці прыносілі і пакідалі неадкаркаваныя пляшкі гарэлкі. Так у мяне шмат чаго назбіралася ў лядоўні і ў прадуктовай шафе. Стаіць яно. Есці не ем. Піць не п’ю. Выкінуць не магу, бо ўсе прадукты якасныя. Аднойчы я прыдумаў, што трэба прысуджаць узнагароды Андрэю Радзівонаву. Усіх добрых мастакоў недзе нечым узнагароджваюць: граматамі, прэміямі, медалямі... Я ўзнагароджваў Андрэя пляшачкай з белай. Узнагароджваў чарнічным сочывам. Нават закатанымі агуркамі ўзнагароджваў. Праз нейкі час ён заходзіў і расказваў, дзе, з кім і як адзначаў узнагароду.
Крык
Аднойчы, на маё заўсёднае “Як ты?”, Андрэй адказаў, што ажаніўся. Давялося спытацца пра жонку. Ветлівасць. Як інакш? Тады Радзівонаў мяне ўразіў, бо расказаў, што яна — актрыса і можа закрычаць там, дзе ёй захочацца закрычаць. Яна можа закрычаць стоячы пасярод вуліцы, а можа — седзячы ў перапоўненым трамваі. Радзівонаў — добры чалавек, можна сказаць — занадта добры. Але нават у такога дабрадзея не хопіць дабрыні, каб пражыць усё жыццё з жанчынай, якая крыкма-крычыць у перапоўненых трамваях. Так я падумаў, але нічога кепскага Радзівонаву не сказаў. Нічога добрага я не сказаў нават тады, калі ён разыходзіўся з жонкай і дзяліў маёмасць, якая ўпарта не жадала дзяліцца. Не мая гэта справа. Мая справа іншая, дапамагаць мастаку Радзівонаву. А Радзівонаў муж, Радзівонаў былы муж, Радзівонаў дзяліцель маёмасці хай жыве без маіх парадаў і без маёй дапамогі.
Дажджы
У ліпені ў нашай Беларусі ідзе шмат дажджоў. Здараюцца і грымотныя навальніцы са сляпучымі маланкамі, а бываюць і лёгкія пералётныя дожджыкі, што сыплюцца праз сонечныя промні. Зрэдчас ідуць і шэрыя доўгія, нудныя дажджы. Пачнецца такі дождж увечары, сыпле цэлую ноч і раніцай не аціхае. Здаецца, што мусіць удзень перастаць крапаць, а ён раптам робіцца яшчэ больш густым. У такі доўгі дождж усе імкнуцца як хутчэй перабегчы з аднаго памяшкання ў другое. Нехта бяжыць на працу, хтосьці ў краму шыбуе, некаторыя дамоў вяртаюцца. Людзі бягуць. Яно і зразумела: ніхто не хоча мокнуць, і нікому не патрэбны прастуды ды запаленні лёгкіх. Пад вокнамі маёй майстэрні цякуць цэлыя рэчкі з разнакаляровых парасонаў. У гэткай рацэ я пабачыў Андрэя. Усе ляцелі, а ён ішоў павольна. Без шапкі ішоў пад густым дажджом. Ішоў і курыў. Спакойна так ішоў, нібыта і няма ніякага дажджу. Андрэй так ішоў, што здавалася, усё патрэбнае і ўсё запланаванае ён перарабіў. Засталося спакойна перакурыць на гэтым няўтульным свеце. Ціха прайсціся, і ціха пакурыць пад бясконцым дажджом.