“Гурь маньку хавбовъ”

№ 35 (1265) 27.08.2016 - 03.09.2016 г

Нашу газету трэба будзе закрываць тады, калі ўшчэнт "перасохне" плынь ліставання ад нашых чытачоў. Мяркуючы па штодзённай пошце, радыкальныя меры выкарыстоўваць пакуль рана. Таму ў чарговы раз вітаем вас, нашы шаноўныя падпісчыкі ды неабыякавыя пазаштатныя аўтары!

Марыя Шэляг, бібліятэкар Ракавецкай сельскай бібліятэкі-клуба, што на Смаргоншчыне, піша пра конкурс “Добры дзень, суседзі!” У аграгарадку Ракаўцы яго правёў Крэўскі сельсавет. А падрыхтавалі мерапрыемства супрацоўнікі сектара культуры і вольнага часу Крэўскага дома культуры. “У конкурсе спаборнічалі чытачы і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці сельскай установы, — зазначае аўтар. — Жыхары аграгарадкоў Крэва ды Ракаўцы таксама прадэманстравалі творчыя здольнасці. Пачалося свята з хатняга задання: трэба было падрыхтаваць візітоўку “Вітаем па-беларуску!” Потым прайшлі творчыя спаборніцтвы пад дэвізамі “Чым багата вёска”, “Мясцовыя таленты”, “Беларускі сялянскі прысмак”… А былі яшчэ конкурс прыпевак, заданні для мужчын “Самы дбайны гаспадар”, вясёлыя забаўкі для дзяцей. Потым, натуральна, адбыўся канцэрт”.

/i/content/pi/cult/601/13370/11-1.jpg

“Гурь маньку хавбовъ”. Незразумела? У перакладзе з катрушніцкага лемезеня гэта — “Дай мне грошай”. Дык вось, на рэгіянальным фестывалі народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі”, якія прайшлі ў мінулыя выхадныя, грошай ніхто не прасіў. Іх зараблялі. У першую чаргу — рамеснікі па вырабе знакамітых дрыбінскіх валёнак. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Рабкавец распавяла, што гасцей на фэсце было больш за пяць тысяч. Гэта ўжо шостыя “…Таржкі”, таму нікога не давялося пераконваць у іх адметнасці, усе ведалі, што патрапяць на свята. Ведалі пра гэта і прадстаўнікі ПРААН, якія выдаткавалі грошы на далейшае развіццё праекта. Таму сёлета ў арганізатараў фэсту з’явіліся вялікі паветраны шар з сімволікай “Дрыбінскіх таржкоў“ (без рэкламы тут ніяк не абысціся!), другая (надзіманая) сцэна, апаратура… Дарэчы, падчас фэсту прапаноўваўся і майстар-клас па катрушніцкім лемезені — мове мясцовых шапавалаў.

На Астравеччыне прайшоў тыдзень “Разам з намі — у краіну здароўя”. Стартаваў ён у сценах Астравецкай раённай бібліятэкі. Пра гэта паведамляе метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу гэтай установы Галіна Францкевіч. “Сабраліся прыхільнікі актыўнага даўгалецця, — паведамляе яна. — Урачы мясцовай паліклінікі пазнаёмілі з навыкамі скандынаўскай хадзьбы. Бібліятэкары арганізавалі выставу адпаведнай літаратуры. Услед за тэорыяй была і практыка на адкрытым паветры. Цягам тыдня да энтузіястаў падключыліся валанцёры Чырвонага крыжа, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Арганізатарам тыдня выступіла Астравецкая раённая бальніца”.

І яшчэ адна навіна з Астравецкай райбібліятэкі. Тут адбылася сустрэча з беларускім этнолагам, загадчыкам сектара захавання фальклорнай спадчыны Інстытута мовазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі Беларусі, кандыдатам гістарычных навук, земляком Юрыем Унуковічам. Вучоны займаецца этнаграфіяй, этналогіяй і антрапалогіяй. “Яго праца, — піша Галіна Францкевіч, — збор матэрыяльных і нематэрыяльных каштоўнасцяў нашай краіны, захаванне гэтых здабыткаў і іх аналіз. Вучоны распавядаў пра сваю дзейнасць, пазнаёміў з відэаархівам апошніх экспедыцый у Літву, адказаў на пытанні землякоў”.

Марыя Самалевіч паведамляе пра свята “Хата гаспадарамі багата”, якое прайшло ў аграгарадку Грынкі Свіслацкага раёна. Дзесяць гадоў таму Грынкаўскі дом культуры арганізаваў конкурс “Чый двор лепшы”, і з тае пары разам з Нязбодзіцкім сельсаветам штогод прысвойвае званне лепшага гаспадара. Сёлета ў конкурсе бралі ўдзел 42 сядзібы, якія лічацца “Дамамі высокай санітарнай культуры”. “Такія званні, — піша аўтар, — атрымалі гаспадары яшчэ чатырох вясковых сядзіб”.

Мікалай Шаўчэнка піша пра тое, як падчас Вялікай Айчыннай вайны ў баях пад Ельняй нарадзілася савецкая гвардыя. У экспазіцыі аднаго з залаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны вельмі выразна адлюстравана гэтая тэма. 109-ы гвардзейскі стралковы полк удзельнічаў у Сталінградскай і Курскай бітвах, фарсіраваў Дзясну, Сож, Днепр, вызваляў Рэчыцу, Баранавічы, Слонім. Чырвоны Сцяг палка разгорнуты на самым бачным месцы экспазіцыі.

У Стралецкай сельскай бібліятэцы ў рамках раённага бібліятэчнага конкурсу “Год культуры крочыць па краіне” праведзена літаратурная гадзіна “Паэтка Прынёманскага краю”, прысвечаная паэзіі Ірыны Данік, члена Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пра гэта паведамляе метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун.

А вось ліст вядучага метадыста Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Галіны Петушок. “У гарадскім пасёлку Жалудок, — распавядае яна, — у чарговы раз адбылося свята кветак, ужо дзявятае па ліку. Мэта мерапрыемства — ушанаванне прыгажосці роднага краю. Кветкавыя кампазіцыі прэзентавалі сельскія выканаўчыя камітэты Шчучынскага раёна. А яшчэ былі конкурсы гаспадынь і кветкавых букетаў. Выступалі самадзейныя артысты не толькі з Жалудка, але і са Шчучына”.

Пра першага даследчыка бібліятэчнай гісторыі Гродзеншчыны паведаміла Любоў Турмасава. Гаворка — пра Веру Алышаву. Яе артыкулы актыўна выкарыстоўваюцца чытачамі аддзела краязнаўства ў навукова-даследчай рабоце. “Вера Аляксееўна першая, — піша аўтар, — прааналізавала гістарычнае мінулае Гродзенскай абласной бібліятэкі імя Яўхіма Карскага і знайшла бясспрэчныя факты, што яна — найстарэйшая установа сярод публічных бібліятэк Беларусі. Апрача таго, Вера Алышава наладжвала мерапрыемствы па павышэнні кваліфікацыі бібліятэкараў, была чуйнай да бібліятэчных інавацый”.

Пра цікавосткі V адкрытага раённага фестывалю нацыянальных культур “Песні Воранаўшчыны маёй” нам напісала вядучы метадыст Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Вольга Шлавянец. Імпрэза адбылася 21 жніўня ў Радуні, дзе сабраліся 8 нацыянальных аб’яднанняў, быў зладжаны канцэрт мясцовых і заезджых калектываў (з Ваўкавыскага і Смаргонскага раёнаў), працавалі нацыянальныя падворкі, на якіх ахвотныя маглі пазнаёміцца з культурнымі асаблівасцямі і кухняй кожнай з прадстаўленых дыяспар. “Кожнае аб’яднанне падрыхтавала рознакаляровае пано з жывых кветак у выглядзе свайго нацыянальнага сцяга, — паведамляе аўтар. — Гэта і стала адметнай рысай фестывалю”.

У той жа дзень, 21 жніўня, у аграгарадку Абухава Гродзенскага раёна ўпершыню прайшоў фестываль “Мядова-яблычны Спас”. Як піша галоўны бібліятэкар інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык, падчас свята жыхароў і гасцей паселішча чакалі забавы на любы густ, цягам дня гучалі святочныя песні і віншаванні ад творчых калектываў раёна, працавалі атракцыёны і выставы народных умельцаў. А на арганізаваным бібліятэкай бібліядворыку наведвальнікі свята маглі не толькі пагартаць кнігі і часопісы, а і сыграць у бяспройгрышную латарэю ды прыняць удзел у буккросінгу.

Ганна Некраш, вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, распавяла ў сваім лісце пра свята… сякеры, што прайшло ў аграгарадку Тарнова Лідскага раёна. “Галоўнай дзеяй свята быў конкурс “Працоўная сякера”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Лідскага і Фалькавіцкага лясніцтваў, — адзначае аўтарка. — Да кожнай каманды прафесіяналаў далучыліся аматары сякеры з мясцовых жыхароў. Спачатку ўдзельнікам патрэбна было ручной пілой напілаваць калодак, а затым насячы дроў. Пасля трэба было завастрыць бярозавыя калы “пад аловак”. Акрамя таго, умельцы павінны былі рассекчы сякерай звычайныя запалкі ўздоўж дрэўка ды забіць цвікі адваротным бокам сякеры. Галоўны прыз — мяшок зерня — падзялілі паміж сабой Сяргей Звярко і Генадзь Хацукевіч. Святочнаму настрою спрыялі калектывы аматарскай творчасці Тарноўскага Дома культуры і госці з аграгарадка Геранёны Іўеўскага раёна, а шматлікія наведвальнікі імпрэзы змаглі ацаніць кашу “з сякеры”, рэцэпт якой ведае толькі загадчыца Тарноўскага ДК Святлана Антонік. Яна, да слова, з’яўляецца ініцыятарам і галоўным арганізатарам згаданага мерапрыемства.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"