Заслужаны калектыў Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі: «Архівы і перспектывы адкрые музыка»

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга здзіўляе ўсё новымі творчымі праектамі, пры гэтым не забываючыся на старыя. Не паспелі мінуць чарговыя сустрэчы ў Чачэрску і чатырохвечаровыя “Шлягеры на ўсе часы” (“К” № № 11, 13), а калектыў і яго шматлікія прыхільнікі ўжо ў прадчуванні традыцыйных майскіх фестываляў — у Нясвіжы і Мірскім замку. Усяго такіх фестываляў, арганізаваных аркестрам у малых гарадах, — ажно 76! Прычым ніводны з іх не становіцца “лакальнай” акцыяй, кожны мае працяг, а галоўнае — дае штуршок далейшаму развіццю беларускай культуры. У выніку ўзнікае своеасаблівае генеалагічнае дрэва. Вытокі, безумоўна, у імпэце і зацікаўленасці самога маэстра Фінберга, а таксама ў трывалым падмурку беларускай музычнай спадчыны і яе разгалінаваных міжкультурных сувязях. Таму і натуральна, што аркестр першым з канцэртных калектываў атрымаў званне Нацыянальнага і Заслужанага: ён таксама наша культурная спадчына. І, заўважым, не закансервавана-музейная!

 /i/content/pi/cult/159/1337/Finberg.jpg
— Міхаіл Якаўлевіч! Да кожнага з
фестываляў аркестр і яго шматлікія камерныя калектывы рыхтуюць шмат сюрпрызаў. Менавіта ў выкананні вашых музыкантаў аднаўляюцца забытыя творы, прычым не толькі сівой даўніны, але і недалёкага мінулага.
— На кожным з фестываляў я не стамляюся падкрэслівасць, што за гэтым стаіць вялікая праца не толькі музыкантаў-выканаўцаў, але і навукоўцаў. Менавіта ім мы павінны быць удзячны, што сваёй даследчыцкай працай і нястомнымі пошукамі ў архівах яны не толькі папаўняюць рэпертуар аркестра, але і, галоўнае, пашыраюць і паглыбляюць уяўленні пра музычную мінуўшчыну краіны.
— Але каб архіўная знаходка стала часткай цяперашняй музычнай прасторы, нярэдка патрабуецца “перакладчык”. Бо творы даўніны могуць уяўляць сабой усяго адзін нотны радок — штосьці накшталт “канспекта”.

— У нашым калектыве працуюць цудоўныя аранжыроўшчыкі, якія прыкладаюць свае намаганні не толькі да эстрады. Той жа Генрых Гедыльтэр — выдатны знаўца спецыфікі выканання на драўляных духавых інструментах. Яго апрацоўкі не проста прафесійныя, яны, я сказаў бы, ненадакучлівыя, надзвычай беларускія, нацыянальныя паводле менталітэту. А часам яму даводзіцца не проста апрацоўваць твор, але і выступаць сааўтарам: дапісваць дадатковыя галасы, выбудоўваць драматургію, каб гэты твор зацікавіў не адно знаўцаў, а самае шырокае кола сучасных слухачоў, каб ён увайшоў у нашу музычную рэчаіснасць.

Калі ў сярэдзіне 1990-х мы толькі пачыналі гэтую працу, многія ставіліся да яе скептычна: ну, маўляў, зробяць яны адзін такі фестываль, другі — і на гэтым усё скончыцца. Ажно не! Сёлетнія “Музы Нясвіжа” — ужо 13-я. На нашы фестывалі, бывае, прыходзяць дзеці таго пакалення, якое само ў дзяцінстве ці юнацтве трапіла на выступленні.

Хаця ўсе фестывалі аркестра ўзаемазвязаны — кожны з іх мае сваю канцэпцыю, яны не паўтараюць адзін аднаго.

— Тыя ж “Музы Нясвіжа”, наколькі мне вядома, звычайна будуюцца вакол нясвіжска-радзівілаўскай культуры, часцей звернуты да ХVІІІ стагоддзя.
— Не толькі! Цяперашні фестываль (а пройдзе ён 15 — 17 мая) прысвечаны знамянальнай даце — 600-годдзю Белавежскай пушчы. Можна толькі ганарыцца, што святкаванне гэтага юбілею будзе распачата нашым калектывам. Бо праз гэтую знакавую падзею мы зможам расказаць не столькі пра саму пушчу, колькі — пра культуру Беларусі шасці стагоддзяў і, найперш, пра музыку нашых продкаў і сучаснікаў: гала-канцэрт складуць творы ХV — ХХІ стагоддзяў. Возьме ўдзел у фестывалі і самабытны калектыў з Драгічына, які іграе на… паляўнічых рогах. Дзякуючы музыкам прагучаць фанфары, якія былі ва ўжытку менавіта ў Белавежскай пушчы.
Адбудуцца і навукова-практычная канферэнцыя, і ўжо другая па ліку Асамблея: леташняя прысвячалася драўляным духавым інструментам, сёлетняя — медным. Кіруе Асамблеяй загадчык кафедры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, прафесар, кандыдат мастацтвазнаўства Мікалай Волкаў — дзівосны чалавек і высокі прафесіянал, якога на нашых фестывалях ведаюць, найперш як кіраўніка “Інтрады”. Але галоўнае — ён стварыў уласную школу выканання і рыхтуе столькі класных спецыялістаў, што без яго спынілася б праца многіх музычных калектываў.

Акрамя таго, мы ўшануем на гэтым фестывалі Ансамбль салістаў на драўляных духавых інструментах, якому споўнілася 15 гадоў. У складзе калектыву — такія адметныя творчыя асобы, як прафесар, дэкан аркестравага факультэта нашай Акадэміі музыкі Уладзімір Будкевіч: ён ужо сам па сабе — суцэльны кірунак у мастацтве, за яго плячыма — уся нацыянальная школа ігры на фагоце. Вы толькі паслухалі б, як у яго гучыць інструмент: ніякай звыклай “гугнявасці”, а віртуознасць — бы ў скрыпкі ці кларнета. Дарэчы, на кларнеце іграе дацэнт Іван Брычыкаў — выдатны музыкант і, што немалаважна, надзвычай добразычлівы чалавек, які на гэтай якасці пабудаваў сваю методыку выкладання. Таму нядзіўна, што побач з імі ў калектыве — іх выхаванцы, лепшыя маладыя музыканты, лаўрэаты шматлікіх конкурсаў. Кіруе Ансамблем салістаў прафесар, доктар мастацтвазнаўства Барыс Нічкоў. І гэта не выпадкова. Шмат гадоў ён па крупінках збіраў архіўныя сведчанні пра бытаванне драўляных духавых на Беларусі, яго манаграфія і шматлікія артыкулы на гэтую тэму сталі незаменнай асновай для далейшай працы ў гэтай галіне. А як ён зрушыў наперад сучасную выканальніцкую школу! У яго класе ледзь не ўсе — лаўрэаты, дый рыхтуе ён, заўважу, не толькі габаістаў.

Слухаю Міхаіла Якаўлевіча і думаю: як усё ж грунтоўна і мэтанакіравана ўплецены рознакаляровыя стужкі ў фестывальнае суквецце. Здавалася б, што можа быць агульнага паміж старадаўняй пушчай і няўлоўнай музычнай матэрыяй, захаванне-”кансерваванне” якой у нотах ці нават запісах непараўнальна збядняе яе сутнасць? Хіба “архетып палявання”, які даўно ўжо прасачыла ў беларускіх операх знаная музыказнаўца Радаслава Аладава. Але паралелей куды больш. Агульным аказваецца, па-першае, гісторыя Беларусі, што аднолькава адбіваецца на прыродных і музычных з’явах. Па-другое, законы прыгажосці: сфарміраваныя ў прыродным наваколлі, а праз яго — у этнасе. Яны становяцца найбольш глыбіннымі сродкамі фарміравання нацыянальнага мыслення і, адпаведна, эстэтыкі. Па-трэцяе, цыклічнасць: поры года адпавядаюць не толькі колу чалавечага жыцця, але і гэткай жа “змене сезонаў” у развіцці мастацкіх з’яў. Нарэшце, стаўленне да з’яў прыроды абсалютна дакладна малюе этапы эвалюцыі нашай свядомасці і псіхалогіі. Абагаўленне і пошук “дыялога” — у часы паганства, абрадавыя дзеі якога захаваліся ў беларусаў лепей, чым у многіх іншых народаў. Гармонія як існаванне на роўных — у эпоху Асветніцтва. Прырода як сябра, што павінен спачуваць і даваць сілы, — у часы рамантызму. Нарэшце, сумна вядомыя формулы, кшталту: “Узяць у прыроды яе багацці”, “Павярнуць рэкі назад” і іншыя, — у ХХ стагоддзі. А побач — музыка, якая пры любых знешніх абставінах захоўвае сваё асноўнае прыродна-прыроджанае прызначэнне — размаўляць на мове найтанчэйшых эмоцый і пачуццяў.

Працягваючы ў думках паралелі з вясновым аднаўленнем прыроды, пытаюся пра “маладыя сілы”, што сёлета пасля студэнцкай лавы атрымалі размеркаванне ў аркестр.

— Мы адбіраем, — распавядае М.Фінберг, — самых прафесійных. Бо таго патрабуе ўзровень нашага калектыву і яго ганаровыя тытулы: Нацыянальны, Заслужаны калектыў, лаўрэат мноства конкурсаў, уладальнік высокіх прэмій. Звяртаем увагу на тых, у каго ёсць творчы патэнцыял, імкненне да пастаяннага прафесійнага росту, а не на тых, хто, нягледзячы на вышэйшую музычную адукацыю, ужо на другім-трэцім курсах вычарпаў свае магчымасці. Адрозніць бывае няпроста. Да таго ж, моладзь прыходзіць да нас яшчэ пад час вучобы, задоўга да размеркавання, таму ёсць магчымасць назіраць, як хто рухаецца далей. Сёлета да нас размеркаваны двое скрыпачоў: Аляксандр Іваноў, які займаецца ў Рэгіны Крывель, і Кацярына Малько — выхаванка загадчыцы кафедры скрыпкі Таццяны Бодневай. А яшчэ трое альтыстаў: Дзмітрый Гірны — выпускнік дацэнта Уладзіміра Рылаткі (Усё так: першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь па сумяшчальніцтве паспяхова займаецца выкладчыцкай дзейнасцю — Н.Б.), Ганна Котава — студэнтка Іны Ганчаронак, і Вольга Сярогіна, якую падрыхтавала самая, бадай, знакамітая альтыстка краіны Лючыя Ластаўка. Памочнікам канцэртмайстра стала студэнтка 4-га курса Алена Драко (клас дацэнта Віктара Чарныша), на якую мы ўскладаем вялікія надзеі.

— Наколькі плённай атрымліваецца такая “падвойная” падрыхтоўка — у навучальнай установе і працоўным калектыве?

— Навучальны працэс больш накіраваны на сольнае выканальніцтва. Хаця ў Акадэміі музыкі прадугледжаны і клас камернага ансамбля, і ігра ў аркестры, кожны выканальніцкі калектыў, пагадзіцеся, мае сваю спецыфіку — і рэпертуарную, і агульнамастацкую. Таму можна толькі вітаць, калі малады музыкант і прафесійны калектыў знаходзяць адно аднаго яшчэ на падрыхтоўчым этапе. Звярніце ўвагу: амаль уся наша струнная група ўкамплектавана зараз музыкантамі беларускай нацыянальнай выканальніцкай школы.

— І гэта дае добры вынік! Сведчаннем — тыя ж канцэрты фестывалю “Шлягеры на ўсе часы”, што па суботах могуць бачыць усе, хто ўключыць тэлевізар. У першы вечар “Джаза і класікі” вы ледзь не спаборніцтва прапанавалі: з аднаго боку — славуты Біг-бэнд, з другога — калейдаскоп камерных калектываў. Усе ўразілі, здзівілі. А больш за ўсіх — камерны аркестр пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Беларусі Валерыя Сарокі і асабліва — струнны квартэт. Супер!

— Вы ўсё пра першы такі фестываль, а мы ўжо пачалі рыхтавацца да другога, што будзе праз год. Прыступілі да рэпетыцый канцэрта памяці паэта Адама Русака, сярод “шлягераў” якога — “Бывайце здаровы!” з музыкай Ісака Любана. Да 85-годдзя нашай кінастудыі “Беларусьфільм” упершыню здзейснім праект “Музыка беларускага кіно”. Сярод бліжэйшых падзей — фестываль у Міры, дзе ўпершыню канцэрт камернага аркестра пройдзе ў касцёле.

Цяперашні “Мірскі замак” павінен атрымацца папраўдзе камерным. Мы адыдзем ад вялікіх маштабаў, якія толькі перашкаджалі, засяродзім увагу на навуковай канферэнцыі, на камернай музыцы. А ўвечары, ужо ў Карэлічах, дадзім канцэрт эстраднай песні, каб людзі пазабавіліся і адпачылі. Два адказныя выступленні ў нас на “Славянскім базары ў Віцебску”. Гэта, як заўсёды, Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў, а таксама канцэрт, прысвечаны Саюзнай дзяржаве, дзе мы выступім з лепшымі выканаўцамі і прадэманструем, што расіяне і беларусы — сапраўды два блізкія народы, чыё мастацтва прасякнута блізкімі інтанацыямі. 20 ліпеня — ужо традыцыйны фестываль у Іванаве, ахінуты імем і творчасцю нашага кампазітара і мастака ХІХ стагоддзя Напалеона Орды. 2 верасня — Свята камернай і духоўнай музыкі ў Тураве. Падкрэслю, што для ўсіх нашых музыкантаў вельмі важна працаваць менавіта над беларускай музыкай, а гэта, на жаль, бывае не ўласціва іншым творчым калектывам. Таму я хацеў бы выказаць словы шчырай удзячнасці ўсім, хто не толькі на словах, але і на справе падтрымлівае ідэі захавання і развіцця нацыянальнай культурнай спадчыны.

Бо праз музыку, праз гонар за нацыянальныя здабыткі даўніны і сучаснасці выхоўваецца, у рэшце рэшт, любоў да сваёй краіны.

 

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ