Што такое “сэмплінг” у дзеянні?

№ 35 (1265) 27.08.2016 - 03.09.2016 г

Культурныя і турпаслугі + агрэсіўны маркетынг
Чарговая летняя камандзіроўка прывяла ў Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці, які, як вядома, мяжуе з Латвіяй і Расіяй. Меў спадзяванні, што тут, на памежжы і суседстве некалькіх краін, адшукаюцца цікавыя ініцыятывы і праекты. Ці спраўдзіліся чаканні?

Змаганне за чытача

Як мяркуе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Верхнядзвінскага райвыканкама Надзея Масквічова, ініцыятыў у мясцовай сферы культуры хапае. Напрыклад, у раёне цягам дзясяткаў гадоў ладзяць рэгіянальны дзіцячы фестываль мастацтваў “Дзвіна — Двина — Даўгава”, а таксама праводзяць сустрэчы каля кургана Дружбы — пункта, дзе сыходзяцца межы трох суседніх краін. Яшчэ адным паспяховым рэалізаваным праектам Надзея Масквічова называе новы гісторыка-краязнаўчы музей, пра які “К” не так даўно пісала і якога так доўга чакалі ў Верхнядзвінску...

Але свае праекты маюць таксама мясцовыя бібліятэкары ды клубнікі. Скажам, у цэнтральнай раённай бібліятэцы супрацоўнікі здаўна працуюць над “самвыдатаўскімі” кнігамі, бо ў штаце ўстановы культуры ёсць пераплётчык. Акрамя таго, бібліятэкары не чакаюць прыходу чытачоў у чытальныя залы, а актыўна “ідуць у народ”.

— Мы ладзім мерапрыемствы “Кніжка выйшла пагуляць”, “Чытальная зала на вуліцы”, “З кніжкай на лаўцы”, — кажа загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Верхнядзвінскай ЦРБ Рыта Анджан. — І гэтыя акцыі карыстаюцца нязменнай увагай, асабліва ў дзяцей. У фармаце “open-air” маленькія чытачы сустракаюцца з літаратурнымі героямі кніжных гісторый, якія прапануюць ім пачытаць кнігі, ладзяць віктарыны і конкурсы. А за дзецьмі, натуральна, падцягваюцца бацькі.

Таксама бібліятэкары праводзяць квэсты па гісторыі Верхнядзвінска, запрашаюць актыўных наведвальнікаў у бібліякафэ ды арганізоўваюць літаратурныя секундамеры, калі чытачам прапаноўваецца прачытаць на хуткасць гумарыстычныя тэксты, а пераможца атрымлівае бясплатны месячны абанемент на карыстанне літаратурай з камерцыйнага фонду… Карацей, бібліятэкары змагаюцца за свайго чытача. А на іхніх івэнтах кожны ахвотны не толькі можа пацікавіцца навінкамі кніжнага свету, але і нанесці на свой твар ці руку “аквагрым” — малюнак бяспечнай фарбай… Каштуе такая паслуга, дарэчы, два з паловай рублі.

Пра кошты згадаў нездарма. Цягам года бібліятэкары Верхнядзвінскай ЦБС павінны зарабіць прыкладна 50 мільёнаў рублёў у “старых” грошах. Гэта прыкладна 125 працэнтаў ад мінулагодняга плана. Лічба, як бачна, унушальная. Таму і шчыруюць ва ўсіх бібліятэках раёна над “капейкамі” і “рублямі” — прапануюць не толькі звыклыя паслугі капіравання, раздрукоўкі ды ламінавання, але і актыўна займаюцца сэмплінгам — распаўсюджваннем узораў сваіх паслуг спажыўцам бясплатна або ў якасці бонусаў пры аплаце іншых паслуг.

— Гэта буклеты, прайсы, рэкламныя матэрыялы, — кажа Рыта Анджан. — Усе яны рассылаюцца па пошце, разносяцца “ў кожныя дзверы” на прадпрыемствы і ва ўстановы горада, у школы і дзіцячыя садкі. Такім чынам мы даводзім да кожнага, што можам зрабіць і за які кошт. Сэмплінг дае рэальныя вынікі: напрыклад, на сёння мы абслугоўваем аўтабібліятэкай чытачоў на 7 гарадскіх прадпрыемствах.

Мяркую, з цягам часу іх стане яшчэ больш, бо гэта вельмі зручна: кнігі дастаўляюцца проста да рабочага месца, прычым па жаданні мы робім выбарку неабходнай літаратуры, зразумела, не бясплатна, а таксама прымаем заказы на іншыя бібліятэчныя паслугі...

Падобная тактыка агрэсіўнага маркетынгу дае свае вынікі: сёлета на 1 ліпеня мясцовыя бібліятэкары ўжо зарабілі каля 30 мільёнаў “старых” рублёў, значна перавыканаўшы запланаваныя паказчыкі. Думаю, не памылюся, калі скажу, што з падобнымі тэмпамі да канца года будзе зароблена не 50, а ўсе 60 мільёнаў “старымі”. Як кажуць, план — планам, а рэальнасць уносіць у яго свае карэктывы, і асабліва радуе, што перамены ідуць у “плюс”, а не ў “мінус”.

/i/content/pi/cult/601/13369/10-1.jpg

Рэаліі рамонтнага “гармідару”

Па словах Надзеі Масквічовай, на сёння аддзел адказвае ажно за 35 будынкаў у горадзе і раёне — гэта 46 устаноў культуры. А два гады таму ў раёне пачала дзейнічаць аптымізаваная сістэма са статусам юрыдычнай асобы: дзяржаўная ўстанова культуры “Верхнядзвінскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Яна аб’яднала Метадычны цэнтр, Раённы дом культуры, Раённы дом рамёстваў і ўстановы клубнага тыпу.

Кіруе РДК Віктар Хадорчанка, займаючыся пры гэтым не толькі творчымі, а і гаспадарчымі пытаннямі: у будынку, дзе месціцца ўстанова, ужо не першы год ідзе рамонт.

— Галоўнае, што мы здолелі захаваць дыскатэку, — адзначыў Віктар Хадорчанка. — Бо ў многіх іншых маіх калег з гэтай справай не ўсё так проста: дыскатэка сёння не карыстаецца попытам, і, адпаведна, яе вельмі цяжка сёння арганізоўваць. Мы ж пакуль планку, што называецца, трымаем: на танцавальныя вечары да нас завітваюць 75—80 чалавек, а ўваходны білет мае цалкам дэмакратычны кошт: ад 12 да 15 тысяч “старымі” грашыма.

Зарабляюць ва ўстанове культуры таксама арганізацыяй канцэртаў як мясцовых калектываў і выканаўцаў, так і заезджых артыстаў, навагоднімі ды каляднымі святочнымі мерапрыемствамі. План на год — больш за 300 мільёнаў “старых” рублёў, што вымушае, як кажуць, “круціцца” напоўніцу.

— Пакуль што зарабляем даволі няблага, — кажа Віктар Хадорчанка. — Але хацелася б, каб рамонт ва ўстанове культуры працягваўся больш хуткімі тэмпамі, былі заменены крэслы ў глядзельнай зале, якая ў нас даволі вялікая — прыкладна на 450 месцаў. А пакуль зроблена сістэма ацяплення, дзе-нідзе пастаўлены шклопакеты, адрамантаваны шэраг памяшканняў. Але ж, на жаль, гэта далёка не ўсё, што трэба зрабіць… Глядзіш, пасля завяршэння рамонту і план платных паслуг можна было б выканаць нашмат лягчэй і зарабілі б мы, упэўнены, нашмат больш… Але калі тое яшчэ будзе?

Паспрабаваў адшукаць адказ на пытанне дырэктара ў намесніка старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама Таццяны Севалкінай. Па яе словах, рамонт установы культуры сапраўды зацягнуўся.

— На жаль, не ўсе нашы планы па рамонтных работах у РДК атрымалася рэалізаваць, — адзначыла суразмоўца. — Але, як вядома, планы шмат у чым залежаць ад фінансавання, якое часам, на жаль, перапынялася. Таму пэўныя спадзяванні цяпер ускладаем на абласныя дажынкі, якія маюць адбыцца ў Верхнядзвінску ў 2018-ым. Цалкам магчыма, што тады мы і атрымаем дадатковае фінансаванне на рамонт Раённага дома культуры.

Нягледзячы на такія неспрыяльныя ўмовы, супрацоўнікі Верхнядзвінскага РДК на 1 ліпеня маюць у сваёй “скарбонцы” больш за 170 мільёнаў “старых” рублёў, што значна больш за запланаваныя лічбы. Так што, як бачна, і ва ўмовах рамонтнага “гармідару” можна зарабляць грошы.

Прычым, не толькі зарабляць, а і тварыць. Бо што ні кажы, а памежны рэгіён, якім з’яўляецца Верхнядзвінскі, не толькі адказвае за экспарт нашай традыцыйнай культуры, але і ў ліку першых робіць усё магчымае для стварэння ў замежжы станоўчага іміджу Беларусі. Супрацоўнікі мясцовага РДК гэта выдатна разумеюць.

— Мы часта выязджаем з канцэртамі ў замежжа, дэманструючы там майстэрства сваіх калектываў і выканаўцаў, — кажа Віктар Хадорчанка. — Былі ў Польшчы, у Расіі, у Латвіі, прычым транспартныя выдаткі нам часцяком аплачваюць спонсары: гэта і мясцовы хлебазавод, і масласырзавод, і індывідуальныя прадпрымальнікі. Яны ж, дарэчы, дапамагаюць нам і з прызамі падчас мерапрыемстваў. Мы ў сваю чаргу актыўна “піярым” іх на старонках друку, на радыё… Так што наш інтарэс адзін да аднаго, лічу, узаемакарысны.

Узаемакарыснасць — гэта, канечне, не так ужо і блага. Але вось што, на мой погляд, галоўнае: каб спонсары не ведалі пра высокую якасць мерапрыемстваў у верхнядзвінскім РДК, каб не ацанілі “на свае вочы” рэпертуар мясцовых калектываў, што выязджалі на гастролі за мяжу, наўрад ці такое супрацоўніцтва ўвогуле аказалася магчымым. Мясцовыя клубнікі аксіёму пра тое, што “сустракаюць па адзежцы”, засвоілі здаўна і цяпер, можна сказаць, “стрыгуць” са сваіх іміджавых калектываў неблагія фінансавыя дывідэнды. Як кажуць матэматыкі, што і патрабавалася даказаць.

Кадры вырашаюць?

Не хачу сказаць, што ў самім Верхнядзвінску ці ў раёне няма сваіх праблем. Яны, натуральна, ёсць. Адна з іх — кадравая: у многіх вясковых паселішчах на пасадах бібліятэкараў і клубнікаў працуюць неспецыялісты. Скажам, у Марозаўскай сельскай бібліятэцы-клубе загадчыкам — Ірына Літвінава, якая ў свой час скончыла эканамічны тэхнікум у Полацку і працавала на пасадзе эканаміста ў мясцовым калгасе. Не скажу, што са сваімі цяперашнімі абавязкамі Ірына Міхайлаўна не спраўляецца. Напрыклад, яна арганізавала пры ўстанове культуры дзіцячы гурток “Кнігалюбы”, а яшчэ тут жа месціцца этнаграфічны куток “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына”, дзе можна адшукаць старадаўнія газавыя лямпы, хлебныя дзежкі, збанкі і нават чамаданы, якія памятаюць, мабыць, яшчэ і “польскі час”…

Праўда, ні камп’ютара, ні, натуральна, інтэрнэту ў бібліятэцы-клубе на сёння няма, ды і пакойчык для правядзення танцавальных вечароў выглядае не надта самавіта: каля сцяны “туліцца” невялічкі музычны цэнтр, а на столі вісіць пара асвятляльных лямпаў. Зрэшты, для паселішча, дзе пражываюць прыкладна 200 чалавек, і такія дыскатэкі “а-ля Савецкі Саюз” на сёння запатрабаваны: як кажа Ірына Міхайлаўна, па пятніцах і суботах на іх завітваюць 10—12 чалавек, а найбольш людзей прыходзіць, натуральна, на навагоднія святы.

Больш грунтоўна выглядае ўстанова культуры ў суседнім аграгарадку Сар’я. Пад дахам двухпавярховага будынка, не так даўно адрамантаванага і выдатна дагледжанага, месцяцца не толькі сар’янскі СДК, якім кіруе дырэктар Алена Мінчанка, але і 8 творчых аб’яднанняў ды сельская бібліятэка. Сапраўднай “фішкай” установы культуры можна лічыць інфармацыйна-пазнавальныя праграмы “Паглядзі, на якой зямлі стаіш”. Іх ладзіць дырэктар, і яны ўключаюць у сябе вандроўку па аграгарадку, заезд да мясцовай Свята-Успенскай царквы, а пасля і паездку ў суседнюю вёску Росіца, дзе можна пабачыць абноўлены Свята-Троіцкі касцёл.

Расповеды пра пакручастую гісторыю пабудовы храма ў Сар’і, пра ваенныя часы, калі фашыстамі ў Росіцы былі спалены каля 1500 чалавек, пра мінулае і сучаснае абодвух сельскіх паселішчаў Алена Іванаўна вядзе захапляльна і з веданнем справы. Сам я таксама пабываў у яе ў якасці экскурсанта і слухача. Дарэчы, прамоўніцкі талент дырэктара-экскурсавода ўжо паспелі ацаніць у турыстычных агенцтвах Віцебска і Полацка, адкуль часам вязуць сюды вандроўнікаў і падарожных з блізкага і далёкага свету. Летась дырэктарам было праведзена 59 такіх экскурсійных праграм на платнай аснове. Сёлета, праўда, іх адбылося значна менш — усяго 14.

— Справа ў тым, што з гэтага года Сар’я і Росіца ўвайшлі ў памежную мытную зону, — тлумачыць Алена Мінчанка, — таму для паездак сюды спачатку патрэбна атрымаць спецыяльны дазвол ды заплаціць немалыя грошы за дзяржаўную пошліну. Усё гэта, натуральна, не надта спрыяе турыстычнай зацікаўленасці, таму і колькасць ахвотных пабываць у нашых паселішчах значна знізілася...

Але турыстычную ніву Алена Мінчанка кідаць не збіраецца. Не так даўно дырэктар сар’янскага СДК распрацавала турыстычны маршрут “Залатое кальцо Верхнядзвіншчыны”, якое ідзе ў кірунку ад Сар’і да Росіцы ў Бігосава, Цімкаўцы, Вусце і завяршаецца зноў-такі ў Сар’і. 44 кіламетры дарог, на якіх шматлікія помнікі гісторыі і архітэктуры чакаюць сваіх цікаўных турыстаў. Праўда, пакуль найбольшым попытам карыстаецца кароткі маршрут паміж Сар’яй і Росіцай. Але цалкам магчыма, што ў будучыні гэты край стане больш прывабным у турыстычным плане, калі завершыцца падрыхтоўка дамовы аб малым памежным руху паміж краінамі ЕС і Беларуссю. Тады храмы і памятныя мясціны Верхнядзвіншчыны еўрапейцам можна будзе наведваць нават і без віз, а маршрут, распрацаваны дырэктарам СДК, займее сваіх прыхільнікаў…

Дарэчы, сама Алена Мінчанка таксама не мае спецыяльнай адукацыі — скончыла Магілёўскі педагагічны інстытут імя Аркадзя Куляшова, адпрацавала ў мясцовай школе блізу 30 гадоў. Але, як і Ірына Літвінава, на сваёй новай пасадзе “абжылася”: без яе ў аграгарадку не адбываецца ні адна значная культурная падзея. Напрыклад, штогод 8 ліпеня ў паселішчы ладзіцца “Дзень сям’і, кахання і вернасці”, на які прыязджаюць госці не толькі з наваколля, але і з Полацка ды Віцебска, а ў снежні на базе сар’янскага СДК распачынаецца сапраўдны баль маладых спецыялістаў раёна, дзе моладзь дэфіліруе ў прыгожых танцавальных строях, а пасля, у актавай зале, мае магчымасць паразмаўляць з кіраўнікамі раёна па тых ці іншых пытаннях, агучыць свае праблемы, запытацца пра перспектывы.

Дарэчы, у культурным крэатыве Алену Мінчанку ўсяляк падтрымлівае ейны муж Віктар Пятровіч, загадчык клуба-бібліятэкі ў Росіцы. Хай і ён таксама не мае спецыяльнай адукацыі, і не так ужо шмат чытачоў завітваюць у росіцкую “кніжніцу” ды прымаюць удзел у аматарскіх аб’яднаннях, але працаваць ім у звязцы, што ні кажы, значна лягчэй. Вось так і “шчыруюць” у творчым тандэме ўжо не першы год. І, як на мой погляд, даволі паспяхова...

Бігосава для бігасаў?

Апошнім маім прыпынкам стаў аграгарадок Бігосава, які, дарэчы, на днях адзначыў свой 150-гадовы юбілей. Па словах дырэктара бігосаўскага СДК Марыны Кіч, у яе “парафіі” прадстаўлены 11 гурткоў ды шматлікія творчыя аб’яднанні, сярод якіх ажно два калектывы са званнямі: народны вакальны гурт “Дзвінскія напевы”, а таксама народнае аматарскае аб’яднанне гульні, кухні і фальклору “Расіца”, у якім збіраюцца рэцэпты бігасу, крамбамбулі, бліноў з мачанкай і многіх іншых мясцовых смачных страў, што прынеслі заслужаную славу гэтаму краю.

Як кажа мастацкі кіраўнік установы культуры Марыя Ганчарова, працы заўсёды хапае: супрацоўнікі арганізуюць тэатралізаваныя прадстаўленні ў дзіцячым садку і ў школе, ладзяць канцэрты і лялечныя спектаклі, праводзяць вечары шансону, шматлікія конкурсы, шакалад-шоу і нават рок-фестываль, на які з’язджаюцца аматары і музычныя калектывы з усяго наваколля.

— Асноўны наш “прыварак” у план платных паслуг прыносяць усё ж такі канцэрты і тэатралізаваныя прадстаўленні, а вось дыскатэкі, на жаль, не карыстаюцца значным попытам, — кажа Марына Кіч. — Нягледзячы на гэта, на 1 ліпеня мы зарабілі больш за 35 мільёнаў рублёў у “старых” грошах, а план на ўвесь год — 55 мільёнаў. Так што, як бачна, пакуль што ідзём у гэтым плане згодна з графікам і нават яго крыху апярэджваем.

Дадам, што многія мерапрыемствы ва ўстанове культуры ладзяцца не толькі за бюджэтныя сродкі, а і пры дапамозе ці за грошы мясцовых спонсараў — сельсавета, лясгаса, прамысловага прадпрыемства “Інвет”, індывідуальных прадпрымальнікаў ды ўладальнікаў аграэкасядзіб, якія пасля атрымліваюць за гэта падзякі ў прэсе і на радыё… Так што і тут гаворка пра ўзаемакарыснае супрацоўніцтва бізнесу і культуры — цалкам дарэчы…

У якасці заключэння

“К” пабывала ў Верхнядзвінскім раёне прыкладна пяць з паловай гадоў таму. На жаль, з таго часу так і не было вырашана пытанне з рамонтам галоўнай установы культуры горада, не займеў свайго памяшкання Раённы дом рамёстваў, які сёння, разам з дзіцячай школай мастацтваў, перайшоў у будынак, дзе месцілася адна з гарадскіх школ. Да таго ж, не была створана і гарадская мастацкая галерэя, адкрыццё якой планавалася на базе комплекснага культурнага цэнтра, які мясцовыя ўлады задумалі стварыць у будынку кінатэатра: як адзначыла Надзея Масквічова, гэтаму перашкодзіла нястача фінансавання… Не кажу ўжо пра тое, што праектная дзейнасць, накіраваная на атрыманне грантаў з боку ЕС магла б весціся ў раёне больш паспяхова: мяжа, што называецца, побач! Многія раёны Беларусі маюць з падобнай грантавай дзейнасці, бывае, і не адну сотню тысяч еўра, прычым нават тыя, якім да мяжы з Еўропай яшчэ ехаць і ехаць…

З іншага боку, за мінулы час былі даведзены да ладу многія ўстановы культуры ў горадзе і на сяле, адкрыўся новы музей, запрацавала міні-кавярня і канферэнц-зала ў СДК аграгарадка Сар’я, паступова пераадольваецца кадравы “голад” — на вакантныя месцы прыходзяць маладыя спецыялісты. Усё гэта, зразумела, не можа не радаваць. Але, як заўважыла напрыканцы нашай размовы намеснік старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама Таццяна Севалкіна, рэзервы для далейшага развіцця мясцовай сферы культуры яшчэ ёсць. З гэтай высновай, дарэчы, пагадзілася і Надзея Масквічова, якая не раз падчас нашай паездкі па раёне казала пра не выкарыстаныя культработнікамі магчымасці, належную і сістэмную ініцыятыву, пра прыкладанне намаганняў у розных сферах дзейнасці, пра тое, што трэба ставіць і дасягаць пастаўленых задач і мэтаў. Словы, безумоўна, слушныя. Цяпер справа за дзеяннямі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"