“Разагрэў” — справа тонкая!

№ 35 (1265) 27.08.2016 - 03.09.2016 г

Замежныя выканаўцы ставяцца да каманд ці салістаў на сваім "разагрэве" па-рознаму. Мы звярнуліся да замежных музыкантаў, каб тыя выказалі сваё стаўленне да гэтай “праблемы”, уявіўшы, што іх выступ у нашай краіне жадае адкрыць беларускі выканаўца, праспяваўшы некалькі песень, да ўсяго — і на роднай мове. І вось што атрымалі ў адказ...

Гурт “The Tiger Lillies” (Вялікабрытанія):

“Наш гурт не любіць, каб яго “разагравалі” на канцэртах, і амаль ніколі да гэтых магчымасцей не звяртаецца”.

Барыс Грабеншчыкоў, гурт “Акварыум” (Расія):

“Перад намі ніхто ніколі не “разагравае” — мы і так граем занадта доўга. Але, каб хтосьці “разаграваў”, я ўзяў бы чалавека, ці людзей, якія граюць вельмі незвычайную ды светлую музыку, усё роўна на якой мове”.

Сяргей Скачкоў, былы вакаліст гурта “Зямляне” (Расія):

“Першы момант: павінна прысутнічаць неабходная апаратура, якая дазваляе без шкоды захоўваць настройкі некалькіх выканаўцаў, якія працуюць у розных кірунках. Iншае: няважна, у якім складзе або стылі і на якой мове працуе “разагрэў”. Галоўнае, каб людзі не падумалі, што ён — “разагрэў”, а прынялі яго такім жа, як і наступнага: паўнавартасным, прафесійным, таленавітым ды жаданым”.

Гурт “Час і шкло” (Украіна):

Пазітыў: “Гэта можа быць гурт, якi добра адчувае сучасную музыку і ўмее інтэрпрэтаваць музычныя тэндэнцыі ва ўласным стылі. Артысты на “разагрэве” павінны ўмець падрыхтаваць настрой публікі, “запаліць” людзей у зале да пэўнага ўзроўню эмоцый! Усё роўна, на якой мове будуць выконвацца песні, галоўнае — пасыл энергіі ў зносінах з гледачамі”.

Надзея Дарафеева: “Хацелася б убачыць выканаўцу ці выканаўцаў, якія валодаюць індывідуальнай “фішкай”— у стылі, іміджы, гучанні, падачы... Не настолькі важная моц вакалу, наколькі арганічнае спалучэнне музычнага матэрыялу ды абранага стылю. Нам патрэбныя запальныя, маладыя ды стыльныя артысты!”

/i/content/pi/cult/601/13367/13-1.jpg

Святлана Ханава, гурт “Пелагея” (Расія):

“Гурт “Пелагея” ніколі не выкарыстоўвае “разагрэў”. Па-першае, мы працуем, у асноўным, у сядзячых залах. Па-другое, гэты метад ніяк не стасуецца з нашым стаўленнем да публікі. Наша аўдыторыя ідзе на наш канцэрт, і дзіўна ставіць яе перад фактам, што выступленне “Пелагеі” будзе меншае, чым яны чакалі; у кошт білетаў, якія гледачы аплачваюць, уваходзіць выступ невядомых ім артыстаў, і адбываецца гэта без згоды інвестараў-гледачоў. Пагадзіцеся, гэта непрыгожа і несумленна.

“Разагрэвы” прыдуманыя прадзюсарамі ды прамоўтарамі, якія такім чынам робяць прома сваім малавядомым падапечным. Сітуацыя сумяшчэння мясцовых артыстаў з гастролямі іншых — гэта ўжо варыяцыі на “разагрэве”. Такую форму трэба ажыццяўляць на фестывалях, тады людзі не будуць дэзарыентаваныя. Альбо ў клубных канцэртах, якія праходзяць у больш свабоднай атмасферы, і ўдзельнікі абвяшчаюцца ў афішах”.

Міця Фамін (Расія):

“Для мяне абсалютна не важна, ці будзе гэта сольны вакаліст, інструменталіст або гурт, якую музыку ён будзе выконваць, на якой мове спяваць. Пол таксама не важны. Ён можа граць на нейкім інструменце, можа спяваць, а можа, гэта будзе наогул нейкі мультыінструменталіст! У спосабах самавыяўлення ніхто нікога не абмяжоўвае, і асабіста я адкрыты да любых праяваў творчасці. Заўсёды хочацца бачыць на сцэне кагосьці вельмі шчырага, бязмежна адданага мастацтву, які знаходзіцца ў пастаянных пошуках — гэтакую непрыкаяную душу. І вельмі важна, каб да гэтай душы прыслухоўваліся і астатнія душы, я маю на ўвазе публіку, каб душы суперажывалі і ядналiся! Я б не стаў запрашаць на “разагрэў” занадта вядомыя імёны, бо іх людзі і так ужо ведаюць, хай яны выступаюць самі! Мы проста можам апынуцца з імі ўдзельнікамі аднаго вялікага канцэртнага шоу, гэта таксама выдатна. Мне здаецца, “разагрэў” значна важнейшы для тых, хто пакуль не вядомы, каму патрэбна падтрымка. Гэта трыбуна, з якой можна быць пачутымі і ўбачанымі. У розныя часы свайго жыцця я “адкрываў” самых розных людзей, якія пасля ішлі сваёй дарогай. Я гатовы даваць маладым артыстам такі шанц”.

Наталля Ламаносава, дырэктар Ніно Катамадзэ і гурта “Insight” (Грузія):

“У нашага гурта на “разагрэве” ніхто ніколі не граў, мы не дазвалялі гэта рабіць нават сваім блізкім сябрам-музыкантам, нават сваякам, якія вельмі прыстойна граюць. Мы глыбока паважаем кожнага выканаўцу, кожную творчасць і верым, што менавіта ў гэтага музычнага праекта ёсць свая аўдыторыя, свой слухач”.

Раман Ягупаў, гурт “Zdob si Zdub” (Малдова):

“Было б выдатна, каб з намі на сцэне выступіў арыгінальны, сучасны або аўтэнтычны, артыст! І не важна, мужчына гэта ці жанчына, гурт ці дзі-джэй. Галоўнае, быць на адной пазітыўнай хвалі!”

Вольга Кармухiна (Расія):

“Артыст павінен быць яркім, арыгінальным ды добрым. Усё астатняе значэння не мае — мова, пол, узрост”.

Рэнарс Кауперс, гурт “Brainstorm” (Латвія):

“У нас няма нейкіх асаблівых пераваг у фарматах, мовах або жанрах. Трэш-метал там ці нешта яшчэ. Я не кажу, што гэта дрэнна, проста мы мала сумяшчальныя... Хоць мы, напрыклад, і гэта можам паслухаць. Але проста ў нас розная аўдыторыя. Адзіны крытэрый — нам павінна падабацца гэта творчасць, хто б гэта ні выконваў — жанчына, мужчына, гурт. Сапраўды гэтак жа як і нас выбіралі ў свой час “Depeche Mode”, “The Rolling Stones” і іншыя для “разагрэву”. Проста слухалі пару трэкаў і адказвалі, што гэтая музыка iм пасуе. Проста гэта павінен быць наш чалавек, наш гурт!”

Армэн Грыгаран, гурт “Крэматорый” (Расія):

“Уся складанасць “разагрэву” заключаецца ў тым, што гэта можа сапсаваць узаемаадносіны паміж музыкантамі двух гуртоў. Шматлікія выступленні каманд на “разагрэве”, прычым, каманд, упэўненых у сабе, гатовых “разарваць” аўдыторыю, заканчваліся фіяска. А часам і недвухсэнсоўнымі просьбамі вызваліць сцэну. І кожны раз чамусьці музыканты крыўдзіліся на нас. У выніку мы вельмі насцярожана ставімся да “разагрэву”. Праграма ў нас сольная, доўгая і на яе прыходзяць прыхільнікі гурта. Ёсць такi выдатны гурт “Сплін”, якi калісьці выступаў на “разагрэве” “The Rolling Stones” у “Лужніках”. Паўтаруся, гурт сапраўды добры, але такога шквальнага пасылання на тры літары ад стадыёна ў адзіным парыве Аляксандр Васільеў (лідар “Спліна”), вядома, не заслугоўваў. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра нейкую ненаўмысную падставу, таму ашалелым музыкантам, якія рвуцца на “разагрэў”, не разумеючы, куды яны прыйшлі, мы спрабуем растлумачыць, што неабходная нейкая жанравая сумяшчальнасць на сцэне. Пры гэтым мова, пол, сексуальная арыентацыя не адыгрываюць аніякай ролі. Галоўнае — арганічна ўпісацца ў “спектакль”.

Надзя Ручка, гурт “Бліскучыя” (Расія):

“Мне здаецца, у першую чаргу гэта павінен быць выканаўца, які працуе з намі ў адным стылі — лёгкай танцавальнай папулярнай музыкі. Бо публіка прыйшла менавіта на наш канцэрт і чакае пэўныя эмоцыі. Было б дзіўна, каб перад “Бліскучымі” выступаў рок-выканаўца. А вось ідэя з песнямі на беларускай мове мне падабаецца. Я ведаю, што ў Беларусі ёсць шмат вельмі таленавітых мясцовых артыстаў. Пол ды колькасць удзельнікаў на сцэне, думаю, таксама не мае значэння. Галоўнае, каб адразу была створана атмасфера, якую прыйшлі адчуць гледачы. Добры настрой, пазітыў”.

Гурт “Танок на майданi Конга” (Украіна):

“Для пачатку трэба было б паслухаць артыста. А хлопец гэта ці дзяўчына, гурт або сола-выканаўца — не мае значэння. Важная толькі музыка”.

Хочаце вы ці не, але перыядычна сутыкацца з “разагрэвам” давядзецца. Ды і тыя з “рэспандэнтаў”, чые думкі на першы погляд здаюцца катэгарычнымі, усё ж зрэдку дапускаюць да сваіх канцэртных целаў калегаў-абарыгенаў. А нашым зорачкам, якія мараць апынуцца на адной сцэне з музычнымі галактыкамі, спадзявацца ёсць на што. Пішыце лісты, тэлефануйце. І хай застанецца з вамі ўдача!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"