“Кін-дза-дза” незвароту?

№ 35 (1265) 27.08.2016 - 03.09.2016 г

Непрадказальны свет і... назад у мастакі
Пры яго самым непасрэдным удзеле пачынаўся той самы беларускі рок, які многія меламаны і па гэтую пару лічаць узорам для сучаснай айчыннай альтэрнатывы. Ён уваходзіў у склад двух культавых айчынных гуртоў, адзiн з якіх па-ранейшаму запісваецца, здымаецца і выступае. У iм артыст як граў, так і працягвае граць на барабанах. Нармальны такi рокер са стажам, які не знаходзiць у нашым цяперашнім рок-н-роле такіх адкрыццяў, каб спрэс “зносіла” галаву (“Мутнаевока” і “Akute” — добрыя калектывы, але не настолькі”, — кажа ён). У творчасці сённяшніх музыкантаў яму не хапае ідэй — выразна сфармуляваных, галоўных, асобасных, звязаных з набалелым. Тэм — імгненна-актуальных і вечных — не пералічыць, а скласці і праспяваць пра іх так, “каб душа спачатку разгарнулася, а потым назад — згарнулася”, цяперашняе пакаленне не можа. Не здольнае яно — асцярожнае, ашчаднае і прагматычнае — выйсці на сцэну з шашкай нагала на праблему. А вось у іх гады, калі трава была... блакітнейшая, чым цяпер, неба... зелянейшым, дрэвы — вялікімі, запыты — малымі, і нараджаліся хіты на ўсе беларускія часы, нараджаўся сапраўдны сакральны беларускі андэрграўнд. Трэцяе пакаленне беларускага року на старонках “К” прадстаўляе Алег ДЗЕМІДОВІЧ.

— Нейкая ціша ды роўнядзь запанавалі вакол “N.R.M.”...

— Канцэртаў менш, згодны. З чым звязаны такі “прыпынак”? Можа, з тым, што ў нас няма менеджара, які прабіваў бы выступы. (Піт Паўлаў займаецца гэтым, але ў яго і акрамя гурта спраў хапае.) Можа, з вядомай эканамічнай сітуацыяй, якая ўплывае і на музычны бізнес. Ва ўсіх нашых артыстаў, які жанр яны ні прадстаўлялі б, з гастролямі за мяжой стала больш складана. А мы ж таксама яшчэ нядаўна гралі ва Украіне, Расіі. Калі ў Польшчы ў гурта быў арганізатар канцэртаў, былі і рэгулярныя гастролі. Але перыядычна з’яўляюцца запрашэнні, значыць, цікавасць да “N.R.M.” не згасае.

— Песень у вас нова-цікавых не з’явілася...

— Я не лічу наш апошні альбом “Д.П.Б.Ч.” нецікавым, а песню “Мроя мая” аднёс бы да лепшых рэчаў гурта за ўсю яго гісторыю. Альбом цалкам адпавядае нашаму сенняшняму стану. Гэта значыць, мы не будуем ілюзій наконт сваёй будучыні, ёсць ноткі настальгіі па мінулым і... жаданне развівацца.

/i/content/pi/cult/601/13366/12-1.jpgАлег Дземідовіч на фоне гарадскога пейзажу, не нашага, але зробленага яго рукамі. / Фота аўтара

— Кінарэжысёр Георгій Данелія ў адным са сваіх інтэрв’ю прызнаўся (агульны сэнс перадаю), маўляў, ўсё, што ён рабіў пасля “Кін-дза-дза”, у актыў сабе не занёс бы. Што ранейшага творчага ўзроўню яму не дасягнуць, а таму больш ён нічога здымаць не будзе...

— Зразумела. Але думка пра тое, што мы напішам нешта вартае, нас не пакідае!..

— Напэўна, многія нашы чытачы здзівяцца, калі даведаюцца, што аўтарам тэкстаў шматлікіх хітоў “Мроi” і “N.R.M.” з’яўляешся ты, а не Лявон Вольскі. Гэта, напрыклад...

— “Краіна крывавых дажджоў”, “Зондаркаманда”, “Белыя лебедзi”, “Лепей не будзе”, “Чыстая-светлая”, “Мама, тата, гэта я”, “Кiтай”. Для песні “Катуй-ратуй” Лявон прыдумаў толькі два, але ключавыя, гэтыя словы, а я, адштурхоўваючыся ад іх, — астатні тэкст. Да некаторых песень я і музыку стварыў. А “Стары храм” і “Я — рок-музыкант!” мы напісалі ўтрох з Валодзем Давыдоўскім і Вольскім.

— Я не памыляюся: ты ж у сярэдзіне 2000-х думаў, ці не сыходзячы з “N.R.M.”, арганізаваць уласны поп-рок-праект?

— Так, былі песні, была думка сабраць пад іх музыкантаў-інструменталістаў, а я б спяваў. І з ёй я насіўся да таго моманту, калі Вольскі апынуўся па-за “N.R.M.”, пасля чаго трэба было рэанімаваць гурт. Стала не да асабістых творчых амбіцый. У прынцыпе, ад гэтай задумкі я яшчэ не адмовіўся, ідэі на антрэсолях яшчэ захоўваюцца.

— Можа, наступіць такі час, калі пра “N.R.M.” зноў загавораць, як пра першы гурт краіны?

— Свет такі непрадказальны... “N.R.M.” гурт непрадказальны...

— Але сёння тысячную залу вы не збераце?

— Не. Сёння мы выступаем у клубах, як і многія каманды. Тры канцэрты ў клубе — вось і тысяча.

— І чаго дзіды ламалі? Ніяк нельга было ператрываць астуджэнне Вольскага да “N.R.M.”?

— Ну колькі можна пра гэта... Лявону аднаго “N.R.M.” заўсёды было мала. Спачатку мы разам з ім акампанавалі Касі Камоцкай у “Новым небе”, потым у яго ўтварыўся “Zet”, потым “Крамбамбуля”...

— А Піт, напрыклад, граў у “Kriwi”, затым стварыў “Garadzkija”, “Pete Paff”...

— Піт не быў фронтмэнам “N.R.M.”... Ты задаеш пытанне, а адказ да канца не выслухоўваеш. Маё меркаванне: Лявон заўсёды імкнуўся яшчэ і да сольнай творчасці, і, нарэшце, ён да яе, па сутнасці, прыйшоў: я маю на ўвазе праект “Volski”. Казаў пра тое неаднаразова, але для цябе спецыяльна паўтару: мы рассталіся з Лявонам таму, што назапасілася стомленасць, таму, што разам працаваць ужо не маглі, а кропку паставіць не наважваліся. (Наколькі я ведаю, Лявон у чымсьці прытрымліваецца падобнага меркавання.) А як мы рассталіся — прыгожа, непрыгожа, з крыўдамі, без крыўд — кожны вольны мець на тое свой погляд. І мае такі.

— Вольскі ў інтэрв’ю “Культуры” сказаў, што не выключае таго, што “N.R.M.” у будучыні для шэрагу канцэртаў можа адрадзіцца ў “залатым” складзе...

— І я не выключаю... Свет такі... непрадказальны! Трэба ўсяго толькі для пачатку рэанімаваць давер і забыцца на свае крыўды. Вельмі дапамог бы кантракт, распісаны па пунктах. Тут без аўтарытэтнага прадзюсара не абысціся. Музыканты не змогуць паміж сабой дамовіцца, таму што ў нас не хопіць цярпення, адказнасці і здаровага сэнсу. Але не выключаю і таго, што ў нейкай будучыні, напрыклад, Юрась Ляўкоў сыдзе з “N.R.M.”. Ці я. І “N.R.M.” тады сапраўды перастане існаваць.

— Больш падрабязна пра твой “сыход” гаворым?

— Гаворым. Апошнія чатыры гады я сур’ёзна займаюся на заказ роспісам сцен жылых і грамадскіх памяшканняў (контурная графіка, жывапіс), малюю на іх гарадскія пейзажы. Мая праца настолькі запатрабаваная, што ў чаргу да мяне стаяць людзі, якія пражываюць у Германіі, на Кіпры. Мне гэты занятак вельмі падабаецца, ён прыносіць нядрэнны прыбытак, і можа стацца так, што давядзецца выбіраць: і далей працягваць выступаць у “N.R.M.” ці ж сканцэнтравацца толькі на дызайне інтэр’ераў.

— У Мінскім мастацкім вучылішчы ты вучыўся разам з Вольскім?

— І з Валодзем Давыдоўскім. Ён у яго сценах у 1981 годзе і задумаў гурт, якi з часам стаў называцца “Мроя”, а мяне запрасіў у калектыў аднагрупнік Вольскі. Ну як тады рок-гурты ствараліся? “А хочам граць рок, а давайце гурт збяром!” Так і мяне паклікалі на першую рэпетыцыю. “На чым умееш граць?” — “На баяне трошкі”. — “Баяніст не патрэбны. Будзеш барабаншчыкам”. І я пачаў у яго ператварацца, цэлы год слухаў усе запар барабанныя партыі ў запісах — рок, джаз, яшчэ што-небудзь.

— “Энэрэмшчыкаў” і па гэтую пару прафесійныя музыканты папракаюць у тым, што яны граць не ўмеюць...

— Сустракаліся з гэтым пастаянна. Узнагароджвалі “N.R.M.” якой-небудзь чарговай прэміяй на чарговым фестывалі і пачыналася: “Каму?.. “N.R.M.”?!.. Гэтым самавукам?.. Кашмар...” І сёння папракаюць, нічога не змянілася.

— Давыдоўскаму біяграфія “Мроi”, апісаная Віктарам Дзятліковічам у кнізе “Iх Мроя. Iх N.R.M.”, мякка кажучы, не спадабалася. А табе?

— “Iх Мроя. Iх N.R.M.”, яго кніга... Ну, няпраўды там адкрытай няма, я з Валодзем не згодны... Мяне яна задаволіла. Задаволіла, як я ў ёй выглядаю, без прыкрас, аб’ектыўна... Вядома, кожнаму хочацца, каб аўтар больш надаў увагі яго багатаму ўнутранаму свету, непаўторнасці і яркасці таленту, але, на жаль, гэта засталося паміж радкоў. Нядаўна перачытаў гэтую кнігу, і яна мне яшчэ больш спадабалася. Чытаецца лёгка. У памяці ўваскрашаецца атмасфера апошніх гадоў развітога сацыялізму, без чаго наогул складана зразумець значэнне “Мроi” для беларускага року.

— ...Часам гісторыя паўтараецца: у выглядзе трагедыі ці фарсу. У канцы 1980-х па-за “Мрояй” апынуўся яе бацька-заснавальнік Давыдоўскі. У 2011-м з “N.R.M.” развітаўся і іншы яе арганізатар...

— Смешна, але так. Паралелі сякія-такія прасочваюцца. У “Мроі” мы тады дайшлі ўжо да хард-н-хэві, які толькі дурні не гралі. Дайшлі так, што аж ванітавала ад яго. Да абсалютнага тупіку прыйшлі. І адносіны ўнутры каманды змяніліся. Давыдоўскі перастаў быць яе лідарам, што яго, вядома, пакрыўдзіла. Ён стаў як бы ўхіляцца ад гурта, проста прыходзіў на рэпетыцыі і глядзеў на іх збоку, не ўдзельнічаючы ў агульным працэсе падрыхтоўкі песень. У канфрантацыю з мардабоем уся гэта справа не перарасла, але канфлікт, натуральна, абароты набіраў. Чалавечыя ніткі, якія звязвалi Валодзю з намі, з кожным днём станавіліся ўсё танчэйшымі. І, у рэшце рэшт, абарваліся.

— “Мрою” называюць легендарным беларускiм рок-гуртом. Ёсць за што?

— Як гурт, якi адным з першых у краіне пачаў спяваць па-беларуску, легендарным, напэўна, яго назваць можна. А так... Гады два мы вучыліся граць, спяваць і пісаць песні. Толькі сталі выступаць, як армія. Потым гады тры былі дастаткова актыўнымі, калі запісваліся альбомы, калі больш-менш канцэртавалі. А потым сышоў Давыдоўскі і пачаліся доўгія пробы гітарыстаў на яго месца. Па сутнасці, мы спынілі сваё існаванне як гурт, якi рэгулярна іграе, годзе ў 1991-м. Гэта значыць, па вялікім рахунку, “Мроя” пражыла гадоў 5-6.

— І ў 1994-м нарадзілі “N.R.M.”, зайграў грандж, які ў той час толькі...

— Але класна ж зайгралі? Класны гітарны рок.

— Спрэчкі няма. Дарэчы, чаму вы, пачаўшы ў “Мроі” спяваць на рускай, затым перайшлі на беларускую мову?

— Мы павінны былі выступіць у Маскве. Ну, як выступіць... Нас упісалі праз нейкія хiпарскiя камуны на невялікія падпольныя канцэрцікі. І Давыдоўскі, каб вылучыцца, абазначыць сябе, прапанаваў праспяваць што-небудзь на беларускай. У Маскву мы так і не паехалі, а ідэя спяваць на беларускай мове засталася. І яна вось так паступова ўвайшла ў нашу музыку, а потым у паўсядзённы ўжытак. На 4 курсе на занятках па гісторыі мастацтва мы ўжо адказвалі па-беларуску. Мова для нас застаецца нязменнай, усё астатняе мяняецца...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"