Беларускае ўварванне на заходнім медывал-фронце

№ 35 (1265) 27.08.2016 - 03.09.2016 г

Са “Старым Ольсам” па ЗША: у кожным жарце ёсць месца канцэртнаму туру
Ужо гэтымі днямі (і яшчэ амаль два месяцы) беларускі гурт сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса” скарае Злучаныя Штаты Амерыкі. Айчынны прадзюсар Віталь Супрановіч так сказаў у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы пра гэту падзею: “Роўна 40 гадоў таму пачаліся гастролі легендарных “Песняроў” па ЗША. Праз 40 гадоў не менш легендарныя “Стары Ольса” рушылі заваёўваць Злучаныя Штаты! Супадзенне? Не думаю!” І адразу прыгадваецца фраза з нейкай заакіянскай газеты ў 1976-м: “рускае ўварванне на заходнім рок-фронце”. Мы яе смела карэктуем (як гэта варта было рабіць і тады, каб жылі “Песняры” ў рэаліях больш блізкіх да нашага часу): уварванне — адназначна беларускае, а фронт — цяпер медывальны, сярэднявечны. Наша газета будзе сачыць за выступамі гурта і, па меры паступлення свежай інфармацыі, паведамляць вам пра тое, як праходзіць тур.

А пачыналася ўсё, як згадвае лідар мінскай каманды Зміцер Сасноўскі, з жартачак. На сваіх канцэртах каманда перыядычна выконвала каверы сусветных рок-хітоў, сёе-тое з гэтых версій запісвала, выкладала ў інтэрнэт. Ініцыятыву заўважылі на адным з цэнтральных беларускіх тэлеканалаў, у музычным праекце якога калектыў адзначыўся з варыяцыямі знакамітых шлягераў. Яны таксама трапілі ў сеціва. І вось на ансамбль абрынуўся шквал прапаноў пра выступы ў розных краінах — як са згаданымі перапрацоўкамі, так і з уласным, амаль аўтарскім, багажом — адаптаванай сярэднявечнай беларускай музыкай. Вывучыўшы попыт, артысты выбралі амерыканскага прадзюсара: ён вабіў турам па ЗША, папярэднічаць якому мусіў выхад кавер-альбома. Дыск “Medieval Classic Rock” зрабілі ў выніку збору грошай шляхам краўндфандынгу (з гэтай часткай праблемы не ўзнікла: сродкі сабраліся спаўна ў вызначаны тэрмін), ён толькі-толькі пабачыў свет (і “К” абавязкова прапануе дзве рэцэнзіі на альбом у адным з бліжэйшых нумароў пад рубрыкай “Аўдыя & Відэа”).

/i/content/pi/cult/601/13365/9-1.jpg

Нарэшце, 17 жніўня “...Ольса” выправіўся ў заакіянскае турнэ, падчас якога дасць 40 канцэртаў. Прычым толькі адзін — мікс з кавераў і музыкі старадаўняй, усе астатнія цалкам з кампазіцый музыкі сярэднявечнай, Рэнесансу і барока. Перад ад’ездам гурт паведамляе: “Заўтра ляцім у Сан-Францыска, дзе пачнецца наш вялікі тур па ЗША з прэзентацыяй новага альбома. Не маем дастаткова часу, каб пісаць прэс-рэлізы. Найлепшы рэліз — гэта вашы ўражанні і адчуванні! Слухайце, набывайце, пампуйце альбом і пішыце свае рэакцыі, дзяліцеся музыкай з навакольным светам! Дзякуй усім! На сувязі онлайн!” Урэшце, гэтак і мы дамовіліся пра сувязь з камандай, у прыватнасці, з яе лідарам Зміцерам Сасноўскім. Тым часам гурт падпісаў першыя 30 паштовак тым, хто выбраў іх у якасці падарунку за свой унёсак у будучы дыск. Таксама ахвярадаўцы ў “асабліва буйных памерах” атрымалі гуслі ад Алеся Чумакова, скураную торбу ад Зміцера Сасноўскага і кухарскую кнігу ад Сяргея Тапчэўскага.

Такім чынам, першыя дні. Вось што апавядае Зміцер па прыездзе: “Шчыры дзякуй усім! Бус знайшлі. Новенькі, 2 тысячы толькі прайшоў. За стырном будзе наш прадзюсар Джанін і мы ёй на змену. Ніякіх рускамоўных клубаў (Гэта ў адказ на параўнанне з амерыканскім турам гурта “Brutto” з Сяргеем Міхалком на чале. — Рэд.): у нас фэсты, універы, канцэрт-холы і амерыканскія клубы”. Адна з пляцовак, дарэчы, — адкрыты “Элізабэт-тэатр”, дзе ладзяцца праграмы арэгонскага шэкспіраўскага фестывалю. У адной з іх і выступалі беларусы. А што, амаль творчыя сучаснікі “Уільяма нашага Шэкспіра”! А ў штаце Юта выступ на рэнесансным фэсце. Таксама поўны “айс” паводле тэматычнай адпаведнасці.

Уражанні той самай Джанін пасля сустрэчы таксама станоўчыя: “Тур, дзень 1. Усё добра. Няма праблем са знаходжаннем тут, з фургонам, з гуртом. Знаходзім начлегі, рыхтуем кашулі-цішоткі для продажу, склалі ў скрынку 150 кампакт-дыскаў. Уф! Першае шоу сёння ўвечары ў Сан-Францыска! Той куток, дзе мы жывём, пабудзілі ранкам гукі гусляў. Дарэчы, мая руская мова становіцца больш-менш!”

Першы канцэрт “…Ольсы” за акіянам — 19 жніўня. На наступны дзень каманда ў відэа для сваіх прыхільнікаў на суровым скразняку пагоркаў Сан-Францыска сведчыць, што прэзентацыя новага альбома “адбылася вельмі-вельмі добра”, на падзеі сабралася шмат людзей, хапала цікавостак. Тым часам і заакіянскія прыхільнікі пішуць пасля гэтага і наступных выступаў у штатах Вашынгтон, Арэгон, Юта: “Мы ганарымся вамі!”, “Ужо не можам дачакацца заўтрашняга выступу”, “Неверагодна, што вы ў Амерыцы!”, “Хацеў пабачыць вас 1 верасня ў сваім горадзе, ды, на жаль, буду працаваць”, “Цудоўна правёў час на вышым канцэрце, а таксама сустрэўшы вас у горадзе Напа ўчора вечарам. Ваша адданасць рамяству — неверагодная!”, “Дзякую за ваша прадстаўленне на летняй сцэне Дзювала! “Highway to Hell” і “The Wall” былі выбітныя. “Байда” і “Каваль” ды барабаны — дасканалыя! Калі ласка, завітайце сюды зноў у сваім наступным туры!”

А яшчэ і ў мясцовых газетах дадаліся прыязныя водгукі. Нарэшце, пасля канцэрта ў горадзе Дзювал беларуска, што жыве ў ЗША, Вольга Дземка (“К” пісала пра яе дакументальны фільм “Песні старой Еўропы — старажытныя беларускія народныя песні” ў № 26) зазначыла: “Паслухаць беларускую мову са сцэны ў штаце Вашынгтон ды яшчэ задарма — нешта неверагоднае! Добрага вам падарожжа, паспрабуйце неяк адпачыць!” (Дарэчы, на канцэрце быў, няхай сабе і ў няпоўным складзе, ейны гурт “Volya”.)

Але на адпачынак, мяркуем, у “ольсаўцаў” часу і не стае, хаця б з той прычыны, што графік гастроляў больш чым шчыльны. Напэўна, таму і хроніка падзей выглядае досыць фрагментарнай. Але паспрабуем ахапіць яе. На “Ольсабусе” (а гэта гібрыд джыпа з элементамі лімузіна белага колеру) прымацавана шыльда, дзе штодня крэйдай перапісваецца наступная лакацыя і канцэрт. А што? Бясплатная перасоўная рэклама!

На канцэрце ў Дзювале адбылася прыемная сустрэча гурта з адным з фундатараў яго альбома Леландам Ліндхартам. Пасля таго ж выступу “Стары Ольса” атрымаў цыдулку з пытаннем ад гледача: “Пабачыў вашы забаўныя рэнесансныя інструменты. Слухайце, а вы мясцовыя? Напішыце мне на “мыла”. У доме, дзе начавалі музыканты, флейтыстка Марыя Шарый натрапіла на сапраўдную хатнюю індычку. А ў Эшландзе, штат Арэгон, паспела засняць чацвёрку касуляў проста на гарадскім скрыжаванні. Каментатары жартуюць: “Яны бягуць набываць білеты на канцэрт”, “Дык гэта ж “Бітлз” — я пазнаў!” Марыя зазначае, што ў ЗША такія госці на вуліцах нават невялікіх гарадкоў з’ява гэткая ж нязвыклая, як і ў Беларусі.

А вось што зноў піша менеджар “…Ольсы” Джанін Рэнэ пад адным са здымкаў з бэкстэйджу: “Спяваюць “Californication” пад поўны аншлаг, вакол — натоўп!” Яна ж робіць кадры з касцюмамі гурта, фіксуе моманты з грымёрак. А пасля раптам дадае: “Дзіўнае нешта адбываецца пад ігру лютні. Пачуваюся прынцэсай. І зусім не з “Гульні тронаў”, скажам…”

Такімі выдаліся першыя дзесяць дзён амерыканскага турнэ “Старога Ольсы”. Бярэм на сябе прыемны абавязак працягваць сачыць за падзеямі і дзяліцца сабраным “дасье” з чытачамі. А гурту зычым поўных залаў!

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах
Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"