А штосьці галоўнае не ў канцэнтраце...

№ 35 (1265) 27.08.2016 - 03.09.2016 г

Так бывае, што ў плыні інфармацыі, якую і шукаеш, і быццам з ёй працуеш, губляеш галоўнае. Сацыяльны фатаграфічны праект “Кандэнсат” Сяргея Гудзіліна ў прасторы “Цэх” пакідае гледача на гэтай стадыі. Але і сам на ёй застаецца.

/i/content/pi/cult/601/13364/8-3.jpgНекалькі гадоў прафесійнай працы фотажурналіста, старанна адабраныя адбіткі, прадуманыя відэа і аб’екты плюс заслужаныя ўзнагароды дазваляюць Сяргею Гудзіліну рабіць, здавалася б, нелагічную выснову — аб “мультыкультурным хаосе”. Мне падалося гэта дыялектычным і паказальным: быць аўтарам вельмі дакладных, інфарматыўных рэпартажаў, а ў выніку казаць пра адсутнасць сэнсу. Што, дарэчы, зафіксавана ў мностве фактаў, але не можа (пакуль) быць апісана інакш, чым хаос.

Сам па сабе гэты масіў візуальнай інфармацыі не можа генераваць значныя, самыя сутнасныя для грамадства ідэі. Чаму так? Няма адказу канкрэтнага, але ёсць экзістэнцыйная горыч страты, сум па нязнойдзеным, незразумелым. А ва ўжытковым значэнні гэта ўсё ж такі выводзіць праект да мастацкага прачытання, канцэптуальнага, але і больш пачуццёвага. Мне здаўся цікавым разгорнуты эпізод з першымі палосамі газет, пачынаючы з 2011 года. Вось гэта мэтанакіраваная праца. Актуальная, раздражняльная, яна — добрая падстава для разваг.

Экспазіцыя “Кандэнсату” — у пэўнай ступені агляд рэсурсаў, якія фарміруюць наша ўяўленне аб парадку рэчаў. Штодзённым, які далучае ў сваю структуру сотні тысяч людзей. Але ў 8-хвілінным відэа “Па краi” — тое ж адчуванне абсурду: нагрувашчванне прамоваў, кароў і сабак, старых, святаў становіцца дамінантным. Вока яшчэ ўлоўлівае “высокае” і камічнае, з’яўленне двайнікоў, паралельныя сюжэты і іншыя структурныя хады, але... усё гэта пра ўсё і ні пра што адначасова. Спрабуе задаваць аўтару пытанні філосаф Максім Жбанкоў, але гутарка тут жа аказваецца пахаванай пад валам ці то навінаў, ці то сімулякраў. І гэта, вядома, стылізацыя пад архіўныя матэрыялы. Гэта значыць падвойнае адлюстраванне: перазапіс ужо наяўных відэазапісаў. Вельмі цікавае “Меню для продкаў” — таксама падвойнае адлюстраванне хрысціянства і язычніцтва, вызначанага стандарту зносін, свята і пахавання, для сваякоў і чужынцаў, у мінулым і сучаснасці.

Наогул, у нейкі момант адчуванне “а нешта галоўнае прапала” перарастае ў боязь фэйкавай сітуацыі. Разрыў адчування рэальнасці і яе трансляцыі, маркетынгавых стратэгій проста жахлівы. Гэта ўсё філасофскія пытанні: росквіт “вылічальнага” і згасанне “асэнсаванага” мыслення прадбачыў Марцін Хайдэгер яшчэ ў 1955 годзе. (Тэкст “Адлучанасць”, заснаваны на прамове ў гонар 175-й гадавіны кампазітара Крэйцара).

То бок, у дадзеным выпадку мы маем справу толькі з візуалізацыяй праблемы, на некалькі парадкаў абвостранай у параўнанні з сярэдзінай мінулага стагоддзя. Настолькі ўсё не сапраўднае, ды яшчэ падвойная цэнзура спрэчнага сімвала ў “Без Словаў”. Я асабіста не зусім памятаю, што там было першапачаткова, але факт перманентнага зафарбоўвання ў памяці застаецца. Як быццам і праўда прывітанне Малевічу: у яго быў маніфест заканчэння салоннага мастацтва, а ў нас праз сто гадоў — канец асэнсавання мастацтва ў прынцыпе.

Строга кажучы, мне не блізкая ні метафара кандэнсату, ні вобраз цяпліцы. Закрытасць грамадства для сучаснай Беларусі не рэальная, калі толькі не абмяркоўваць сацыяпатаў — людзей, якія страцілі сэнс адкрытага ладу жыцця. Пра сам праект фотарэпарцёра можна было б сказаць, што гэта свайго роду канцэнтрат — абагульненне зробленага, самых яркіх грамадска-палітычных падзей, якія адбыліся ў краіне, і спроба іх асэнсавання. У гэтым значэнні гэта ёмісты агульны назоўнік.

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-крытык