Культурныя ініцыятывы грамады

№ 35 (1265) 27.08.2016 - 03.09.2016 г

Сёння зноў вяртаемся да тэмы культурных ініцыятыў, якіх чакае Міністэрства культуры краіны ў рамках абвешчанай акцыі. Журналісты "К" пачалі выказваць меркаванні ў № 32.

(Заканчэнне. Пачатак у № 32, 34.)

Калі дыялекты — на вагу золата

Пошук праектаў і ініцыятыў сёння, на мой погляд, справа няўдзячная, бо ўсе яны ўжо даўно ёсць у тым ці іншым раёне Беларусі. Праўда, на рэалізацыю задуманага часам не стае фінансаў.

Скажам, я ўжо не раз пісаў пра абласныя ды міжнародныя інвестфорумы, на якіх аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі з усіх куткоў краіны прадстаўляюць свае планы інвестарам. Хтосьці на гэтых бізнес-пляцоўках дэманструе праекты па адкрыцці парка культуры і адпачынку з сучаснымі атракцыёнамі, нехта — задумкі па будаўніцтве культурна-забаўляльнага цэнтра ці арт-галерэі, а іншыя мараць пра стварэнне Музея дзяцінства ці арганізацыі пленэраў у вясковым антуражы./i/content/pi/cult/601/13356/3-3.jpg

Але амаль заўсёды планы застаюцца толькі на паперы — інвестары сёння не надта ахвотна ўкладаюцца ў сферу культуры, і гэта той факт, ад якога наўрад ці можна адмахнуцца. Справа тут і ў благой рэкламнай кампаніі ды піяры з боку работнікаў сферы культуры, і ў адсутнасці бізнес-планаў у пераважнай большасці праектаў, і ў пакуль што не надта спрыяльным інвестыцыйным клімаце: напрыклад, паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэта, аб’ём інвестыцый у асноўны капітал у Беларусі ў студзені-ліпені 2016 года зменшыўся ў супастаўных цэнах у параўнанні з аналагічным перыядам 2015-га на 20,6 працэнта.

Калі ж уявіць, што значныя фінансавыя сродкі на твой праект гатовы даць і дзяржава, і прыватныя асобы, — без усялякіх там бізнес-планаў ды праліку самаакупнасці, — дык, скажам, мая мара тычыцца стварэння ў Беларусі сайта, на якім было б змешчана невымернае багацце дыялектнай мовы нашай краіны. Так бы мовіць, адзінага сайта з непаўторным — ва ўсіх сэнсах — гучаннем.

На ім маглі б быць прадстаўлены тэкставыя запісы гаворак бабуль і дзядуль з-пад Пінска і Верхнядзвінска, сакавітыя расповеды сталых жыхароў вёсак пра вайну ці падзеі “за польскім часам”, запісаныя на дыктафон з якасным гукам, відэафайлы гутарак як з тымі ж бабулямі, так і з айчыннымі ды замежнымі дыялектолагамі, якія распавядалі б пра свае палявыя даследаванні гаворак ці дэманстравалі вынікі сваёй працы.

Нешта ў гэтым кірунку, наколькі я ведаю, робіцца ў кожным раёне Беларусі, а таксама, натуральна, у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у Студэнцкім этнаграфічным таварыстве і Інстытуце культуры краіны, прыватнымі аматарамі ды лічанымі навукоўцамі. Але ўсё адно гэтая праца, на мой погляд, не мае сістэмнасці, арганізаванасці, не хапае ёй, натуральна, і моцнай дзяржаўнай падтрымкі на ўсіх узроўнях — ад сельсаветаў да профільных упраўленняў аблвыканкамаў. Так што наўрад ці падобныя ініцыятывы “на месцах” могуць цалкам задаволіць як мовазнаўцаў, так і неспецыялістаў, якія цікавяцца гаворкамі сваёй краіны.

Між тым, дыялектная мова сёння, як і дзесяць, і дваццаць гадоў таму — на вагу золата. Усе гэтыя “сковорідныкы”, “квашаліны”, “буські”, “капяжы” — калі хто не ведае, што гэта значыць, няхай зазірне ў дыялектныя слоўнікі… Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў — і проста сыдуць у нябыт тыя яе носьбіты, якія яшчэ засталіся жыць у вёсках ды невялікіх гарадскіх паселішчах, а на змену аўтэнтыцы прыйдзе звычайная трасянка. Пакуль яшчэ ёсць час, варта задумацца пра такі калектыўны збор дыялектаў, зразумела, пры падтрымцы і ў супрацоўніцтве з Акадэміяй навук, аддзеламі ІРКСМ, бібліятэкарамі і музейшчыкамі, аматарамі ды валанцёрамі. Іначай час для гэтай вялікай і значнай работы проста міне. Чаго нашчадкі нам ніколі не даруюць.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

З банкам ідэй — хоць ва-банк!

Важкім момантам для абвешчанай акцыі па зборы ініцыятыў у сферы культуры стане іх сістэматызацыя і фіксацыя. Дый наогул, маніторынг такіх прапаноў, што апошнім часам з зайздроснай перыядычнасцю выказваюцца ў публічнай прасторы, а магчыма, нават стварэнне іх банка.

Адзін з айчынных бізнесменаў нядаўна сказаў: “Праз пару гадоў мы будзем зарабляць выключна на брэндах”. Адносна развіцця культуры дадам: і на ідэях. Менавіта таму іх аб’яднанне ў адзіную прастору так неабходна. Гэта гатовая пляцоўка для навацый, стартапаў, рэбрэндынгу, мадэрнізацыі на любыя фінансавыя магчымасці і самы прыдзірлівы густ.

Каб давесці перспектыўнасць такой прапановы, звярнуся да “культураўскіх” жа публікацый, скажам, на працягу 2016-га. Аўтары іх як журналісты газеты, так і пазаштатнікі. Цікавая карціна вымалёўваецца, дарэчы.

У № 1 “К” зрабіла каляндар, асновай якога сталі дыпломныя творы выпускнікоў кафедры графікі Акадэміі мастацтваў цягам апошняга дзесяцігоддзя. Хто і калі іх бачыў у такім тэматычным суплёце? І гэты “праход” лішні раз пераканаў, якой моцнай школай у гэтым выяўленчым мастацтве мы валодаем. Як той каляндар можна інтэрпрэтаваць? Я бачу два варыянты. Першы: шырокае выкарыстанне твораў студэнтаў акадэміі ў аздабленні грамадскіх месцаў і інтэр’ераў. Другі: гэта ж гатовы падмурак для адной з залаў будучага музея графікі. Далібог, беларусы заслугоўваюць атрымаць такую выключную ўстанову культуры.

Пра тое, як выпрацаваць парадыгму новых герояў для нашых дзяцей, мы пісалі ў №№ 2 і 33. “І сапраўды, не ў Міколку ж Паравоза апранацца дзецям?” — пісала адносна кантэнту дзіцячых ранішнікаў Аліна Саўчанка. І адразу прапанова: фальклор, міфалогія, гістарычныя асобы — гатовыя персанажы для касцюмаваных святаў. Іншая справа, што іх падача ў такой якасці патрабуе настойлівай папулярызацыі, скажам, праз мультфільмы і сямейнае кіно (гэта ўжо з тэксту Настассі Панкратавай думка). Ключавое слова: “настойлівай”. А ўжо колькі пра герояў “дарослых” пісалі! Згадаю толькі роздум Алеся Квяткоўскага ў № 5.

Які ўжо раз Любоў Гаўрылюк у № 3 узнімала пытанне Музея фатаграфіі. Беларускай, вядома ж. Чаму, нарэшце, не адгукнуцца на відавочны грамадскі запыт, калі зараз кожны ўладальнік люстраной камеры лічыць сябе гатовым фатографам? Застаецца толькі канцэптуальна вызначыць прастору і напаўненне, каб не адштурхнуць такую патэнцыяльна актыўную катэгорыю наведвальнікаў.

Варыянты прыстасавання да патрэб сучаснасці сядзібы Чарнышовых-Круглікавых у № 4 разглядае Юрый Чарнякевіч. Пакуль гаворка ідзе пра крыніцы фінансавання, у тым ліку з удзелам суседніх краін, але адносна ўласна прыстасавання ёсць цудоўны прыклад палаца Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне. Іншы прыклад уключэння тэрыторыі ў культурны працэс — арт-вёска Каптаруны на Пастаўшчыне (пра яе пісалі Дар’я Амяльковіч і Ілья Свірын). Нядаўна праведзеныя там кінашкола, кіналетнік і літаратурны фэст сведчаць, што нават аддаленая ад буйных культурных цэнтраў кропка на карце можа зайграць пры смелым падыходзе да яе кантэнту. Нават удзел за грошы спрацоўвае!

Гэты прыклад прыватнай ініцыятывы гаючымі зёлкамі прыкласці б да фестывальнай “раны”. Журналісты “К” сёлета літаральна прэпаравалі на старонках выдання сваё бачанне тых асноўных праблем, з якімі сутыкаюцца арганізатары і гледачы нашых шматлікіх фэстаў і святаў. Выснова адна: калі мы не прыйдзем да разумення патрэбы ў неадкладных зменах на такіх падзеях са шматгадовай гісторыяй, а тычацца пытанні як закасцянеласці формы, так і падачы імпрэз публіцы, рухавік фестывальнага руху можа даваць пракруты ўпустую. Як вырашаць наспелае: ці праз фестываль фестываляў, як прапаноўваў Яўген Рагін, ці праз запрашэнне ў якасці кансультантаў спецыялістаў, якія валодаюць сучаснымі івэнт-тэхналогіямі, ці іншым чынам, — але вырашаць патрэбна.

Тым часам пазаштатныя аўтары “К” таксама фантануюць ідэямі. Ларыса Быцко з Брэста мае гатовыя планы адносна прасоўвання праекта музея народнага майстра Міколы Тарасюка ў вёсцы Стойлы на Пружаншчыне. І нават перамагае ў конкурсах на атрыманне падтрымкі пад свае ідэі. Антаніна Малама з пасёлка Крупскі піша пра саматужныя паводле арганізацыі, але цалкам прафесійныя паводле напаўнення танцавальныя вечары. Прыватная ініцыятыва цяпер працуе ў звязцы з мясцовай установай культуры. Алена Капыток з Барысава агучыла спосабы выжывання бібліятэк у замежжы. Назва артыкула “Мяснік у бібліятэцы” сведчыць пра многае.

Важнай тэмай сёлета стала будучыня беларускага кіно. Пісалі пра гэта найбольш Дар’я Амяльковіч і Антон Сідарэнка. Акрамя сітуацыі з новым фарматам працоўных адносін на кінастудыі “Беларусьфільм”, пытанняў, якія ўзнімала студыя дакументальных стужак “Летапіс”, паўстае відавочная патрэба ў паўнавартаснай пляцоўцы для паказу беларускага кіно. (Калі некалькі гадоў таму “Цэнтр відэа” ў сталічным гандлёвым цэнтры “Сталіца” аказаўся нерэнтабельным, дык сёння, пры ўмове правядзення там прэм’ер кароткаметражак, сітуацыя магла б скласціся інакш.) Кароткі мастацкі метр ад незалежных кінематаграфістаў — наогул трэнд апошніх двух гадоў. (Не забывайма і пра дакументальныя работы.) І фільмаў, лепшых і горшых, становіцца вельмі шмат. Не прапусціць бы пік з’явы, на якім можна зацікавіць публіку беларускім кінематографам наогул. Урэшце, радуе ў гэтым кантэксце рэспубліканская акцыя “Новы погляд: маладое беларускае кіно”, што здзейснілі пры падтрымцы Міністэрства культуры. І калі абласныя пракатчыкі сумняваюцца ў перспектыве такіх паказаў, як тады вытлумачыць поўныя залы нефармальных прастораў, дзе дэманструюцца стужкі такога ж кшталту? У чым справа? У коштах на ўваходны білет? У рэкламе? Пытанні гэтыя пакуль неадназначныя ў сваіх адказах. Але пік інтарэсу — вось ён! Паўтаруся: не абмінуць бы момант на карысць усяго беларускага кіно.

А колькі ідэй прагучала на пласе “#2016годкультуры”! І прапанова папоўніць фонды раённага музея копіямі гравюр з архіва Стэндфардскага ўніверсітэта, і новыя эканамічна выгадныя фарматы працы тэатраў і філармоній, і праект музейнай тэрапіі, і шматлікія музейныя выставы, і шэраг цікавых мерапрыемстваў, якія распачаліся ў Год культуры ды, маем спадзеў, будуць працягнуты і надалей. Я ўжо маўчу пра даўнія ідэі кшталту беларускага “дыснэйлэнду” па матывах твораў і філасофіі Язэпа Драздовіча (гэта ідэя Пётры Васілеўскага). Дарэчы, праект гэты паводле публікацыі “К” ужо распрацоўваюць студэнты адной з айчынных ВНУ. Нарэшце, у №№ 32 і 34 заслугоўваюць увагі адмысловыя “Дэтальныя разгляды” з ініцыятывамі да акцыі Міністэрства культуры ад журналістаў газеты.

Я не сядзеў адмыслова над падшыўкай нумар за нумарам. Проста выцягнуў наўздагад некалькі газет са стосу за пачатак года і апошні месяц, каб нагадаць сабе і вам пэўныя праекты. Гэта пераконвае ў адным: ідэі сапраўды лунаюць у паветры. Было б выдатна, каб іх “лавілі” ў адмысловы банк. Прынамсі, такі спосаб можа дазволіць заўжды быць у трэндзе, а задумы не растануць у паветры, так і не здзейсніўшыся.

Сяргей ТРАФІЛАЎ

Нагадваем!

Збор прапаноў для фарміравання праекта “Культурныя ініцыятывы для Беларусі” абвешчаны Міністэрствам культуры краіны з мэтай падтрымкі грамадскай ініцыятывы і наладжвання сумеснай працы дзяржаўных органаў, арганізацый культуры розных формаў уласнасці і грамадзян па вырашэнні надзённых пытанняў культурнага жыцця Беларусі (яго рэалізацыя прыпадзе на 2017-ы і наступныя гады). Ініцыятарамі прапаноў могуць выступаць дзяржаўныя органы, арганізацыі культуры розных формаў уласнасці, у тым ліку грамадскія аб’яднанні, і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Прапановы павінны закранаць пытанні развіцця беларускай культуры ў Рэспубліцы Беларусь ці інтэграцыі беларускай культуры ў сусветную культурную прастору і могуць уключаць у сябе фармулёўку праблемы, якая перашкаджае развіццю культуры на сучасным этапе, і накірункі яе вырашэння шляхам прыняцця адпаведных юрыдычных, эканамічных ці арганізацыйных мер з боку дзяржавы, або новага культурнага праекта, які вызначаецца надзённасцю, арыгінальнасцю, мае сацыяльны і (ці) эканамічны эфект, і шляхоў яго рэалізацыі. Пры адборы прапаноў перавага будзе аддавацца тым, рэалізацыя якіх абапіраецца на шматканальнае ці пазабюджэтнае фінансаванне.

Вынікі адбору будуць абвешчаны на афіцыйным сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (www.kultura.gov.by). Прапановы для фарміравання праекта “Культурныя ініцыятывы для Беларусі” просяць дасылаць да 1 верасня 2016 года ў Міністэрства культуры (па пошце на адрас 220004, Мінск, праспект Пераможцаў, 11, або на электронны адрас: ministerstvo@kultura.by з паметкай “Культурныя ініцыятывы для Беларусі”) або ва ўстанову адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў” (па пошце на адрас: 220007, Мінск, вуліца Рабкораўская, 17, або на электронны адрас buk@buk.by з пазнакай “Культурныя ініцыятывы для Беларусі”) па наступнай форме: назва культурнай ініцыятывы; праблема, на вырашэнне якой накіравана ініцыятыва; аўтар і (ці) выканаўца праекта; меры па рэалізацыі праекта; тэрмін рэалізацыі; аб’ёмы і крыніцы фінансавання; вынік рэалізацыі, чаканы сацыяльны і (ці) эканамічны эфект.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"
Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах