Эканамічны блок

№ 35 (1265) 27.08.2016 - 03.09.2016 г

25 жніўня адбылася калегія Міністэрства культуры краіны. На парадак дня было вынесена адно пытанне: аб выкананні арганізацыямі сістэмы Міністэрства культуры Беларусі эканамічных паказчыкаў развіцця сферы культуры ў першым паўгоддзі 2016 года і прагнозе іх выканання за 2016 год.

Адкрываючы пасяджэнне, міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў спыніўся на некаторых момантах развіцця айчыннай эканомікі, у прыватнасці, адзначыўшы скарачэнне рэальных заробкаў і змяншэнне грашовых даходаў насельніцтва. Усё гэта непасрэдна паўплывала і на сферу культуры краіны: напрыклад, сёння назіраецца скарачэнне колькасці наведвальнікаў тэатраў і кінатэатраў, ёсць праблемы з выкананнем даведзеных эканамічных паказчыкаў у шэрагу арганізацый, падначаленых Мінкультуры. Адсюль — і зніжэнне ўзроўню ўласных даходаў некаторых устаноў, і праца “ў мінус”, і падзенне выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ і паслуг) па камерцыйных арганізацыях.

— Разам з тым на сёння назіраюцца пэўныя пазітыўныя тэндэнцыі як у развіцці эканомікі, — заўважыў Барыс Святлоў, — так і ў выкананні даведзеных паказчыкаў у пераважнай большасці арганізацый сферы культуры. Таму, на мой погляд, сённяшнія праблемы — гэта пытанні суб’ектыўнага характару і, у асноўным, тычацца кіраўнікоў некаторых арганізацый і ўстаноў.

Пасля выступлення міністра прагучаў даклад начальніка эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры краіны Васіля Дзямбіцкага. Ён адзначыў, што за 6 месяцаў з пачатку года дзяржаўнымі арганізацыямі сістэмы Міністэрства былі атрыманы пазабюджэтныя (уласныя) даходы ў памеры 685 мільярдаў рублёў, ці 109,2 % ад даходаў аналагічнага перыяду 2015 года. У структуры агульных паступленняў на ўтрыманне дзяржаўных арганізацый сістэмы Мінкультуры пазабюджэтныя (уласныя) даходы склалі 20,2 %.

Што да планавага паказчыка па даходах за справаздачны перыяд, дык ён дзяржаўнымі арганізацыямі сістэмы Міністэрства культуры выкананы на 100,9 %. Сярод арганізацый мясцовага падпарадкавання ў лепшы бок адзначаюцца Мінская, Гомельская і Гродзенская вобласці. Па выніках 2016 года, зазначыў Васіль Дзямбіцкі, прагназуецца забяспечыць рост па даходах у параўнанні з мінулым годам не менш чым на 110 працэнтаў.

Да слова, за першае паўгоддзе тэатральна-відовішчнымі арганізацыямі рэспубліканскага падпарадкавання атрыманы ўласныя даходы на суму 94,6 мільярды рублёў пры плане 92,2 мільярды рублёў (рост на 110 працэнтаў да 2015 года).

Найбольш паспяхова ў гэтым плане адпрацавалі Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, Маладзёжны тэатр эстрады. Яны ў гэтым аспекце — лідары. У аўтсайдарах — Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі” (65,2 %), Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа (77,9 %), Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (82,8 %).

Як адзначыў кіраўнік эканамічнага ўпраўлення, значны прырост даходаў у першым паўгоддзі назіраецца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Нацыянальным мастацкім музеі, музеі “Замкавы комплекс “Мір”. Разам з тым, за справаздачны перыяд план паступлення пазабюджэтных даходаў выкананы Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны толькі на 71,3 %, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры — на 84,5 %. Асноўнай прычынай невыканання паказчыкаў з’яўляецца зніжэнне колькасці наведвальнікаў названых устаноў.

Па словах Васіля Дзямбіцкага, у I паўгоддзі 2016 года выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ і паслуг) па камерцыйных арганізацыях склала 62,3 мільярды рублёў пры плане 77,4 мільярды рублёў. Адмоўны вынік працы маюць ААТ “Віцебск-Белпрамкультура” (чыстыя страты склалі 417 мільёнаў рублёў), РУП “Тэатральныя майстэрні” (45 мільёнаў рублёў), праектны філіял ААТ “Белрэстаўрацыя” (759 мільёнаў рублёў), філіял “Брэстрэстаўрацыяпраект” ААТ “Белрэстаўрацыя” (262 мільёны рублёў).

Сярэднямесячная заработная плата работнікаў сферы культуры краіны за студзень — чэрвень 2016 года склала 4 311,3 тысячы рублёў, або 61,7 % да сярэдняй заработнай платы па рэспубліцы. Сярэдні заробак работнікаў арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству культуры, за гэты ж перыяд склаў 5 613,8 тысяч рублёў.

Акрамя таго, варта згадаць, што за першае паўгоддзе 2016 года Міністэрства культуры забяспечыла выкананне даведзеных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця па энергазберажэнні (мінус 2,6 % пры плане мінус 2 %), па эканоміі светлых нафтапрадуктаў (3,7 % пры плане 3 %).

Пасля даклада Васіля Дзямбіцкага на калегіі выступалі прадстаўнікі тых арганізацый, у якіх назіраюцца негатыўныя эканамічныя паказчыкі: генеральны дырэктар ААТ “Белрэстаўрацыя” Уладзімір Змушка, кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі, дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Аляксандр Старых, кіраўнік Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” Павел Жураўлёў. Усе яны пераважна казалі пра негатыўныя працэсы ў айчыннай эканоміцы, якія і прывялі да змяншэння колькасці заказаў праектных і рэстаўрацыйных работ, да малой напаўняльнасці тэатральных і канцэртных залаў, да адмены гастрольных канцэртаў і шэрагу спектакляў, а таксама пра іншыя фактары.

У той жа час, кіраўнікі азначаных арганізацый паабяцалі прыкласці ўсе намаганні, каб выправіць негатыўныя эканамічныя тэндэнцыі ў сваіх установах. Уладзімір Карачэўскі нават заявіў пра тое, што гатовы пакласці заяву аб звальненні міністру культуры на стол, калі па выніках года Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі не выйдзе на ўсе запланаваныя паказчыкі. Па словах кіраўніка тэатра, сёння ягоныя падначаленыя працуюць над пашырэннем аўдыторыі гледачоў тэатральных імпрэз, праводзяць агрэсіўную рэкламную кампанію ў СМІ па раскрутцы брэнда РТБД, а таксама мяркуюць павялічыць пастаноўку спектакляў, арыентаваных на камерцыйны поспех. Усе гэтыя і некаторыя іншыя намаганні, лічыць Уладзімір Карачэўскі, прывядуць да паспяховых вынікаў напрыканцы бягучага года.

Канкрэтныя планы на перспектыву, якія зменяць негатыўныя тэндэнцыі, ёсць і ў іншых кіраўнікоў, якія выступалі падчас пасяджэння. Спраўдзяцца гэтыя планы ці не — будзе вядома на пачатку наступнага года, калі адбудзецца калегія Міністэрства культуры Беларусі, прысвечаная развіццю сферы культуры за ўвесь 2016-ы.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"