Плануем апошнюю суботу лета-2016!

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Лета не сыходзіць без падарункаў, яно пакідае нам багаты ўраджай, цёплыя ўспаміны, новыя знаёмствы. Менавіта з такой філасофіяй Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа прапануе правесці апошнюю суботу лета-2016 года культуры. “ПаКаласімся!” разам у добрай праверанай кампаніі? Тым больш што для гэтага ёсць цудоўная нагода — 60 гадоў з часу заснавання ўстановы.

/i/content/pi/cult/600/13351/1-1.jpgСвята адбудзецца 27 жніўня а 16-й па адрасе вул. Акадэмічная, 5. На “ПаКаласімся!” вы можаце стаць удзельнікамі майстар-класаў ад Паўла Вайніцкага, які навучыць працаваць нават з самым нязграбным матэрыялам і рабіць з яго так званыя “трэшкі” (нейкае побытавае смецце — тыя самыя “трэшкі” — можна прынесці з сабой); ад мастака Андрэя Дубініна, што распавядзе і пакажа, як рэалістычна выпісваюцца выявы рук і ног; ад мастака Алеся Квяткоўскага, гуру “мядовых” карцін; ад скульптара Сяргея Кляшчука, майстра драўляных фігур; ад музыкантаў Леаніда Нарушэвіча, які прадэманструе гітарную інтуітыўную імправізацыю, і Уладзіміра Дрындрожыка, што абяцае навучыць ігры на драўляных духавых; ад знакамітага “Спеўнага Сходу”, які абяцае навучыць правільна дыхаць і спяваць родныя песні...

У культурнай праграме вечара — флэш-моб ад часопіса “Мастацтва”, на якім можна паспрабаваць сябе ў стварэнні хэндмэйдаўскіх часопісных вокладак, журналісцкія байкі ад карэспандэнтаў “К”, прагляд кароткаметражных стужак маладога беларускага дакументаліста Ігара Чашчэні ва ўтульнай гасцёўні самога Якуба Коласа на другім паверсе сядзібы-музея, а таксама гарачая гарбата з беларускіх зёлак (а гарбату, дарэчы, любіў знакаміты пісьменнік). Першым пяці гасцям супрацоўнікі музея абяцаюць правесці ўнікальную экскурсію па самых таямнічых кутках дома-музея. Паверце, іх у сядзібе многа: гэта і сутарэнні, і асабісты кабінет пісьменніка, яго спальня, адкрыты балкон з выглядам на зялёны двор. Шмат будзе і фотаздымкаў, адшукаць іх у сеціве можна будзе па хэштэгу #пакаласімся. Дарэчы, раім сачыць за інфармацыяй, звязанай з “ПаКаласімся!” на старонках Музея Якуба Коласа і газеты “Культура”, што інфармацыйна дапамагае ўстанове ў сацыяльных сетках. Чакаем сваіх чытачоў 27 жніўня з нецярпеннем! З кім сустрэнемся, з кім — развірталізуемся і з усімі — “ПаКаласімся!”