Піруэты лёсу слонімца

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Хормайстар Валынчык: не зважаючы на абставіны
Нядаўняе 120-годдзе з дня нараджэння Антона Валынчыка прайшло амаль незаўважаным. Што сумна, але, бадай, заканамерна: імя гэтае сёння мала каму вядомае. Хаця беларускі кампазітар, музыкант, харавы дырыжор, педагог, заслужаны работнік культуры Беларусі цягам свайго доўгага творчага веку нямала зрабіў для карысці роднага краю. Ды і само яго жыццё вартае ўвагі — яно спрэс насычана неверагоднымі піруэтамі, вартымі літаратурнага сюжэта. Прычым у любых жыццёвых варунках, пры любой уладзе ён заставаўся верным сваёй галоўнай місіі. Дзякуючы яму, беларускія харавыя спевы не змаўкалі нават у тыя часіны, калі рэй вялі гарматы…

Шлях да асветы

Нарадзіўся ён 23 ліпеня 1896 года ў вёсцы Мяльканавічы непадалёк ад Слоніма. У адрозненне ад большасці тагачасных сялян, ягоны бацька Міхась быў чалавекам пісьменным. Сын адносна асветы пайшоў яшчэ далей і ў 1910 годзе скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, якое рыхтавала хлопцаў на дзякаў, кіраўнікоў царкоўных хораў і настаўнікаў прыхадскіх школ. Спевы і ігра на музычных інструментах займалі ці не найважнейшае месца ў адукацыйнай праграме. Менавіта ў вучылішчы Антон Валынчык добра засвоіў ігру на скрыпцы. А пасля яго заканчэння хлопец працягнуў адукацыю на двухгадовых настаўніцкіх курсах у Гродне і адначасова браў урокі музыкі ў кампазітара Банькоўскага.

Як ні дзіўна, сваю кар’еру ў культуры Антон Валынчык пачаў дзякуючы Першай сусветнай. Хлопец быў мабілізаваны і неўзабаве стаў рэгентам вялікага салдацкага хору рускай арміі. На фронце ён нават і не ведаў, што ўся яго сям’я падалася ў эміграцыю ўглыб Расіі. Убачыць родных Антон здолеў толькі па завяршэнні баявых дзеянняў, выправіўшыся ў Курскую губернію. Там ён пабыў нядоўга і неўзабаве вырашыў вярнуцца на радзіму. Аднак дабрацца ў родныя мясціны аказалася не так і проста: час ліхалеццяў на Беларусі ўсё ніяк не сканчаўся.

Антон спыніўся ў спакойнай Ветцы і знайшоў працу на будоўлі ў аднаго багатага чалавека. Аднойчы ў вольны дзень выправіўся ў Гомель. Ідзе па вуліцы, завітвае ў адну цэркаўку, і чуе, што тэнары там — вельмі слабыя. Зайшоў на клірас, далучыўся да хору — і як заспяваў! Пасля службы да Антона Валынчыка падышоў святар і з недаверам спытаўся: “Хто ты такі?” Маўляў, з выгляду — просты рабочы, а спяваеш як прафесіянал.

Неўзабаве Антон зноў вярнуўся ў Ветку на сваю працу. Пра той выпадак ён даўно забыў і таму вельмі здзівіўся, калі праз некалькі месяцаў да яго прыехаў той самы святар з Гомеля (на жаль, яго прозвішча ў гісторыі не захавалася). Бацюшка прывёз хлопца ў сваю кватэру, напаіў гарбатай, а на наступны дзень — апрануў у добры касцюм ды павёў уладкоўвацца на новую працу, ва ўпраўленне Чырвонага Крыжа.

Вялікі горад даў вясковаму самавуку новыя магчымасці для адукацыі. Неўзабаве ён пазнаёміўся, а з часам і пасябраваў з харавым дырыжорам Аляксандрам Ягоравым, які пазней стане прафесарам Ленінградскай кансерваторыі, а таксама кампазітарамі Туранковым, Аляксандравым і іншымі. У іх малады Валынчык вучыўся дырыжыраванню і музыцы ў цэлым. У 1919 годзе Антон вырашыў вярнуцца на родную Слонімшчыну. Але ў раёне Лунінца ён трапіў у паласу ваенных дзеянняў, якія распачаліся паміж польскімі войскамі і савецкімі. 10 ліпеня 1919 года Лунінец занялі палякі, і юнак нечакана зрабіўся грамадзянінам іншай дзяржавы — Другой Рэчы Паспалітай.

/i/content/pi/cult/600/13350/15-1.jpg

Антон Валынчык (у цэнтры) з царкоўным хорам у Слоніме. 1930-я.

Там, у Лунінцы, Валынчык хутка атрымлівае дыплом настаўніка народных вучылішчаў, пачынае выкладаць спевы ў прыватным рэальным вучылішчы і адначасова працуе рэгентам у мясцовай царкве. Вучылішча тое было рускім, але акурат у той час малады чалавек усведамляе сваю нацыянальную прыналежнасць ды прымае рашэнне служыць менавіта беларускай культуры, а найперш — яе папулярызацыі сярод моладзі. Ледзь не на кожным уроку спеваў, на кожнай рэпетыцыі харавых гурткоў ён далучае сваіх вучняў да здабыткаў нацыянальнай музыкі, робячы гэта цярпліва, але настойліва. І хутка вядомасць пра гэтага настаўніка выходзіць далёка за межы Лунінца.

Прапанова выкладаць спевы менавіта ў беларускай навучальнай установе стала для Валынчыка радаснай. І ў 1924 годзе ён зноў мяняе месца свайго жыхарства ды становіцца настаўнікам Клецкай гімназіі.

Як расчуліць інспектара

У Клецкай гімназіі вучылася пераважна сялянская моладзь з ваколіцаў горада, а таксама з Нясвіжскага, Баранавіцкага, Лунінецкага і Слонімскага паветаў. Невялікую колькасць вучняў складалі дзеці святароў і дзякаў. Зразумела, што публіка незаможная. Але, затое, прагная да асветы і культуры. У гімназіі існавалі літаратурны і драматычны гурткі, а розныя імпрэзы ладзіліся рэгулярна.

Уладкаваўшыся ў Клецку, Валынчык адразу ўзяўся за арганізацыю хору. І яму гэта ўдалося. Неўзабаве калектыў налічваў 60 вучняў. А першае выступленне адбылося ўжо праз тры месяцы, прычым значную частку рэпертуару складалі песні самога дырыжора. Публіка адзначыла выдатны выканальніцкі ўзровень, і ў хуткім часе хор актыўна выступаў як у Клецку, так і ў ваколіцах. Дзякуючы гэтаму гімназія не толькі праводзіла нацыянальна-культурную працу, але і папаўняла сваю зазвычай пустую касу.

А ў 1928 годзе Антон Валынчык арганізаваў яшчэ і аркестр, які налічваў 50 вучняў. Увогуле, пяцігадовая праца ў Клецкай беларускай гімназіі стала самым шчаслівым перыядам жыцця Антона Валынчыка. “Там неяк усё было па-асабліваму, там выкладчыкі і навучэнцы жылі адной сям’ёй — душа ў душу”, — згадваў потым ён, не шкадуючы прачулых эпітэтаў пра сваіх музыкантаў.

Ды і настаўнік-хормайстар пакінуў у сваіх вучняў самыя цёплыя ўспаміны. У пачатку 1990-х аўтар гэтых радкоў запытаўся пра Антона Валынчыка ў слонімскага паэта Анатоля Іверса, колішняга навучэнца Клецкай беларускай гімназіі. “Зіма 1929 года была снежная і марозная, — згадваў ён самы пачатак сваёй вучобы. — Выйшлі мы з цягніка на станцыі Ляхавічы і, узяўшы з сабой чамаданы, пайшлі шукаць падводу, каб даехаць да Клецка. У галаву лезлі невясёлыя думкі: як там сустрэнуць, ці прымуць? Але гімназісты вельмі ветліва сустрэлі нас, не далі нават як след абагрэцца і павялі на ёлку. У зале пачаўся канцэрт мастацкай самадзейнасці. Хор выконваў цудоўныя, дагэтуль не чутыя намі беларускія песні “За праўду, за шчасце”, “Як на свет радзіўся Янка” Янкі Купалы, “Ліпы старыя” на словы Якуба Коласа, “Я люблю густыя шумы”, “Вечарам” на словы Уладзіміра Жылкі і іншыя. Гэтыя песні мяне заваражылі. Колькі ў іх было душэўнай прыгажосці! Але тады я яшчэ не ведаў, што музыку да вершаў беларускіх паэтаў напісаў сам кіраўнік хору Антон Міхайлавіч. І не ведаў таго, што ён быў маім земляком з вёскі Мяльканавічы Слонімскага павета…”

Праблем у гімназіі заўсёды хапала, і не толькі фінансавых. Польскія ўлады шукалі магчымасці згасіць гэты агмень беларушчыны, а каб знайсці для такога рашэння фармальную падставу, у гімназію пастаянна прысылалі інспектараў. Асабліва шчыраваў нейкі Мяноўскі з Віленскага кураторыума. “Хадзіў на ўрокі, прыдзіраўся да дробязей, даводзіў выкладчыкаў да непрытомнасці, — згадваў пра яго Валынчык. — А я даведаўся, што ён украінец… І вечарам мы як далі яму канцэрт на паўгадзіны! Праспявалі і знакамітую “Кобзу” Давыдоўскага, і “Відзьма”. Ну, і беларускія песні таксама. […] Мабыць, здолелі мы яго праняць да душы. Ён нават расчуліўся і доўга дзякаваў. І галоўнае — ніякіх дрэнных наступстваў візіту!”

У 1929 годзе Антон Валынчык атрымаў прапанову стаць настаўнікам спеваў у адной з самых вялікіх беларускіх гімназій — Навагрудскай. Развітвацца з калегамі і вучнямі было няпроста, але… ад новых магчымасцяў ён не адмовіўся. І ўжо неўзабаве ўзначаленыя ім на новым месцы працы хор і аркестр сталі лічыцца ў ліку лепшых ва ўсёй Заходняй Беларусі.

Гімназія ў Навагрудку рыхтавала сваіх вучняў да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, адпаведна, адукацыя там была вельмі якасная. Да ўсяго, яна выконвала і выхаваўчую ролю, стаўшы сапраўдным цэнтрам нацыянальнай культуры. У яе сценах дзейнічала мноства самадзейных гурткоў і нават выпускаўся свой часопіс на шапірографе.

Аднак росквіт быў нядоўгім. У чэрвені 1934 года польскія ўлады прынялі рашэнне аб закрыцці гэтай навучальнай установы. Антон Валынчык быў змушаны перайсці на працу ў польскую гімназію імя Адама Міцкевіча. Але вядомасць і аўтарытэт хормайстра і кампазітара на той час былі настолькі вялікімі, што яго неўзабаве запрасілі ў Вільню праводзіць святы студэнцкіх хораў. Здавалася б, з’явілася магчымасць замацавацца ў буйным культурным цэнтры…

Няўдалыя ўцёкі ад вайны

Але Антон Валынчык выбраў іншы шлях: ён адчуў неабходнасць паглыбіць свае музычныя веды, і наступным горадам у яго біяграфіі стала Варшава. Чатыры гады навучання ў кансерваторыі пад кіраўніцтвам вядомых майстроў Рачкоўскага і Сікорскага дазволілі яму спасцігнуць сакрэты хормайстарскай справы. Для простага сялянскага хлопца гэта быў сапраўдны поспех. Але наперадзе яго чакала чарговае выпрабаванне.

У першы раз ад вайны яму ўдалося ўратавацца. Пасля пачатку Другой сусветнай Антон Валынчык з сям’ёй пераехаў з Варшавы ў родны Слонім ды ўладкаваўся там настаўнікам спеваў у сярэдняй школе — цяпер ужо савецкай. Але адтэрміноўка была нядоўгай, менш чым на два гады. Новая вайна заспела Валынчыка бадай знянацку. Ужо на чацвёрты яе дзень у Слонім прыйшлі немцы.

Сяргей ЧЫГРЫН, краязнавец, літаратар

Cлонім

Працяг чытайце ў наступных нумарах "К".