Рубель на воўну

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Практыка аднаўлення рамёстваў закранула і шапавальства — майстэрства вырабу з воўны галаўных убораў, валёнак, лямцу. Яно распаўсюджвалася з XVI — XVII стагоддзяў спачатку ў гарадскім асяроддзі, паступова трапляючы і ў беларускую вёску. У ХІХ стагоддзі шапавальствам займаліся сяляне ўсіх рэгіёнаў, асабліва Падняпроўя. Не дзіва, што для стварэння выставы, прысвечанай шапавальству, Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту выбраны аднайменны экспазіцыйны сектар.

/i/content/pi/cult/600/13349/14-2.jpg

Фрагменты экспазіцыі “Падняпроўскае шапавальства”.

У помніку архітэктуры “Вяночны двор з вёскі Бракава Слабада” з мая 2016 года працуе экспазіцыя, якая адлюстроўвае згаданую тэму, як прыклад кустарнага рамяства, якім займаліся тамтэйшыя сяляне. У гаспадарчай сянніцы і паветцы размешчаны асноўны набор інструментаў: воўначоскі, рабочы стол, прылады для апрацоўкі воўны, калодкі для валёнак. Гэтыя памяшканні выбраны невыпадкова: сельскія рамеснікі-саматужнікі звычайна працавалі ў хатніх умовах без спецыяльнага памяшкання, летам — на адкрытым паветры або пад паветкай, узімку — у хаце ці ў падсобных пабудовах. Нярэдка ў якасці вытворчых памяшканняў выкарыстоўвалі лазні і еўні.

Цікавымі з’яўляюцца дзве ваўначоскі з тэрыторыі Віцебскай вобласці (з вёскі Баяры Докшыцкага раёна і з Лужкоў на/i/content/pi/cult/600/13349/14-3.jpgШаркаўшчыне) — прыстасаванні для рыхлення воўны. Гэта вытворчыя машыны, канструкцыя якіх трапіла на Беларусь, меркавана, з Заходняй Еўропы. Выкарыстоўваліся яны перад непасрэдным працэсам валяння, каб надаць воўне мяккасць і зрабіць пушыстай. Складаюцца з замацаванага на двух станінах галоўнага вала, да якога прыладжаны невялічкія валкі, што ў працэсе валяння рухаюцца ў адваротным галоўнаму кірунку. Кожны станок мае стол для прыёму воўны з аднаго боку і драўляны, цыліндрычнай формы каток з другога. Праходзячы праз сістэму валікаў машыны, воўна расчэсваецца, становіцца рыхлай, лёгкай і намотваецца на каток, з якога пасля здымаецца пластамі. Раней у якасці рабочай паверхні выкарыстоўваліся, хутчэй за ўсё, невялічкія цвікі, якія набіваліся на валікі вастрыём уверх. Пазней, з развіццём вытворчасці, ваўначоскі пачалі ўдасканальваць фабрычнай кардалентай. Згодна з літаратурнымі крыніцамі, вядома, што ваўначоскі часцей сустракаліся ў мястэчках, аднак палявыя даследаванні паказваюць наяўнасць такіх машын і ў сельскай мясцовасці. Найбольшае распаўсюджанне атрымалі яны ў пачатку ХХ стагоддзя.

Унікальным прадметам з фондавай калекцыі музея з’яўляецца станок для вырабу валёнак (вёска Лошыца Мiнскага раёна). Складаецца са стала прамавугольнай формы з двума выразанымі жалабкамі па краях. Да верхняй часткі стала прымацаваны ліст бляхі. Знізу — такі ж ліст, абрамлёны драўлянай рамкай з адтулінай. Такiм чынам атрымлівалася выемка, куды сцякала вада, калi мялi i валялi воўну пры дапамозе скалак i рубеля. У камплект музейнага прадмета ўваходзяць тры скалкi, рубель i калодка.

Падкалекцыя шапавальных прыладаў ахоплівае ўсе рэгіёны Беларусі. Асноўная іх частка адпавядае рэгіёнам Паазер’я, Цэнтральнай Беларусі, Падняпроўя. У фондах музея захоўваецца поўны камплект інструментаў шапавала з вёскі Цецькаўшчына Брагінскага раёна Гомельскай вобласці: каток, качулка, правідла, кліны, капылы... Цікавасць прадстаўляюць ночвы з валюшкамі, што выкарыстоўваліся для інтэнсіўнага валяння мокрых нарыхтовак будучых валёнак.

Спружынныя нажніцы, бязмены для вымярэння вагі воўны, неабходнай для пары валёнак ці шапкі — усе гэтыя абавязковыя ў працы шапавала інструменты размешчаны на зрубных сценах сянніцы падняпроўскага двара. Тут жа двурогія правідлы для сушкі воўны пасля стрыжкі авечак.

Выстава “Падняпроўскае шапавальства” працягвае практыку адлюстравання ў экспазіцыі музея народнай архітэктуры і побыту традыцыйных промыслаў і рамёстваў продкаў. Яна стала вынікам працы рэстаўратараў, у якіх атрымалася аднавіць унікальныя прадметы.

Ігар ІВАНОЎ, навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту