Анатомія “Анатоміі”

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

На "кухні" праекта "з элементамі эротыкі"
Чацвёртая па ліку выстава “Анатомія”, якая прайшла ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, парвала некалькі шаблонаў. Пра альтэрнатыўныя падыходы да цялеснасці і ўмоўнасць канонаў прыгажосці гаворым з куратаркай праекта Дзінай ДАНІЛОВІЧ.

Дык вось, пра шаблоны. Мала таго, што тэмай стала не жаночае цела, а мужчынскае, дык і дэманстравалася яно без фігавых лісткоў. Месцам дзеяння стала дзяржаўная пляцоўка, а іх у пэўных колах прынята папракаць у цэнзуры ды ханжастве. Але самае важнае бадай у тым, што праект атрымаўся не скандальным, а па-інтэлігентнаму аналітычным. Гэта была мастацкая выстава “з элементамі эротыкі”, а не выяўленне ў публічнай прасторы чыіхсьці інтымных дэвіянтных фантазій. Між іншым, падобнага меркавання прытрымліваюцца і члены Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, якія азнаёміліся з матэрыяламі выставы раней за яе наведвальнікаў. Ды і самі гледачы (з катэгорыі “18+”), падобна, такім чынам яе ацанілі — прынамсі, ніхто з іх не скардзіўся.

/i/content/pi/cult/600/13346/12-1.jpg

— Зважаючы на тэматыку, нельга абмінуць пытанне цэнзуры. Наколькі гэты фактар уплываў на фармаванне экспазіцыі?

— Ніколькі. Як куратарка, я задумвалася пра ідэйную і мастацкую ўзаемаспалучальнасць аўтараў ды іх праектаў. Ніводзін з іх не быў адрынуты па меркаваннях цэнзуры. Наколькі мне вядома, многія і сапраўды пабойваюцца працаваць з гэтай тэмай, чакаючы ўзнікнення цяжкасцяў або адступаючы адразу пасля іх з’яўлення. Але, як высвятляецца, паразуменне можна дасягнуць. РЭК узгадніла дэманстрацыю ўсіх работ, прызнаўшы іх творамі мастацтва.

— Аголенае цела выяўляецца ў мастацтве ці не з пачатку яго існавання. Але раней мастакоў было мала, гледачоў у іх таксама. Сёння ў ролі стваральніка і спажыўца выяваў можа адчуць сябе літаральна кожны, і таму целаў у інфармацыйнай прасторы паболела. Ці няма тут “перавытворчасці” і дэвальвацыі ўспрыяцця?

— Справа не ў колькасці правакацыйных сэлфі, а найперш у падыходзе да праблематыкі цялеснага. Сучасны чалавек успрымае цела ў двух аспектах — побытавым і публічным, дзе яно зазвычай выступае як сексуальны аб’ект. Акурат пад такім соусам яго падаюць на тэлебачанні, у інтэрнэце, на рэкламных плакатах… Пра магчымасці іншага разумення гэтай тэматыкі многія проста не думаюць. Уласна, выстава і ставіць задачу засведчыць, што яны ёсць. Мы кажам пра цела, уключанае ў соцыум, пра цела як пра ўвасабленне ўнутранага стану, пра цела як сродак самавыяўлення... Урэшце, праблематыку цялеснага можна адлюстроўваць без непасрэднай дэманстрацыі цела.

— А чаму менавіта мужчынскае цела?

— Гістарычна так склалася, што яно нібы выпадае з поля зроку: усе дыскусіі вядуцца пра цела жаночае. Хацелася пераадолець дыскрымінацыю. Тым больш, зварот да такой негалосна табуяванай тэмы дазваляе ўзняць новыя пытанні і канфлікты. Бо, як лёгка пераканацца, пэўныя стэрэатыпы даўно прыклеіліся не толькі да жаночых целаў, але і да мужчынскіх. Як сведчыць выстава, мужчына па-ранейшаму ўспрымаецца як герой-воін, адсюль і культ арміі, спорту... Праекты “Анатоміі” выяўляюць маскулінныя стэрэатыпы, крытыкуюць іх або рашуча адпрэчваюць. Мы ў чарговы раз ставім пытанне пра мэтазгоднасць тых ці іншых канонаў прыгажосці.

— Хіба яны не былі заўсёды?

— Для мяне любы канон і стандарт падаюцца сумнымі, бо галоўнае — індывідуальнасць і асабовасць.

— Як заўсёды, “Анатомія” аб’яднала досыць шмат розных па ўсемагчымых крытэрыях аўтараў — што стала нагодай для папрокаў у браку экспазіцыйнай цэльнасці…

— Ёсць падыход, згодна з якім мастацкі праект з’яўляецца стопрацэнтным куратарскім выказваннем, дзе прадстаўленыя ў экспазіцыі творы з’яўляюцца не больш чым ілюстрацыяй генеральнай ідэі. Для мяне гэта неўласціва: я паважаю тых мастакоў, з якімі працую, і прыслухоўваюся да іх меркавання. Адпаведна, і сваю задачу фармулюю іначай: стварыць поле для ўзаемадзеяння, на якім раз-пораз амаль знянацку вырастаюць і новыя сэнсы, нечаканыя нават для саміх аўтараў. Таму падзел праекта на сегменты — усвядомленая непазбежнасць, абумоўленая яго шматгалоснасцю.

 — Аголенасць часта ўспрымаецца як танны эпатаж — маўляў, няма што сказаць. Героі твайго фотапраекта “Да” проста распранаюцца…

 — Ім ёсць што сказаць, і яны гэта кажуць — не толькі ў сваіх тэкстах, якія суправаджаюць кожнае фота, але і самім учынкам. Сутнасць праекта ў тым, што шэраг мужчынаў розных узростаў і прафесій атрымалі маю прапанову распрануцца да той ступені, на якую яны самі згодныя. У выніку мы займелі карысны досвед, прычым не толькі яны, але і я. І найперш тое досвед узаемадзеяння — менавіта на ім і грунтаваўся праект. Ёсць такі трывалы стэрэатып, згодна з якім мадэль — не больш чым марыянетка ў руках фатографа, а яе аголенасць ніколі не можа быць вынікам уласнага выбару, але толькі акту куплі-продажу або нейкіх праяваў сацыяльнага гвалту. Мне хацелася такі стэрэатып аспрэчыць.

— Хіба той стэрэатып не адпавядае рэчаіснасці?

— У пэўнай меры. Прыкладам, калі мне замаўляюць фэшн-здымкі, дзе ўжо вызначаны і сюжэт, і антураж, і выгляд мадэлі, ды і саму мадэль я бачу ўпершыню і нічога пра яе не ведаю. Але мне нецікава ўзаемадзейнічаць з мадэлямі, якія ўспрымаюць сябе як лялькі. У кадры для мяне цікавы чалавек — а гэта не толькі цела, але асоба, якая мае ўнутраны свет, прынцыпы і ўяўленні пра жыццё. І той характар узаемадзеяння, які ўсталёўваецца паміж фатографам і мадэллю, адразу бачны на саміх фота.

— Тым не менш, сёння дэманстрацыя аголенага цела трапляе пад крытыку не толькі з боку кансерватараў, але і прагрэсістаў, а паняцце “аб’ектывацыя” ўжываецца ўсё часцей, прычым часам у даволі бяскрыўдных выпадках…

 — Мне пастаянна даводзіцца чуць папрокі на гэты конт. Лічу, што ў пэўнай меры яны з’яўляюцца вынікам свайго кшталту прафесійнай дэфармацыі, якая прымушае чалавека ўспрымаць усё праз пэўны фільтр, і таму дыскусія пераходзіць з поля мастацтва на нейкую іншую ніву: той жа феміністычнай ідэалогіі. Я ж застаюся на полі мастацтва, а яно існуе ў сваім вымярэнні.