Ёсць, але…

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Як знайсці культурны “прыстанак” для моладзі ў маленькім горадзе
Дзе знайсці культурны “прыстанак” сталічнаму студэнту, калі ён вяртаецца на лета ў родны раённы цэнтр? Чым заняцца, акрамя бабулінага гарода? Зразумела, што ў буйным горадзе мерапрыемстваў больш, але і ў мястэчках моладзі ёсць чым заняцца, проста многія нават не ведаюць пра тое, што адбываецца ў іх пад носам.

Скажам, Іўеўскі раён. У рамках Дня моладзі тут адбыўся фестываль фарбаў “Холі”, забег нявест і ўзнагароджанне лепшай моладзі краю (рабілася паводле характарыстыкі кіраўніка на месцы працы). Самае цікавае, на мой погляд, — забег нявест, у якім маглі паўдзельнічаць усе ахвотныя незамужнія дзяўчыны ў вясельных сукенках. Выглядалі дзяўчаты ў беласнежных пышных сукенках так, быццам такім чынам жадаюць паскорыць жаніцьбу. А пераможца, дарэчы, атрымала прыз і танцавала з жаніхом павольны танец.

Таксама маладыя людзі ў Іўеўскім раёне могуць паўдзельнічаць у конкурсах і гульнях, якія ладзяцца звычайна на святы. Ці, напрыклад, правесці час на мерапрыемствах і акцыях, прысвечаных здароваму ладу жыцця. Так, нядаўна праводзіўся танцавальны флэшмоб да Дня адмовы ад курэння, а таксама акцыя “Памяняй цыгарэту на цукерку” і гэтак далей. (Цікава, дарэчы, ці сапраўды такая акцыя можа паўплываць на свядомасць маладых курцоў?)

Аматары танцаў могуць зазірнуць на пенна-лазернае шоу, якое бывае таксама на святы. А вось клуба, куды моладзь можа прыйсці танцаваць у звычайныя выхадныя, у мястэчку цяпер няма. Калісьці быў, але з-за малой колькасці наведвальнікаў (прынамсі, такую прычыну ведаю я) яго зачынілі. Таму па суботах маладыя людзі выязджаюць танцаваць у суседнія вёскі, дзе таксама існуе праблема: вельмі часта клуб прапануе досыць старамодную музыку (а мода цяпер, зразумела, змяняецца ой як вокамгненна). Асабліва цярплівыя застаюцца і на такіх дыскатэках, астатняя большасць не ведае, куды падзець сваю энергію.

У наш час усё большую папулярнасць набіраюць падарожжы па Беларусі. Тым, хто любіць вандраваць, Іўеўскі раён можа прапанаваць праехацца па “Залатым кальцы” і паглядзець на выдатныя мясціны роднага краю. Гэта і Жамыслаўль з сядзібай Умястоўскіх, і Дуды з драўляным касцёлам, пабудаваным яшчэ ў 1772 годзе, і Геранёны з руінамі старога замка, і Трабы з гісторыяй чатырох касцёлаў… Каб паўдзельнічаць у такой экскурсіі, трэба звярнуцца ў Іўеўскі музей нацыянальных культур, а каштаваць вандроўка будзе 40 рублёў.

Іўе таксама не абышла мода на квэсты. Нядаўна быў арганізаваны цікавы квэст на веданне горада. Удзельнічалі дзве каманды, для якіх былі зроблены асаблівыя маршруты. Калі будуць зацікаўленыя, квэсты абяцаюць праводзіць часцей, толькі наўрад ці зацікаўленыя з’явяцца: квэст правялі адзін раз, а інфармацыі пра планы аб наступным пакуль няма. Ды каб замкнёнае кола не атрымалася на выхадзе: квэсты не робяць, таму што няма ахвотных, а іх бракуе, бо яны нічога не ведаюць пра такую магчымасць.

А вось маладым спецыялістам, якія прыязджаюць у Іўеўскі раён, пашанцавала: для іх арганізуецца ўрачысты прыём. Ім уручаюцца пасведчанні, а таксама сувеніры. Нярэдка для іх робяць святочны стол і арганізуюць конкурсы. На жаль, пасля адпрацоўкі яны нячаста застаюцца, таму што не бачаць перспектыў у маленькім горадзе.

Так што цікава і з карысцю правесці час можна не толькі ў вялікім горадзе. Мерапрыемствы ёсць, проста часам пра іх не так лёгка даведацца. Маладыя людзі шмат часу праводзяць у сацыяльных сетках, таму большую частку рэкламы трэба скіраваць туды. Балазе яна бясплатная і вымагае выключна крэатыўных намаганняў установы ды яе супрацоўнікаў. Гэта, напрыклад, стварэнне розных суполак, дзе будзе падагравацца цікавасць да падзеі. Яшчэ адна праблема: калі рэклама і ёсць, то яна часта зроблена так, што нікога не можа прывабіць, таму што напісана сухім “канцылярытам” пра месца, час і падзею. Лепш напісаць проста і зразумела, паказаць самыя цікавыя аспекты, заінтрыгаваць. Адным словам, зрабіць рэкламу, а не паведамленне. Няблага, каб моладзь сама як найбольш удзельнічала ў падрыхтоўцы мерапрыемстваў: усё ж ніхто не зробіць для маладых людзей лепш, чым яны. А калі такой магчымасці няма, павінна адбывацца пастаяннае камунікаванне арганізатараў з хлопцамі і дзяўчатамі ў розных суполках, каб выявіць іх зацікаўленасці. Можа, у такім выпадку ахвотных удзельнічаць у розных гульнях, конкурсах і канцэртах будзе нашмат больш. Урэшце, не выключаю, што такія суполкі ёсць, а я іх не адшукала.

Віталіна БАНДАРОВІЧ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ