Аўдыя-відэа-29

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Ліпеньскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць музыканты гурта “The Stokes” Аляксей СМАЛЯКОЎ і Кірыл СЕНІН (A) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B).

Аўдыя

Гурт “Place to Be”, міні-альбом “Day 1”

А.: Радуе, што сярод цяперашніх музыкантаў да гэтага часу жыве дух імправізацыі ды прыцягнення да “вечнага”. Але пры гэтым творчасць іх не пахне нафталінам ды адлюстроўвае час у даволі-такі класічных формах ды сродках рэалізацыі. Здавалася б, губны гармонік — каго гэтым цяпер здзівіш у плыні r’n’b-сэмплаў ды сінтэзатараў? А вось ёсць у гэтым нейкае цяпло ды ўтульнасць... Што б там ні казалі, а ў блюзе яшчэ не ўсё сказана, і гэта пацвярджаюць не толькі модныя тэндэнцыі а-ля Jack White ды Gary Clark Jr., але і такія самародкі нашай беларускай зямлі. Вельмі парадавалі элементы артадаксальнага фанку ў “Не магу ўтрымаць сябе”. Але самым яскравым штрыхом гэтага гурта з’яўляюцца, вядома, вакалісты: нестандартны падыход да меладычных ліній адводзіць слухача ў свет прагрэсіўнага рока 1970-х і вяртае ў самыя сучасныя тэндэнцыі.

/i/content/pi/cult/600/13342/9-3.jpg

“Place to Be” — годныя прадаўжальнікі такіх гуртоў, як “Крама” ды “Mojo Blues”.

В.: “У сучасным свеце так няпроста пачуць ды стварыць нешта свежае ды новае, адрознае ад агульнапрынятых шаблонаў у гуку...” — сцвярджаюць удзельнікі гэтага гомельскага гурту. І нас, слухачоў, яны не падманулі, што-небудзь свежага ды новага не стварыўшы, а прадставіўшы тры трэкі блюз-рокавай музыкі, у якой шмат губной гармонікі. Сыграна ўсё “на расслабоне”, прафесійна, але адкрыццяў цудоўных у жанры, пройдзеным уздоўж ды ўпоперак і больш умелымі майстрамі, калектыў сапраўды не зрабіў. Якую-небудзь яшчэ фарбу дадаць бы ў гэты пейзаж, каб погляд на ім спыніўся. А пакуль... пакуль праходзім міма.

Гурт “RedBoyLynx”, альбом “Dancing on the River”

A.: Нечаканы альбом інструментальнай музыкі ад аднаго з самых вядомых беларускіх сесійных гітарыстаў ды проста адзінкі творчай. Найбольш складана ацэньваць музыку, у якой нічога не разумееш, лічачы лепшым гітарыстам Ангуса Янга — за яго рытмічна-клёвую ды зразумелую ігру, але паспрабуем.

Вяртаемся ў думках у 1980-я — час росквіту гітарнай музыкі ды развіцця тэндэнцый гiтарызму, закладзеныя ў 1960 — 1970-я бацькамі электрагітары. Мы параўналі б (дакладней, узялі на сябе смеласць параўнаць) музыку Паўла Трацяка з альбомам Джо Сатрыяні “Not of This Earth”. Дастаткова сырое, у добрым сэнсе гэтага слова, гучанне ды вельмі яркія і просталінейныя мелодыі з пераходамі ад фольку ды класікі да віртуознага сучаснага пасажу. Вельмі парадавалі цэласнасць гучання ды нечаканыя меладычныя рашэнні. Было цікава пачуць Трацяка менавіта з гэтага боку. Хоць, паўторымся, экспертамі ў гэтай музыцы мы не з’яўляемся, таму можам ацаніць толькі музычнасць ды грувавы рух.

Альбом рэкамендуецца да праслухоўвання ў першую чаргу пачаткоўцам гітарыстам. Наш вердыкт — музыканты намагаліся і іх праца не знікне ў плыні інфармацыі, а дойдзе да тых самых верных прыхільнікаў гітарнага мастацтва. Чаго мы шчыра і жадаем.

B.: Перад намі праект Паўла Трацяка, вядомага беларускага гітарыста (“J:морс”, “Ляпіс Трубяцкi”... цяпер “Brutto”), у якім ён, запрасіўшы для запісу таксама неапошнiх у краіне таварышаў, “ад пуза” прадэманстраваў сваё віртуознае валоданне інструментам. Альбом выйшаў яркім, святочным, ён узнімае настрой, цвеліць, тузае. Бездакорным па майстэрству артыстаў, занятых у ім, можа, у самую драбніцу меладычна аднастайным, але філіграннае “вышыванне” Паўла як бы нівелюе гэты “недахоп” і прамежкавыя ды канчатковы вынікі не псуе. Вышэйшая школа для пачаткоўцаў спасцігаць шэсць-сем струн ды пацвярджэнне класа! Адзначаю трэкі “Evil Maharaja” ды “Blues # 5”.

Гурт “SnopSnou”, альбом “Танцпляц”

A.: Вось гэтая музыка прыйшлася больш за ўсё нам па душы. Атамная сумесь с “Joy Division” ды “Ulis” з Андрэем Патрэем. Адчуваюцца ўпэўненыя ды прафесійныя рукі тых, хто адказваў за майстарынг і запіс, — Канстанціна Пыжова (экс-“The Toobes”) ды Рамана Жарабцова. Хлопцы пастараліся, і прадукт цалкам можа канкураваць з “J:морс” ды “Open Space”. Асобны рэспект удзельнікам гурта за неардынарныя музычныя рашэнні ды смеласць аранжыровак. Музыканты граюць “на грэбні хвалі”, і гэта хваля можа іх вынесці на першыя пазіцыі беларускіх чартаў ды радыёстанцый: модна, свежа і актуальна — як на сёння; тое, чаго не хапае многім нашым калегам. Тэксты канцэптуальныя ды зачаравальныя, пад такую музыку можна не толькі танцаваць, але марыць ды медытаваць, ды і проста ехаць у машыне ў прыемнай кампаніі, а з дынамікаў будзе ліцца гэтая музыка — з вялікай літары “м”.

...Гэты альбом скінем сабе ў плэйліст, дзе ён зойме годнае месца сярод “Imagine Dragons”, “Coldplay” ды John Newman.

B.: Ну пра што яшчэ можа спяваць сярэднестатыстычны індзі-гурт, акрамя як пра апакаліпсіс — у глабальным ды індывідуальным маштабе? Вось і гэта беларускамоўнае трыа з задавальненнем пра канец свету ў чалавечай душы і выводзіць. Аднак мінімалістычная, гітарна-электронная музыка ў такую ўжо нуду-журбу не ўганяе, можа, за кошт вакалу, у якім ёсць месца праменьчыкам сонца, у кампазіцыях не губляецца надзея на лепшы зыход. Увогуле, калі вам цяжка на сэрцы ад песні сумнай ды жыцця беспрасветнага, апранайце лабутэны ды ідзіце на бліжэйшую танцавальную пляцоўку “адцягнуцца”, да прыкладу, пад “Rammstein”.

Відэа

Гурт “Pomidor/Off”, кліп на песню “Дым”

А.: Заўсёды любілі анімацыйныя ролікі. Яны больш цягнуць да прагляду ды згладжваюць нейкія недахопы за кошт прыемнага малюнку ды адсутнасці местачковага эфекту, як гэта бывае ў звычайных кліпах. Рэцэнзію дзелім на дзве часткі — музыка ды відэа.

Музыка. Імкнецца да 1990-х ды напоўненая жывой энергетыкай “гаражнага” рока, у меру пратэстная ды ў меру меладычная. Сашына паэзія нам заўсёды падабалася і, праслухаўшы трэк, згаджаешся, што “сістэма“ акружае ды здушвае горла, але надзея ёсць. І гэта пачуццё дарагога варта. Цяпер наогул віток альтэрнатыўнай моды зноў прыйшоў у сектар 1990-х, але без безвыходнасці ды суіцыду, а з верай у лепшае ды пазітыў. Песня годна вылучаецца на фоне саладжавых радыёхітоў ды кампазіцый ні пра што. Нібы вярнуліся на час у 1996-ы і згадалі тыя адчуванні. Хочацца пажадаць Памідораву і кампаніі рухацца ў тым жа музычным кірунку ды не прагінацца пад зменлівы свет!

Відэа. Выклікала дзве асацыяцыі: камп'ютарная гульня “Minecraft” ды нейкі асучаснены дыск-фільм “The Wall” ад “Pink Floyd”. З аднаго боку, разумееш, што знаходзішся ў XXI стагоддзі і тэхналогіі ды мабільныя прылады ўжо кіруюць намі, а з другога — вершнікі свабоды скачуць на барацьбу з сістэмай, і адчуванне блізкай перамогі ўсяляе надзею. Стылістычна ўсё вытрымана дакладна і набярэ ў інтэрнэце сваю аўдыторыю, “лайкі” ды прагляды. Лічым, што ідэя рэалізаваная незвычайна ды цікава.

В.: Упершыню за сваю шматгадовую гісторыю гурт дасягнуў таго, каб на адну з яго песень знялі афіцыйны кліп. І ролік зрабілі не абы якім, а анімацыйным, і не проста мульцяшным, а вытрыманым у жанры супрэматызму. Гэта значыць “адпачываюць” адразу многія — і Кацёначкiн з Туравай, і Пэн з Шагалам. А “працуюць” на экране бедныя людзі, якіх час, абставіны ды супляменнікі кідаюць у гарніла маці-гісторыі. Нечым мне гэта маленькае маляванае кіно нагадала савецкія аналагі пра мальчышоў, кібальчышоў, плахішоў ды варэнне. У трэку ж сканцэнтравана ўсё тое, у чым Аляксандр Памідораў добры, як рок-музыкант старых традыцый: струна асколкам рэха прасякае тугую вышыню, а ўнізе сабраліся тыя слухачы, хто шчыра суперажывае эмоцыям аўтара, якімі так поўны тэкст.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"