Знята! Але як?

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Кожны спектакль існуе “тут і зараз”, у эксклюзіўным экзэмпляры. Але ёсць магчымасць захаваць яго хаця б часткова — у відэаздымцы. Тым больш такія відэавыявы сёння запатрабаваныя не толькі “для гісторыі” і друку, але і ў рэкламных мэтах. У тым ліку, для “прасоўвання” творчага праекта на конкурсы, фестывалі, гастролі. Адбор спектакляў на Нацыянальную тэатральную прэмію ажыццяўляецца таксама, на жаль, не “жыўцом”, колькі ні выступалі за гэта крытыкі і практыкі, а праз відэазапісы. Дык якой якасці тая “промапрадукцыя”?

/i/content/pi/cult/600/13336/5-3.jpgУ адных тэатрах ставяць нерухома адну відэакамеру, якая “бярэ” ўсю сцэну, і на гэтым супакойваюцца. У іншых — імкнуцца “расквеціць” відовішча буйнымі планамі: маўляў, чым больш будзе “партрэтаў” на ўвесь экран, тым лепш. Але ж ці заўсёды так? Адзін са спектакляў, вылучаных тэатрам на згаданую Нацыянальную прэмію, не патрапіў у спіс кандыдатаў менавіта з гэтай прычыны: праз суцэльныя буйныя планы, выкарыстаныя пры відэаздымцы, быў страчаны агульны каларыт спектакля — тое віраванне герояў і падзей, той карнавал сцэнічных строяў і фарбаў, якія і складаюць яго ўнутраны стрыжань.

Але гэта праблема — “перакладу” тэатральнай мовы на магчымасці кіно — тычыцца не аднаго тэатра ды нават не некалькіх асобна ўзятых і не толькі нашай краіны. Памятаю, як была здзіўлена, паглядзеўшы гады тры таму некалькі спектакляў у львоўскім Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета імя Саломіі Крушальніцкай. Мяркуючы па папярэдне прагледжаных фота, шчодра выкладзеных на тэатральным сайце, настройвалася на штосьці даволі традыцыйнае, ледзь не замшэлае ў пастаноўцы. Бо на тых кадрах убачыла адно “партрэтную галерэю”: на оперных здымках — спевакі з адкрытымі ртамі, на балетных — артысты з узнятымі нагамі. І нідзе ніводнага хаця б з часткай сцэнаграфіі, не кажучы пра агульныя планы. А паглядзела тыя спектаклі — ва ўсіх філасофска-сімвалічнае асэнсаванне, пададзенае найперш праз “габелены” на “задніках”. Накшталт таго, як гэта было ў балетах Валянціна Елізар’ева, пастаўленых у супрацоўніцтве са знакамітым украінскім мастаком Яўгенам Лысікам. Той і сапраўды больш за 20 гадоў быў галоўным мастаком Львоўскага тэатра, пасля яго смерці там працуюць выхаванцы мэтра. Чаму ж не піярыцца тое, што павінна складаць нацыянальны гонар не менш, чым славутыя ўкраінскія галасы? Задала тое пытанне і гаспадарам. А мне адказалі, што баяцца, каб хто з салістаў не пакрыўдзіўся: маўляў, маленькім ён атрымаўся на выяве.

Дык дзеля чаго існуе рэклама, робяцца відэазапісы? Для задавальнення чыіхсьці амбіцый ці дзеля найлепшага данясення самага цікавага, выбітнага, што ёсць у спектаклі? Вядома, каб атрымаць добры запіс, трэба здымаць адначасова некалькімі камерамі. І потым рабіць прафесійны мантаж. Толькі хто будзе ўсім гэтым займацца? Не кожны тэатр можа дазволіць сабе мець асобных супрацоўнікаў пад такія мэты ці запрашаць іх па дамове.

Разам з тым, безліч маладых тэле- і кінарэжысёраў скардзяцца на немагчымасць прыкласці свае творчыя сілы, рэалізаваць усё, чаму іх вучылі. Чаму б не з’яднаць намаганні? Дарэчы, якраз перад рэжысёрамі ў гэтым кірунку — поле неаранае. Бо ёсць жа яшчэ музыка, тыя ж сімфанічныя канцэрты, дзе пажадана браць у кадр тыя інструменты, якія ў дадзены момант саліруюць, а не проста знаходзяцца насупраць камеры. Прыклады можна працягваць, але сэнс не ў іх, а ў супрацоўніцтве прадстаўнікоў розных відаў мастацтва. А яшчэ — у любові да таго, што здымаеш. Каб не любіў Віктар Шавялевіч балет, дык ці зняў бы ён такі выдатны відэафільм паводле “Страсцей” (“Рагнеды”)? І ці атрымаў бы за гэты балет згаданы Елізар’еў міжнародны прыз “Бенуа дэ ля данс”, каб не супрацоўнічаў з рэжысёрам, а адправіў у Парыж невядома кім і з якіх ракурсаў знятую стужку?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"