Адрыў ад штампаў, але рукачынны

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Маргарыта ШЧАМЯЛЁВА, дацэнт кафедры касцюма і тэкстылю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў
Тэкстыль, ткацтва традыцыйна лічыцца рукачыннай працай. Я яшчэ заспела час, калі ткачы самі нават ніткі рабілі і самі іх фарбавалі. Прычым, рукачыннасць у дадзеным выпадку — сінонім унікальнасці, непаўторнасці. Але, каб захоўваць актуальнасць мастацтва, трэба засвойваць новыя сродкі выразнасці, у чыёй аснове — новыя тэхналогіі. Так што само жыццё прымушае нас скарыстоўваць у навучальным працэсе камп’ютар. Па маіх назіраннях добра валодаюць ім якраз тыя студэнты, якія і рукамі працаваць умеюць.

І ўсё ж рукачынная праца першасная. На пачатку навучання камп’ютар у справу не задзейнічаны. Першы курс — гэта нашы спецыфічныя дысцыпліны. Толькі па эскізнай графіцы ў другім семестры студэнт мусіць прадставіць каля сотні накідаў. А яшчэ/i/content/pi/cult/600/13335/5-1.jpgвывучаюцца асновы кампазіцыі, колеразнаўства, эксперыментальны малюнак, не кажучы пра акадэмічныя малюнак і жывапіс. Калі з такім досведам, з такімі ведамі сядаеш за камп’ютар, дык ён для цябе ўсяго толькі памочнік у справе, а не выратавальнік у крытычнай сітуацыі.

Я не веру тым, хто абяцае на кароткачасовых курсах даць маладому чалавеку кваліфікацыю накшталт той, што атрымліваюць студэнты мастацкіх ВНУ. Пры гэтым стаўка робіцца менавіта на камп’ютарныя праграмы. Я так скажу: тое, што дзіця немагчыма нарадзіць за тры месяцы — гэта прапісная ісціна. Калі ж гаворка ідзе пра навучанне спецыяльнасці, дык тут тэрміны вызначаны дзесяцігоддзямі сацыяльнага досведу.

Асабіста мне цікава глядзець, як у камп’ютар закладаецца досыць просты малюнак, потым ён ускладняецца, узбагачаецца колерам, фактурамі. Праграма ў руках таленавітага мастака дазваляе не марнаваць час на механічную работу, дае магчымасць засяродзіцца на творчым чынніку працы. Але трэба адчуваць тую мяжу, за якой губляецца тэкстыльнасць, тканіннасць, і кампазіцыя ўжо глядзіцца нібыта зробленай з пластыку ці металу.

Тое ж датычыць і зместу. Актуальнае мастацтва, безумоўна, уплывае на ўсе віды творчасці і можа падказаць арыгінальныя рашэнні. Скажам, галандскі мастак, аўтар коміксаў, атрымаў прэстыжную прэмію Цёрнэра як тэкстыльшчык. Ягоныя коміксы перавялі ў тэкстыль і зрабілі як тканіну. Лічыцца, што гэта шпалера. Я бачыла пра гэта цэлы фільм. Ён, зразумела, сваімі рукамі не ткаў і фактур не прыдумляў, бо проста не ўмее гэтага,— усё за яго зрабілі праграмісты-камп’ютаршчыкі. Тэхніка ў дадзеным выпадку зрабіла лепш, чым мог бы рукамі чалавек. І тое было менавіта ткацтва, а не друк. Асабіста мне вынік спадабаўся. Гэта быў цікавы ход, хоць сама ідэя падаецца мне спрэчнай. Я бачыла і экспанаваныя ў нашым музеі работы Шагала, пераведзеныя ў шпалеры. Яны вытканыя праз камп’ютар, вельмі прыгожыя, але ў іх не было душы мастака. Вельмі люблю творчасць Шагала: яго выразна дэкаратыўны колер, ягоныя карціны можна перавесці на тэкстыльную мову, але ў згаданым выпадку штосьці не атрымалася…

Мне пашчасціла бачыць, як працаваў Аляксандр Кішчанка. У прыватнасці, як ён рабіў кардоны габеленаў. Ён па натуры не жывапісец, як Шагал, а манументаліст. У яго лагічна выбудаваная колеравая палітра і ўпэўнены, часам нават жорсткі малюнак. Яму ўласцівыя графічнасць і тонкія нюансы. Мне падаецца, што дасягнуць такой вытанчанасці, такой беззаганнасці на камп’ютары немагчыма. Але дапускаю, што я проста не ўяўляю ўсіх магчымасцей камп’ютара. А тое, што студэнты цікавяцца актуальным мастацтвам і пераносяць ягоныя прынцыпы ў тэкстыль — гэта добра, гэта ўзбагачае традыцыю, на якой стаіць наша мастацтва.

Гледзячы на студэнцкія работы, я часам здзіўляюся і захапляюся. Мне прыемна думаць, што да развіцця іх талентаў, да іх здольнасці генераваць арыгінальныя ідэі спрычыніліся і мы, выкладчыкі. Бо навучальныя задачы, што ставім перад імі, накіраваны на тое, каб пераадольваць стэрэатыпы, адрывацца ад штампаў. Хоць у нас і бракуе сучаснага інструментарыя, мы рухаемся ў тым жа кірунку, што і ўвесь свет. Мне вельмі цікава, якое развіццё атрымаюць ідэі, закладзеныя ў сённяшніх студэнцкіх работах, што за мастацтва будзе заўтра. Я магу згадаць вельмі ўдалыя дыпломныя работы апошніх гадоў, у якіх гарманічна спалучаны нацыянальная традыцыя і актуальная эстэтыка. Хачу адзначыць, што нашы студэнты здольныя працаваць на рынак і пры гэтым заставацца мастакамі ў самым высокім разуменні.

Дарэчы, некалькі маіх студэнтак днямі пабывалі ў Італіі, на пленэры па тэкстылі. Яны дасылаюць мне фота сваіх работ і мясцін, якія наведваюць. Для мяне звыкла, калі так ладзіцца сумоўе з вучнямі. Для іх жа звыкла летам спачатку паехаць да бабулі на вёску, а потым у замежжа… Спачатку яны распавядаюць мне пра тамтэйшую экзотыку, потым пра тое, што па Беларусі сумуюць, а апошняе паведамленне: “Вось мы нарэшце і дома!” Так што з камп’ютарам ці без яго, а рыхтуем мы ўсё ж такі беларускіх мастакоў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"