Фольк-фэсты: палёт на адной вышыні?

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Іван КІРЧУК, фалькларыст, лідар этна-трыа “Троіца”
Айчынныя выканаўцы фальклорнай музыкі, майстры па вырабе аўтэнтычных музычных інструментаў варацца ў сваім соку. Праблема відавочная: этнічныя фестывалі, што ладзяцца на Беларусі, у асноўным, прадстаўляюць адну і тую ж суполку. Каб выйсці на новы прафесійны ўзровень, каб заявіць пра нацыянальнае этна ў свеце, нам неабходныя фэсты, на якія прыязджалі б вядомыя калектывы з іншых краін.

На дадзены момант я бачу толькі два беларускія форумы, якія могуць дазволіць сабе пашыраны спіс замежных гасцей.

 Першы —фестываль новага этна “Вольнае паветра”, які праводзіць Уладзімір Шаблінскі, на хутары “Шаблі” ў Валожынскім раёне. Хоць той і не мае афіцыйнага статусу “міжнародны”, але амаль штогод збірае мноства небеларускіх калектываў, якія прапануюць публіцы розную, часам зусім нечаканую музыку. Другі — фолк-фэст “Камяніца”, што ладзіцца ў Беларускім

/i/content/pi/cult/600/13334/5-2.jpg

 дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам. Летась там было каля 7 тысяч наведвальнікаў — шыкоўны паказчык для краіны.

У нашых абшарах найбольш чуваць пра рэспубліканскі фестываль

 народнага мастацтва “Берагіня” ў Акцябрскім і пра “Купалле” ў Александрыі Шклоўскага раёна. Аднак на гэтых пляцоўках збольшага працуюць айчынныя ансамблі народнай песні, фальклорныя ансамблі. Ці пачуеш там сучасную этнічную музыку? У Гродна адбыўся Фестываль нацыянальных культур. Столькі нацыянальнасцяў збіраецца ў адным месцы, аднак усё гэта — палёт на адной вышыні. “Троіца” збольшага вандруе па фестывалях, якія прасоўваюць world music ці фольк-ф’южн — сплаў розных музычных культур. Якія там гучаць інструменты! Паедзьце па Беларусі — такой аўтэнтыкі не пабачыце!.. Айчынным этна-музыкантам ёсць чаму павучыцца ў заморскіх калег, але тыя калектывы ў нас не выступаюць. “Троіца” нават можа падказаць айчынным арганізатарам шмат моцных выканаўцаў этнічнай музыкі, але ці прымуць іх у Беларусі? Замежныя музыканты прызвычаіліся да сусветна прынятых норм: дарогу, пражыванне, харчаванне і абавязковы ганарар забяспечвае прымаючы бок. За “паесці” зоркі сусветнага маштабу да нас не паедуць.

Паўсюль да этнікі ставяцца па-асабліваму. Ёсць інфармацыя, што ў Канадзе праводзяць да 1200 фальклорных фестываляў на год! А мы і дваццатку не можам назбіраць… На жаль, усе беларускія радыёстанцыі працуюць у адным кірунку. Усё, што датычыцца іншага гучання, іншага стылю, фальклору — не знойдзеш. У нас няма этнічнага радыё, кавярань, дзе б гучала іншая музыка, — дык пра якую свядомасць этнасу ў выніку можна весці гаворку?

Няма ў нас і кірмашу, дзе прафесіяналы маглі б дэманстраваць свае інструменты, прасоўваць уласнае мастацтва і на іншых паглядзець. Застаецца толькі адзін варыянт, каб займацца распаўсюджваннем сваёй творчасці: набіць акарынамі чамаданы і кудысьці ехаць. Напрыклад, на статусны кірмаш народнай музыкі “WOMEX”, які вандруе па краінах. Я патрапіў на яго ў 2002-м, дзякуючы галандцам. Туды з’язджаюцца людзі, якія займаюцца фестывалямі, канцэртамі, асобнымі выканаўцамі, харэаграфіяй, тэатрамі. Я бачыў пад 300 стэндаў з усяго свету! Можна прыносіць свае матэрыялы, абменьвацца, дамаўляцца пра супрацоўніцтва. Тады нам адразу паступіла некалькі запрашэнняў, прынамсі, на фестываль на Барнэа ў Малайзію. Сёлета нам пашчасціла патрапіць у Чылі на фестываль сусветнай музыкі, мастацтваў і танца “WOMAD”. Гэты форум унесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса як буйнейшы ў свеце! Да ўдзелу ў ім мы ішлі з часоў заснавання “Троіцы”. Для Чылі мы сталіся сапраўднай экзотыкай. Колькі народу прыйшло, каб пачуць смык, домру, акарыну, дудку, жалейку, нашу нацыянальную спеўную манеру!

Каб калектывам і майстрам музычных інструментаў развівацца, проста неабходна выходзіць на іншыя пляцоўкі. Аднак, на сур’ёзныя фэсты можна патрапіць толькі тады, калі прымільгаешся ў Еўропе. Ці ў многіх ёсць для гэтага магчымасці?

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"