Маркетынгавы драйв ЦБС

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

11 сакавіка ў Асіповічах прайшоў раённы семінар “Роля і месца сучаснай бібліятэкі на рынку паслуг: прававы і маркетынгавы падыход”. Менавіта на камерцыйнай дзейнасці асветнікаў сёння акцэнтуецца ўвага грамадства, у тым ліку і на старонках “К”. Натуральна, рэгіён для правядзення семінара быў абраны не выпадкова. Як сцвярджае загадчык аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы Магілёўскай абласной бібліятэкі Таццяна Пашкоўская, ЦБС Асіповіччыны — адна з лепшых у вобласці па развіцці платных паслуг, якіх тут на сёння больш за 40 відаў. І рост грашовых аб’ёмаў ад рэалізацыі паслуг унушальны: калі ў 2003 годзе тры дзіцячыя, дзве гарад- скія, 3 пасялковыя і 25 сельскіх бібліятэк зарабілі 14,9 мільёна рублёў, дык летась — 32,9. Інакш кажучы, амаль 28 000 чытачоў раёна (большая палова насельніцтва) чакаюць ад устаноў культуры не толькі звыклай кнігавыдачы. Пераходзячы з мовы лічбаў да спраў, адзначым, што канцэрты, спектаклі лялечнага тэатра, хатнія віншаванні з днямі народзін, феерычныя рэпрызы з удзелам клоунаў і роставых лялек сталі яркім брэндам не толькі студыі “Акварэль”, што вынікова дзейнічае пры цэнтральнай бібліятэцы, але і ўсёй камерцыйна-асветнай работы Асіповіцкай ЦБС. І гэта, безумоўна, толькі пачатак гаворкі пра развіццё бібліятэчных паслуг рэгіёна.

Дамова на агульную карысць

Патрэбу ў камерцыйных захадах і начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Раманчук, і дырэктар ЦБС Валянціна Логвін у свой час успрынялі як дадзенасць. Маўляў, уменне зарабляць грошы — талент кшталту прафесійнага майстэрства, на які ў раёне нішчымніцы ніколі не было.

Мясцовыя спецыялісты першымі на Беларусі перамаглі ў Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. А Магілёўшчына, дарэчы, адзіная ў краіне вобласць, якая камплектуе раённыя кніжныя фонды цэнтралізавана, наўпрост супрацоўнічаючы амаль з двума дзесяткамі дзяржаўных і прыватных выдавецтваў. І для чытачоў карысна, і больш танна з эканамічнага пункта гледжання…

Словам, камерцыйная выгода ніяк не замінае якасці абслугоўвання чытачоў, якія прызвычаіліся ўжо быць і слухачамі, і гледачамі, і спажыўцамі самых інавацыйных праектаў, народжаных бібліятэкарамі Асіповіччыны.

— Ужо за першы квартал ЦБС аказала платных паслуг на 12,2 мільёна рублёў, што значна перавысіла план, — кажа Ірына Раманчук. — За кошт пазабюджэтных сродкаў набылі сёлета літаратуры ледзь не на пяць мільёнаў, два прынтэры (1,7 мільёна рублёў), аплацілі ацяпленне нашых устаноў (1,7 мільёна рублёў), транспартныя паслугі (700 тысяч рублёў). Паўмільёна рублёў у месяц дае Публічны цэнтр прававой інфармацыі, створаны ў 2004 годзе на базе цэнтральнай бібліятэкі № 1… Мы ўпэўнены, што нашы ўстановы закліканы не толькі задавальняць інфармацыйныя, адукацыйныя і культурныя патрэбы насельніцтва, але і фарміраваць іх…

Каб не быць галаслоўным, прывяду прыклад з дзейнасці Цэнтральнай бібліятэкі. Яна выходзіць на ўстановы, прадпрыемствы, арганізацыі горада і раёна з камерцыйнай прапановай на складанне і выданне рэкламных буклетаў, гісторыка-аналітычных нарысаў, біяграфічных слоўнікаў, календароў, паштовак, віншаванняў. Сістэма грашовых стасункаў — вельмі гнуткая: аплата — пасля атрымання тавара, скідкі пры вялікіх закупках. Прапановы ператвараюцца ў дамовы, дамовы — у каляровыя разнажанравыя выданні, якасна падрыхтаваныя ў дызайн-цэнтры ЦБ. Якасны і змест, бо краязнаўчы банк даных тут назапашваўся цягам 80 гадоў.

Попытна бібліятэчныя выданні пастаянны і мае перспектыву стабільнага росту.

Нарысы пра сельскія гаспадаркі раёна раскупляюць не толькі аграгарадкі і кааператывы, але і сельсаветы. У актах прыёму-здачы пазначаецца калькуляцыя ўсіх творча-вытворчых работ, таму — ніякіх парушэнняў заканадаўства. Вынік выдавецкай бібліятэчнай дзейнасці па абслугоўванні вёскі — 600 тысяч рублёў. За юбілейныя буклеты і календары — 180 тысяч рублёў.

Наватарская ідэя належыць складальніку ілюстраваных нарысаў аграгарадкоў Тамары Кузьміч — галоўнаму бібліятэкару аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦБ. Вяршыня ж выдавецкай дзейнасці на сёння — двухтомнік “Культурнае багацце Асіповіччыны”.

Яшчэ некалькі не надта стандартных відаў платных бібліятэчных паслуг — рэдагаванне бібліяграфічных спісаў літаратуры да студэнцкіх кантрольных і дыпломных работ, складанне каталогаў для прыватных кніжных збораў. Усё гэта, безумоўна, патрабуе ад супрацоўнікаў ЦБ самай высокай кваліфікацыі. Але прафесіяналізму, як паказвае камерцыйны плён дзейнасці, ім не займаць.

Рэклама як рухавік творчасці

У шыбцы гарадской дзіцячай бібліятэкі — нечаканая аб’ява пра тое, што Дамавічок прапаноўвае віншаванне з сямейнымі святамі ў любым з дамоў раёна. А побач з будынкам шпацыруюць дзве сімпатычныя клаунэсы з вясёлымі паветранымі шарыкамі. Студыя “Акварэль”, так бы мовіць, у час маркетынгавага дзеяння.

Натуральна, на рынку паслуг без разумнага прасоўвання арт-тавару цяпер проста не абысціся. Трэба і кнігу для чытання прапанаваць, і зацікавіць незвычайным адпачынкам для дзяцей. У выніку атрымліваецца нескладаны алгарытм паспяховасці: асветніцтва ў спалучэнні з забаўляльнасцю абарочваецца ў грашовы прыбытак, які выкарыстоўваецца для далейшага развіцця бібліятэчнай справы ў раёне...

Гарадская бібліятэка № 1 прапаноўвае чытачам 14 відаў паслуг. Бадай, галоўныя — выдача літаратуры з камерцыйнага фонду і чытальнай залы, ксеракапіраванне дакументаў, браніраванне дэфіцытных кніг, распрацоўка сцэнарыяў самых розных мерапрыемстваў...

Летась тут аказана паслуг больш чым на тры мільёны. А ўжо за першы квартал гэтага года платныяпаслугі прынеслі ледзьве не паўтара мільёна рублёў. Але нават не гэта падалося галоўным.

Мінулы год для бібліятэкараў стаў “прарыўным” у плане рэкламавання таго, што яны робяць для павышэння ўласнага статуса асветнікаў-маркетолагаў. Пачалі выдавацца прэзентацыйныя буклеты “Навінкі камерцыйнага фонду”, “Запрашэнне ў чытальную залу”. Рэклама платных бібліятэчных паслуг з’явілася ў райгазеце, на мясцовым радыё, гарадскіх дошках аб’яў, у школах і ў заводскіх інтэрнатах.

Бібліятэка № 2 спецыялізуецца на адукацыйных паслугах. Пошук інфармацыі — камп’ютэрны, магчымасці медыятэкі — павышанай запатрабаванасці. Пра выдавецка-паліграфічныя інавацыі цэнтральнай бібліятэкі паўтарацца не варта. А вось пазіцыю дырэктара ЦБС В.Логвін наконт далейшых маркетынгавых захадаў акрэсліць проста неабходна, бо Валянціна Людвігаўна — жанчына энергічная, прафесійна дасведчаная ў эканамічнай стратэгіі дзеля развіцця бібліятэчнай справы раёна. Дык вось, выдавецка-паліграфічная работа, дзейнасць узорнага лялечнага тэатра і студыі “Акварэль”, як запэўнівае В.Логвін, будуць удасканальвацца, бо менавіта гэтыя віды паслуг карыстаюцца ў насельніцтва раёна павышаным попытам... І, бадай, самае важнае: ЦБС сама распараджаецца заробленымі грашыма! Ці не ў гэтым стымул: 34 бібліятэкі Асіповіцкага раёна зарабляюць ад платных паслуг удвая больш грошай,

чым у іншых рэгіёнах Беларусі з прыблізна аднолькавай колькасцю бібліятэчных устаноў.

Камерцыйны фонд для забеспячэння інтэлектам

Камерцыйны абанемент займае ў агульнай структуры відаў платных паслуг 61,1 працэнта. Ці не зашмат? Гаворка не толькі пра вострадэфіцытную даведачную і энцыклапедычную літаратуру, але і пра кніжкі, што прапаноўваюць не ўзоры прыгожага пісьменства, а займальнае чытво “на адзін раз”. Ці не нашкодзім чытацкаму густу ў пошуках камерцыйнай выгоды? “Ды не!— у адзін голас запэўніваюць кіраўнікі сельскіх бібліятэк з в. Градзянка — Віктар Бузаноўскі і з в. Лапічаў — Людміла Сугака. — Усё ж на першым месцы ў нас — асветніцтва, выхаванне, далучэнне да высокай літаратуры”.

Менавіта таму ў Градзянцы прыярытэтным лічыцца інтэлектуальнае развіццё моладзі, а ў Лапічах удумліва працуюць з сем’ямі. І галоўнай дзейнай асобай пры гэтым выступае Яе Вялікасць Кніга, добрая, шчырая і разумная. А што да чытва, як запэўніваюць гарадскія і сельскія бібліятэкары, дык класіка і “папса” заўжды існавалі паралельна. Мяркуючы па чытацкай актыўнасці, Асіповіцкая ЦБС усё ж здолела знайсці тут “залатую сярэдзіну”.

А за кошт прадастаўлення камерцыйнага фонду набыта ў раёне 45 тысяч кніг: падручнікі, даведнікі, энцыклапедыі. Тая сітуацыя, калі сістэма абслугоўвае сама сябе.

Кіно — “на калёсах”

А гэты від паслуг — адна з функцый бібліобуса. Дарэчы, у артыкуле “Калькуляцыя творчасці” (“К” № 8 за 2008 г.) пра развіццё платных паслуг на Случчыне паведамляў, што тамтэйшыя бібліятэкары досвед абслугоўвання вясковых чытачоў з дапамогай бібліобуса перанялі менавіта ў асіповіцкіх калег. Дык вось, мабільная бібліятэка тут дзейнічае з 2007 года. У “Газелі” месцяцца камп’ютэр, сканер, прынтэр, DVD-прайгравальнік. Акрамя кнігавыдачы вяскоўцам паказваюць кіно, прапаноўваюць паслугі па ламініраванні дакументаў.

Унутраная планіроўка аўтобуса лёгка мяняецца ў залежнасці ад інтарэсаў і запытаў жыхароў тых вёсак, якія ўключаюцца ў маршрут. Тое ж тычыцца і кніг: картатэка чытачоў утрымлівае інфармацыю пра густы вяскоўцаў з 14-ці паселішчаў. Дарэчы, летась бібліобус, зрабіўшы 44 выезды, зарабіў 832 тысячы рублёў. Па выніках анкетавання, праведзенага ЦБС, 85 працэнтаў жыхароў маланаселеных вёсак аберуч галасуюць за дзейнасць мабільнай установы культуры.

Прававыя нюансы справы: не толькі класіка

І напрыканцы — пра самы істотны, як падаецца, аспект распачатай гаворкі. Чаму ў бібліятэках іншых раёнаў рэспублікі з года ў год застаецца нязменным набор відаў платных паслуг, няма пошуку і заўважнага развіцця рэкламна-маркетынгавай справы? Такое бяздзеянне тлумачыцца проста. Калі, маўляў, у класіфікатар Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь яшчэ не ўнесены пэўны від паслуг, дык ці варта яго прыдумваць, зацвярджаць і рэалізоўваць? Маўляў, пры адсутнасці прававога падмацавання пра якую інавацыйную ініцыятыву можна весці гаворку? “Не можна, а неабходна!” — абвяргае такую пасіўнасць у рэгіёнах Іна Трус, загадчык аддзела запісу і інфармавання карыстальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Класіфікатар — дакумент, што пастаянна папаўняецца. Але любую новую паслугу трэба зацвердзіць на эканамічным узроўні аддзелаў, упраўленняў культуры і камітэта па цэнаўтварэнні. А для гэтага патрэбна тэхналагічная карта на кожную платную паслугу, дзе кожны працэс нармуецца і заносіцца ў калькуляцыю. Клопату, неаспрэчна, шмат, але без яго — які рух наперад?!

Андрэй СТАРЖЫНСКІ,
наш спецкарэспандэнт
Мінск — Асіповічы — Мінск
Фота аўтара