Парад цытат. Нестандартных!

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

На гэтым тыдні адбылося пасяджэнне па арганізацыі і правядзенні III Нацыянальнага форума “Музеі Беларусі”. Як вядома, ён адбудзецца на пачатку кастрычніка ў Магілёве. У спартыўным комплексе “Алімпіец” збяруцца музейныя работнікі, спецыялісты ў галіне музеялогіі і музейных тэхналогій, эксперты з Літвы, Польшчы, Расіі, аматары нацыянальнай гісторыі.

/i/content/pi/cult/600/13327/1-3.jpgНамеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік зазначыў днямі прэсе, што ў форуме будуць браць удзел больш за сотню музейных устаноў, дзяржаўных і ведамасных, грамадскіх і школьных. Мэта сёлетняга мерапрыемства з дакладнасцю вызначана ягоным дэвізам, які заклікае разбурыць стэрэатыпы і пераадолець кансерватызм. Інакш кажучы, будзе прэзентавана больш за сотню музейных “цытат”, аб’яднаных крэатывам у адзіны “тэкст”, што максімальна аб’ектыўна распавядзе пра развіццё музейнай справы ў нашай краіне.

У доказ таму, што развіццё гэтае — больш чым заўважнае, намеснік міністра культуры падкрэсліў, што менавіта музеі прыносяць істотную долю пазабюджэтных сродкаў у сферы культуры. Словам, музейшчыкі вучацца здзіўляць наведвальнікаў інтэрактыўнымі праектамі і лічбавымі тэхналогіямі. Таму і фінансавая эфектыўнасць устаноў упэўнена павялічваецца. Урэшце, трэба ўмець карыстацца не толькі музейнымі прадметамі, але і ўласнымі ідэямі, якасць рэалізацыі якіх залежыць ад тэхнічнага складніка справы. Вось гэта ўменне і будзе крытэрыем ацэнкі канкурсантаў. Па словах Васіля Чэрніка, журы, якое ацэніць ініцыятыўнасць музейшчыкаў, узначаліць генеральны дырэктар Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі Зельфіра Трагулава. Лепшыя калектывы атрымаюць спецыяльныя прэміі ў намінацыях. Карацей кажучы, стымул для ўдзелу ў Нацыянальным форуме — больш чым пераканаўчы. Неаспрэчна тое, што прэміі атрымаюць лепшыя з лепшых.

Сёлетні форум — гэта яшчэ і маштабная даследчая пляцоўка па абмене музейным досведам. Значыць, знойдзецца час для дыскусій, майстар-класаў, імправізаваных навучальных канферэнцый…

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Ліпскі паведаміў “К”, што сімвал-лагатып Нацыянальнага форума “Музеі Беларусі” ўжо гатовы, заканчваецца і падрыхтоўка спартыўнага комплексу “Алімпіец” да прыняцця гасцей.

Тым часам

Паглядзець на залатыя руны

Творчая восень у Магілёве абяцае быць гарачай. Як паведамляе “К”дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў, 11 — 15 кастрычніка ў абласным цэнтры пройдзе Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”.

Гэта пятае па ліку мерапрыемства. Сёлета на яго збяруцца фалькларысты больш чым з 20 краін свету: Украіны, Польшчы, Літвы, Аўстрыі, Румыніі, Балгарыі… Гэтым разам традыцыйная навукова-практычная канферэнцыя называецца так: “Песенная і танцавальная фальклорная спадчына: ад традыцый да сучаснасці”.

Удзельнікі не абмяжуюцца абласным цэнтрам. У планах — наведванне Чэрыкаўскага раёна і азнаямленне з дзейнасцю мясцовай цэнтралізаванай клубнай сістэмы. Госці прымуць удзел у святах “Залатыя руны народнай творчасці” і “Сябрына на Пакровы”.

Мяркуецца, што падчас форуму будуць падпісаны пагадненні паміж пэўнымі ўстановамі культуры Беларусі і Расіі.

Дарэчы

Зазіраем у восень...

Падчас пашыранай нарады па арганізацыі і правядзенні ІІІ Нацыянальнага форуму "Музеі Беларусі" была прынятая афіцыйная сімволіка падзеі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"