Сенсацыя з Лаўрышава: невядомыя саркафагі

№ 33 (1263) 13.08.2016 - 20.08.2016 г

У выніку сёлетніх раскопак у Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры, што ў Навагрудскім раёне, былі выяўленыя два старажытныя саркафагі, якім па папярэдніх звестках не менш за 500 гадоў.

/i/content/pi/cult/599/13326/1-1.jpg

У саркафагах знаходзіліся рэшткі людзей і фрагменты царкоўнага начыння. Мяркуецца, што ў іх былі змешчаны мошчы манахаў, якія адыгрывалі асаблівую ролю ў гісторыі манастыра на яго пачатковым этапе. Па словах Сяргея Рассадзіна, першапачаткова Лаўрышаўская царква магла быць пабудавана як маўзалей з крыптай, дзе прадугледжвалася змясціць ракі з мошчамі святых для ўсеагульнага ўшанавання. Пра гэта сведчаць асобныя дэталі планіроўкі самой крыпты. Эксперты плануюць працягнуць даследаванні, каб атрымаць больш дакладную інфармацыю пра час пахавання і нават персаналізаваць парэшткі памерлых. Для гэтага спатрэбіцца вялікая праца многіх навуковых калектываў.

Як адзначыў “К” кіраўнік Лаўрышаўскай археалагічнай экспедыцыі, доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін, даследаванні ў манастыры вядуцца з 2011 года. За гэты час было зроблена багата адкрыццяў, якія праліваюць святло на нашу гісторыю часу зараджэння Вялікага Княства Літоўскага — дзейнасць князя Войшалка, сына Міндоўга, святога Елісея Лаўрышаўскага.

Фота Сяргея РАССАДЗІНА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"