Дызайнер касмічнай станцыі і… “Масквіча”

№ 33 (1263) 13.08.2016 - 20.08.2016 г

Беларускае знаёмства з легендай “стайлінгу”
Бываюць сустрэчы, якія, нягледзячы на іх кароткачасовасць, запамінаюцца на доўгія-доўгія гады. Пра такую і хачу распавесці, нават больш не пра саму сустрэчу, а пра чалавека, сяброўскі поціск рукі якога застаўся ў маёй памяці на ўсё жыццё. Гаворка пра легенду амерыканскага дызайну Райманда Лоўі. Але пра ўсё па парадку.

Сустрэча ў калідоры

У сярэдзіне 1970-х гадоў пасля заканчэння аддзялення прамысловага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута і адпрацоўкі двух гадоў па размеркаванні дызайнерам у адной з мінскіх праектных устаноў я паступіў у аспірантуру маскоўскага Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай эстэтыкі. Неяк ішоў я па яго калідоры (а УНДІТЭ знаходзіўся на тэрыторыі Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР), мне патрэбна было нешта высветліць у дырэктара ўстановы Юрыя Салаўёва. Падыходжу я да яго кабінета, і тут гляджу, з дзвярэй выходзіць сам Юрый Барысавіч, а з ім нейкі імпазантны, франтавата апрануты немалады чалавек з сівымі валасамі і чорнымі вусамі. Я з прабачэннем звяртаюся да Салаўёва, мы хутка вырашаем праблему, а потым той, паказваючы на свайго спадарожніка, гаворыць: “А гэта — наш амерыканскі госць,” — і, звяртаючыся да яго па-англійску, тлумачыць, што я іх аспірант. Амерыканец падае мне руку, я яму таксама. Ён моцна, па-сяброўску, ці, можа, хутчэй па-бацькоўску, калі ўлічваць розніцу ў нашым узросце, цісне маю далонь. Я называю сваё прозвішча, ён у адказ — сваё, але не вельмі выразна, таму я тады так і не зразумеў, хто ж перада мной. І якім жа было маё здзіўленне і захапленне, калі я пазней даведаўся, што ціснуў руку не каму іншаму, а легендзе амерыканскага дызайну, па сутнасці аднаму з яго стваральнікаў, Райманду Лоўі!

/i/content/pi/cult/599/13324/14-1.jpgНябачныя карэктывы

У ЗША казалі, што сярэднестатыстычны амерыканец штодзень сустракаецца з рэчамі, распрацаванымі Раймандам Лоўі. У 1970-я фірма Лоўі была самай буйной у свеце са штатам больш за 200 чалавек. Менавіта Лоўі спраектаваў знакамітую бутэльку “Coca-Cola”, зрабіў афармленне пачка цыгарэт “Lucky Strike”, якое выкарыстоўваецца ўжо больш за паўстагоддзя. Наогул гісторыя апошняй распрацоўкі стала хрэстаматыйнай. Адбывалася ўсё ў 1940 годзе. Кіраўнікі фірмы былі моцна ўсхваляваныя: попыт на іх прадукцыю стаў рэзка падаць. У якасці апошняй меры фабрыканты звярнуліся да Лоўі, які да таго часу ўжо паказаў сябе як выдатны майстар камерцыйнага дызайну. Прааналізаваўшы сітуацыю, ён прыйшоў да высновы, што ў непапулярнасці цыгарэт фірмы “Lucky Strike” вінавата няўдалае афармленне ўпакоўкі. Дызайнер унёс, здавалася б, нязначныя карэктывы: змяніў зялёны колер пачка на белы, зняў з пярэдняга боку каробкі доўгую анатацыю, а на абодвух баках змясціў марку, выкананую ў буйным маштабе. Вынікі: збыт прадукцыі адразу ж вырас у некалькі разоў, дасягнуўшы небывалага аб’ёму ў 50 мільярдаў пачкаў у год.

“Пачварнасць дрэнна прадаецца”

Да таго часу Лоўі меў за плячыма ўжо больш за дзесяць гадоў дызайнерскай працы. Нарадзіўся ж ён у Францыі ў 1893-м (такім чынам, калі я яго сустрэў у Маскве, яму было ўжо за восемдзесят, але выглядаў ён вельмі маладжава — ніколі не даў бы яму ягоныя гады). У 1919 годзе Райманд перабраўся ў Амерыку. Па адукацыі ён быў інжынерам, але да 1930-х трывала звязаў сваю дзейнасць з дызайнам. У 1929 годзе ён адкрывае ўласнае бюро, у той жа час заняўшы пасаду загадчыка аддзела дызайну электрычнай карпарацыі “Весцінгаўз электрык”. Яшчэ да знакамітага крызісу ў ЗША Лоўі сказаў знакамітую фразу: “Пачварнасць дрэнна прадаецца”. Але зразумелі гэта амерыканскія бізнесмены менавіта тады, калі прагрымеў крызіс. Менавіта тады ў ЗША звярнуліся да дызайну, і адна за адной сталі з'яўляцца дызайнерскія фірмы.

У чатыры з паловай разы

У 1933 годзе бюро Лоўі распрацоўвае лакаматыў “Пенсільванія”, які стаў адным з сімвалаў амерыканскага дызайну 1930-х. Гэта класічны ўзор моднага ў тыя гады “абцякальнага стылю”. Лакаматыў па сваім дынамічным вобразе нагадваў імклівую стралу. Нашумелай дызайнерскай распрацоўкай таго ж дзесяцігоддзя была і адна з мадэляў халадзільніка, створаная Лоўі для фірмы “Sears Roebuck”. Дызайнер вырашыў перакампанаваць унутраны аб’ём. У адрозненне ад астатніх мадэляў, дзе маразільная камера размяшчалася ў верхнім куце, каля сценкі, ён размясціў яе таксама зверху, але па восі сіметрыі — акурат пасярэдзіне халадзільніка.

/i/content/pi/cult/599/13324/14-2.jpg

Райманд Лоўі каля лакаматыва “Пенсільванія” яго дызайнерскай распрацоўкі.

Новае размяшчэнне аказалася не толькі больш зручным — яно забяспечыла лепшыя тэмпературныя ўмовы. Далей Лоўі ўвёў у канструкцыю тры спецыяльныя ёмкасці ў ніжняй частцы халадзільнай камеры, і цяпер спажыўцы маглі складваць прадукты, а не загружаць у халадзільнік “навалам”. Такая кампаноўка стала правобразам канструкцыі ўсіх халадзільнікаў, якія ствараліся пазней. Калі ў 1936 годзе ў продажы з’явіліся халадзільнікі, распрацаваныя Раймандам Лоўі, што былі і вельмі прывабныя знешне, іх збыт стаў рэкордным для таго часу. У адрозненне ад папярэдняй мадэлі, попыт на якую складаў 60 тысяч штук у год, новых халадзільнікаў за гэткі ж час прадалі 275 тысяч. Распрацоўка Лоўі была класічным узорам ролі дызайнера ў мэтанакіраваным фарміраванні попыту на выраб.

Ад распрацоўкі да адмаўлення

У 1930-я Лоўі становіцца лідарам новага кірунку ў дызайне, які атрымаў назву “камерцыйны дызайн”, ці “стайлінг” (ад англійскага слова “стыль”, “стылізацыя”). У заходнім дызайне апошні характарызуецца імкненнем надаць форме вырабу кідкасць, прывабнасць для пакупніка. Выключная мастацкая адоранасць Лоўі дазваляла дызайнеру спалучаць гэту выразнасць, кідкасць формы са строгай яе функцыянальнасцю, чаго часта не хапала іншым прадстаўнікам стайлінгавага кірунку. Асабліва гэта праяўлялася ў амерыканскім аўтадызайне. Тут нярэдка можна было назіраць неадпаведнасць знешняй формы канструктыўнай аснове. Калі зазірнуць пад капот такога аўтамабіля, можна знайсці шмат неапраўданых пустот. Гэткія ненармальнасці стайлінга прымусілі яго першапачатковага натхняльніка Райманда Лоўі пазней, ужо ў 1960-я, выступіць супраць гэтага кірунку.

Дарэчы, калі Лоўі сам займаўся праектаваннем аўтамабіляў, такіх хібаў у дызайне яго вырабаў, пра якія гаварылася вышэй, сустрэць было немагчыма. Працаваць жа ў аўтадызайне Лоўі пачаў яшчэ ў 1930 годзе, калі яго запрасілі на работу ў аўтамабільную фірму “Hupp Motor Company”. У сярэдзіне 1930-х ён супрацоўнічаў таксама з кампаніяй “Studebaker”. У 1951 годзе Лоўі распрацаваў дызайн аўтамабіля “Starlight”, які называлі адной з найлепшых машын 1950-х. Да таго ж, у 1963 годзе кампанія “Studebaker” выпусціла мадэль “Avanti”, якую спраектавала каманда на чале з Лоўі. Машына выпускалася невялікімі партыямі, але мела вялікі поспех сярод калекцыянераў.

“Масквіч” з абіўкай ад Лоўі

Цікава, што Лоўі прыклаў руку і да праектавання савецкага малалітражнага аўтамабіля “Масквіч”. Менавіта з гэтай мэтай ён і прыязджаў у СССР. Наогул яго візітаў у савецкую сталіцу было некалькі. Першы раз Лоўі быў у Савецкім Саюзе ў 1961 годзе для чытання лекцый па праблемах дызайну прамысловай прадукцыі ў ЗША. Пазней — у 1971 і 1975 гадах (менавіта тады я і сустрэў яго ў калідоры УНДІТЭ) — ён прыязджаў для ўсталявання творчых і бізнес-кантактаў з савецкімі дызайнерамі. У адным з апошніх лістоў у інстытут Лоўі пісаў, што цёпла адгукаецца пра час супрацоўніцтва і просіць “нагадаць пра сябе нашым дарагім сябрам у Маскве, ва УНДІТЭ”. Праўда, з вынікаў гэтага супрацоўніцтва, на жаль, мала чаго было выкарыстана практычна. З прапаноў Лоўі была ўкаранёна ў вытворчасць толькі прыгожая ўнутраная абіўка дзвярэй “Масквіча”.

І касмічны інтэр’ер

За сваё доўгае жыццё (пражыў Лоўі 93 гады) дызайнер стварыў вельмі шмат цудоўных праектаў, але ледзь не самым галоўным сваім дасягненнем ён лічыў распрацоўку інтэр’ераў для амерыканскай арбітальный касмічнай станцыі “Скайлэб”. Гэтай работай ён займаўся па запрашэнні NASA з 1967 па 1973 год. У сваёй распрацоўцы Лоўі імкнуўся стварыць такі інтэр’ер касмічнай станцыі, што быў бы зручным для людзей, якія знаходзяцца ў стане бязважкасці. Лоўі распавядаў: “У 1967 годзе не было ніякай інфармацыі пра ўмовы жыцця ў космасе — заставалася ісці шляхам індукцыі. Усе творчыя намаганні тут былі скіраваны да адной мэты — рабіць усё, каб пазбегнуць ахвяр”. Для ўсебаковага вывучэння праблемы 74-гадовы Лоўі сам прайшоў наземную трэніроўку ў змадэляваных умовах касмічнага карабля. У выніку дызайнер прапанаваў зрабіць у борце станцыі ілюмінатар, каб астранаўты маглі бачыць з космасу Зямлю. Гэта не толькі дазволіла знізіць псіхафізіялагічныя нагрузкі пры доўгатэрміновым знаходжанні экіпажа ў космасе, але і прызнана ўдалым інжынерным рашэннем. Дызайнер таксама распрацаваў для станцыі сімулятары гравітацыі. У выніку тры астранаўты правялі на “Скайлэбе” 90 дзён, вывучаючы адаптацыю чалавека да ўмоў бязважкасці і правёўшы каштоўныя навуковыя эксперыменты.

Апошняй буйной распрацоўкай Лоўі быў дызайн інтер’ера самалёта “Канкорд”, зроблены ў 1975 годзе. Праз пяць гадоў, калі Лоўі споўнілася 87, ён выходзіць на пенсію і з’язджае ў Еўропу. Памёр вялікі дызайнер у Монтэ-Карла ў 1986 годзе.

У Лоўі нямала заслуг перад дызайнам. Ён адным з першых садзейнічаў усведамленню дызайну і як важнай галіны вытворчасці, і як віду сучаснага мастацтва. Ілінойскі тэхналагічны інстытут сярод 100 лепшых работ вызначыў праекты Лоўі як найбольш прыкметныя з усіх, выкананых калі-небудзь дызайнерамі. Ён быў кавалерам ордэна Ганаровага легіёну. У спецыяльным выпуску часопіса “Лайф” да 200-годдзя незалежнасці ЗША імя Райманда Лоўі, “бліскучага дызайнера, які стварыў смелае адзінства формы і функцыі”, было сярод 33 імёнаў, якія паўплывалі на ход 200-гадовай гісторыі краіны.

Якаў ЛЕНСУ, кандыдат мастацтвазнаўства