“Лондан” як візітоўка Бабруйска?

№ 33 (1263) 13.08.2016 - 20.08.2016 г

На Камернай сцэне Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча пастаўлены “Лондан” — адна з лепшых п’ес маладога беларускага драматурга Максіма Дасько. З гэтым спектаклем тэатр выехаў у Мінск, паказаўшы сваю працу ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

Згаданы ваяж невыпадковы і складаўся спакваля, цягам усёй перадгісторыі пастаноўкі. А пачынаць тую “перадгісторыю” трэба з дзейнасці Цэнтра беларускай драматургіі пры РТБД, бо дзякуючы ініцыятывам менавіта гэтай установы рэпертуар беларускіх п’ес, сучасных не адно па часе іх з’яўлення, але і паводле самой тэматыкі, формы выкладання, апошнім часам значна пашырыўся. Твор Дасько паспеў атрымаць замежнае прызнанне і шэраг, у прыватнасці, расійскіх узнагарод. У Бабруйску з гэтым тэкстам пазнаёміліся на V Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, дзе сумеснымі намаганнямі тэатра, згаданага ЦБД і сталічнага Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры быў зладжаны цыкл чытак: маладыя сталічныя рэжысёры разам з мясцовымі артыстамі і “групай падтрымкі” са сваіх паплечнікаў прэзентавалі найбольш актуальныя беларускія п’есы апошняга часу — па сутнасці, магчымыя будучыя спектаклі. Першым здзейсніўся “Лондан”, над якім працавала рэжысёр Алена Сілуціна.

/i/content/pi/cult/599/13322/12-1.jpg

Сцэна са спектакля “Лондан”. / Фота прадастаўлена тэатрам

П’еса, якая ў арыгінале ўяўляе з сябе маналог галоўнага героя (ды папросту апавяданне ад яго імя!), ужо ў фармаце чыткі ўспрымалася паўнавартасным творчым праектам, годным глядацкай увагі. Бо там быў і зроблены самім аўтарам відэашэраг — лонданскія фотаздымкі (дададзім, што Максім Дасько, радыёінжынер паводле адукацыі, ужо 13 гадоў прафесійна займаецца фатаграфіяй), і музычнае афармленне — фінальная песня “Каліна” з рэпертуару Аляксандра Саладухі, таксама ўнесеная ў тэкст п’есы ў якасці аўтарскай рэмаркі, і прапанаванае рэжысёрам падзяленне тэксту між некалькімі ўдзельнікамі — гэткі своеасаблівы “літмантаж”. Дый на ролю галоўнага героя быў беспамылкова абраны Аляксандр Касінскі, надзвычай арганічны, натуральны ў вобразе простага сантэхніка Гены, які любіць сваю працу і захапляецца саломкапляценнем, дасягаючы найвышэйшых вынікаў у абедзвюх сферах сваёй дзейнасці.

У спектаклі захавалася ўсё знойдзенае раней. Але колькі новага дадалося! Узнік нават інтэрактыў з выхадамі ў залу, дзе падлога, як і на сцэне, “засмечана” сенам-саломай (ужо адно гэтае настройвае на парушэнне мяжы між артыстамі і публікай), а пад крэсламі гледачоў Гена знаходзіць нечаканыя прадметы, што патрапілі ў каналізацыю. Уся сцэнаграфія — вынесены на цэнтр унітаз, з якога, бы са своеасаблівага “трона”, Гена раз-пораз вядзе свае “дзённікі-рэпартажы”. Касцюмы — працоўны камбінезон, джынсы з футболкамі, гумовыя боты, некалькі вязаных аксэсуараў. А галоўны рэквізіт — швабры, з якімі спрытна спраўляюцца дзяўчаты-артысткі, ды спіцы з клубкамі нітак і пачатым вязаннем, што выступае “ў ролі” саломкапляцення, гэткай асацыятыўнай “заменай”. Тым не менш, кожная дэталь нясе дадатковы сэнс. Унітаз не толькі непасрэдна звязаны з працай героя, гэта яшчэ сімвал таго “ўтульнага”, наседжанага, “цёплага” месцейка, з якога так баіцца сысці герой. Клубок — відавочны намёк на жыццёвыя сцежкі-дарожкі (за плячыма Гены — і няўдалы шлюб, і турма, у цяперашняй рэальнасці — запатрабаванасць у працы і Гран-пры ў Лондане за вырабы з саломкі, у будучыні — адно туман). Замена саламяных вырабаў вязанымі — не толькі “спрошчванне” рэквізіту, але і асацыятыўная сувязь з “саграваннем” цела і душы.

Маладыя артысты, па задуме рэжысёра, імкнуцца працаваць у адасобленай манеры, пазбаўляючыся штампаў, залішняга пафасу ў ігры і маўленні. Не ўсім з акцёрскага квінтэту гэта ўдаецца напоўніцу. Але той жа Аляксандр Касінскі можа быць заслужана намінаваны на нейкі фестывальны прыз за лепшую мужчынскую ролю (спадзяемся, калісьці так і атрымаецца: спектакль паедзе не толькі ў сталіцу, як цяпер, але і на прэстыжныя замежныя форумы). А галоўнае — у пастаноўцы, пры ўсім яе асветніцкім ухіле (са спектакля выходзіш ледзь не “кандыдатам у майстры” па сантэхніцы), няма і намёку на павучальнасць, якой многія гледачы па-старому чакаюць ад тэатра. Нам расказана і паказана гісторыя пра тое, як герой, атрымаўшы прызнанне ў Лондане, імкнецца дадому. А што стаіць за гэтым учынкам — свядомы патрыятызм, заснаваны на падсвядомай духоўнай сувязі з радзімай, запатрабаванасць у прафесіі (у адрозненне ад “саламянага” хобі) ці боязь жыццёвых перамен, “закрытасць” светаўспрымання (невыпадкова ў апошні дзень замежнай вандроўкі герой, “стомлены” назапашваннем замежных уражанняў, сядзіць бязвылазна ў гатэлі) — вырашаць гледачам. Не толькі ўсім разам, як гэта адбывалася падчас публічных абмеркаванняў пасля паказаў і ў Бабруйску і ў Мінску, але і кожнаму паасобку, сам-насам са сваімі роздумамі. Менавіта на гэта — палёт ці хаця б зрух з месца ўласных думак — спектакль і скіраваны. А выкарыстаныя ў ім “моцныя выразы” — зусім не ягоная сутнасць, а ўсяго рэалістычная фарба. Дык хто там супраць рэалізму?..

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"