Вяртанне да цела

№ 33 (1263) 13.08.2016 - 20.08.2016 г

Агаленне “мужчынскага чалавека” ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў
Заклапаціўшыся чырвонымі “сцяжкамі” ў выглядзе “18+” і папярэджаннямі аб эротыцы, НЦСМ паказаў пяты па ліку праект “Анатомія”.

Каштоўнасць або іх дэвальвацыя

Сёлета “Анатомія” была прысвечана целу мужчыны — адной з класічных тэм мастацтва ўсіх перыядаў і народаў. І адначасова практычна табуяванай у сучаснай беларускай культуры, паколькі глянцавыя целы ў камерцыйным выкарыстанні не лічацца, а падазрэнні ў маргінальнасці надзейна нейтралізавалі ўсе астатнія. На гэта, уласна, і разлічаны “чырвоныя сцяжкі”: каб ні адна занепакоеная настаўніца, як гэта было з тэатрам “ІнЖэст”, не перапалохалася і не зладзіла скандал.

Насамрэч выявы мужчынскіх цел абясцэньваюць не міфічныя засцярогі і папрокі ў чарнухе альбо парнаграфія, ці што там яшчэ прыдумаюць неўротыкі — а суровая рэальнасць, якую мы бачым праз прызму медыя: целы забіваюць, падрываюць, яны ў агні, пад вадой і ў кайданках. Гэта значыць, візуальна цела чалавека ў нашым стагоддзі і свеце — ужо амаль аб’ект гвалту. Адпаведна і вобраз — вобраз пакуты, ахвяры. Следам за стужкай навін ідуць стэрэатыпы: цела прадаецца — значыць, яго фарбуюць, напампоўваюць, упрыгожваюць. Далей цела выкарыстоўваюць: секс, біялагічная машынка для ежы і спажывання, гэта значыць той жа продаж. Глянец і прэйскурант: патэлефануйце, заплаціце.

А калі цела адносіць да каштоўнасцяў (і зусім пэўна — калі адчуванне свайго цела займае высокую пазіцыю ў шкале вашых асабістых каштоўнасцяў), трэба прайсці скрозь гэтыя шыпы і вярнуцца да яго. Да адчування і разумення ўласнай цялеснасці, і, напэўна, тое не стане лішнім або несвоечасовым. Гэта ж усё, што ў нас ёсць. Гэта ўсё, чым мы сапраўды валодаем, і што хацелася б захаваць як мага больш доўга.

У тым, уласна, і палягае асноўны пасыл выставы, або тое, як ён счытваецца. І гэта неабходныя рамкі, паколькі хоць перад намі і арт-праект, існуе ён у знешнім асяроддзі, у актыўным сацыяльным полі. Нават занадта актыўным.

Сума выказванняў

Цяпер я прапанавала б разгледзець “Анатомію мужчынскага” ў дыхатаміі тэмы/даследавання і жэсту/адкрыцця, то бок шчырага ўчынку, які не прадугледжвае дыстанцыі і рэфлексіі. Гэта як мінімум два варыянты прад’яўлення цялеснага, прытым, што ў вычышчаным выглядзе іх, напэўна, не будзе. І ўдзел у праекце ўзялі так шмат мастакоў, што глыбока інтэрпрэтаваць усе серыі можна, але ў iншым фармаце.

/i/content/pi/cult/599/13321/12-2.jpg

Яўген Шадко. “Мне няма чаго сказаць”.

У вялікай ступені праграмным, самым яркім, стаў досвед “Паспрабуй нанесці боль майму целу” (2016) Дзіны Даніловіч, нязменнага куратара праекта і фатографа. Свайго роду рэпліка перформансу Марыны Абрамовіч “Рытм 0” (Мілан, 1974), калі на працягу 6 гадзін публіка магла рабіць, што заўгодна з дапамогай “72 прадметаў пакарання і задавальнення” — там былі нажы, шчыпцы, запалкі, а таксама вінаград, кветкі, аліўкавы алей — з іншага боку. Вынікам перформансу Абрамовіч стала нарастанне агрэсіі: гледачы рэзалі і паранілі мастачку ў прамым сэнсе слова. У Мінску такімі інструментамі сталі фарбы, пэндзлі, фламастары. Але цела — выяву акцёра і рэжысёра Юрыя Дзівакоў-Душэўскага таксама пашкодзілі ладна. Да канца выставы яно было сарвана, а на яго месцы завіс анёл. Як і ў Абрамовіч, цела выступае індыкатарам грамадскага настрою, і нават правакуе агрэсію сваёй яркасцю, напругай мадэлі на маштабным палатне. Зрэшты, многія гледачы выстаялі — Юрыю накідалі сэрцайкаў, пацалункаў і прызнанняў. Вось і тэстуй пасля гэтага грамадства.

У адрозненне ад канцэптуальнага “Паспрабуй ...”, серыя “Так” (2016) той жа Дзіны Даніловіч мяркуе галізну як шчырасць і ў прасторах, якія разумеюцца як прыватныя: у доме, на прыродзе. Відавочна, што такі выбар звязаны з выключэннем публічнасці, хоць агаленне быццам бы здымае статус табу з тэмы цялеснага. У большай ступені, гэта жэст, прад’яўленне таго, што Уладзімір Парфянок назваў “мужчынскай штодзённасцю”. Відэазапісы тлумачаць уласнае стаўленне дванаццаці мадэляў да падзеі, але важная і дамінанта — нарматыўнасць цела, і яго аўтаномнае, пры даверы да фатографа, існаванне. Аб нарматыўнасці варта сказаць яшчэ раз: у экспазіцыі, сапраўды, няма ніякай хваравітасці, анамалій, паталогій — усё абсалютна цнатліва, куратар і аўтары вельмі стрымана праходзяць па ўсіх гранях агульнапрынятага. Калі і ёсць у расказаных нам гісторыях драматызм, то глыбока схаваны, унутраны, і ў адрозненне ад самога цела не выяўлены.

Напрыклад, у “Фотаздымках для Дзімы” (2011, 2016) Сяргея Кажамякіна ёсць момант навізны жанру рэпартажу для аўтара. З энергіяй, актыўнасцю героя-дэсантніка ўзнікае і тэма: любімыя нашы “натуральныя віды”, якім верыш і сумленна рэагуеш. Праўда, аўтар настойвае на прамым рэпартажы, без адхілення, як гэта здарылася б пры канцэптуалізацыі. Калі гэта і так, то “ўпакоўка” з лістом, кнігай Экзюперы і тэкстам аб мастачцы робіць рэпартаж усё ж такі арт-праектам з ліку гарадскіх гісторый.

/i/content/pi/cult/599/13321/12-3.jpg

Фрагмент экспазіцыі Ігара Саўчанкі “Канец словаў: home collection”.

“Сентыментальныя купальшчыкі” — адмысловая экспазіцыя ўнутры праекта, яшчэ 15 (!) аўтараў са сваім куратарам Уладзімірам Парфянком. З невялікімі і зусім малымі серыямі, якія відавочна варта было разгарнуць і паказаць асобна, паколькі фрагменты, і ў такой колькасці, зводзяць задачу гледача да банальнага разглядвання. А добрых фатографаў там шмат, і выстаўляюцца яны ў Мінску не часта: ад Каці Гуртовой і Юрыя Маціюна да Галіны Маскалёвай і Уладзіміра Шахлевіча. Нават крыўдна расійскіх цяпер гасцей Галіну і Уладзіміра бачыць літаральна ў эскізах “Драпіроўкi з фрэскі Мікеланджэла “Страшны суд”. Збольшага гэтую недаказанасць кампенсуе пазнаванне аголеных герояў “Фатаграфічнай экспедыцыi” і “Халоднага Балтыйскага мора” — гэта вядомыя беларускія фатографы, якія здымалі адзін аднаго. Але момантамі гульні праект відавочна не вычарпаны.

З задавальненнем вярнулася да “Канцы слова” (каляндар 2009 года) у фармаце “home collection”. Тады маўчанне паэтаў і мастакоў (Віталь Рыжкоў, Юрась Барысевіч, Севярын Квяткоўскі, Андрэй Адамовіч, Анатоль Івашчанка) у канцэпцыі Максіма Жбанкова выглядала красамоўна. Фатаграфii Ігара Саўчанкi і дызайн Сяргея Ждановіча рабілі яго артэфактам, скануючым пласт літаратурнага жыцця. Цяпер гэтыя ўражанні сышлі, хоць для гледачоў, якія бачаць праект упершыню, думаю, гэта цікава.

Усе разам успрымаюцца ў канцэптуальным “Боксе”: Алена Пратасевіч (ідэя), Вольга Рыбчынская і Уладзімір Парфянок (куратары), Дзмітрый Рагель (тэксты). З задавальненнем бачу развіццё Алены як мастачкі, якая ад уласна фатаграфіі паступова перайшла да больш складана скампанаваных інсталяцый. “Бокс” з пустым рынгам — адкрытае прадчуванне або паслясмак супрацьстаяння, уразлівасці цел. Тэксты ў выглядзе афарыстычных выказванняў, відэа, аповед Дзмітрыя Рагеля разгортваюць многія ідэі, гэта сапраўды асэнсаванне пэўнага комплексу цялесных адносін.

“Мне няма чаго сказаць” Яўгена Шадко (2016), “Стаць мужчынам?” Аляксандра Міхалковіча (2010 — 2016), “Беларускія Арнольды” Віктара Сядых (1989) аб’яднаны для мяне тэзісам мужчынскай ідэнтычнасці. Гэта яшчэ не дыскурс, але ўжо пэўная праблематыка і патэнцыял. З гэтага пункту гледжання спорт і армія, адсутнасць пафаснага героя і нейкая ўтопія “Арнольда” даюць нам глебу для зразумелых чаканняў. Знізіць узровень нявызначанасці мужчын, іх становішча ў шкале грамадскіх і прыватных каштоўнасцяў — хіба не гэтага шукае глядач сярод целаў? Мужчынскага чалавека, што б пад гэтым ні мелася на ўвазе?

У рэшце рэшт, і ідэі, і жэсты на гэта спрацавалі.

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналіст

Фотарэпрадукцыі Сяргея ЖДАНОВІЧА